Дзесьці ў Крэве, на высокіх могілках,
У буянні руты і гарквы,
У зямлі змаганай, ды не зможанай,
Дзед з бабуляй — тварам да царквы.
Іх жыццё падманамі і звадамі
Праплыло, як месяц па вадзе.
I ляжаць Іван з Алімпіядаю...
Дзе іх душы? Невядома дзе.
У хмурынках тых вунь?.. У тумане?..
На губе крывінку прыкушу...
Як твая душа, мой дзед Іване?
Ці знайшла Алімпіну душу?
Не збалела, крылы не намуліла
Над царквой маўкліваю кружыць?..
Вымытай хусцінкаю бабулінай
Аблачынка сохне на крыжы.
Загаманілі, загрукалі колы
Спадам трывожным...
Што замаркоціўся, што невясёлы,
Мой спадарожнік?
Як пакідаеш, каго пакідаеш,
Сябра, дзяўчыну?
Суму свайго не дазваляеш
Ведаць прычыну.
Мусіць, абодвум нам сёння не трэба
Слёзнай спагады.
Кружыць за вокнамі нізкае неба
Колеру здрады.
Рвецца цягнік з-пад яго, падмінае
Вёрсты за вёрстамі.
Там праяснее... Там нас чакае
Добрае. Простае.
Толькі вось памяці шлях — адваротны,
Даўняя справа.
Гэтак паўзе скатаваны, гаротны
Трус да удава.
Гэтак забойцу да месца злачынства
Цягне няўмольна...
Мой спадарожнік! Наперадзе чыста!
Светла! Прывольна!
Мой спадарожнік, мы не галернікі,
Не прыкаваны!
Нашы надзеі, нашы амерыкі
Не адкрываны.
Будзе жыццё з карагодам і танцамі,
3 песнямі ў згодзе!..
Гэта яшчэ не апошняя станцыя,
Што ж ты выходзіш?!
Што ты ў акенца зачыненай касы
Ціснеш рублёўку?..
Бліснуў сустрэчны, як з-пад абцаса
Падкоўка.
Туга хіснуў на слупах правады
Вецер імклівы...
Нехта спяшаецца, рвецца туды,
Адкуль уцяклі мы...
Прабіцца раптам з цемры да святла, -
Як матылю да лямпы, як вадзіцы
Прабіцца з-пад камлёў і стаць крыніцай,
Што нёманскім вытокам кроў дала,
Прабіцца, як травінцы скрозь каменне,
Як караням да сокаў скрозь жарству, -
Ад несвядомасці
Да разумення
I выдыхнуць шчаслівае:
«Жыву!»
Гаворыць сябар мой:
— Разбагацею
I саксафон куплю, і буду граць
У рэстаране.
Ты сабе таксама
Купі тады якую-небудзь дудку,
Ці бубен, ці гармонік —
I прыходзь.
Мы будзем граць для выпівох вясёлых,
Якім пляваць на тое, як мы граем
I што мы граем, і таму ўвесь вечар
Мы зможам граць не ім, а для сябе,
I гэта іх ніколькі не пакрыўдзіць...
Так ён гаворыць мне, мой добры сябар,
I я ўжо бачу сябра з саксафонам,
Падобным на слановы белы бівень, -
Нібыта ён ляціць на дыску цырка,
Дзе крыкне дрэсіроўшчык:
«Гоп-ля-ля!» —
I сумны слон уздыме ўверх свой хобат,
Падобны на прырослы саксафон,
I весела ў яго затрубіць
Песню:
«Граў на трубе у цырку сумны слон,
А ён хацеў бы граць на саксафоне,
Ён і сягоння той жа бачыў сон,
Нібы нарэшце граў на саксафоне.
Ды крыкнуў дрэсіроўшчык: гоп-ля-ля!
I слон трубою весела зайшоўся.
Была труба заўсёды — гоп-ля-ля! —
А саксафон ні разу не знайшоўся.
I пад апладысменты сумны слон
I прысядаў, і кленчыў у паклоне,
I хіба хто падумаць мог, што ён
Хацеў бы граць на саксафоне...»
— Дык што,— пытае сябар,— купіш дудку?
I я ківаю галавой: куплю...
Я ведаю, што заўтра зноў мой сябар
Пацягне, быццам вол, сваю работу,
А сёння
Хай гарыць яна агнём...
Бо сёння мы сустрэліся, каб выпіць
Віна кілішак і крыху памарыць:
Ён купіць саксафон, а я дуду —
I будзем разам граць у рэстаране.