Дзе скарб ваш
Дзе скарб ваш читать книгу онлайн
У новую кнігу народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля ўвайшлі апавяданні «пра час i пра сябе», эсэ на вострыя тэмы сучаснасці, лірычныя запісы i мініяцюры, дзе i роздум пра найгалоўнейшае ў жыцці, i шматфарбныя замалёўкі прыроды, сцэнкі з народнага побыту, i здаровы, іскрысты гумар.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
I яшчэ што запомнілася,— як ён, Панамарэнка, раіў Пестраку напісаць пра перажытае ўспаміны.
— Пишу роман,— адказаў Піліп Сямёнавіч.
А той:
— Да что роман! Вы бы что-нибудь вроде «Былого и дум».
Дарэчы, у выдадзеным тады першым томе гісторыі Беларусі, у прадмове да яе «гісторык» Цімох Гарбуноў у пераліку найстарэйшых гарадоў нашай рэснублікі назваў ... Баранавічы.
Потым той самы «ЗІС» даставіў нас дахаты, на ўспакаенне стрывожаных жонак.
А дапамога найпершаму на тым вечары i закончылася.
* * *
У раі ў Адама з Евай, відаць, не магло быць такое заедзі — ноччу i днём,— як у нашым тут расквітнелым, вільготным i цёплым прылясным наднёманскім раі.
* * *
Чытаў перад вайной у нейкага польскага вальнадумца пра аднаго з ксяндзоў, які казаў сваім прыхаджанам:
— Wierz sobie choć w kozła, abyś tylko dziesięcinę płacił! [4]
«Дзесяціна» тая — касцельны налог, які праіснаваў да палавіны XIX стагоддзя.
* * *
Старэнькая артыстка друкуе сваё спрадвечнае фота: сама адвярнуўшыся, валасы даўжэзныя, распушчаныя ледзь не да зямлі. Гэта ўжо не рэкорд красы, a нейкі іншы рэкорд.
Згадалася дамачка ў друскеніцкім санаторыі: багацце светлых валасоў у тоўстых косах, завітых высокай «каронай», на якой бачком i смешна сядзіць недарэчна пацешны капялюшык. А на твары пад тым капялюшыкам на кароне — выразная задаволенасць такою звышкрасой.
* * *
Местачковы калгаснік, добры гаспадар, удачлівы сем'янін. Абое з жонкай сентыментальна шчаслівыя, як «старосветские помещики». Ды вось бяда — ён расхварэўся цяжка. Расказвае мне на чыстым дварэ, на лаўцы пад пышнымі дрэвамі:
— Адно яечка ў мяне ўжо выразалі, будуць, відаць, выразаць i другое яечка.
Жонка, сівенькая i ўвішная, калі прапанавала яму сесці:
— Вось я табе гэта пад попачку падлажу, каб было мякчэй.
Успомніўся Аляксей Кулакоўскі, у якога мы з жонкай гасцявалі ў яго Кулаках, улетку шэсцьдзесят трэцяга.
Пяцідзесяцігадовы, прыкметна важны, ён гаварыў старэнькай маці, ідучы спаць у другую, старую хату ў садзе:
— Мамачка, дзе тут кубачак узяць? Вазьму вадзічкі, можа, захочацца роцік папаласкаць.
I наогул там у ix, на Салігоршчыне, «аўёсік», «хатка», «сонейка»...
* * *
У электрычцы дзед сядзеў насупраць нішто сабе дамачкі i безданаможна, тэарэтычна «прелюбодействовал с нею в сердце своем».
* * *
На трохкутным газончыку каля самай панелі, дзе паблізу i машыны гудуць, i людзі ходзяць, пяць сізых галубоў старанна, увішна штосьці дзёўбаюць. A трохі ўзбоч ад ix — галка, чорная, з шэрай хусткай на гарляку, нешта ўсё вякае ды вякае на ix, крычыць ды лаецца, нечым жа так незадаволеная.
* * *
«Сам у тых багатых гасцях піў ды еў такое смачнае, хваліцца, а няма таго, каб i мне што-небудзь хоць за губою прынёс!..»
* * *
Сустрэўшыся ў міжгароднім аўтобусе, колішнія аднавяскоўцы, баба i дзед, прыкметна радыя сустрэчы, дзеляцца ўспамінамі маладосці. Яна — пра свайго:
— Мы ўжо з ім i цалаваліся...
Стары, перапыняючы яе:
— Можа, i падурэлі ўжо трохі? Яна:
— А што ж!..
I смяюцца абое, ужо бязгрэшныя.
* * *
Праллям-скудзельніцам, што збіраліся, каб весялей працавалася ў гурце, гаспадыня чарговай хаты давала сушаных яблыкаў ці груш — «на сліну».
Падумаць толькі — колькі тое сліны патрэбна было на ўсю зіму прадзення!..
* * *
Здаецца ж, i запісаў ужо гэта калісьці, а яно ўсё памятаецца час ад часу.
Вечар у пісьменніцкім Доме творчасці «Каралішчавічы», з танцамі на сямейным застоллі. У кракавяку — статная дзеўка з кухоннай абслугі. З-за недахопу кавалераў, а то i проста так па-сястрынску танцавала яна з меншанькай сястрой. Абедзве вельмі падобныя, аднолькава чарнявыя ды мілавідныя, аднолькава адзетыя, у аднолькавых гумовых боціках. Старэйшая, ужо зусім нявеста, i малая, як лялька пры ёй. I так жа яна ўдаленька ды сур'ёзна стараецца рабіць усё у тым кракавяку, як старэйшая. I выходзіць жа ў яе — ці не лепш, чым у старэйшай. Прынамсі — для мяне.
Гучыць, тупаціць, радуецца той кракавяк!.. Гадоў ужо добра за трыццаць.
* * *
«Забег — як агню пазычыць». Каб запалак, дык, чаго добрага, i пасядзеў бы ці пастаяў, пагаварыў, а то ж агню, жару бярэ,— трэба несці як найхутчэй.
* * *
У часопісе «Спадчына» — выбар прыказак, зроблены славутым уніяцкім архімандрытам i літаратарам Львом Гарошкам. «Рэлігійны элемент у беларускай народнай творчасці». Бяруся чытаць з зямляцкай цікавасцю: ён жа з вёскі, за два кіламетры ад маёй.
Сярод знаёмага i ў большасці набожнага — трохі жывейшага:
«Набожны, як жыд падарожны».
Тут успомніўся той балагула, што вёз Івана Фёдаравіча Шпоньку i ў далёкай дарозе «шабашил по субботам».
А тут айцец Лёва i зграшыў, нібы калісьці ў родных Трашчычах:
«Набожны, як конь святога Юр'я: святы Юры да касцёла, а конь да кабылы».
«Бог любіць праведніка, а чорт ябедніка».
Ну, а гэта цікавае, «ябедником» сваім хутчэй не наша, а рускае.
* * *
Калі нехта вельмі ж улягаў за нейчай дачкой, не надта каб i прыгожай, у вёсцы казалі: — Во, недзе іхнюю мазку лізнуў!.. Мазка — ад мазаць — кавалачак скваркі, якім, пякучы аладкі, падмазваюць апаноўку, скавараду. У Тлумачальным слоўніку мазкі тое няма.
* * *
Гаспадыня рупліва пытаецца ў суседа-печніка, які робіць ім печ:
— Колькі ж, Адолька, табе яец на яечню?
— Калі будуць плаваць, то тры, а як не будуць, то пяць.
Плаваць, вядома ж, у сале ці ў масле.
ДЗЕВЯНОСТА ЧАЦВЁРТЫ
Чытаў другі том Багдановіча, прозу, пераважна рускую. Успаміналася руская проза Шаўчэнкі,— тое самае адчуванне, што i над старонкамі Максіма Адамавіча,— a ці поўнасцю гэта ягоны, толькі ягоны голас? I ў нашым, i ва ўкраінскім варыянце пра рускамоўнае можна сказаць, што яно — толькі тое, што «приложится» да галоўнага.
У апавяданні «Экзамен» — такі самы «слон», як у маім «Сяргеі». У нашай школе ён, значыцца, быў не самымі прыдуманы, а з гімназічных традыцыяў. I ў Турцы, i ў вёсках былі ж рускія гімназісты ў нядаўнім мінулым, у тым ліку i сярод нашых настаўнікаў.
I не перастаеш здзіўляцца, які ён ранні ў сваёй таленавітасці i эрудыцыі.
Чытаючы ягонае пра Шаўчэнку, успамінаў Максіма Рыльскага, як ён, i ў сваім напісаным, i ў гутарцы са мною, высока ставіў гэтыя артыкулы. А там, дзе ён пра Валадзімера Самійленку я ўспомніў свой салдацка-нявольніцкі блакнот з вершам i гэтага паэта, выпісаным, ужо не прыпомню адкуль. Бо толькі пад упісанай у той патаемны блакнот (простым алоўкам) цудоўнай малітвай палонных запарожцаў: «Ой, визволи, Боже, нас, біднйих невільників» памечана: «Грушевский, «Ілюстрована Історыя Украіни».
...З Самійленкам памяць мяне падвяла: верш «Я не боюсь тюрми i ката» належыць не яму, а нейкаму О. Я. Верниволоду, якога ў украінскім энцыклапедычным слоўніку, на жаль, няма.
A Самійленкава, згадаўшы далёка-першае светлае ўражанне, ажно выпісаць хочацца, хоць толькі першую i аношнюю строфы.
Бачив я усяки перли
i коштовні самоцвіти,
але есть одна перлина,
що з усіх найкраца в сьвіти.
Відібрать і не зможе
ніяка злоба несита,