Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Усе ружы свету не былі вартыя таго букета, які яшчэ захаваў пах сібірскай драўніны...
Не ведаю, ці мог быць які вянок з пластыкавых елачак даражэйшы за тыя, нашыя, самаробныя? Хаця ведаю, што бабуля саромелася «самаробнага». Неяк вельмі ўзрушылася, што я сама сабе пашыла лялькі — як паказвалі ў перадачы «Зрабі сам». А раптам хто пабачыць і вырашыць, што па беднасці не могуць дзіцёнку ў краме ляльку купіць! І вянкі яна б, напэўна, ахвотней набывала куплёныя — але ж не на пенсію ў дваццаць восем рублёў...
А вось на пахаванне бабулі я не патрапіла.
Радня наша нешматлікая і няблізкая, усе паехалі забіраць памерлую бабулю з бальніцы. Мама ніякіх сябровак і сардэчных суседак не мела, і мяне пакінулі адну рыхтаваць пахавальны стол. У дзевятнаццаць гаспадарчыя мае здольнасці абмяжоўваліся падзабытымі школьнымі ўрокамі працы і ўменнем адкрыць бляшанку кансерваў. Тым не менш салаты я падрыхтавала, нарэзала, што трэба было нарэзаць, вось толькі з катлетамі — асноўным блюдам стала — атрымаўся аблом. Пакуль бабуля магла, кухня была на ёй... І катлеты ў яе атрымліваліся адмысловыя — і не падгарэлыя, мяккія, і чорнага колеру. Вось і я, плачучы, пякла катлеты і чакала, пакуль яны стануць чорнага колеру, як у бабулі... Але яны толькі змяншаліся ў памерах... Пакуль не сталі з грэцкі арэх. Затое амаль чорныя.
І вось скажыце — трагічны які эпізод жыцця, а памятаюцца перш за ўсё тыя няшчасныя катлеты...
А вянок з уласна зробленых кветак я так для бабулі і не падрыхтавала. І цяпер на Радаўніцу, на Дзяды купляем стандартныя шыкоўныя вянкі...
Як мы ў Кіеве начавалі
У маім савецкім дзяцінстве асабліва карыснымі лічыліся кнігі, якія загартоўвалі волю і выхоўвалі альтруізм. Напрыклад, пра піянераў-падпольшчыкаў, якія моўчкі пераносілі страшэнныя катаванні, а потым іх імёнамі называлі вуліцы. У звязку з ваеннымі кнігамі былі тыя, што распавядалі пра дзяцей, якія пераадольвалі цяжкія хваробы ў спецбальніцах, інтэрнатах і санаторыях. Помню аповеды пра санаторый для туберкулёзнікаў у Крыме, пра інтэрнат для дзяцей, хворых на раматуз, пра палату дзяўчынак, што лечацца апаратам Елізар’ева, які выпроствае косткі... Маленькія пацыенты змагаліся з болем, у іх былі свае гульні і моцнае сяброўства, так што мне нават хацелася патрапіць на іх месца. Гэта вам не «Чароўная гара» Томаса Мана з філасофскім нагрувашчваннем, а ідэалагічнае выхаванне, даходлівае, як дзягай па азадку... Галоўнае, я ж сама ў дзяцінстве пакаштавала бальніц, і нічога добрага там не бачыла... Розніца паміж рэальнымі бальніцамі і апісанымі ў мастацкіх творах была такой жа, як між кадрамі «Кубанскіх казакаў» і рэальнай калгаснай украінскай вёскай, што зведала Галадамор.
Цяжка паверыць, але здараецца, што і рэальныя бальніцы дораць перажыванні карнавальна-літаратурныя... Клас маёй дачкі адпраўляўся на травенькія святы на экскурсію ў Кіеў... Паехалі і многія бацькі. Перад адпраўленнем наша настаўніца папрасіла праверыць, ці ва ўсіх з сабой дакументы. І выявілася, што я замест свайго пашпарта прыхапіла сынаў... Я пакорліва выйшла з аўтобуса. Але наша цудоўная настаўніца Зінаіда Кірылаўна тут жа арганізавала ратунак: маці аднакласніцы маёй дачкі была на машыне, мы хуценька зматаліся за пашпартам, і я зноў апынулася ў аўтобусе...
Гэта быў лёс.
Ноч прайшла пад бадзёрае гарланне падрастаючага пакалення.
На раніцу вабноты Кіева ўспрымаліся трохі паралельна свядомасці, і марылася пра той гатэль у самым цэнтры горада, які нам абяцала турфірма.
Але прадстаўніца турфірмы патлумачыла, што вось прыкрасць, святочныя накладкі, шыкоўны гатэль пакуль не падрыхтаваны, трэба адразу на шпацыр, а заселімся потым...
Паглядзелі Сафійскі сабор, палазілі па пячорах Кіева-Пячэрскай лаўры, прыклаліся да труны з машчамі Іллі Мурамца, падзівіліся на металёвую Радзіму-Маці, з ажыўленым варыянтам якой, нават у чалавечай прапорцыі, страшна было б сустрэцца на люднай вуліцы, а не тое што на пустэльным беразе...
Вазілі нас па горадзе, пакуль не сцямнела, і нават самыя шустрыя шкаляры цяпер гатовыя былі ўлегчыся хоць у бронзавым чоўне Шчэка, Харыва і сястры іхняй Лыбедзі, паклаўшы пад галаву шматлікія вясельныя вянкі, якія па традыцыі туды шпурляюць украінскія маладажоны. Таму вестка, што замест шыкоўнага гатэлю нас прымуць у таксама шыкоўным, але можа не настолькі, успрынялася з палёгкай.
Праз густую ўкраінскую ноч, якую там-сям прабівалі прывідныя свечкі каштанаў, аўтобус пад’ехаў да нейкага парку, лесу, карацей — «зялёнай зоны»... У святле фараў вымаляваліся дыхтоўныя жалезныя вароты і бетонная агароджа. Наверсе агароджы ў некалькі радоў працягваўся калючы дрот. З-за варотаў выломваўся сур’ёзны сабачы брэх. Ахоўнікі выглядалі не менш сур’ёзна. Нават узброеныя, як спецназаўцы.
Вароты з жудкім лязгатам не адчыніліся, а ад’ехалі ўбок. За імі бачыліся толькі дрэвы, падсвечаныя рэдкімі ліхтарамі.
Калі пад хрыплы лямант аўчаркі вароты зачыніліся за намі, узнікла панічнае пачуццё, відаць, родам з генетычнай памяці, што выйсці назад не ўдасца. Аўтобус ціха ехаў па прысадах, вакол панавала цемра. Нарэшце спыніўся перад двухпавярховым будынкам, які разгледзець цалкам было немагчыма.
Сустракалі нас кабеты ў белых халатах. Рэцэпшэна не прадугледжвалася. Не было і ключоў ад нумароў. Як, уласна кажучы, і саміх нумароў. Нам гасцінна прапанавалі займаць тыя месцы, якія падабаюцца.
Месцаў хапала. Будыніна, відаць, калісьці была панскай сядзібай, з анфіладамі, гасцёўнямі, будуарамі... Цяпер усё гэта было застаўленае двух’яруснымі металёвымі ложкамі, казённа засцеленымі. Некаторыя ложкі былі дзіцячымі, меліся там жа і скрыні з цацкамі, таннымі і гігіенічнымі, якія лёгка мыюцца ў расчынні соды.
— Дзіцячы садок санаторнага тыпу! — жыццярадасна патлумачыла адна з кабетаў. А прадстаўніца турфірмы дадала, што маем проста шчаслівы выпадак — людзі на выходныя засталіся працаваць дзеля нас, заезджанцаў, згадзіліся прыняць...
Але гэта нагадвала блёкат. Бясконцыя анфілады паўцёмных пустых пакояў, бляклыя сцены, металёвыя панцырныя ложкі, пафарбаваныя ў белы колер з чорнымі плямамі аблезлінаў, спецыфічны незразумелы пах... А вакол дзесьці там калючы дрот... Мы з дачкой і яе сяброўкай спыніліся ў адным з вялізных пакояў — акрамя нас, сюды ніхто не дайшоў. Занялі месцы на ніжнім ярусе... Дзяўчаты, якія ледзь не млелі ад стомы, улягліся. Мне неяк не спадабалася, што пад прасцінамі была падкладзеная цырата. Я вырашыла даследаваць дзіўнае месца. Над драўлянымі дзвярыма, фарбаванымі зялёнай алейнай фарбай, драмала лямпачка ў шкляным авальным футарале з чырвоным надпісам «Пост № 2»... У куце — абцерханы пісьмовы стол, з якога старанна былі прыбраныя ўсе «доказы»... Затое пад празрыстым пластыкам ляжалі спісаныя лісткі са слупкамі прозвішчаў і лячэбнымі прызначэннямі... І я даведалася, што мы знаходзімся ў адным з карпусоў псіханеўралагічнага дыспансеру, а менавіта ў тым, дзе лечаць дзяцей з энурэзам. Тых, што ноччу мочаць пад сабой ложак і каго на рэчыцкім Палессі, калі верыць этнографу Чэславу Пяткевічу, лячылі выключна збіццём.
Так, тут маглі б адбывацца падзеі адной з кніжак майго дзяцінства.
Пераначуеш — болей пачуеш... Але на раніцу новага мы не пачулі, а я не стала агучваць сваё адкрыццё... Нас пагрузілі ў аўтобус і павезлі далей любавацца краявідамі. Спецыфічны пах пераследваў мяне яшчэ некалькі дзён, нават па вяртанні ў Мінск.
Я здагадвалася, што шыкоўнага гатэлю, хутчэй за ўсё нам і не прадназначалася, а гэты быццам бы «выпадковы» начлег — добрая магчымасць падзарабіць для беднай медыцынскай установы і ўвішнай турфірмы.
Але сёння я ўспамінаю тое падарожжа, начлег у кіеўскай псіхушцы, старую сядзібу за калючым дротам, у засені вялізных дрэваў без злосці... І ўсё здаецца толькі трохі смешным і нават настальгічна-рамантычным.
Я, ангельская каралева і белыя пальчаткі