Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Няўжо вам нецікава, Саколіч? Не хацелася ні разу пабываць у прэрыях? Хаця б дзеля таго, каб дапамагчы працоўным мексіканцам?
Вось шашаль папяровы... І нічогенька ж не баіцца. Усе настаўнікі школы ў гэтым годзе пачалі выкладаць на мове вялікага Леніна, каб наблізіць час зліцця ўсіх народаў СССР у адну магутную нацыю, а ён упарта размаўляе па-беларуску. Гэта ён, ён павінен быў быць сёння на Міхасёвым месцы, і слухаць пра варожыя вылазкі, і паныла маўчаць, не знаходзячы апраўданняў...
Праўда, аднакласнікі ўрокі геаграфіі любілі. Міхась часам таксама заслухоўваўся «буржуйскімі» байкамі пра пампасы-лампасы, канквістадораў і індзейскіх правадыроў... Да таго ж Сігізмунд Станіслававіч заўсёды прыносіў з сабой на ўрок нешта цікавае — якую-небудзь масайскую маску, з дапамогай якой добра было б удаваць вобраз Сусветнага Імперыялізму падчас выступлення агітбрыгады, альбо выцвілы егіпецкі пергамент з выявамі пляскатых шыракаплечых фараонаў, альбо кавалак вулканічнай лавы — падобны да бруднага вясновага лёду, пабітага воспай сонечных промняў.
Часам і Міхась нават забываўся на тое, што ўрок вядзе пракляты «буржуй»... Але ўспамінаў, і тады... Асабліва добра ўдалася задумка з чучалам браняносца, гэтак удала пачэпленага на матузкі, што выскачыў проста ў абдоймы Сігізмунда Станіслававіча, калі той адчыніў шафу ў кабінеце геаграфіі.
Атрамантавы Гогаль пачаў падазрона раздвойвацца, расплывацца ў вясёлкавым тумане... З выратавальнага забыцця вярталіся толькі што перажытыя хвіліны — адна за адной... Гэтак чалавек хаваецца ад дажджу пад навес, а калі дождж ужо скончыўся, палатно раптам прарываецца, і назапашаная на ім халодная вільгаць абрыньваецца на галаву небаракі — адразу па кроплі, тады жменямі, а тады — вадаспадам.
Яго бацька — вораг народа! Добра замаскаваны, хітры, але яго выкрылі... Трацкіст, польскі шпіён, ангельскі выведца... Сабатажнік і тэрарыст. Як піянер мог жыць з такім у адной кватэры — і не раскусіць? Ну хоць цяпер, калі ўжо позна, трэба цвёрда адрачыся ад такога сваяцтва. Павініцца перад таварышамі. Прызнацца ў сваім пасобніцтве ворагу.
«Ну што ты маўчыш, Саколіч?»
Чырвоны гальштук з яго амаль сарвалі — так што мяккая тканіна нечакана балюча шаргатнула па шыі.
А яшчэ — і гэта зусім невытумачальна, як блёкат — нечы зласлівы шэпт: «Насіў воўк, панеслі і ваўка...»
Правільна, не хапала яшчэ расплакацца! Міхась злосна пацёр вочы шорсткім рукавом пінжака. Добра, што застаўся насамоце.
Нехта з-за спіны крануў яго за плячук. Хлопец спалохана зірнуў назад... «Буржуй» Тарвецкі! Гэткі ж фанабэрысты, як заўсёды.
— У вас ёсць якія-небудзь сваякі ў Менску?
Міхась неўразумела маўчаў. Настаўнік зрабіў колькі крокаў і стаў перад нелюбімым вучнем чорным слупом, шыльдачкі не хапала — «Абыходзіць за сто крокаў».
— Вам... нельга дахаты.
Міхась разляпіў вусны (трэба ж — ён, аказваецца, не вымавіў ні слова цягам усяго дня).
— Чаму? Мама...
— Вашай маці дома няма. І прыслугі таксама.
Тарвецкі вымаўляў словы, як на ўроку, спакойна, важка, нібыта складаў з цяжкіх, дасканала адшліфаваных каменняў піраміду — так, што ляза ў зазоры не ўсунуць.
Міхась з нянавісцю зірнуў у шэрыя, нібы сакавіцкае неба, вочы настаўніка геаграфіі, схаваныя здрадліва празрыстымі шкельцамі пенснэ.
— Я пайду дадому...
Тарвецкі цярпліва паўтарыў:
— Там нікога няма. Кватэра апячатана. Вашу маці... забралі. Яна, вядома, хутка вернецца. Але пакуль што вам трэба дзесьці перабыць. Вам ёсць да каго пайсці? Сябры? Сваякі?
Міхась, зусім агаломшаны, глядзеў на запэцканую парту. Свет рассыпаўся, як разбітае люстра, засталася адна шыкоўная бронзавая рамка. У кожным аскалёпачку друзу крывіўся твар «буржуя». Куды ісці, калі замест твайго адбітку — кавалак сцяны ў пустой рамцы?
Настаўнік геаграфіі ўздыхнуў і зноў крануў інтэлігенцкай рукой плячо былога піянера.
— Уставайце...
Міхась не адразу асэнсаваў, куды яны кіруюцца. Папраўдзе, яму было ўсё роўна. Толькі калі пачалі падымацца па шырокіх прыступках пад’езда каменнага дома на рагу Савецкай, успомніў: гэта ж дом «буржуя». Яны з сябрукамі колькі разоў сачылі за ім, рыхтуючы сюрпрызы кшталту рассыпанага па брукаванцы гароху (старэчу Тарвецкага, аднак, не так лёгка аказалася зваліць з ног — спрытны, гад).
Дзверы на другім паверсе расчыніліся цяжка, з металёвым рыпеннем, бы ў склеп. І з кватэры пацягнула нейкім застарэлым пахам... І цёмна там было, як у склепе. Некалькі імгненняў Міхась увогуле нічога не мог разгледзець і застыў недарэчнай лялькай, выставіўшы наперад рукі. Рэзкі шоргат — і святло ўдарыла па вачах... Гэта Сігізмунд Станіслававіч рассунуў на вокнах у зале цяжкія парцьеры. Міхась заплюшчыў вочы, а калі вярнулася здольнасць бачыць... Навошта чалавеку столькі кніг? Паліцы ўздымаліся ад падлогі да высокай столі, кнігі стракацелі вокладкамі і выпраменьвалі пыл... Парушынкі скакалі ў светлавых слупах, нібыта радаваліся прыходу новага чалавека — можа, не будзе такім аматарам акуратнасці, як гаспадар, скончыцца гэтая вечная вайна з мокрымі анучамі?
...Буржуй, як ёсць буржуй. Але, падобна жыве адзін: ні сям’і, ні прыслугі... Няўжо сам прыбіраецца ды гатуе?
— Есці хочаце, малады чалавек?
Пытанне настаўніка змусіла Саколіча асэнсаваць, што — так, сапраўды... Свет зруйнаваўся, а есці ўсё роўна хочацца. І піць, аказваецца, таксама страшэнна хочацца...
Вядома, тое, што падавала на стол Фаня, домработніца Саколічаў, было куды лепей... У настаўніка геаграфіі не аказалася ўвогуле нічога смачнага. Сітны хлеб, тварог, колькі скрылёчкаў сала... Верх «раскошы» — абаранкі. Гарбату Тарвецкі заварваў з сушаных зёлак. Міхась быў бы не супраць, пакуль гаспадар важдаўся на кухні, палазіць па кватэры, дзе акрамя кніг на паліцах грувасцілася яшчэ шмат цікавостак — ад чучалаў птахаў да агромністых ракавін, але Тарвецкі загадаў госцю сядзець і не варушыцца... У другі час так бы Міхась і паслухаўся... Ды цяпер самому хацелася стаіцца, заціхнуць, нібыта тады бяда пройдзе міма, не заўважыўшы...
Але яна дакладна ведае, дзе цябе шукаць, як спрактыкаваны злодзей вылічвае ўсе хітрыя хованкі гаспадароў, беспамылкова вытрэсваючы грошы з вышыванай падушкі на канапе альбо з развінчанага карнізу.
Міхась асцярожна пацягваў гарбату з зёлкамі, пазіраючы спадылба на Тарвецкага, які ў белай кашулі і камізэльцы выглядаў яшчэ больш па-буржуйску.
— Пераначуеце ў мяне, а заўтра пасля заняткаў вырашым, куды вас падзець,— усё тым жа сухім голасам адказаў на непрамоўленае пытанне гаспадар.
— Я не пайду ў школу,— зацяўся Міхась.— Я... я ў Камсамольск-на-Амуры паеду!
«Буржуй» зрабіў ласку пасміхнуцца:
— Хоць на Чукотку, малады чалавек. Але толькі пасля атрымання сярэдняй адукацыі.
— Нашто мне цяпер ваша адукацыя?
Сігізмунд Станіслававіч паставіў на белы абрус парцалянавую філіжанку з намаляванай на ёй сіняй птушкай з неверагодна доўгім хвастом.
— Веды — адзінае, што мы можам забраць з сабою ў любых жыццёвых варунках. Адзінае, што не здрадзіць. Жыццё для вас не закончана, Саколіч. І давайце з’ясуем. Калі вы чакаеце, што я буду вас шкадаваць ды выціраць вам соплі, памыляецеся. Калі вы — няварты ўвагі шматок анучы, не здольны вытрываць спасланых Богам выпрабаванняў, дык не трэба дзівіцца, што вамі будуць выціраць падлогу. Калі вы — мужчына, дык трывайце і ўпарта выбірайцеся з яміны, куды вас будуць раз за разам саштурхоўваць.
Настаўнік гаварыў невыносна жорстка, нібыта біў па шчоках істэрыка. Міхась ускінуў калматую светлавалосую галаву.
— Я не ануча! І Бога няма!
— І першае, і другое пытанне чалавек мусіць вырашыць для сябе сам, не зважаючы на меркаванні іншых. Хапіла ж у вас сілы не адрачыся на сходзе ад свайго бацькі.
Дзіўна, але разам з усплёскам нянавісці да географа Міхась адчуў дзіўную палёгку: нібыта яго, зняможанага і зняверанага, нехта моцны падняў за каўнер, адвалок убок і страсянуў: «Вочы расплюшчы, недарэка! Вось жа дарога! Чаго ты папёр у дрыгву?»