Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] читать книгу онлайн
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу). Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага. Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Была, напрыклад, дыскусія аб Цэнтральнай Эўропе ў 80-х гадох, зыніцыяваная слынным эсэ Кундэры «Разарваны Захад, або Трагедыя Цэнтральнай Эўропы», у якой узялі ўдзел Мілаш, Гавэл, Конрад, Венцлова, Міхнік, Янчар і інш.
Але тады ідэя Цэнтральнай Эўропы была зразумета занадта вузка і знаходзілася ў занадта моцнай залежнасьці. Апрача гэтага, яна ўзьнікала перадусім у апазыцыі да Расіі, да Савецкага Саюзу. У той момант, калі слабла пагроза залежнасьці ад Масквы і зьявіліся шанцы ўвасабленьня ідэі ў жыцьцё, дыскусія прыціхла, інтэлектуалы пачалі рэдка зьвяртацца да гэтай тэмы, на арэну ўступілі партыкулярныя інтарэсы паасобных дзяржаваў, а падпісанае Вышаградзкае пагадненьне, калі — нягледзячы на шматлікія непаразуменьні і супрацівы — і стараецца быць дзе-небудзь рэалізаваным, то адно ў эканамічнай галіне.
* * *
Восень 1989 году закончыла пэўны разьдзел у падыходзе да праблемы Цэнтральнай Эўропы. І хаця гэта быў цікавы разьдзел, багаты на цудоўныя эсэ, бліскучыя гістарычна-культурныя аналізы, аднак выявіліся ўсе ягоныя слабасьці: пэўны акадэмізм, адсутнасьць увасабленьня і ўмацаваньня ў рэаліях бягучага жыцьця. Паступова ставалася ясна, што Цэнтральную Эўропу пачынае заступаць Цэнтральна-Ўсходняя Эўропа, і побач з Вугоршчынай, Чэхіяй, Славаччынай і Польшчай ёсьць таксама Летува, Беларусь, Румынія і іншыя краіны; што тут зводзяцца на нішто любыя гістарычныя стэрэатыпы, паколькі мы маем дачыненьні з новым выклікам і нанова мусім уфармаваць прасьцяг паміж Расіяй і Нямеччынай. І перадусім няшмат даюць ужо дыспуты, канфэрэнцыі і навуковыя сэсіі.
Разам з дэмакратыяй, дэцэнтралізацыяй, рэгіяналізацыяй трэба сысьці да людзей, да малых бацькаўшчынаў і там распачаць дзеяньні.
Такім чынам адкрыецца абсяг арганічнай працы, якую нам належыць выканаць. Цяжка ўявіць сабе які-небудзь род ідэалёгіі, хаця б найбольш высакароднай, які б у гэтай сытуацыі быў пажаданы і выніковы. Патрэбны хутчэй мэханізм, які б прыстасоўваў людзей да жыцьця на паўзьмежжы ў сытуацыі адкрытасьці і шанцаў на годнае суіснаваньне.
Таму наша місія павінна палягаць якраз у стварэньні такога мэханізму. Можна сказаць, што тое, чым мы займаемся ў Сэйнах, — гэта пэўнага кшталту лябараторыя, у якой мы шукаем новыя формы дзеяньня, культурнай і адукацыйнай актыўнасьці, новыя спосабы анімацыі жыцьця ў малых бацькаўшчынах, якія б адпавядалі выклікам часу.
Гэта нялёгка. Супраціў матэрыі вялізны.
Перадусім мы непадрыхтаваныя да адэкватнага ўспрыманьня сапраўднасьці, якая раптоўна перад намі ўзьнікла.
Каб нешта тут пабудаваць, трэба ведаць сваіх суседзяў, разумець іх пункт гледжаньня, захоўваць дыстанцыю што да ўласнай мэгаляманіі. Такім жа парадкам трэба і паглыбляць пазнаньне самога сябе. Бо адным з самых драматычных пытаньняў, якія ўзьніклі гэтым часам, ёсьць пытаньне аб уласнай тоеснасьці.
Аднак калі паспрабаваць вызначыць нашу ступень дасьведчанасьці ў гэтых галінах, сьмела можна сказаць, што яна дылетанцкая. І працяглы час не відаць якой-небудзь істотнай зьмены ў падыходзе да гэтых праблем у школах, парафіях ці ў сродках масавай інфармацыі. Безумоўна, існуюць розныя адзінкавыя ініцыятывы, у тым ліку і выдавецкія. У «падпольныя» часы зьявілася кніга Багдана Скарадзіньскага «Беларусы, летувісы, украінцы», а таксама першыя нумары «Lithuanii». І твая «Polska Sztuka Ludowa. Konteksty» паклала далёка не адну цаглінку ў гэты будынак. Гэтага, аднак, сёньня замала, і я мяркую, што ты разумееш, чаму так патрэбны гэты мэханізм.
Я мяркую цяпер так, што гэты пэрыяд — ужо амаль мітычны — нязвычнага суіснаваньня нацыяў і культур, які быў апісаны Вінчэнзам і Стэпоўскім, быў дзіцячым, прад-рэфлексіўным пэрыядам, пэрыядам пэўнай натуральнасьці і празрыстасьці існуючага парадку. Да гэтай эпохі няма вяртаньня, як няма вяртаньня да маленства. Цяпер настаў пэрыяд сьпеласьці, абуджанай рэфлексіі, і без разьвіцьця сьвядомасьці, яе несупыннага паглыбленьня, мы не дамо сабе тут рады. Гэта датычыць ня толькі эліт, але і ўсіх нас. І таму я яшчэ раз паўтараю — патрэбны мэханізм, паколькі сьвядомасьць для нас зьяўляецца пытаньнем жыцьцёвага праксысу.
Ты скажаш, што сёньня вельмі шмат запушчаных мэханізмаў: курсы замежных моваў (наўперад заходніх), кампутарныя курсы, курсы мэнэджмэнту, маркетынгу і г.д. Згода. Усе яны патрэбны. Але выходзячы з гэтага самага прынцыпу, патрэбны цэнтральнаэўрапейскі мэханізм, што б суадносіў нас з нашым месцам жыхарства. І таксама простая і відавочная была б яго мэта: знаходзіцца ў пульсе жыцьця, ня стаць анахранізмам, узьніклым яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі.
Нягледзячы на тое, што гэтая праца павінна быць разьлічана на доўгія гады, што яна павінна быць грунтоўнай і павольнай, яна, аднак, ужыцьцяўляецца пад вялікім ціскам часу і акалічнасьцяў. Навідавоку непакой і пасьпех. Палаюць Балканы, але гэта мяжа можа ўзгарэцца і ў нас. І што рабіць у такой сытуацыі: арганізоўваць гуманітарны канвой або брацца за працу ў сябе, за падрыхтоўку, напрыклад, сустрэчы польскай і летувіскай моладзі? І першае, і другое ёсьць тым жа самым.
Безумоўна, каб узяцца за гэтую працу, каб закласьці пад ёй сапраўдны падмурак, нельга кіравацца страхам і думаць адно аб прэвэнтыўных дзеяньнях.
Я не ўяўляю сабе гэтага інакш як толькі творчую працу, што паклікаецца на пазытыўныя сілы, на іх духовую энэргію і цьвярозыя пабудовы.
Уся мая надзея абапіраецца на перакананьні, якое досыць часта пацьвярджаецца жыцьцём, што гэтыя сілы пераважаюць на нашых паўзьмежжах. Можа яны больш сукрытыя, нясьмелыя і часта неўсьвядомленыя. Не стае імпульсаў да іх вызваленьня. Мы ўсё яшчэ тут стаім на слабых нагах і не паказваем выгляду, бачачы, што важнейшае, і не сьпяшаемся, каб першаму працягнуць руку.
І тым важнейшым зьяўляецца пераадоленьне такога стану рэчаў, знаходжаньне моцных месцаў і чэрпаньне зь іх энэргіі для дзеяньня.
У гэтым месцы пара ўжо зьвярнуцца да прыгаданай табой Трансыльваніі, якая выклікала ўсе мае дагэтулешнія рэфлексіі.
Безумоўна, гэта месца моцы. Калі б трэба было параўнаць яго зь іншым знаным мной месцам у гэтай частцы Эўропы, я б без сумлеву параўнаў яго зь Вільняй. Няма гораду ў Трансыльваніі, якому б адпавядала Вільня, але ступень кандэнсацыі духовых сілаў, зьвязаных з багацьцем культур і традыцыяў, якім валодае сталіца былога Вялікага Княства Літоўскага, знаходзіць свой адпаведнік у цэлай сетцы гарадоў і мікрарэгіёнаў Трансыльваніі, што займаюць плошчу больш як тысячу квадратных кілямэтраў. І гэта ніякая не памежная правінцыя — у рэгіёне Ксік жывуць сэклеры, вельмі прывязаныя да сваіх традыцыяў карпацкія вугорцы, гэта самы цэнтар сучаснай Румыніі. І як у выпадку Вільні ці Кіеўскай Русі прынамсі дзьве сучасныя нацыі бачаць у Трансыльваніі калыску сваёй культуры і нацыянальнага адраджэньня. А побач з румынамі і вугорцамі сантымэнт да гэтай зямлі маюць сасы і швабы, жыды, русіны, цыганы... Пры першым сутыкненьні з гэтай стыхіяй сёньня ўзьнікае ўражаньне, што пэрыяд панаваньня «Генія Карпат»** канчаткова спустошыў гэты сад, але гэта толькі на першы погляд. Досыць увайсьці ў гасподы, у якіх навідавоку багатыя бібліятэкі, каштоўныя абразы, дасканалыя вырабы народных майстроў, досыць паразмаўляць зь людзьмі, і пераканаешся, што традыцыя тут захавала сваю бесьперапыннасьць, што ня змоўклі ўнівэрсытэты і асяродкі інтэлігенцыі, што і надалей жывой застаецца народная культура. А што з гэтага вынікае на сёньня, на заўтра?
Перадусім пэўная сьветапоглядная пазыцыя, пэўны духовы фармат чалавека, які б я вызначыў коратка як глыбака талеранцыйны. Можа здавацца, што гэтага так няшмат. Бо кожны з нас ухваляе талеранцыю. Таксама і там у цябе ў Варшаве каго ні спытаць, то відавочна кожны будзе талеранцыйным. Ну так, але адно толькі там, у Трансыльваніі, стаецца ясна, аб чым мы ў сапраўднасьці гаворым. Талеранцыя — гэта паймо, якое да таго моманту, калі яно застаецца ў сфэры нашых інтэнцыяў і ўяўленьняў, зьяўляецца абсалютна марным, пустым і не азначае нічога. Адно жыцьцёвыя выпрабаваньні, несупынна паўтараныя, усё больш цяжкія, паступова надаюць яму значэньне. А ў Трансыльваніі ў гэтым пляне як у вулеі — ідзе неперапыненая праца, і так ужо спакон веку.