Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Толькі... Я мала што ўмею. Ну... Такога...
Хведар ледзь не застагнаў ад агіды — да яе, да сябе, да сітуацыі.
— Адставіць! Ідыётка!
Ад яго рэву яна ледзь не павалілася. Вочы — аж круглыя ад спалоху.
Што ж, яму трэба было перакрыкваць гарматы, калі камандаваў гарматным разлікам.
— Зашпіліцеся, мадам.
На яе шчоках запунсавелі плямы. Як у гераіні першамайскага плаката. Мёртвае паветра хаты, здавалася, згушчаецца, як перад навальніцай. Хведар цадзіў скрозь зубы:
— Значыць, хочаш, каб я з табой штосьці ўтварыў — на знак прабачэння? Дык што з табой зрабіць — згвалціць? Набіць пысу? Паставіць на калені гадзінак на дзесяць? Ці прыстрэліць? Га?
Валянціна зглытнула, утаропіўшыся ў падлогу з пісягамі няўмела вымытага бруду.
— Што, цяжка адчуваць сябе навалаччу?
Яна прыкусіла губу.
Хведар жорстка працягваў:
— Я не дам табе палёгкі, выявіўшыся навалаччу сам.
— І... як мне далей... жыць з гэтым?
І глядзіць яснымі блакітнымі вачыма. Хто ведаў, што ў паненкі такая тонкасць пачуццяў.
— Як жыць? — Хведар пасміхнуўся.— А як жывуць твае старэйшыя калегі, якія мяне дапытвалі? Чамусьці лейтэнант Кравец альбо маёр Тусклы не прыехалі да мяне з просьбай набіць ім пысы. Спяць па начах спакойна. Што яны табе сказалі? Што вы ўсе проста выконвалі сваю працу, так?
— Так...— Валянціна круціла гузік на кофтачцы, нібыта гэты касцяны кругляшок смяротна правінаваціўся перад ёю.— Сказалі, што лепей, калі пацерпяць дзесяць невінаватых, чым прапусціць аднаго сапраўднага дыверсанта ці здрадніка.
— А ты, значыць, так не лічыш? Ці верыш, што да мяне не арыштавалі ніводнага невіноўнага? І што я — апошні, каго забралі памылкова?
Таварыш Рабко стаяла, унурыўшыся.
— Не ведаю...
Вецер за вокнамі зноў пачаў шалець, кідацца ў вокны, быццам галодны птах. Людзі таксама ў пошуках ратунку лятуць на святло прыгожай ідэі, і не разумеюць, што за нябачная сцяна раптам вырастае перад іх шчырым парывам, чаму аб яе ў кроў разбіваюцца іхнія лёсы.
Зямля пад сценамі кожнай утопіі ўсыпана пер’ямі і заліта крывёй. А ў цёплай хаце, ля агменю цешацца сваёй справядлівасцю выбраныя... Якім не дадзена шкадаваць тых, што слепа б’юцца ў вокны.
Дзяўчына пераступіла з нагі на нагу, Хведар зразумеў, як яна стамілася. Што ж... Трэба завяршаць размову. Запрашаць прысесці неяк не хацелася. Вось жа не пашанцавала дзеўцы — першае заданне, і трапіла на памылкова арыштаванага героя вайны.
— Спадзяюся, вы зразумелі, што мне ад вас нічога не трэба?
Валянціна прыгладзіла мокрыя косы. Словы застравалі ў яе горле. Нарэшце яна прамовіла:
— Мне... мне... страшна сябе самой. Гэта аказалася так... проста. Рабіць іншаму балюча. Прыніжаць.
— Вам яшчэ неаднойчы давядзецца гэта рабіць,— абыякава прамовіў Хведар.— Гэта, прабачце, праца, якую вы абралі. Не адчуваеце ў сабе дастаткова моцы — сыходзьце.
Дзяўчына ўпарта затрэсла галавой:
— Я ворагаў ненавіджу. Фашыстаў шкадаваць не збіраюся.
Хведар глядзеў у правы дальні кут, туды, дзе яшчэ на яго памяці калісьці вісеў абраз, і яму, зусім маленькаму, бабуля тлумачыла: «Гэта Божанька, Хведзечка. Ён добры, ён усіх прабачае».
— Я нарадзіўся ў год рэвалюцыі,— павольна прамовіў Хведар, адчуваючы, як прагна Валянціна ловіць ягоныя словы — першыя без здзеку і гневу.— Я вельмі ганарыўся тым, што я равеснік Вялікага Кастрычніка. Калі мне было шаснаццаць, нам у піянерскім атрадзе распавялі пра Паўліка Марозава, замардаванага кулакамі. Мы ўсе захацелі таксама ўчыніць нешта гераічнае, стаць падобнымі да Паўліка. На наступны дзень кожны павінен быў на агульным сходзе выкрыць якія-небудзь правіны перад савецкай уладай сваякоў альбо суседзяў, асабліва калі хто з іх хавае ў хаце абразы, ці іншыя прадметы культу, ці антысавецкую літаратуру альбо зброю. Я рыхтаваўся, аж на месцы падскокваў ад нецярпення. І калі надышла мая чарга, спяшаючыся, паведаміў, што на гарышчы нашага дому стаяць вялікія куфры, у адным старая адзежа, а ў другім бабуля хавае падазроныя паперы, напісаныя на замежнай мове. Я неяк туды крадма лазіў, бачыў...
Мяне пахвалілі. Таварыш у ваеннай форме доўга трос руку і казаў пра піянерскую сумленнасць... Я быў шчаслівы. А ўвечары таго ж дня ў нас пачаўся ператрус.
Куфар з паперамі звалаклі ўніз. Пажаўцелыя аркушы, спісаныя няроўным почыркам. Калі скласці ў адзін стос, былі б, напэўна, вышынёй з мяне.
— Польскія дакуменцікі! — задаволена абвесціў адзін з тых, хто рабіў вобыск.
Бабуля голасам, якога я ў яе ніколі не чуў, пачала тлумачыць, што гэта напісана не па-польску, а па-беларуску, што гэта архіў яе мужа, майго дзеда. Беларуская мова была забароненая, і таму пісалі лацінскімі літарамі і не мелі магчымасці друкаваць. А дзед быў хаця і дужа веруючы, але змагар за народную волю, яго саслалі ў Сібір, дзе ён і памёр, а маёнтак канфіскавалі, і яны з маленькай дачкой, маёй маці, пераехалі сюды, у горад, у маленькую хату... І паперы маюць вялікую каштоўнасць для Беларусі... І... калі іх зараз забяруць, гэта будзе для яе ўсё роўна, што другі раз забіраюць яе мужа...
І бабуля пачала душыцца слязьмі. Гэта трохі зменшыла маю ганарлівую радасць — бо я ні разу не бачыў, каб бабуля плакала.
Таварыш, які кіраваў вобыскам, пагартаў паперы і сказаў, што яны ўсе — на рэлігійную тэматыку. Усе прапагандуюць хрысціянскія перажыткі. А калі ў майго дзеда быў маёнтак, значыць, ён прадстаўнік эксплуататарскага класа. І нічога каштоўнага ў гэтых спарахнелых стосах быць не можа.
Паперы звезлі, і мы пра іх больш ніколі нічога не чулі. А бабуля больш ніколі са мной не размаўляла. Яна... прынцыповая была. Неяк я разгаварыўся з калегам па ўніверсітэце, з філфаку... Той, даведаўшыся гісторыю пра зніклыя паперы, ледзь сівыя валасы на сабе не рваў. Такія каштоўныя гістарычныя дакументы зніклі.
І я, толькі пасталеўшы, зразумеў, што зрабіў. Але ўжо няма ў каго прасіць прабачэння.
Валянціна неўразумела глядзела на гаспадара.
— Але... вы ж проста выконвалі свой доўг. Вы зрабілі правільна.
Хведар горка пасміхнуўся:
— У такім выпадку і ты ўсё рабіла правільна. Фашысты таксама былі перакананыя, што ўсё робяць правільна. Што нас можна знішчаць, бо мы не людзі. Я хадзіў па тэрыторыі канцлагера, там, у Нямеччыне... Больш за ўсё мяне ўразіла ведаеш, што? Парадак. Чысціня. Сартаваныя ў асобныя кучы паліто, кофты, абрэзаныя валасы, дзіцячы абутак... Іх уладальнікаў спалілі ў акуратных крэматорыях — строга па спісах. Увечары пасля «экскурсіі» мы змусілі пажылога немца, гаспадара хаты, дзе часова кватаравалі, вычысціць нашы боты. Мы не білі яго, не абражалі, не стралялі над вухам з пісталета, як, напэўна, рабіў ягоны сын на захопленай славянскай зямлі. Проста стаялі моўчкі і глядзелі, як чыстакроўны арыец, завіхаючыся, пацеючы ад страху, начышчае, начышчае, начышчае брудную кірзу.
Хведар рыпнуў зубамі ад раптоўнага прыліву нянавісці:
— І ні ён, ні ягоныя бюргеры-суседзі не жадалі ведаць, што робіцца за ўпрыгожанымі калючым дротам сценамі за пару соцень метраў ад іхніх дамоў. Чалавек вельмі лёгка ператвараецца ў звера. І вельмі лёгка пераконвае сябе, што праўда — на ягоным баку. Вось мая маці... Яна загінула, калі ішла на базар, нешта выменьваць... Гэта значыць жыла пры немцах, нешта спрабавала зарабіць, гандлявала... Што ж яна, здрадніца была? Калі мераць строга — то так... А калі не па-гэбісцку, а па-чалавечы?
Раптам дзяўчына нібыта перамянілася. Падняла з падлогі мокры цяжкі шынель, усцягнула на сябе — без нервовасці, хутка, але ўпэўнена. Зашпілілася, змрочна выпрасталася. Хведар скалануўся... Ён пазнаў ранейшую супрацоўніцу КДБ, без полу і ўзросту — чалавек-функцыя, якая глядзела з грэблівай нянавісцю і чырванела ад насалоды, калі яму рабілася нясцерпна балюча.
— Я сапраўды ўсё рабіла правільна. Засумнявалася, дурніца. А ты... ты параўноўваеш супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі з фашыстамі?!! А яшчэ франтавік... Панская парода, адно слова!
Яна выхапіла з ягоных рук сваю «перадсмяротную» цыдулку.