Беларусы, вас чакае Зямля
Беларусы, вас чакае Зямля читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Каб што добрае, дык думаеш яно валялася-б? Даўно расьцягалi-б.
— А каб вымачыць? — разважаў Янук.
— Кiнь ты! — наглiў Стась. — Iдзём куды, мо што лепшае знайдзiм.
Ля цыстэрнаў са сьпiртам нельга было прайсьцi. П'янiцы гарлапанiлi, лаялiся, iншыя-ж запэцканыя, алькаголем адурманеныя, спалi каля рэек. Едкi пах паразьлiванага сьпiрту трымаўся ў паветры. Першая цыстэрна апусьцела, завiхалiся ля другой. Ладна зыйшоўшы з поўдня прыпякала сонца.
— Глянь, колькi паразьлiвалi. Але-ж iм i выгада. Хоць ты ў сьпiрце купайся. Ня сьнiлi такога. От-жа доўга помнiць будуць! — сьмяяўся Янук.
З захаду, з боку сьветафору пачулiся адзiночныя стрэлы. Кулi цiўкнулi над галовамi. Адтуль ланцугом паволi йшлi жаўнеры. Пачаўся перапалох. Як мага, хлопцы iрванулi з чыгунак. Стась шмыгнуў першы, а па ягоных пятах Янук. Прабегшы ля карэлага будынку вакзалу, засопшыся, затрымалiся ў малым парку якраз ля вялiкага помнiка Сталiну.
— Але-ж чэрцi напалохалi! — гаварыў зьбялелы Стась.
— Ты вiдзiў iх? — спытаў Янук.
— Каго?
— Немцаў, каго-ж, вунь там… Гэта-ж яны страляюць, — паказаў Янук у той бок, дзе раней спасьцярог ланцуг жаўнераў. Стрэлы прадаўжалiся й ад вагонаў у панiцы, з крыкам беглi людзi.
— Давай уцiкаем! — дрыжэў Стась, — ато застрэляць.
— Чаго ты дрыжыш, як тая асiна? Яны над галовамi страляюць, каб людзей пастрашыць.
Аглядаючыся на чыгункi, хлапцы рушылi мiж дрэваў.
— А ты глядзi, гэтаму чорту нехта ўжо макаўку зьбiў! Ха-ха-ха! рагатаў Янук.
Вялiзная шэрая гiпсавая галава ляжала мiж белых рамонкаў ля плятформы помнiка. Безгаловае тулава, яшчэ раней дзёгцем спэцканае, цяпер тарчэла нiкчэмным аб'ектам у ваенным хаосе.
Па галоўнай вулiцы беглi людзi з клункамi ў руках, а мiж чыгуначных шляхоў трывала стралянiна. Ужо пазьней выявiлася, што ля цыстэрнаў Немцы пастралялi п'янiцаў, што спалi або ўцячы не змаглi.
Адно хлопцы дайшлi да Габiшынай гарбатай, цяпер закрытай, крамы ў вiлах дзьвюх вулiцаў, як з Глыбоцкае вулiцы пачуўся гула матораў. Сьпераду паволi ехалi дзьве запыленыя панцырныя машыны, з чорнымi крыжамi па бакох, а за iмi — грузавiкi з жаўнерамi. Людзi сьпяшылi сюды з усiх бакоў, выходзiлi з хат, спынялiся на ходнiках, каб прыгледзiцца гэтым новым «вызвольнiкам».
Зь верху пярэдняй машыны разглядаўся маладжавы афiцэр зь сярэбранымi пагонамi. Ён махнуў рукой, калёна спынiлася. Афiцэр пачаў разглядаць мапу. Пагрозьлiва пазiралi з панцырных машынаў рулi цяжкiх кулямётаў. Тымчасам навокал машынаў гусьцелi людзi, цiкаўна сачылi новапрыбылых, што вось безь нiякага вялiкага гулу цi стрэлаў укацiлiся ў мястэчка з глыбоцкага гасьцiнцу. У кузавах жаўнеры. Спакойныя, суровыя твары ў шлёмах. Сядзяць на лаўках з абодвух бакоў адкрытага зьверху кузава, iз стрэльбамi на «вольна».
— Вiват! Вiват!
Тонкi й прарэзьлiвы голас пачуўся з групы людзей, што стаялi з другога боку вулiцы. Яго падхапiлi й iншыя.
— Чуеш? — таўхануў Янука Стась.
— Хто-ж гэта iх так вiтаiць? Ах, каб цябе! — зьдзiвiўся Бахмач.
Крыкун падняў руку на прывiтаньне Немцам.
— Дык гэта-ж Пшыбыльскi Збысек! — спасьцярог Янук.
Пшыбыльскi выводзiўся з тых бедных «каляяжаў», найбольш дакучлiвых «панскiх блох», зь якiмi Янук у гацкую школу хадзiў. Апрануты ў сiнi гiмназiяльны касьцюм, — магчыма, абноскi старэйшага брата, — уключна iз шапкай з абрэзаным казырком. Ля яго церлiся iншыя, добра ведамыя Бахмачу, «блохi». Зьненавiджанае кодла «пшэкаў», гарлапанаў, патрыётаў «моцарствовай». Гэта-ж яны тым заядлым «псякрэўскiм» патрыятызмам заўсёды афiшавалiся. Пры iх, быццам кураняты, стоўпiлiся разныя паненачкi.
Пярэсты натоўп з двух бакоў вулiцы разявiў раты. Немцы ажывiлiся ў аўтамашынах.
— Ты глядзi, якiя салдаты чыстыя! — захапляўся побач голас. — Гэта ня тое, што брудныя бальшавiкi!
— Москаў капут! — крыкнуў жаўнер з другой панцырнай машыны.
— Вiват! — гарлапанiў у вадказ Збысек, а яму дружна памагалi сябры. Задавалоеныя ўсьмешкi на тварах, быццам сваiх уланаў вiталi.
— Москаў капут! — паўтаралi iз задаволенымi ўсьмешкамi Немцы.
— Я, я, Москаў капут! — згаджалiся Палякi.
Прыгадаўся Януку верасеньскi дзень, калi паўзьлi па гасьцiнцы сотнi танкаў. Закрываўлёнае сонца, трыюмфальная брама iз прастрэленым вокам на дыктатаравым твары, павешаная Палякамi Параска Макатунiшка… Дзе падзелася тая вялiзарная сiла? Дзе тыя сотнi й тысячы танкаў, гарматаў, аўтамашынаў, што на захад паўзьлi па чыгунцы за вокнамi гацкае школы? А гэтыя во, — зiрнi ты на iх, зухаў! — спачатку такога перцу далi бальшавiкам, а цяпер незаўважна й пацiхоньку ўлезьлi ў мястэчка.
Афоцэр зь першага возу войстра скамандаваў, паказаў рукой налева й калёна рушыла ў бок чыгуначнай станцыi.
— Давай, пойдзем паглядзiм што ў школе робiцца, — прапанаваў Янук.
Iшлi побач чыгунак. Гар i дым ад разьбiтых вагонаў i таго складу, што яшчэ тлелi, нiкiм нятушаныя, трывожыў насы. Лёгкi вецер забаўляўся пер'ем, то разьмятаў яго, падкiдаў уверх, то зьбiраў у кучы мiж рэек, шпалаў i адхонаў. Нехта знайшоў вагон, у якiм былi «пух i пер'е дзяржаве». Што не змаглi вынясьцi, тое растрыбушылi, на вецер параськiдалi.
На абочыне стаяў даўгi лянцуг плятформаў, наладаваных прыгожым бярозавым i хваёмым бярвеньнем. Некалi-ж было яно, пэўне, прызначанае ў «саюзную Гiрманiю». Цяпер тая вялiкая «саюзьнiца» з грукатам i трэскам сюды ўварвалася, ня было куды сьпяшыць. На першакляснае дрэва — выдатны будаўляны матар'ял, паглядаў не адзiн селянiн, мяркуючы, цi не магло-б яно трапiць у ягоную гаспадарку на зруб новае хаты цi гумна. Шкада! Сам ня хопiш, на плячох дамоў не завалачэш, талаку гукаць трэба. А хто мог сабраць яе за кароткi час «бiларускай улады», калi кажны сам сабе, хоць маленькi кавалачак, хоць макулiнку але ў сваё логава цягнуў? А каб дружна ўзялася група мужчын дзесяць з каляскамi, можа было-б усё бярвеньне вывезьцi. Позна. Трапiць у рукi «саюзьнiкаў».
Ля двухпавярховай школы панаваў вялiкi рух. З паўдзённага боку вялiкага двору стаялi грузавыя вайсковыя аўтамашыны. Побач, каля трысьцену, дзе складалi школьныя дровы й вугаль, дымiла круглая палявая кухня, ля якой завiхалiся кухары. З аўтамашынаў жаўнеры ўносiлi ў школу свае рэчы. Чуваць былi крыкi каманды ў незразумелай мове. Ля брамы плоту, iз стрэльбай на правым плячы i ў шлёме, хадзiў роўным крокам вартавы.
Узыйшоўшы на пераезд, юнакi спынiлiся. Яны спасьцераглi вартавых i мiж вагонаў на станцыi. «Бiларуская ўлада» скончылася.
— Што рабiць? Падойдзем блiжэй? — пытаўся Стась Янука.
— Чорт iх знаiць… страшна неяк.
Местачковыя жыхары групамi зьбiралiся ля хатаў, дзялiлiся апошнiмi навiнамi. I ў галасох, i на тварах — спадзяваньне на лепшае. Упэўненасьць, што ня будзе горшым за тое, што адыйшло.
На ўзгорку ля Слабады, кiлямэтры на два адлеглай, дзе апошнiмi часамi рукамi зьняволеных бальшавiкi будавалi лётнiшча, чуўся няспынны гул. З грукатлiвым гудам прапелераў прызямлялiся там тоўстабрухiя транспартныя самалёты, зусiм непадобныя да тых, сярэбраных, што кагадзе бамбiлi станцыю.
— Ты глянь, ай-яй-яй, колькi iрапланаў! — захапляўся Стась.
— Вiджу, не сьляпы-ж я!
Самалёты рабiлi над лётнiшчам круг i сядалi. Хлопцы спрабавалi iх лiчыць, але наглядаючы й за тым, што робiцца навокал, неўзабаве зьбiлiся з тропу.