Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] читать книгу онлайн
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу). Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага. Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Здарылася гэта ў Грацы, дзе я затрымаўся па дарозе на Поўдзень. Здарылася гэта амаль на самай лініі, якую Чэрчыль у 1946 годзе працягнуў ад Шчэціна да Трыесту і назваў «зялезнай заслонай». Некалі гэтта затрымваўся Іва Андрыч, навучаючыся ўва ўнівэрсытэтах то Заграбу, то Вены, то Кракава, то Грацу. Калісь гэта было ў парадку рэчаў, а сёньня такое цяжка ўявіць. Гэта тут напрыканцы дваццатых гадоў XIX-га стагодзьдзя студэнт філязофіі Станка Враз, славенец, сустрэў Людэвіта Гая, харвацкага лідэра Ілірыйскага Руху, і пад ягоным уплывам стаўся харвацкім пісьменьнікам. Такое сёньня гэтаксама цяжка ўявіць. Гэта ў тутэйшых колах, на бачынах заснаванага пасьлей у Заграбе Врацам літаратурнага часапіса «Kolo», бурліва абмяркоўвалася ідэя адзінства славян, ідэя стварэньня разам з братамі сэрбамі супольнае мовы, супольнае фэдэрацыі... А потым адкрыліся чарговыя карты гісторыі Сярэдняй Эўропы: Ясеновац, Вукавар... Бывалі гэтта таксама палякі. У нейкі момант я нават падумаў аб каўні на вуліцы Тронэтгоф, дзе некалі можна было прыдбаць польскія часапісы, але падумку гэтую я ўборзьдзе адкінуў на карысьць сьціплае рэстарацыі з багатым мэню, як і прыстала сталіцы Стырыі.
Калі толькі я ўвайшоў да рэстарацыі, адзін стары, кінуўшы праз вакно позірк на рэгістрацыйны нумар майго самаходу, падышоў да мяне і спытаўся: «Ваша зь Сярэдняй Эўропы?» У мяне мову заняло. Што за пытаньне? Тут, на самай лініі ня так даўна яшчэ існай «зялезнай заслоны», гэты чалавек пра што ў ісьце ў мяне пытаецца? Пра прыналежнасьць да іншай Эўропы, гэтай беднай, хаатычнай, што пагражае людзём, якія жывуць у спакоі і дастатку? А можа ён мае наўвеце тое, што дзеецца ў колішняй Югаславіі? А можа антысэмітызм? Застаецца яшчэ пытаньне правоў чалавека (і жанок), нацыянальных мяншыняў (дагэтуль яшчэ ёсьць, трасца, і да таго ж вечна незадаволеныя), нястачы дысцыпліны, ляноты, п’янства, талеранцыі (але яна падцінае чыстую тоеснасьць), нацыяналізму (ну і што з таго, што на Захадзе ён таксама няблага маецца, наш значна горшы), плюралізму (дапушчэньня існаваньня чысьленых праўдаў, але ж ёсьць адна і абсалютная), летуценнасьці, наіўнасьці, сьмяцьця і адпадаючых тынкаў на вуліцах, пэўных пахаў... Што ён мае наўвеце? Усе гэтыя думкі перапляліся ў маёй крохкай сярэднеэўрапейскай постаці перад абліччам гэтага ахайна апраненага спадара, у гэтай бездакорна чыстай гасподзе, у якой аплата вядзецца стабільнай валютай, у гэтым заможным, рупатліва парадкаваным месьце, насельнікі якога могуць лякацца адно... Я адказаў: «Еду з Польшчы. Але таксама можна, відаць, сказаць, што... зь Сярэдняй Эўропы». Сытуацыя троху нагадвала размову з афіцыянткай у маім мястэчку, калі на зробленую замову я пачуў цьвярозае: «Але ў гэтым ёсьць сьвініна». Адказваючы, што ня ў гэтым рэч, я нават не прыпушчаў, наколькі вялікае расчараваньне я ёй дастаўлю. Урэшце ўсё было б ясна, ну і добра мець прынамсі аднаго жыда ў мястэчку. Ну так, але тады я выкрыў толькі пэўнае фальшывае ўяўленьне. А цяпер я ня мог запярэчыць. Я мог папраўдзе гэтага другога сказу не дадаваць, «з Польшчы» было б якраз досыць, альбо дадаць сьмела і папросту «з Эўропы». Я адчуў, аднак, што такім парадкам я б зьлякаўся і што гэты чалавек ведаў бы аб гэтым.
— Тады запрашаю да століка. Добра часам пагаманіць зь некім аб справах істотна няважных, або баржджэй важных неістотна. Калі Ваша не абразішся, то сёньня я прастаўляю, а назаўтрае — разумееш Ваша, назаўтрае — Ваша прастаўляеш. Я запярэчыў, сказаўшы, што заўтра я мушу быць у Любляне, на што пачуў гэткі адказ: «Ваша нічога не зразумеў. Зрэшты, Ваша мяркуеш, што мяне няма ў Любляне?»
Такім чынам, гэта здарылася ў Грацы, на славенскіх мапах пазначаным як Град’ец. Дзіўная гамана. Я намаўляў яго, што Сярэдняя Эўропа — гэта адно фантом і да таго ж фантом анахранічны. Ён быў іншае думкі. У пэўны момант я падумаў нават, што гэта фрустраваны анты-эўрапеец, які хапаецца за ідэю «нявіннай і чыстай» Сярэдняй Эўропы толькі затым, каб супрацьстаўляць сябе эўракратам і ўніфікатарам. Калі чуюцца галасы некаторых інтэлектуалаў аб тым, як мы патрэбныя Эўропе, або аб тым, што мы адзіныя перахавалі дух і праўдзівыя вартасьці эўрапейскае спадчыны, якія ў іншых мясцох усюдых ужо загінулі, то — пры ўмове, што падобныя галасы маглі гучэць таксама і ў XIX стагодзьдзі — цяжка дзівіцца нашым рамантыкам, а таксама некаторым песьняром ідэі Сярэдняй Эўропы, што паддаліся спакусе мэсіянізму. Што да майго суразмоўцы, гэта было, аднак, толькі павярхоўнае ўражаньне, якое ўборзьдзе перарасло ў зацікаўленьне ягонай асобай.
Паколькі я здагадаўся, што перада мной заўзятар прамінулых часоў, размову я распачаў, іранічным тонам разважаючы аб хваравітай габсбурскай і ягайлаўскай настальгіі, аб адзінстве ў разнароднасьці, аб «сьвятой блытаніне», аб «блуканьні, якое пасоўвае нас наперад», аб талеранцыі, якая падобная да букету розных красак, кожная зь якіх пахне йнакш, дапаўняючыся, аднак, узаемна; аб дзіўных краінах, у якіх «прынцыпам кіраваньня была тэорыя як так, так і гэдак», а баржджэй (беручы пад увагу наймудрэйшую мернасьць) ні так, ні гэдак, што троху пасьлей ператварылася ў я за, і нават супраць; аб гэтым ці то Ўсходзе, ці то Захадзе, што валодае «задаткамі шматпартыйнае сыстэмы і прызвычаеньнем да аднапартыйнае»; аб зьяве, што валодае «манаполіяй на няпэўнасьць», «гарызонт» якое «ёсьць надзвычай няясны»; аб краю, які нават паэты ўважалі «баржджэй за гарачкавы сон, чымся за нешта канкрэтнае». Да таго ж усё ўфарбавана ў ружовы калёр, пад якім крыецца агрэсія, ксэнафобія і ўзбрынялая пыхаватасьць. Навет калі ён перабольшваў, калі ягоныя ўспаміны былі іншымі, гэта і так прамінулы сьвет, затопленая Атлянтыда. Я прыводзіў прыклады Андрыча, Враца. Што засталося з гэтага ўсяго? Просьба прыгледзецца да паведамленьняў у сёньняшняй прэсе з колішняй Югаславіі. А ці ў вашай тэлевізіі не паказваюць рэпартажаў з сучаснай Сылезіі або Трансыльваніі?
Ён падтакваў, як бы хочучы мяне супакоіць. Так, Сярэдняй Эўропы «ўжо няма і яшчэ няма». Ён зьвярнуў увагу, што падобна як я, калі толькі пачынаў гаварыць аб Сярэдняй Эўропе, якга прыводзіў цытаты. А калі толькі ў далейшых ягоных выказваньнях пачалі зьяўляцца далікатныя аналёгіі, амбівалентнасьці, аўтаіранічныя дыгрэсіі, лёгкая дыстанцыя да найістатнейшых справаў, парадоксы і паліфанічныя сугалосьсі, я няўзнак пачаў адчуваць усё большую зь ім блізіню. З гэтай думкай «ужо няма і яшчэ няма» я мог не згаджацца, але ўжо само ейнае гучаньне і канструкцыя былі прыцягальнымі.
— Ваша пытаешся, што з гэтага засталося? Цывілізацыйная матэрыя. Яна сапраўды вельмі панішчаная, але не да канца. Яна застаецца навочнай сьледамкай апошняй цывілізацыі гэтага кантынэнту. Потым былі ўжо толькі нацыянальныя культуры. Гэтая цывілізацыйная матэрыя застанецца апірышчам для тых, хто вырушвае ў пошуку шыршых гарызонтаў і новых прыгодаў.
— Значыцца, куды мы павінны былі б ісьці?
— Да Сярэдняй Эўропы.
— Нонсэнс. Ваша кажаш, як Зьбігнеў Бжазіньскі на лекцыі з цыклю імя Сэтан-Уотсана: «Усходняя Эўропа на шляху вяртаньня да Сярэдняй Эўропы». Але гэта было даўно і няпраўда. Назіркам за Леапольдам Унгерам, пытаньне на сёньня: «Як выйсьці зь Сярэдняй Эўропы і ўвайсьці ў Эўропу». Я жыву на ўсходняй мяжы Польшчы. Гэтым часам туды прыплываюць вялікія сродкі з Брусэлю на памежныя інвэстыцыі. Усе кажуць, што гэта павінна быць усходняя мяжа Эўрапейскага Зьвязу. Ёсьць нават гэткія, хто, узышоўшы на навакольны ўзгорак, кідае позірк на Ўсход і бачыць іншы кантынэнт, які спавіла імгла і які імкліва аддаляецца. Загэтым адзіная істотная турбота ў тым, зь якога боку гэтай «зялезнай заслоны» — авохці мне, выбачаюся — новага limes Эўропы мы апынемся. Тое самае датыкаецца новае структуры бясьпекі. Дзе Ваша хочаш знайсьці ў гэтых працэсах месца для Сярэдняй Эўропы? Можа, яна была патрэбна ў пэўны мамэнт, як часовая ідэя, што дапамагала баржджэй адарвацца ад Усходу. А цяпер? Бо ж мы ўжо блізу Захад. Для нас гэта пераходны пэрыяд, але пэрыяд кансэквэнтнага і станаўкога прылучэньня да эўрапейскіх структураў.