Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Жыццё падалося нечым асобным ад яго самога, празрыстай, прасякнутай святлом субстанцыяй. Яна віравала вакол, як папяровыя парушынкі, вольна праходзіла скрозь цела, якое ўсё стваралася з гэткіх жа сонечных парушынак, і ўсе яны маглі аднойчы некуды адляцець, як пылок з кветкі, і з’яднацца са светлымі аблокамі...
Але нашто яму аблокі, калі ў яго больш няма чырвонага гальштука?
«Ворагі вельмі хітрыя, сынок,— павучаў бацька.— Ты мусіш верыць толькі таварышу Сталіну!»
Бацька вельмі не любіў такіх «інтэлігенцікаў», як Тарвецкі, казаў, што варта любога з іх прыціснуць — і вылезе гнілое буржуйскае нутро.
Можа, гэта тыя, каго ён «прыціскаў», інтэлігенцікі з гнілым нутром, і ачарнілі бацьку, агаварылі яго? Ці... заразілі сваёй гніллю, пошасцю? І... маці таксама?
— Мой бацька — не вораг!
Міхась адчуў, што слёзы наварочваюцца на вочы... Нізавошта не паказаць сваёй слабасці перад гэтым!..
Тарвецкі, аднак, відаць, заўважыў... Кінуў фанабэрыста:
— Лішніх насовак у мяне няма! І прыслугі таксама. Спадзяюся, вы ўмееце мыць посуд, Саколіч?
А потым Міхась сядзеў на цвёрдай скураной канапе — скура была прыбіта цвікамі з масянжовымі круглымі капялюшыкамі, і канапа здавалася апранутай у сярэдневечны даспех, і чытаў узяты наўгад з паліцы дарэвалюцыйны падручнік па геаграфіі — у вокладцы, якая нагадвала зялёны мармур, з крохкімі жоўтымі старонкамі і штампам «Аптекарскій магазинъ А. И. Федоровъ»... Тарвецкі за шырозазным, як маленькі карабель, сталом правяраў сшыткі. Здавалася б, геаграфія — не матэматыка, але «буржуй» увесь час задаваў то сачыненні, то выпісваць цікавыя звесткі пра краіны... Апошняе, пра што давялося пісаць Міхасю, была Малайзія. Але што там наконт яе — забіце, не памятаў. Хіба два словы «пальмавы алей».
У старым падручніку ён таксама знайшоў Малайзію: «Население Ост-Индскаго архипелага состоитъ преимущественно из Малайскихъ племен, которыя на востоке смешиваются съ Папуасами. Многие островитяне утратили уже нравы и веру своихъ отцов и приняли подъ влиянием колонистовъ европейский образъ жизни».
Вось бы з’ехаць туды... Вызваляць малайцаў ад каланістаў, вяртаць ім іхнюю мову ды норавы... А тут няхай самі разбіраюцца...
— Цікавіцеся экзатычнымі краінамі? — Міхась ледзь не падскочыў ад голасу Тарвецкага проста над сабой.— Што, з’ехаць ад праблемаў хочацца?
— Нічога не хочацца...— прабурчэў Міхась, трохі зніякавелы ад таго, што ягоныя думкі нібы прачыталі.
Тарвецкі таксама прысеў на канапу і задумна глядзеў перад сабой.
— Адзін мой... знаёмы таксама вельмі паважаў і любіў свайго бацьку. Той быў калісьці ўдзельнікам паўстання... Прайшоў катаргу, вярнуўся, ажаніўся... А калі нарадзіўся сын, неўзабаве памёр ад перажытага. Чалавек, які здаў яго царскім уладам, былы сябра, універсітэцкі аднакурснік, жыў таксама — але ў сталіцы... Зрабіў кар’еру, стаў вялікім чыноўнікам. Жонка паўстанца была высакароднай, патрыятычнай кабетай, і лічыла пачэсным звязаць лёс з героем-пакутнікам, нашмат старэйшым ад сябе. Яна з гонарам насіла сваю жалобу. І калі сын падрос, вырашыў адпомсціць за бацьку.
— Забіць таго белагвардзейца? — Вочы Саколіча заблішчэлі.
— Так... Але таго не проста было забіць, бо яго ахоўвалі. Ён нідзе не паказваўся сам. Тады мой знаёмы звязаўся з групай адчайных, якія не баяліся караць катаў. Гады пайшлі на падрыхтоўку... Хлопец стаў студэнтам універсітэта ў тым горадзе, дзе жыў здраднік. Ён вывучыў усе ягоныя звычкі і яго дзеянні. Ён намагаўся рабіць поспехі ў сваёй навуцы, каб стацца сябрам Геаграфічнага таварыства, праславіцца, атрымаць магчымасць наведваць афіцыйныя мерапрыемствы, дзе бывалі вышэйшыя чыноўнікі... Лічыце, гэта яму ўдалося. І прысуд быў выкананы.
— Як?
— На жаль, не стрэл... Бомба... Самая папулярная на той час зброя. Маладыя змагары звыклі спаць на дынаміце, снедаць за сталом, на якім стаялі колбы з нітрагліцэрынам... Майго знаёмага схапілі.
— І павесілі? — Саколіч нават з нагамі залез на канапу, страціўшы пострах перад гаспадаром.
— Не... Дваццаць гадоў катаргі.— Тарвецкі задумна пагладжваў свае запясці.— Ён адбыў тры... Як ён ганарыўся сабою! З якой лёгкасцю насіў кайданы! А тады сустрэўся з былымі таварышамі бацькі. Даведаўся, што жывуць там, у тайзе, некалькі інсургентаў — пасля катаргі іх пакінулі на вечнае пасяленне. І што яны ваявалі ў тым самым атрадзе, дзе і бацька... Малады катаржанін адразу паспрабаваў паведаміць пра сябе, сустрэцца... Але ніводзін не захацеў да яго прыйсці. Мой знаёмы вырашыў, што яны проста вельмі старыя... Нарэшце яму ўдалося спаткацца з адным з іх... Як хацелася пачуць захопленых успамінаў пра бацьку! Не пачуў. Паступова — усе шкадавалі яго, не хацелі гаварыць наўпрост — зразумеў: усё мана... Ягоны бацька не быў для іх героем. Некаторыя лічылі яго проста за баязліўца. Былі і ўпэўненыя, быццам ён — здраднік. Забіты юнаком чалавек сапраўды ўціхамірваў паўстанне — але рабіў гэта па перакананні, выконваючы сваю працу... Ім пагарджалі менш, чым юнаковым бацькам, які — варта было арыштаваць — зламаўся, як сцябло льну пад ударамі біла церніцы... А потым, адпушчаны пасля суда, які стаў для многіх смяротным прысудам, да канца жыцця ўдаваў з сябе мужную ахвяру... Затлуміў мазгі маладзенькай суседцы... Усё жыццё зайздросціў універсітэцкаму сябру, які рабіў кар’еру ў Піцеры... Пасля гэтага мой знаёмы з катаргі ўцёк.
— Як?
— Доўга расказваць. Калі душа ахопленая пякельным агнём, цела прапаліць сабе шлях. Ішоў праз тайгу, да мора. Наняўся матросам на маленькую рыбацкую шхуну з Ганконга — у іх трое памерла ад жаўтухі. Японія, Карэя, Інданэзія, паўвостраў Малака... Ён блукаў па такіх экзатычных месцах, што экзотыка навязала на зубах. І марыў вярнуцца на Беларусь. Тым болей ён не ездзіў у зручных калясках пад парасонам, у пробкавым шлеме і белым пінжаку... Хадзіў пешкі, наймаючыся на самую чорную працу, каб зарабіць грошай на далейшы шлях. Аднойчы яго нанялі пераапранаць нябожчыкаў — ніжэй у той краіне апусціцца немагчыма. Насіў цюкі з шоўкам. Збіраў пальмавы алей. Нават нейкі час змей вучыўся лавіць. Больш за ўсё яму не хапала... Ведаеш, чаго? Лёну. Беларускага лёну. Сіняга пяшчотнага поля, праз якое так любіў бегаць у дзяцінстве. Але аказалася, лён ёсць і на паўвостраве Малака — новазеландскі лён, зусім не падобны да нашага. З шорсткімі лістамі веерам, з жоўтымі кветкамі... Зараз пакажу...
Тарвецкі падышоў да шафы, з-за шкла якой так і мецілі выскачыць засушаныя яшчаркі.
— Вось...
На далані географа ляжала сухая кветка, нібыта зробленая з выцвілага егіпецкага пергаменту.
— Нічога асаблівага, на тытунь падобна,— прабурчэў Міхась.
— Яна была яркай, як дзьмухавец,— сумна прамовіў географ.
— А што з вашым сябрам здарылася далей? — пытанне прагучэла глухавата, бо Міхася паволі пачало хіліць у сон. Тарвецкі зразумеў гэта і загаварыў сушэй, кароткімі, як насечанымі, фразамі:
— Усялякае было. Паміраў. Выжываў. Аднойчы зарабіў татуіровак ледзь не на ўсім целе — што зробіш, гасціннасць тубыльцаў... Прыстроіўся качагарам на ангельскае судна. І ўрэшце патрапіў у Еўропу... Ахопленую вайной. Але ён даў сабе слова — больш ніколі нікога не заб’е. Ірваўся на Беларусь, як апантаны. Беларусь сустрэла папялішчамі. Са сваякоў — нікога. Немцы... Беларускі ўрад... Палякі... Зноў Саветы... Самае цікавае, што пры кожнай уладзе яго садзілі.
— За што? — адкінуўшы сон, натапырыў вушы Саколіч.
— Не шанцавала, відаць,— з’едліва пракаментаваў географ.— Ад немцаў беларусы выкупілі — ён згадзіўся працаваць у сакратарыяце новага ўрада... А палякі дык ледзь не расстралялі — палічылі савецкім шпіёнам. Прыйшла савецкая ўлада — зноў забралі, ужо як польскага шпіёна. Добра, у кіраўніцтве аказаўся чалавек з групы, што калісь рыхтавала замах у Піцеры. Калі ўспомніць, што мой знаёмы паспытаў пару дзясяткаў каталажак падчас сваіх блуканняў па Азіі-Еўропе, і з кожнай вызваляўся, дык ён нейкі... улюбёнец духу вязніцаў.
— І што цяпер з гэтым чалавекам? — зноў санліва пацікавіўся Саколіч.