Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] читать книгу онлайн
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу). Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага. Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Цяпер, адылі, я спасьцерагаю, што калі я пачынаю гаварыць аб Эўрапейскім Зьвязе і таму падобных справах, то мова мая зьмяняецца, міжволі дысціплінуецца, а месца цытатаў займаюць клішэ.
— А калі гэты пераходны этап акажацца пэрманэнтным? Так і застанецеся, прыгорненыя да нечага іншага, чымся вы самыя ёсьць, у чаканьні, у чарзе, бачачы шанцы для сябе ў аслабленьні суседа. Так, быццам у сябе, але зьверненыя ў іншы бок, дзе дзеецца адаптацыя, а не стварэньне, абцяжарваньне, а не вывальненьне, дзе абвяшчаецца сцэнар на жыцьцё, напісаны некім іншым. Заўсёды ў правінцыі, бо чым ёсьць правінцыя, як не перайманьнем чужых наўзораў.
— Ну добра, — зачарпнуўшы паветра, я паволі зьбіраю сілы для далейшай палемікі пасьля гэтага ўдару ў, што гэтта шмат гаварыць, чулае месца. — Прыгледземся бліжэй да гэтай нашай Сярэдняй Эўропы. Што ў нас гэтта ёсьць? Колькі канцэпцыяў, напрыклад, Палацкага, Наўмана, Пілсудзкага, Масарыка. Усе яны аказаліся нерэальнымі. Апошняя, дысыдэнцкая, у восемдзясятых гадох атрымала розгалас у сьвеце. Дыскусія разгарэлася пасьля зьяўленьня эсэ Мілана Кундэры «Разарваны Захад, або Трагедыя Сярэдняй Эўропы», дарма што ўперад гэтую праблему закраналі Чэслаў Мілаш, Ёзэф Крутвар або аўтары, засярэджаныя наўкола рэдагаванага Ладзіславам Матэйкам часапісу «Cross Currents». Здаецца, што ў гэты пэрыяд было дасягнута шмат. «Усходні эўрапеец ужо мае собскае каралеўства. Яно ўзьнікае ў месцы ягонага жыцьця. Гэта каралеўства духу, але моцна ўкарэненае ў сапраўднасьці. Усходні эўрапеец пасьляялцінскага пакаленьня сёньня патрапіць ужо абысьціся бяз культу Захаду і, шчыра кажучы, усё радзей думае аб ім, усё слабей памятае. Ён надзвычай паглынуты собскім жыцьцём — ён творыць новыя йменьні Эўропы, у сябе, на месцы». Пекныя словы Барбары Таруньчык з «Zeszytуw Literackich» 1987 году. Нешта мусіла быць збудаванае, каб на гэты конт можна было выказвацца. У гэтым жа часе ізь зьместу «Zeszytуw Literackich» зьнікае рубрыка «Эўропа Цэнтру» — калі мы ўжо ў сябе і творым «новыя йменьні Эўропы», то няма сэнсу далей імкнуцца да Сярэдняй Эўропы. Патрэбны былі, аднак, адно два гады, каб пераканацца, што гэта зусім ня так. Аказалася, што гэнае «ў сябе» — гэта адно часовае месца пабыту, што трэба згарнуць намёты і рушыць у дарогу да лепшай, нармальнай урэшце Эўропы. Справа Сярэдняй Эўропы вельмі хутка сталася анахранічнай. Выпіхнутая на бакавую каляіну, яна не пасьпявала за ходам падзеяў. Яна вярнулася да свайго ўлюблёнага стану пэўнай нерэальнасьці і перабываньня ў вакууме, да — як кажацца ў Каралеўстве Цэканіі — «актыўнага пасывізму». Вось, напрыклад, зьявілася «Gazeta Њrodkowoeuropejska», дадатак да нашай галоўнай газэты «Gazety Wyborczej», і — як бы гэта сказаць — троху выглядае на аднаўленьне славутай вэлясыпэднай Гонкі Міру, толькі што Ўсходні Бэрлін быў заменены Будапэштам, а побач з Прагай зьявілася Браціслава як асобная сталіца. І гэта ўсё з новага павеву. Няма Бухарэсту, Кіева, Вільні, Любляны і некалькіх яшчэ сталіц, якія імкнуцца да сярэднеэўрапейскасьці. Дарма што я буду несправядлівы да шмат якіх цікавых тэкстаў, што там былі апублікаваныя, але мне падаецца, што газэта падзяляе сумны лёс т. зв. Вышаградзкай Групы. Спакусьліва было б прыраўнаць ейныя дзеяньні да слыннай Паралельнай Акцыі з «Чалавека бяз свомасьцяў» Музіля, якая «пакуль канчаткова адкладвае справу аўтэнтычнага дзеяньня да пазьнейшага заглыбленьня ў думку актыўнага пасывізму».
— Калі ласка, калі ласка, так Ваша дапытваўся наконт таго, што засталося з гэнага сьвету. Але хай Ваша будзе ласкавы працягваць далей. Я асабліва цікаўлюся справамі, якія дзеюцца вонках «вышаградзкага кола». Мне здаецца, што там адбываецца шмат цікавага. Зь Вільні да мяне даходзяць чуткі, што Альміс Грыбаўскас знайшоў урэшце падтрыманьне для ідэі выданьня часапісу пад назвай «Сярэдняя Эўропа» і ўжо зьявіўся ягоны першы нумар. Тое, што замірае ў Празе, можа, ажыве ў Вільні. Дарэчы, «Zeszyty Literackie» не прывярнулі пасьлей гэтае рубрыкі «Эўропа Цэнтру»?
— Прывярнулі. Гэтаксама факт, што ідэя Сярэдняй Эўропы набыла большы разгон вонках Вышаградзкае Групы. У апошнім нумары часапісу «Ї», выдаванага ў Львове маладой украінскай інтэлігенцыяй, вялікімі літарамі выдрукавана думка Ота фон Габсбурга, выказаная ў размове з Алегам Заячкіўскім: «Украіна гэтаксама належыць да Сярэдняй Эўропы». У тым жа Львове Цэнтар гуманітарных досьледаў пры Ўнівэрсытэце імя Івана Франка ў пазамінулую восень арганізаваў канфэрэнцыю пад назвай «Новая Ўкраіна — Новая Эўропа», падчас якой асноўным пытаньнем сталася сярэднеэўрапейская тоеснасьць. У Менску зьявіўся часапіс «Фрагмэнты», з падзагалоўкам «сярэднеэўрапейскі культурны агляд». Калі я нядаўна езьдзіў туды на сэмінар «Другая Эўропа», я сустрэў шмат людзёў, што былі пад магутным уражаньнем перакладзенага якраз на беларускую мову і апублікаванага ў «Фрагмэнтах» эсэ Кундэры аб трагедыі Сярэдняй Эўропы. Для адных гэта было вычуцьцё супольнасьці конаў і шанец на здабыцьцё ўтрачанае тоеснасьці, для іншых уцёкі ад Расіі. Нехта цьвяроза канстатаваў: «Гэтая ідэя можа прынесьці пазытыўныя вынікі пры ўмове, што яе ініцыятары і рэалізатары будуць ясна ўсьведамляць, што гэта вымушаная ідэя, часовая ідэя, (…) што гэта тактыка, а не стратэгія, «фізыка», а не мэтафізыка». Нехта іншы падазрона паглядаў у бок Польшчы, баючыся, што за пазаркой ідэяй стаяць новыя імпэрыяльныя прэтэнзіі. На падобнай сустрэчы ў Заграбе я сустрэўся із староньнікамі нацыянальнага гаспадарства і нацыянальных тоеснасьцяў, якім ідэя Сярэдняй Эўропы была патрэбна для абароны гэтых вартасьцяў ад эўрапейскай уніфікацыі. Яны гэтаксама патрабавалі паведаміць сьвету, што яны — у адрозьненьне хаця б ад сэрбаў — гэта не Балканы, што яны — гэта акурат Сярэдняя Эўропа. Што я магу дадаць яшчэ? «Сярэдняя Эўропа ёсьць супоўна расьцятай, накшталт павялічанага Балканскага Паўатоку. Дзеля таксама і гэтага цяпер няма ніякага сэнсу пасуляць якія-колечы пляны ці праекты». Не, гэта ня словы некага з аналітыкаў бягучае сытуацыі ў нашым рэгіёне. Гэдак пісаў пад канец свайго жыцьця Фрыдрых Наўман у апошнім нумары выдаванага ім самым тыднёвіку «Mittel-Europa». Быў сьнежань 1918 году.
— Нягледзячы на гэта я, аднак, хацеў бы Вашу нешта пасуліць. Значыцца, цяпер палудзень, а пасьля, пасьля…
Вось жа здарылася гэта ў Грацы, у часе, калі частка жыхароў цешылася з прыгоды адкрыцьця музэю Арнольда Шварцнэгера, а частка перажывала, што падчас адбыванага тут Экумэнічнага Кангрэсу ў чарговы раз быў збаёданы шанец сустрэчы духовых кіраўнікоў каталіцкай і праваслаўнай царквы. Мой сумоўнік працягваў свае разважаньні аб пэўным палемічным што да Паралельнай Акцыі прадпрыемстве, якое ён назваў Сярэднеэўрапейскай Акцыяй. Гэта павінен быць супрацьлежны полюс да размавітых самітаў, сустрэчаў на высокім узроўні, стварэньня высокіх камісіяў і ўнівэрсальных канцэпцыяў. Яны маюць сваё значэньне, але далёка не дастатковае. Цяжка не згадзіцца з тымі, хто мяркуе, што ідэя Сярэдняй Эўропы ёсьць утопіяй, калі бачыць у ёй магчымасьць стварэньня нейкай супольнай палітычна-эканамічна-культурнай структуры ў гэтым рэгіёне. Усялякія наднацыянальныя ініцыятывы тут слабыя і трацяць значэньне ў прыраўнаньні з падобнымі эўрапейскімі ініцыятывамі. Дужа нерэалістычнымі падаюцца намаганьні прышчапіць згары супольную ідэю пэўнага груду інтэлектуалаў, якая б была прынятая рознымі гаспадарствамі і нацыямі. Аднак усё гэта не перакрэсьлівае яшчэ самой справы Сярэдняй Эўропы, а адно паказвае, чым яна ня можа стаць, калі яна ня хоча застацца ў сфэры лятункаў, якім ніколі не наканавана зрэалізавацца. Сярэднеэўрапейская Акцыя — гэта крэацыя, а не рэстаўрацыя, гэта не хаўрусы гаспадарстваў і стратэгіі ўрадаў, а штодзённае супрацавенства паміж грамадзянамі, местамі і рэгіёнамі; гэта купцы, што таруюць новыя шляхі, і прадпрымальнікі, што прыцягваюць супольныя інвэстыцыі; гэта адкрытыя для суседзтва ўнівэрсытэты, выдавецтвы і сродкі масавае інфармацыі; гэта інтэркультурнае ўзаемадзеяньне, школьныя праграмы з інтэграцыйным характарам, моладзевыя лягеры, дыскусійныя клюбы, вандроўкі, моўныя курсы і спартовыя спадужніцтвы. Вельмі не стае гэткай пабудовы на самым нізе, арганічнай, цёплай дзеля міжнародных кантактаў і адначасна сьмелай у сваіх амбіцыях і размаху. Гэта праца як пры складаньні мазаікі, падчас чаго не паслугуюцца вялікімі плошчамі, а малымі шкельцамі цярпліва дапасоўваюць іх да сябе. Так узьнікае разнародная цэласьць.