Час second-hand
Час second-hand читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ператварылі ў заходні сметнік ношанага рыззя, пратэрмінаваных лекаў. Хламу! (Мат.) Сыравінны прыдатак, газавы кранік… Савецкая ўлада? Яна была не ідэальная, але яна была лепшай за тое, што цяпер. Больш годнай. Увогуле, сацыялізм мяне задавальняў: не было ні празмерна багатых, ні бедных… бамжоў і беспрытульных… Старыя маглі пражыць на свае пенсіі, пляшкі на вуліцах не збіралі. Недаедкі. У вочы не зазіралі, не стаялі з працягнутай рукою… Колькі людзей забіла перабудова — яшчэ трэба палічыць. (Паўза.) Жыццё нашае ранейшае даастатку знішчана, не засталося каменя на камені. Хутка з сынам не будзе пра што пагаварыць. «Тата, Паўлік Марозаў — адмарозак, а Марат Казей — дзівак, — кажа мне мой сын, прыйшоўшы са школы, — а ты мяне вучыў…» Я вучыў яго, як вучылі мяне. Правільна вучыў. «Гэтае жахлівае савецкае выхаванне…» А «гэтае жахлівае савецкае выхаванне» навучыла мяне думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых. Пра тых, хто слабейшы, пра тых, каму кепска. Для мяне героем быў Гастэла, а не гэтыя… у малінавых пінжаках… з філасофіяй, што свая кашуля бліжэй да цела, свой тлушч цяплейшы, свае грошыкі званчэйшыя. «Не гані, тата, «духоўку»… «гуманістычная баланда»… Дзе яго гэтаму вучаць? Людзі цяпер іншыя… капіталістычныя… Разумееце! Ён гэта ўбірае, яму дванаццаць гадоў. Я для яго ўжо не прыклад.
Чаму я абараняў Ельцына? Адно толькі яго выступленне, што трэба забраць прывілеі ў наменклатуры, дало яму мільёны прыхільнікаў. Я гатовы быў узяць аўтамат і страляць камуністаў. Мяне пераканалі… Мы не разумелі, што нам рыхтуюць наўзамен. Падсоўваюць. Грандыёзны падман! Ельцын выступіў супраць «чырвоных» і запісаў сябе ў «белыя». Гэта катастрофа… Пытанне: чаго мы хацелі? Мяккага сацыялізму… чалавечага… Што маем? На вуліцы — люты капіталізм. Страляніна. Разборкі. Разбіраюцца — хто ларочнік, а хто ўладальнік завода. Наверх вылезлі бандыты… фарцоўшчыкі і мянялы ўзялі ўладу… Вакол ворагі і драпежнікі. Шакалы! (Паўза.) Не магу забыць… я не магу забыць, як мы стаялі каля Белага дома… Каму мы цягалі каштаны з агню? (Мат.) Бацька мой быў сапраўдны камуніст. Праўдзівы. Працаваў парторгам на вялікім заводзе. Удзельнік вайны. Я — яму: «Свабода! Станем нармальнай… цывілізаванай краінай…» А ён — мне: «Твае дзеці будуць служыць у пана. Ты гэтага хочаш?» Я малады быў… дурань… Смяяўся з яго… Дзіка наіўныя мы былі. Я не ведаю, чаму ўсё так атрымалася? Не ведаю. Не гэтак, як мы хацелі. У нас было іншае ў галаве. Перабудова… у гэтым было нешта вялікае… (Паўза.) Праз год зачынілі нашае праектнае бюро, мы з жонкай апынуліся на вуліцы. Як жылі? Вынеслі на рынак усе каштоўныя рэчы. Крышталь, савецкае золата і самае каштоўнае, што ў нас было, — кнігі. Тыднямі елі адну бульбу. Я заняўся «бізнесам». Прадаваў на рынку «бычкі» — недакураныя цыгарэты. Літровы слоік «бычкоў»… трохлітровы… Бацькі жонкі (выкладчыкі ВНУ) збіралі іх на вуліцы, а я прадаваў. І людзі куплялі. Палілі. Я сам паліў. Жонка офісы прыбірала. Адзін час у нейкага таджыка пельменямі гандлявалі. За сваю наіўнасць мы ўсе дорага заплацілі. Мы ўсе… Цяпер з жонкай курэй разводзім, яна плача без канца. Вярнуць бы ўсё назад… І не трэба кідаць у мяне чаравікам… Гэта не настальгія па шэрай каўбасе за два рублі дваццаць капеек…»
«Я — бізнесовец…
Камуністы клятыя і гэбня… Я ненавіджу камуністаў. Савецкая гісторыя — гэта НКВД, ГУЛАГ, СМЕРШ. Мяне ванітуе ад чырвонага колеру. Чырвоных гваздзікоў… Жонка купіла чырвоную блузку: «Ты што, з глузду з’ехала!» Я прыраўноўваю Сталіна да Гітлера. І патрабую Нюрнберга для чырвоных сук. Усім чырвоным сабакам — смерць! Усюды нас атачаюць пяціканцовыя зоркі. Бальшавіцкія ідалы як стаялі, так і стаяць на плошчах. Я іду па вуліцы з дзіцём, яно пытаецца: «Хто гэта?» А гэта помнік Розе Зямлячцы, якая крывёю заліла Крым. Асабіста любіла расстрэльваць маладых белых афіцэраў… І я не ведаю, што мне дзіцяці адказваць?
Пакуль мумія… савецкі фараон… будзе ляжаць на Чырвонай плошчы пад капішчам, будзем пакутаваць. Будзем праклятыя…»
«Я — кандытар…
Мой муж мог бы расказаць… Дзе ён? — (Азіраецца па баках.) — А я — што? Пірожныя ляплю…
Дзевяноста першы год? Харошыя мы тады былі… Прыгожыя… Не былі натоўпам. Я бачыла, як чалавек скакаў. Скакаў і крычаў: «Хунце — п…ц! Хунце — п…ц!» (Закрывае твар рукамі.) Ой, не запісвайце! О-ёй! З песні слова не выкінеш, але слова ж непрыстойнае. Немалады гэта быў мужчына… скакаў… Мы іх перамаглі і радаваліся. А ў іх, кажуць, ужо расстрэльныя спісы ляжалі напагатове. Ельцын першы… Нядаўна я іх усіх па тэлевізары бачыла… хунту гэтую… Старыя і дурныя. А тады тры дні быў жудасны адчай: няўжо канец? Фізічны страх. Вось гэты дух свабоды… яго ўсе адчулі… І страх — гэта страціць. Гарбачоў — вялікі чалавек… адкрыў шлюзы… Яго любілі, але нядоўга, хутка ў ім стала раздражняць усё: як ён кажа, што ён кажа, яго манеры, яго жонка. (Смяецца.) Па Расіі мчыцца тройка: Райка, Мішка, перастройка. Узяць вось Наіну Ельцыну… Яе любяць больш, яна заўсёды за спінай мужа. А Раіса хацела стаць побач, а то і паперадзе. А ў нас так: альбо ты сама царыца, альбо ты цару не замінай. Камунізм — як сухі закон: ідэя добрая, але не працуе. Так мой муж кажа… Чырвоныя святыя… яны былі… узяць Мікалая Астроўскага… Святы! Але кроўкі колькі пусцілі. Расія вычарпала свой ліміт на кроў, на войны і рэвалюцыі… Для новай крыві няма ні сілаў, ні нейкага шаленства. Людзі ўдосталь напакутаваліся. Цяпер ходзяць па рынках — гардзіны і фіранкі выбіраюць, шпалеры, патэльнечкі там усялякія. Падабаецца ўсё яркае. Таму што раней усё ў нас было шэрае, непрыгожае. Радуемся, як дзеці, пральнай машыне з сямнаццаццю рэжымамі. Маіх бацькоў ужо няма: мамы — сем, а таты — восем гадоў, але я дагэтуль карыстаюся запалкамі, якія мама назапасіла, і крупы ляжаць. І соль. Мама ўсё купляла (тады гаварылі не «купляла», а «даставала») і складвала на чорны дзень… Цяпер мы ходзім па рынках і крамах, як па выставах, — усяго навалам. Хочацца сябе папесціць, пашкадаваць. Гэта псіхатэрапія… мы ўсе хворыя… (Задумалася.) Як жа трэба было намучыцца, каб запалак столькі набраць. У мяне язык не паварочваецца назваць гэта мяшчанствам. Рэчавізмам. Гэта лячэнне… (Маўчыць.) Чым далей, тым менш пра путч успамінаюць. Сталі саромецца. Адчування перамогі ўжо няма. Таму што… я не хацела, каб знішчалася савецкая дзяржава. Як мы яе руйнавалі! З радасцю! А я палову свайго жыцця пражыла там… Гэта нельга ўзяць і выкрасліць… Пагадзіцеся! У мяне ў галаве ўсё забудавана па-савецку. Да чагосьці іншага яшчэ дапаўзці трэба. Людзі дрэннае мала цяпер успамінаюць, а ганарацца Перамогай, тым, што мы першыя паляцелі ў космас. Тое, што крамы пустыя былі… — гэта забылася… і ўжо не верыцца…
Адразу пасля путчу я паехала да дзеда ў вёску… Радыё з рук не выпускала. Раніцай пайшлі грады капаць. Пяць-дзесяць хвілін пройдзе, і я кідаю рыдлёўку: дзед, ты паслухай… Ельцын выступае… І зноў: дзед… ідзі сюды… Дзед трываў-трываў і не вытрымаў: «Ты капай глыбей і не слухай, што яны там гавораць. Нашае выратаванне ў зямлі — уродзіць бульба ці не ўродзіць». Мудры быў дзед. Увечары прыйшоў сусед. Я ім падкінула тэму пра Сталіна. Сусед: «Харошы быў чалавек, але доўга жыў». Мой дзед: «А я яго, нягодніка, перажыў». А я ўсё з прыёмнікам хадзіла. Мяне трэсла ад захаплення. Найвялікшае гора — дэпутаты сыходзяць на абед. Дзеянне перапынялася.
…Што ў мяне ёсць? З чым я засталася? У мяне ёсць велізарная бібліятэка і фанатэка — усё! І ў маёй мамы, яна кандыдат хімічных навук, таксама кнігі і рэдкая калекцыя мінералаў. Да яе залез злодзей… Ноччу яна прачынаецца, а пасярод кватэры (кватэра аднапакаёвая) стаіць малады бугай. Адкрыў шафу і вышпурвае ўсё адтуль. Кідае рэчы на падлогу са словамі: «Інтэлігенцыя клятая… нават футра прыстойнага няма…» Потым ён проста ляснуў дзвярыма і пайшоў. Браць жа яму не было чаго. Вось такая ў нас інтэлігенцыя. З гэтым мы засталіся. А вакол хтосьці будуе катэджы, купляе дарагія машыны. Я ніколі не бачыла брыльянт…
Жыццё ў Расіі — гэта белетрыстыка. Але я хачу жыць тут… з савецкімі людзьмі… І глядзець савецкія фільмы. Хай гэта хлусня, хай рабіліся яны па замове, але я іх люблю. (Смяецца.) Не дай Бог, муж убачыць мяне па тэлевізары…»