Беларусы, вас чакае Зямля
Беларусы, вас чакае Зямля читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
6
Залiзваньне ранаў узяло часу. Антось Дзяркач трымаўся дому, бацьком ня скардзiўся, хоць часамi дакучалi болi ў сярэдзiне. Дражнiла яго пераборлiвая ласкавасьць мацi. Жанчына, што выплакала вочы падчас бяссоных ночаў, даглядала цяпер сына, як дзiця кволае. Яна яму то скварку, то яечка, то кавалак мяса лiшнi.
— Пiрастань, матка, давай во бацьку, а я ўжо й так ачуняў, адмаўляўсдя Антось.
— Еш, сынок, нi глядзi, трэба табе якнайскарэй на ногi стануць. Жарцiкi во, як быццам з таго сьвету вярнуўся. Веры нi дала, нi пазнала, гэтак во, нячыстая сiла, заходалi.
З гэткiмi словамi падсоўвала яшчэ больш емiны. Антось пра кашмары ў беразьвецкай турме неахвотна гаварыў. Сам пагоднага характару, не хацеў азмрочваць бацьком настрою.
— Пазьдзеквалiся, кажаш? — пытаўся бацька. — Моцна бiлi?
— Ага, тата, бiлi, крэпка бiлi.
— За што гэта?
— Ат, тата, пiрастанем. Нi люблю ўспамiнаць.
— Ну што-ж… Ня хочаш, за язык нi пацягну.
Антось маўчаў i думаў. Наглядзеўся зьверства, наслухаўся ад людзей. Крыху ачарсьцьвеў. Дый навошта раны вярэдзiць?
— Дзе Лявон Шпунт? Ня чуў? — спытаў бацьку.
— Чорт яго знаiць, ня вiдзiў. Алi во калi гэта, цi нi пазаўчорака Васiль Якубаў казаў, што каля дому яго вiдзiў. На сяло нi паказваецца. А навошта ён табе?
— Як ты думаеш? — зiрнуў сын уважна бацьку ў вочы.
— Ты скажы.
Доўгае маўчаньне.
— Хачу распытацца, як на мяне й на другiх даносы рабiў. А калi нi захочыць расказаць то я на яго загагулiну знайду, язык разьвяжу.
У Антосевых вачох загарэўся благi агонь.
— Глядзi сам, сынок. Але нашто табе? Нiхай-бы яго Немiц прыбраў. Табе можа лепi цiха сядзець…
Антось доўга думаў. Раптоўна падняў вочы й зiрнуў бацьку проста ў твар
— Цягалi адныя й другiя, ледзь вырваўся. А гэтыя што, думаеш? Немiц, ён нас так i нi зачэпiць? Вайной? Кiнь ты, бацька. I нi агледзiшся, як нейкая трасца гоп! i на сьпiну. Ня вiдзiш, што робiцца, нi кумекаеш?
— Дык што-ж рабiць будзiш?
Антось памарудзiў з адказам.
— Нi знаю, тата, можа скора што праясьнiцца. Алi знаю, што пасядзець нi дадуць.
Дзяцюк скрыпнуў дзьвярмi й выйшаў на двор. Ля Бураковай хаты радасна цяўкаў Ромка. Антось спасьцярог жаночую хустку ля тыну. Нiна пастаяла ля сабакi, мусiць нешта есьцi дала ды накiравалася ў вагарод. Антось рушыў у тым кiрунку. Ад супольнага падарожжа «з таго сьвету» часта пра яе думаў. Жанчыну трымаў на воку й раней, — дарэчы, як i ўсе дзяцюкi ў вёсцы, — але з натуры быў больш прывык ля старэйшых дзевак ацiрацца, замужнiх мiнаў, хоць, як мяркаваў, у Нiны й раней нядрэнныя вiдокi меў.
— Ай, Антоська, мой саколiк, а я толькi во пра цябе думала, распрамянiлася Нiна, пабачыўшы яго. Стаяла з матыкай мiж радоў морквы.
— Якi я табе саколiк? А што ты пра мяне думала? — усьмiхнуўся Антось.
— Як гэта што? Ты-ж мой збавiцель. Пра каго-ж, калi нi пра цябе мела думаць?
Яна папаўнела й паправiлася. Праўда, гэта ня быў той калiшнi прывабна-бесклапотны твар. У вачох з дробнымi зморшчынкамi навокал загнязьдзiлася цьвёрдасьць. Адылi працэс аздараўленьня пачаўся. Яго пазнаць можна было ў выглядзе, рухах i гутарцы.
— Ну як нага?
— Ды што нага… Дзякуй Богу, магла-б з табой ужо й польку топнуць.
Зiрнула на яго вачмi ласкай перапоўненымi. I здалося дзяцюку, што там больш, чымся ласку пабачыў.
— Ну пра гэтае топнуць дык цяперака рана гаварыць. Нi да топаньня цяперака.
Нiна нiчога не адказала. Узялася матыкаваць густое зельле ў чорнай мягкай глебе, якую добра ўчора вымачыў дождж. На абшырным кавалку адно палова была выпалата.
— Трэба во паганяць, ато саўсiм трава заглушыць.
— Алi-ж i насадзiлi яны тут вам, — сказаў Антось.
— Толькi нi нам. Сабе каўхоз залажылi. А нас, Антоська-саколiк, недзiка ў Сiбiр на дзiкiя ягады вязьлi. Ну алi выйшла, што й гэтага iм фiгу… Брунiсьчына Мальвiна ўчорака прыбягала. Дасi, кажа, Нiна, нам гароднiны, нашы-ж дзеўкi гэттака крукам цэлую вясну пацелi. Чуеш? Чаму на сваiм, кажу, твае дзеўкi нi садзiлi? Такая ўласьць, кажыць, была. А што-ж, кажу, цябе ўласьць сiлай сюды цягнула? Дык яна тады мне: — зiмля твая, алi работа наша. Дасi й нам гароднiны. Уцiкай, кажу, сучка, з майго! Бяжы, кажу, да тэй уласьцi, што людзей загадала абiраць i забiваць, нiхай яна табе дасьць, ад яе, кажу, спаганяй. Ды як сыкнула я на яе, дык от лататы дала!
Матыка спынiлася. Жанчына зiрнула глыбака ў Антосевы вочы.
— Алi што гэта я пра сваё бубню? Скажы, Антоська, што рабiцьмеш?
Антось пазiраў на поўныя грудзi пад тонкай летняй блюзкай, на круглыя, як памайстэрску адточаныя й загарэлыя рукi й ногi, ды на зусiм умеру поўныя ды пэўне-ж мяккiя вусны, роўны носiк.
— Жыць буду, от што. Дзевак буду любiць, зямью араць, сеяць, касiць, малацiць. I яшчо што? Ага, буду спаць i есьцi, i чыстым паветрам дыхаць.
— Алi-ж ты жартаўнiк, — усьмiхнулася жанчына, таўхануўшы яго лёганька пад бок. — Цi ты калi сур'ёзна зь кiм гаворыш?
— Але-ж, гавару. Знаеш вунь колькi сур'ёзнага ўнас было падарозе.
— Ну я не пра тое. Таго лепi нi ўспамiнаць. Я пра заўтра. Я пра цябе й мяне, i…
— Нiначка, знаеш што? — Ён зацяўся, а тады яно само вырвалася. — Знаеш, я цябе люблю… Ты… Ты надта-ж пекная й мiлая, i я таксама пра цябе думаў… Але…
— Любiш Антоська? А мой-жа ты саколiк!
Жанчына ўмiг распрамянiлася, налiлася жыцьцём. Антось даўно ня бачыў яе такою. Зварухнулася, быццам каб прытулiцца да яго ў абдымку. Антось спасьцярог гэта выразна, але нейкая насьцярожанасьць стрымала яе. Азiрнулася. Магчыма, што высьцерагалася ў агародзе.
— Нiна, я…
— Што?
Зводзiлi ейныя вочы. Антось нiколi перад такiм выклiкам не стаяў. Адно падай руку, а поцiск ейны сыгнал перадасьць. Гэтта-ж i хата непадалёк, пару крокаў ступiць. Адно ваганьне…
— Я думаю, што цi нi зарана яшчо, знаiш?
— Гэта ты пра майго?
— Ага. Людзi-ж мы, хрысьцiяне, у Бога верым. Цi ня грэх?
Зморшчыны ля вачэй падаўжэлi, а нядаўнюю гарэзьлiвую яснасьць вачэй зацягнуў хмарны цень. Антось завярнуся да весьнiчак.
— Куды ты, Антоська?
Дзяцюк спынiўся, падумаў.
— Схаджу ў Гацi праведаць дзе што робiцца. Сядзець нiчога ня высядзiш.
— Глядзi-ж, Антоська, асьцярожна.
У голасе ейным Дзяркач вычуў апякунчы тон, якраз наводля матчынага.
— Нiначка, цi нi зарана маей апякункай хочаш быць? — Ён падмiргнуў. I тады бачыў як паварушылiся яе вусны i ўздыхнулi тугiя грудзi.
— Ну што, Ромак, пойдзем разам?
Сабака падскочыў з радасьцi, тузануў ланцуг. А Антось забаўна, як даўно не рабiў, засьвiстаў, выходзячы з двору.
7
Антось iшоў галоўнай вулiцай Гацяў. Не сьпяшыў, разглядаўся. Сонца хiлiлася з паўдня, добра прыгравала. Насустрач iшлi дзьве жанчыны, па выгляду вопраткi местачковыя. Вясковыя цяпер не хадзiлi на рынак з таварамi, бо ўжо колькi разоў здарылася, што «Немiц усё адбраў». Нiхто ня ведаў чужое мовы, а самi нямецкiя жаўнеры, звычайна двойкамi й тройкамi, валачылiся па вёсках, гралапанiлi «матка, яйка, матка, шпэк», iншыя-ж курэй, гусей i качак лавiлi.
Насустрач Антосю вельмi хутка праiмчалiся два вайсковыя грузавiкi з жаўнерамi ў кузавах, паднялi за сабой вялiкi хвост пылу. Поўным жыцьцём кiпела станцыя, чмыхалi паравозы, гучэла незразумелая мова. Ля будынку вакзалу стаялi польныя кухнi, бражджэлi жаўнерскiя кацялкi. А воддаль, направа ад вулiцы, у прысадах бярозак, рабiнаў, бэзу й засенi садоў маўчалi ў летняй дрымоце местачковыя хаты. Зь нiзкай, што на лiпе, бусьлянкi зьляцеў на луг вялiкi птах.
Антось прачытаў чорнымi лiтарамi на вялiкай белай дошцы:
Вартавы iз стрэльбай на плячы i ў шлёме стаяў побач ходнiку, каторы бег ад адлеглага ад вулiцы шырокага, нiзкога, калiсьцi сiнiм колерам маляванага будынку, у якiм гнязьдзiўся «пастарунак палiцыi панствовай». Антось перайшоў на другi бок вулiцы, каб, па старой прывычцы, мiнуць «асiнае гняздо». Мiнуў чыгуначную майстроўню поўную стуку молатаў, скрыгату напiльнiкаў, скрыпу колаў, смуроду мазуты й гару дыму. Гэтта, вiдаць, хапала працы, але хто там працаваў, Немцы цi мясцовыя, Антосю не давялося чуць.