Ночы на Плябанскiх млынах

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Ночы на Плябанскiх млынах, Рублеўская Людміла-- . Жанр: Разное. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Ночы на Плябанскiх млынах
Название: Ночы на Плябанскiх млынах
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 323
Читать онлайн

Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн

Ночы на Плябанскiх млынах - читать бесплатно онлайн , автор Рублеўская Людміла

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

Перейти на страницу:

Стрыечны брат маёй маці, інжынер, на некалькі гадоў быў пасланы разам з сям’ёй у Англію «па абмене», працаваць на вытворчасці. Гэта было проста неверагоднае шанцаванне, і час ад часу мы атрымлівалі лісты з нетутэйшымі маркамі і паштоўкі, усыпаныя блішчынкамі, з замежнымі надпісамі. А аднойчы ў лісце сваякі прыслалі каляровы фотаздымак — парадны партрэт каралевы. У яе быў зусім не лялечны, разумны і добры твар, дасканалая пастава, зацягнутая ў белую пералівістую сукенку, на сіняй стужцы цераз плячо зіхацелі вялізныя дыяментавыя сняжынкі ордэнаў... І, вядома, на галаве красавалася самая сапраўдная каралеўская карона!

Каралева сталася маёй улюбёнай субяседніцай. Я разумела, што ёй не вельмі ўтульна ў нашай «хрушчоўцы», таму старалася абкружыць належнай раскошай. Са срэбнай і залатой фальгі нарабіла цэлыя сервізы — талерачкі, кубкі, чаркі, лыжкі... Посуд складала ў «залаты» куфэрачак з алюмінію, набыты ў цацачнай краме «Бураціна». І час ад часу каралева мела магчымасць узначальваць сапраўднае каралеўскае застолле... Праўда, я так і не знайшла цацкі, вартай сесці разам з ёй за стол, так што даводзілася мне замяняць каралеве ўсю прыдворную публіку...

Потым нашы сваякі вярнуліся. Мая стрыечная бабуля Воля бясконца з гонарам распавядала пра новыя манеры, якія ейны сын, нявестка ды ўнучка прывезлі з замежжа. Выключальнікі перарабілі, каб былі на ўзроўні апушчанай рукі, цукру не ўжываюць... Мая сястра паспела павучыцца ў ангельскай школе, і бабуля Воля па ейнай просьбе звязала ёй з тонкіх белых баваўняных нітак летнія пальчаткі — бо менавіта ў такіх у Англіі яна хадзіла ў сваю школу...

У якасці падарунка бедным сваякам, які мусіў далучыць і нас да арыстакратычных звычак, такія ж пальчаткі былі звязаныя і мне.

У маім уяўленні яны былі цалкам матэрыяльным прывітаннем ад ангельскай каралевы.

Я, напэўна, дзесьці ў глыбінях свядомасці разумела, што ісці ў звычайную савецкую школу ў такіх пальчатках не зусім бяспечна, але ж я была паслухмянай дзяўчынкай, да таго ж свет рэальны кранаў мяне куды менш, чым кніжна-фантазійны. Ад застрашлівага і нуднага побыту я заўсёды адгароджвалася мроямі, высноўваючы ў галаве сюжэты, сюжэты, сюжэты... І першага верасня мяне ўрачыста выправілі ў школу з арыстакратычным аксесуарам. Якраз было вельмі цёпла, ангельскія белыя пальчаткі дзіўнавата спалучаліся з форменным фартушком з акцябрацкім значком і сціплымі паношанымі сандалікамі фабрыкі «Прамень».

Раён быў працоўны, школа знаходзілася ля завода ацяпляльнага абсталявання, станцыі «Радыятарная» і турмы. Многія «хрушчоўкі» былі заселеныя нядаўнімі вяскоўцамі ды жыхарамі працоўных інтэрнатаў. Вучні кучкаваліся перад будынкам школы, заціснутым паміж «хрушчовак», спрабуючы ў адчайнай беганіне і штурханіне здабыць яшчэ хоць крыху волі...

На мяне заазіраліся... Пасля пачалі паказваць пальцамі... Нехта выкрыкнуў: «Зіма-лета-папугай, наша лета не пугай!», але я ніяк не адгукнулася, паглынутая ўспамінамі пра апошні чытаны прыгодніцкі раман кшталту трох мушкецёраў. Нехта з хлопчыкаў паўстаў на маю абарону: «У яе проста рукі баляць! Праўда?» Я холадна адпрэчыла гэты варыянт. «Значыць, гэта каб зручней партфель насіць?» — падумаўшы, высунуў гіпотэзу мой абаронца. «Так ходзяць у школу ў Англіі!» — спакойна прамовіла я і адвярнулася. Некалькі дзяўчатак, што сімпатызавалі мне, падыходзілі па адной і шэптам раілі зняць пальчаткі, бо «так будзе лепей»... Я паціскала плячыма: «Так носяць у Англіі!» — і працягвала лунаць у мроях, дзе дзейнічалі каралеўскія асобы.

Між тым школьны натоўп віраваў, вакол мяне ўтварылася кола пустэчы — нават сяброўкі не наважваліся стаць побач. Асабліва пільны хлопчык паспяшаўся паведаміць настаўнікам аб крамольнай падзеі крыкамі: «Ала Пятроўна, а яна ў белых пальчатках!» А вакол ужо чуўся шэпт «буржуйка!».

Настаўнікі зразумелі, што трэба ўмешвацца.

— Людачка, а чаму ты ў пальчатках? — папыталася адна.

— Так носяць у ангельскай школе! — сціпла адказала я, не прыўносячы ў адказ ані каліва снабізму.

— Адкуль ты ведаеш?

— У мяне сястра там вучылася! — зноў сціпла адказала я, шчыра не разумеючы, у чым, уласна, праблема?

Настаўніцы разгублена пашапталіся, пасля чаго мне было загадана пальчаткі зняць.

— А чаму? — наіўна папыталася я. Уцямнага адказу не атрымала, але паслухалася, тым больш што пальчаткі страшэнна мне абрыдзелі, у іх было горача, яны мулялі рукі... Зняла, схавала ў партфель... І так і не ўсвядоміла, наколькі парушыла нейкія няпісаныя правілы гульні. Маю маму выклікалі ў школу адмыслова, каб папярэдзіць — больш ніякіх белых пальчатак, і ўвогуле ніякіх «замашак»!

Фотаздымак ангельскай каралевы дасюль стаіць на маёй кніжнай паліцы. Аднойчы пабываў у Ангельшчыне мой сын, які прывёз адтуль два светлавыя мячы «Зоркавых войнаў», якія свецяцца і гудуць дасюль, калі націснуць на кнопачкі...

А яшчэ бывае ў мяне час ад часу адчуванне, што я зноў стаю сярод натоўпу ў белых карункавых пальчатках... Але я ніколі больш не схаваю іх у школьны партфель.

АПАВЯДАННІ

Кветка малайскага лёну

Атрамантавая пляма на белай паверхні парты нагадвала профіль Гогаля. Нізкая грыўка, востры дзюбаты нос, вусы...

Міхась столькі сёння глядзеў на гэтую плямку, што калі б зараз заплюшчыў вочы — усё роўна працягваў бы яе бачыць.

Каб ён быў дзяжурным, дык зараз жа прыйшлося б узяць сцізорык і сашкрабаць аўтара Вія з фарбаванай дошкі.

Але невядома, ці давядзецца яму, Міхасю Саколічу, толькі што выключанаму з піянераў, калі-небудзь навязаць на руку чырвоную павязку з надпісам «Дзяжурны». Чырвоная павязка — гэта ж давер, а ён даверу не варты.

Аднакласнікі разыходзіліся, нязвыкла прыціхлыя. Ніводзін, нават лепшы сябрук Грышка Жамокін, не зірнуў на развітанне на Міхася, нібыта такі позірк засведчыў бы пра іхнюю нетрываласць у змаганні з варожымі элементамі. Дырэктрыса, строга падцяўшы і без таго вузкія і бляклыя вусны, прайшла паўз Міхася ў дзверы класа... Нібыта яшчэ ўчора не ўсміхалася яму пры сустрэчах, не даравала шматлікія прагулы і паламаны на заднім двары школы бэз (ну, паваліліся туды падчас барукання з Грышкам).

Яшчэ б — як не паважаць сына адказнага супрацоўніка з Наркамата ўнутраных спраў! Ды ён, Міхась, і сам па сабе ладны, нібыта ажыў гіпсавы піянер з прысадаў гарадскога парку — круглы твар, буйныя светлыя кудзеры, шырока расстаўленыя нахабныя блакітныя вочы, трохі кірпаты нос, задзірыстая пастава... Усе яму ўсміхаліся, усе хацелі з ім сябраваць... І за гэтым хавалася не проста любоў — а страх. Міхась з п’янкім задавальненнем адчуваў гэты страх і ў поглядзе дырэктрысы, і на дне гарэзных вачэй дзяўчынкі за суседняй партай, і ў тым, як Грышка стрымлівае свой кулак, каб не ўдарыць на поўную сілу... Таму Саколічу на хвілю падалося, што падчас сходу прывідная рука тузанула нейкі рубільнік, і твары ўсіх прысутных згаслі знутры, як вокны, за якімі больш не гараць лямпачкі Ільіча. Адзін настаўнік геаграфіі Сігізмунд Станіслававіч Тарвецкі (за адно імя можна знелюбіць) і пасля сходу не змяніўся — ягоная фанабэрыстая надзьмутая фізіяномія, напэўна, увогуле змяніцца не можа. Вось хто аскалёпак старога рэжыму... Невысокі, але падцягнуты, сівыя валасы і вусы ўкладзеныя валасінка да валасінкі, як прыклееныя, і ўвесь такі акуратны, нібыта парушынкі разлятаюцца ў бакі ад адной думкі, каб прызямліцца на ягоны выпрасаваны касцюмчык. І да таго ж гэты сівы дадатак да пенснэ ў адрозненне ад іншых выкладчыкаў яго, Міхася, шчыра ўзненавідзеў з першага ўрока. Міхась на ягоны расповед пра славутых беларусаў, якія рабілі геаграфічныя адкрыцці, гучна прамовіў, што буржуйскія падарожнікі займаліся паняволеннем неграў і індзейцаў, і іх расстрэльваць трэба, а не вучыць пра іх.

Сігізмунд Станіслававіч тады злосна ўпёрся позіркам у Міхася і працадзіў скрозь зубы нешта пра самаўпэўненых невукаў... А тады пачалося: на кожным уроку «буржуй» (гэтак з Міхасёвай падачы празвалі настаўніка ў класе) чапляўся, задаваў дурныя пытанні — усё, каб давесці, што ён, Міхась, нічога не кеміць у геаграфіі... А колькі разоў пакідаў пасля ўрокаў! Саколіч дасюль без нянавісці не можа ўспомніць: пусты клас, вясёлыя галасы аднакласнікаў за вокнамі, схіленая над кнігамі сівая галава «буржуя»... Шоргат старонак, якія той перагортвае тонкімі пальцамі так часта, што Міхась напачатку не мог даць веры, што чалавек здольны так хутка чытаць. Але варта загледзецца, адарваўшыся ад вывучэння раздзела падручніка — занудны голас:

Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название