Парастак
Парастак читать книгу онлайн
Новая кніга народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля — гэта своеасаблівы працяг лірычнай споведзі аўтара пра свет i пра сябе, пра людзей далёкіх i блізкіх, пра свой радавод. Прызнаны майстра прозы шчодра дзеліцца з чытачамі багаццем сваёй душы, шырока расчыняючы брамы скарбаў свайго жыцця, па якім ён ідзе з нязменнай мудрасцю i дабрынёю.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Апошні з дзесяці дзяцей Антося i Настулі, як пра ix гаварылася ў вёсцы, я нарадзіўся ў Адэсе. Калі, пакінуўшы Валодзю ды Ігната там, бацькі з трыма малымі хлопцам! вярталіся ў Загора, мне было няпоўных пяць гадоў, Міхасю восьмы, Колі дванаццаты — такія памочнікі. У горадзе перад ад'ездам бацька перахварэў тыфам, брушным i зваротным, a ў сакавіку 1924-га, прастудзіўшыся ў лесе, не вытрымаў запалення лёгкіх. На сваім пяцьдзесят чацвёртым годзе. А мама — на тры гады маладзейшая.
Маленства маё, апошняга пястуна, пасля гарадскога вясковае, працягвалася пры ёй. Вечна занятай, строгай, але i справядліва добрай.
Пра ўсё гэта, асабліва пра вобраз бацькі, я напісаў у «Птушках i гнёздах» з той непасрэднай шчырасцю, якую тут мне цяжка, а то й немагчыма паўтарыць. Зрэшты, як i пра ўсё маё за доўгі час пражыта-перажытае. Лепш пагаворым пра радню.
Бабуляў у мяне нібы й наогул не было — толькі чуў ад мамы, што свякроў яе, жонку дзеда Данілы, звалі Ульянай, a маміну маму, жонку дзеда Івана, Анэтай. Дзяўчом яна была пакаёўкай у пані Анцўтавай i да смерці малілася па кантычцы. Не больш магу сказаць i пра сваіх дзядоў, пазабываўшыся нават i шмат чаго з апавяданняў матчыных i сёстраў Ганны ды Віліты, што ім з маленства памяталася.
У бацькі была адна сястра, па маці Ульяна, замужам за Янкам Свірыдам у вёсцы Рап'ёва, за сем вёрст ад нашай, што тады было няблізка. Яшчэ перад «мікалаеўскай» вайной яна памерла, асіраціўшы двух сыноў, падлеткаў. Меншага з ix, байчэйшага Федзю, наш папа, як гаварылася ў сям'і, забраў у Адэсу, дзе той падвучыўся на вагоннага афіцыянта, а старэйшы, прастадушны, цялюкаваты Сцяпан, застаўся пры бацьку i мачасе. Калі мы вярнуліся з горада на разбураную войнамі ды «свабодамі» гаспадарку, ён прыязджаў дапамагаць свайму добраму дзядзьку Антосю, пра што я ўдзячна згадваю ў апавяданні «Коею мой, коею...».
З Федзем у маіх малечых успамінах спалучаны бацькаў рогат, калі яго спрытны выхаванец прыехаў прасіць «дядю и тётю» праз тыдзень пасля вяселля на хрысціны, якія ў вёсцы называліся радзінамі.
А пра Сцяпана яшчэ ёсць у апавяданні «Шчопцямі i пудамі», дзе гэта іменна ён у распоранай жыдоўскай камізэлі i сапраўды знайшоў золата. А найлепш помніцца тое, як ён даў мне ўпершыню адчуць шчасце ўзвышэння — пасядзець на кані, нават трохі пад'ехаць.
Куды больш дваюрадных было ў мяне па маміных братах Лукашу ды Навуму. У найстарэйшага з дзяцей дзеда Івана Рыгоравіча, здаравякі Лукаша былі адна дачка i чатыры сыны, з якіх найцікавейшы — Аляксей, якога чамусьці змалку звалі Алесем. З франтоў Першай сусветнай ён вярнуўся з трыма «Георгіямі», i двойчы паранены быў, i з аўстрыйскага палону ўцёк, a паміж дзвюма рэвалюцыямі нават камандаваў ротай. Колькі ж ён нарасказваў у нашай хаце пра тыя свае прыгоды-злыбяды!.. Пасля Другой сусветнай мы з братам Міхасём, калі ўжо i намі прачытаўся «Ціхі Дон», называлі Алеся беларускім Грышкам Мелехавым. Дажыў ён да дзевяноста гадоў, да канца гарласта-малайцаваты ды працавіты, колішні бравы вахмістр «летучей пулемётной команды». Пра яго я расказваю ў апавяданні «Праведнікі i зладзеі», у замалёўцы «Палітаддзел», а найбольш у аповесці «Золак, убачаны здалёк». А цяпер вось пішу i сумнавата-цёпла ўспамінаецца, як ён са мною, на дваццаць сем гадоў маладзейшым, заўсёды вітаўся пры нячастых сустрэчах. Яшчэ ўсё з моцным поціскам рукі i ледзь не ўрачыстым тонам: «Здароў, брат!..»
У дзядзькі Навума, наймаладзейшага ў дзедавай сям'і, было таксама чатыры сыны. От сабе, добрыя хлопцы. Ды тут ужо найбольш цікавым быў сам іхні тата. Калека-гарбун, якога зноў жа наш бацька забраў быў у Адэсу, дзе, як у вёсцы казалі, «вывучыў на краўца». Таленавіта ахвочы, вясёлы апавядальнік, нястомны словатворца, дабрадушны, шчыры чалавек. Маме маёй i дзядзьку Навуму Іванавічу я многа абавязаны як літаратар, — багаццю іхняй мовы, незаменна ды невычэрпна шчодрым сваёй жыццядайнай роднасцю. Зноў жа, i дзядзька жыве ў мяне як прататып у апавяданнях «Праведнікі i зладзеі», «Цуды ў хаціне», крыху ў «Птушках i гнёздах», а найбольш у аповесці «Ніжнія Байдуны», дзе я яго, у Маласельцах Навумчыка, замаскаваў як свайго хроснага Рафалка, хоць хросным у мяне быў дзядзька Павел, адэскі.
Пра маму пісаў я, як пра бабулю, у аповесці «У сям'і», як пра маці — у «Птушках i гнёздах», a ўжо зусім адкрыта, «без выдумкі», — уапавяданнях «Тыжывеш», «За светлую памяць», у многіх лірычных запісах-мініяцюрах.
Гэтак яно бывае i ў іншых шматдзетных сем'ях, што нехта з некім бліжэй, не з усімі пароўну.
Тут будзе трохі з датамі. Найпершыя з нас, сёстры Ганна (1894-1972) i Віліта (1896-1971) i браты, Уладзімір (1899-1938) i Ігнат (1901-1960), былі для мяне як быццам i зусім даўнімі, адмежаванымі ад нашай апошняй тройкі — Мікалая (1910-1970), Міхаіла (1914-1966) i мяне, не толькі сваімі гадамі, але i тым, што паміж Ігнатам i Мікалаем была дзесяцігадовая паўза, калі паўміралі маленькімі першы Міша, Павел i Марыя, дый яшчэ тым, што сёстры даўно жылі асобна, прычым Ганна ў далёкім, за семнаццаць вёрст цікавым сяле Палужжа каля Карэлічаў, а Валодзя ды Ігнат наогул у іншай краіне, ужо ажно вельмі далека ад нашага заходнебеларускага Загора,
Мне прыемна i нават з гонарам думаецца часамі, як гэта з братам Мікалаем мы за ўсё жыццё ніколі не пасварыліся. Валодзю, па даносу расстралянага ў Кіеве, рэабілітаванага ў Маскве, пра якога ў асноўным уся мая маленькая сага «Муштук i папка», я ледзь-ледзь памятаю з Адэсы. Як i Ігната, якога рэальна ўбачыў улетку 1946-га, калі ён з адзіным сынам Шурам, дэмабілізаваным афіцэрам-франтавіком, прыязджалі з ix зауральскага Троіцка. А вось з Міхасём, ці з Мішам, як часцей гаварылася, мы былі, як мама казала, «з самага малку спрэжаныя ». Ягонай памяці прысвечаны «Птушкі i гнёзды», дзе ён — Толя Руневіч, пра яго я наогул многа пісаў, усяго, што ў памяці ды ў сэрцы не выказаўшы, яшчэ i ў зусім нядаўняй кніжцы «Блакітны зніч».
Там нават упершыню сказалася, што мы i пажаніліся з сёстрамі, хутаранкамі з Бродзішчаў паблізу Маласельцаў, спачатку ён з Марыяй, Мурай, а потым я з Нінай Міхайлаўнай, у прозвішчы якіх — Клаўсуць, a па-вясковаму Клэвусь — гучыць штосьці літоўскае, як быццам звязанае з паслухмянасцю. Наш агульны цесць, Міхаіл Вікенцьевіч, якога маласельцы за чалавечую прастату i ў сталасці называлі Міхасём, прымаў удзел у першай расійскай рэвалюцыі, пра што ёсць сведчанне ў кнізе «Революционное движение в Белоруссии в 1905-1907 гг.», выпушчанай выдавецтвам Акадэміі навуку 1955 годзе. На 580-581 старонках гэтага аб'ёмістага тома публікуецца i «донесение» ад 17 жніўня 1906 года пра сялянскія забастоўкі i падбухторванне да ix у весках нашага наваколля, у тым ліку i ў Маласельцах, дзе ў Клаўсюца (так у тэксце даносу), апроч пракламацыяў сацыялістычнай рабочай партыі знойдзена была i «Донская речь». Да жанімства ён працаваў у Луганску.
Ужо даволі пажылым, адносна інтэлігентным кавалерам Міхась Вікенцьевіч ажаніўся з маладой дзяўчынай з мястэчка Турэц, Таццянай Рыгораўнай Выдрыцкай. Ёсць такая легенда сямейная, што калі яны вянчаліся, у маладой ад свечкі загарэлася фата — нядобрая прыкмета... Яна й нагаравалася пры сваім дабрадушным, вясёлым Міхасю, які то «забастоўшчыкам» быў, за кратамі сядзеў, то нейкім «перпетуум мобілем» займаўся, то кніжкі чытаў, часамі нават коней з плугам у баразне пакінуўшы. Я яго, можна сказаць, i зусім не знаў, раз ці два за жыццё сустракаўся, а нашаму Мішы будучы цесць быў да спадобы. Тут ужо падабенства характараў. Памёр стары вясною 1937-га, маючы добра за семдзесят, — больш дакладна няма ўжо ў каго спытацца. А баба Таня, ціхая, цягавітая гаспадыня, адгадавала сына i чатырох дачок, а потым займалася ўнукамі. То на сваім запушчаным хутарку з дзвюма стромкімі, здалёк бачнымі таполямі, ca старым садком у зацішку вішнёвых абсад, з дагледжаным агародам i духмяна расквечаным шыпшыннікам перад вялікімі вокнамі прасторнай пасівелай хаты. А то жыла бабуля ў нас у Мінску, дзе i памерла, таксама ціха, як i жыла, напрадвесні 1959-га, на сёмым дзесятку.
У тым жандарскім «донесении», на жаль, не згадваецца Чычук Мікалай, яшчэ адзін брат маёй маці, таварыш Клэвуся ў рэвалюцыйных падзеях. Гультаяваты весялун, якім яго называла мая мама. «Усё недзе ходзіш, — кажу тыя разы, калі ён ноччу-апоўначы зойдзе да нас у Загора, — усё шукаеш бяды на сваю галаву. Лепш бы ты працаваў, як людзі!..» Дык ён: «Ладна, ладна, сястра! С понедельнічка начнём!..» I смяецца...» Мікалай спачатку недзе спрытна хаваўся, а потым шмыгануў у Адэсу, да швагра Антона, які зафрахтаваў яго на амерыканскі карабель. Ужо й не памятаю, ці гаварылася пра гэтага дзядзьку больш, ці пісаў ён калі, аднекуль, ці не...