-->

Час second-hand

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Час second-hand, Алексіевіч Святлана Александровна-- . Жанр: Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Час second-hand
Название: Час second-hand
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 428
Читать онлайн

Час second-hand читать книгу онлайн

Час second-hand - читать бесплатно онлайн , автор Алексіевіч Святлана Александровна
“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў. У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

«Я — афіцэр…

Цяпер я… Прашу слова. (Малады хлопец — гадоў дваццаці пяці.) Запісвайце: я — праваслаўны рускі патрыёт. Служу Госпаду нашаму. Служу старанна… з дапамогай малітваў… Хто прадаў Расію? Габрэі. Бязродныя. Ад жыда і Бог шмат разоў плакаў.

Сусветная змова… Мы маем справу са змовай супраць Расіі. План ЦРУ… І не хачу слухаць… Не кажыце мне, што гэта фальшыўка! Маўчаць! План дырэктара ЦРУ Алена Далеса… «Пасеяўшы хаос, мы непрыкметна падменім іх каштоўнасці на фальшывыя. Мы знойдзем сваіх аднадумцаў, сваіх саюзнікаў у самой Расіі… Мы зробім з маладых людзей цынікаў, пашлякоў, касмапалітаў. Вось так мы зробім…» Зразумела? Габрэі і амерыкосы — нашыя ворагі. Тупыя янкі. Прамова прэзідэнта Клінтана на закрытай нарадзе амерыканскіх палітычных вярхоў: «Мы дабіліся таго, што збіраўся зрабіць прэзідэнт Трумэн з дапамогай ядзернай бомбы… Мы здолелі бяскроўна вывесці з вайны за сусветнае панаванне дзяржаву, якая складае асноўную канкурэнцыю Амерыцы…» Дакуль ворагам нашым узносіцца над намі? Ісус сказаў: не бойцеся і не жахайцеся, будзьце цвёрдымі і мужнымі. Гасподзь памілуе Расію і прывядзе яе шляхам пакут да вялікай славы…

Спыніць яго я не ў стане.

…У дзевяноста першым я скончыў ваеннае вучылішча, атрымаў дзве зорачкі. Лейтэнанта. Ганарыўся і форму не здымаў. Савецкі афіцэр! Абаронца! А пасля правалу ГКЧП ездзіў на службу ў цывільным і там пераапранаўся. Любы дзед мог падысці на аўтобусным прыпынку і спытаць: «Што ж ты Радзіму не абараніў, сынок? Сукін сын! Ты ж прысягаў». Афіцэры галоднымі служылі. За афіцэрскую зарплату можна было купіць кілаграм таннай каўбасы. Звольніўся з арміі. Быў час — уначы прастытутак ахоўваў. Цяпер ахоўнікам служу ў адной фірме. Жыды! Усе беды ад іх… А рускаму чалавеку ходу няма. Хрыста яны ўкрыжавалі… (тыцкае мне нейкую ўлётку.) Чытайце… Ні міліцыя, ні армія сабчакоў і чубайсаў… і нямцовых… не абароніць ад справядлівага народнага гневу. «Хаім, ты чуў, што хутка будзе пагром?» — «А я не баюся. Я па пашпарце рускі». — «Дурань, біць будуць па мордзе, а не па пашпарце». (Хрысціцца.)

Рускай зямлі — рускі парадак! Імя Ахрамеева, Макашова… і іншых герояў… на нашых сцягах! Бог нас не пакіне…»

«Я — студэнт…

Ахрамееў? А хто гэта? Што за персанаж?

— ГКЧП… жнівеньская рэвалюцыя …

— Прабачце… Не ў курсе …

— Колькі вам гадоў?

— Дзевятнаццаць. Я палітыкай не цікаўлюся. Далёкі ад гэтых шоў. Але Сталін мне падабаецца. Гэта цікава. Параўнайце сённяшніх кіраўнікоў з правадыром у салдацкім шынялі. На чыю карысць параўнанне? Во-во… Мне не патрэбна вялікая Расія. Я не надзену дурныя боты і не павешу на шыю аўтамат. Я паміраць не хачу! (Памаўчаў.) Руская мара: чамадан у рукі і на х…й з Расіі! У Амерыку! Але з’ехаць і працаваць там усё жыццё афіцыянтам не хачу. Думаю».

ПРА МІЛАСЦІНУ ЎСПАМІНАЎ І ЮР СЭНСУ

Ігар Паглазаў — вучань 8 класа, 14 гадоў

з аповеду мамы

— Мне здаецца, што гэта здрада… Я здраджваю сваім пачуццям, здраджваю нашаму жыццю. Нашым словам здраджваю… Яны былі сказаны толькі каму-небудзь з нас, а я дапускаю ў наш свет чужога чалавека. Добры гэты чалавек ці дрэнны? — гэта ўжо не важна. Зразумее ці не зразумее ён мяне… Памятаю, як на рынку стаяла жанчына і прадавала яблыкі, і ўсім расказвала, як яна сына пахавала. Тады я сабе паклялася: «Са мной гэтага ніколі не будзе». З мужам мы ўвогуле маўчым на гэтую тэму, плачам, але кожны паасобку, каб іншы не бачыў. Адно толькі слова, і я пачынаю выць. Першы год наогул ніяк не магла супакоіцца: навошта? Чаму ён гэта зрабіў? Хачу думаць… суцяшаю сябе: ён не збіраўся сыходзіць ад нас… хацеў паспрабаваць… зазірнуць… У юнацтве іх хвалюе: што там? Асабліва хлопчыкаў гэта хвалюе… Пасля смерці корпалася ў ягоных сшытках, у ягоных вершах. Як сабака вышуквала. (Плача.) За тыдзень да той нядзелі… стаяла перад люстэркам, расчэсвала валасы… Ён падышоў да мяне, абняў за плечы: мы стаялі ўдваіх, глядзеліся ў люстэрка і ўсміхаліся. «Ігарок, — прыхінулася я да яго, — які ты ў мяне прыгожы. А прыгожы ты таму, што ад кахання нарадзіўся. Ад вялікага кахання». Ён яшчэ мацней абняў мяне: «Мама, ты, як заўсёды, непараўнальная». Мяне б’юць дрыжыкі ад думкі: тады перад люстэркам, ён ужо думаў пра гэта ці не… ён ужо думаў?

Каханне… Мне дзіўна прамаўляць гэтае слова. Успомніць, чым ёсць каханне. А калісьці я думала, што каханне большае за смерць… яно мацнейшае за ўсё… Мы з мужам пазнаёміліся ў дзясятым класе. Хлопчыкі з суседняй школы прыйшлі да нас на танцы. Наш першы вечар я не памятаю, бо Валіка, гэтак зваць майго мужа, я не бачыла, а ён мяне заўважыў, але не падышоў. Ён нават твару майго не пабачыў, толькі сілуэт. І як быццам ён голас аднекуль пачуў: «Гэта твая будучая жонка». Так ён мне потым прызнаваўся… (Усміхнулася.) А можа, прыдумаў? Ён — фантазёр. Але цуд заўсёды быў з намі, і ён насіў мяне па зямлі. Я была вясёлая, па-вар’яцку вясёлая, нястрымная — вось такая была. Я кахала свайго мужа, і мне падабалася баламуціць іншых мужчын, гэта як гульня: ты ідзеш, а на цябе глядзяць, і табе падабаецца, што глядзяць, і хай нават трошкі закахаюцца. «И зачем так много мне одной?» — часта спявала я следам за сваёй улюбёнай Маяй Крысталінскай. Я імчалася па жыцці, і цяпер мне бывае шкада, што я не ўсё запомніла, ніколі ўжо цяпер я не буду такая радасная. Каб кахаць, трэба шмат сілаў, а я цяпер іншая. Я стала звычайная. (Маўчыць.) Часам хочацца… а часцей непрыемна ўспамінаць сябе ранейшую … Ігарку тры-чатыры гады… купаю яго: «Мама, я люблю цябе, як Цалеўну Прыгожую». З «р» мы доўга змагаліся… (Усміхаецца.) Гэтым можна жыць, цяпер я гэтым жыву. Міласцінай успамінаў… усе крыхі падбіраю… Я — настаўніца рускай мовы і літаратуры ў школе. Звычайная хатняя карціна: я — за кнігамі, ён — каля кухоннай шафкі. Пакуль павыграбае з яе каструлі, патэльні, лыжкі, відэльцы, я і падрыхтуюся да заўтрашніх заняткаў. Падрос. Я сяджу і пішу, і ён таксама сядзіць за сваім столікам і піша. Рана навучыўся чытаць. Пісаць. У тры гады мы вучылі на памяць Міхаіла Святлова:

«Каховка, Каховка — родная винтовка…
Горячая пуля, лети!»

Тут трэба спыніцца і расказаць больш падрабязна… Я хацела, каб ён рос мужным, дужым, і падбірала яму вершы пра герояў, пра вайну. Пра Радзіму. І аднойчы мая мама мяне агаломшыла: «Вера, перастань чытаць яму ваенныя вершы. Ён гуляе толькі ў вайну». — «Усе хлопчыкі любяць гуляць у вайну». — «Так, але Ігар любіць, каб у яго стралялі, а ён падаў. Паміраў! Ён з такім жаданнем, з асалодаю падае, што мне бывае страшна. Крычыць іншым хлопчыкам: «Вы страляеце, а я падаю». Ніколі — наадварот». (Пасля доўгай паўзы.) Чаму я не паслухалася маму?

Дарыла яму ваенныя цацкі: танк, алавяных салдацікаў, снайперскую вінтоўку… Ён жа хлопчык, павінен стаць ваяром. Інструкцыя да снайперскай вінтоўкі: «снайпер павінен забіваць спакойна і выбарачна… спачатку добра «пазнаёміцца» з цэллю…» Чамусьці гэта лічылася нармальным, нікога не палохала. Чаму? Псіхіка ў нас была ваенная. «Если завтра война, если завтра в поход…» Іншых тлумачэнняў не знаходжу. Няма ў мяне іншых тлумачэнняў… Цяпер ужо нячаста дораць дзецям шабелькі… пісталецікі… піф-паф! А мы… Памятаю, як я здзівілася, калі нехта з настаўнікаў у школе расказаў, што ў Швецыі, ці што, забароненыя ваенныя цацкі. А як выхаваць мужчыну? Абаронцу? (Перарывістым голасам.)

«На смерть, на смерть держи равненье, 
певец и всадник бедный…»

З якой нагоды ні збяромся… заўсёды… праз пяць хвілін успомнім вайну. Часта песні ваенныя спявалі. Ці ёсць яшчэ дзе такія людзі, як мы? Палякі жылі пры сацыялізме, і чэхі, і румыны, але яны ўсё роўна іншыя… (Маўчыць.) Не ведаю цяпер, як выжыць. За што ўчапіцца? За што…

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 99 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название