Час second-hand
Час second-hand читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Мне цяпер хочацца ўспамінаць… Я хачу зразумець тое, што пражыта. Не толькі сваё жыццё, а нашае… савецкае… Я не ў захапленні ад уласнага народа. І ад камуністаў таксама, і ад нашых камуністычных лідараў. Сёння асабліва. Усе здрабнелі, абуржуазіліся, усе хочуць добра, салодка хочуць жыць. Спажываць і спажываць. Ухапіць! Камуністы таксама ўжо не тыя. У нас ёсць камуністы з гадавым прыбыткам у сотні тысячаў даляраў. Мільянеры! Кватэра ў Лондане… палац на Кіпры… Што гэта за камуністы? У чым жа іх вера? Спытаеш — як на дурнічку паглядзяць. «Не расказвайце нам савецкія казкі. Вось гэтага не трэба». Разбурылі такую краіну! Распрадалі па дэмпінгавых цэнах. Нашую Радзіму… Каб нехта мог лаяць Маркса і ездзіць па Еўропе. Час такі ж страшны, як і пры Сталіне… Я адказваю за свае словы! Напішаце гэта? Не веру… (І я бачу — не верыць.) Ужо няма ні райкамаў, ні абкамаў. Развіталіся з савецкай уладай. А што атрымалі? Рынг, джунглі… Улада злодзеяў… Хапалі — хто хутчэй, пірог вялікі. Бог мой! Чубайс… «прараб перабудовы»… Цяпер ён хваліцца, што лекцыі па ўсім свеце чытае. Маўляў, у іншых краінах капіталізм складваўся стагоддзямі, а ў нас за тры гады. Дзейнічалі хірургічным метадам… А калі нехта накраў, то і дзякуй Богу, можа, іх унукі будуць прыстойнымі людзьмі. Бррр!! І гэта дэмакраты… (Маўчыць.) Амерыканскі гарнітурчык прымяралі, слухалі дзядзьку Сэма. А амерыканскі гарнітурчык не лезе. Крыва сядзіць. Вось!! Не па свабоду пабеглі, а па джынсы… у супермаркеты… купіліся на яркія абгорткі… Цяпер і ў нас у крамах поўна ўсяго. Багацце. Але горы каўбасы ніяк не звязаныя са шчасцем. Са славай. Быў вялікі народ! Зрабілі з яго гандляроў і марадзёраў …лабазнікаў і менеджараў…
Прыйшоў Гарбачоў… Загаварылі аб вяртанні ленінскіх прынцыпаў. Усеагульная радасць. Узбуджэнне. Народ даўно чакаў пераменаў. У свой час паверылі Андропаву… Ну кадэбісты, так… Як вам растлумачыць? КПСС ужо не баяліся. Ля піўнога кіёска мужыкі маглі партыю абмацюкаць, а кадэбэ — ніколі… Вы што! У памяці сядзела… Ведалі, што жалезнай рукой, калёным жалезам, яжовай рукавіцай… гэтыя хлопцы навядуць парадак. Не хочацца паўтараць банальныя рэчы, але Чынгісхан гены нам сапсаваў… і прыгоннае права… Прывыклі, што біць усіх трэба, без біцця нічога не атрымаецца. Андропаў з гэтага і пачаў — з закручвання гаек. Усе разбэсціліся: у працоўны час хадзілі ў кіно, у лазню, бегалі па крамах. Гарбату распівалі. Міліцыя стала рэйды праводзіць, аблавы. Правяралі дакументы і хапалі прагульшчыкаў проста на вуліцах, у кавярнях, у крамах і паведамлялі на працу. Штрафавалі, звальнялі. Але Андропаў цяжка хварэў. Хутка памёр. Мы іх хавалі, хавалі. Брэжнеў, Андропаў, Чарненка… Найпапулярнейшы анекдот да Гарбачова: «Перадаём паведамленне ТАСС. Вы будзеце моцна смяяцца, але памёр чарговы Генеральны сакратар ЦК КПСС…» Ха-ха-ха… Народ на сваіх кухнях смяяўся, а мы на сваіх. На выспачцы свабоды. Кухонная балбатня… (Смяецца.) Выдатна памятаю, як падчас размоваў уключалі гучна тэлевізар ці радыё. Цэлая навука. Вучылі адзін аднаго, як ухітрыцца, каб гэбістам, што праслухоўвалі тэлефонныя размовы, нічога не было чуваць: пракручваеш дыск — старыя тэлефоны былі з дзірачкамі для лічбаў — устаўляеш у адну з іх аловак і фіксуеш… можна пальцам трымаць, але палец жа стамляецца… Напэўна, вас таксама вучылі? Памятаеце? Трэба што-небудзь «сакрэтнае» сказаць, адыходзілі на два-тры метры ад тэлефона, ад трубкі. Стукацтва, праслухоўка — гэта было ўсюды, ва ўсім грамадстве зверху і да нізу, і мы ў райкаме варажылі: хто ў нас стукач? Як потым высветлілася, падазравала я нявіннага чалавека, а даносчык быў не адзін, іх было некалькі. Вось на тых я ніколі б не падумала… Адна з іх — нашая прыбіральшчыца. Ветлая, добрая жанчына. Няшчасная. Муж — п’яніца. Бог мой! Сам Гарбачоў… Генеральны сакратар ЦК КПСС… Чытала ў адным яго інтэрв’ю, як падчас канфідэнцыйных гутарак у сябе ў кабінеце ён рабіў тое ж самае — уключаў тэлевізар на ўсю гучнасць, ці радыё. Увогуле, азбука. Запрашаў для сур’ёзных размоваў на сваю дачу за горад. І яны там… Там яны выходзілі ў лес, гулялі і размаўлялі. Птушачкі не данясуць… Усе чагосьці баяліся, баяліся і тыя, каго баяліся. Я баялася.
Апошнія савецкія гады… Што я памятаю? Пачуццё сораму не пакідала. За абвешанага ордэнамі і Зоркамі Брэжнева і за тое, што Крэмль у народзе празвалі камфартабельным домам састарэлых. За пустыя паліцы. Планы выконваем і перавыконваем, а ў крамах нічога няма. Дзе нашае малако? Мяса? Я і цяпер не разумею, куды гэта ўсё падзелася. Малако канчалася праз гадзіну пасля таго, як адкрываліся крамы. З абеду прадаўцы стаялі каля чыста вымытых латкоў. На паліцах — трохлітровыя слоікі бярозавага соку і пачкі солі, чамусьці заўсёды мокрыя. Кілька ў бляшанках. Усё! Выкінуць у продаж каўбасу — яе размятуць умомант. Сасіскі і пельмені — далікатэс. У райкаме ўвесь час нешта дзялілі: гэтаму заводу — дзесяць халадзільнікаў і пяць футраў, а гэтаму калгасу — два югаслаўскія мэблевыя гарнітуры і дзесяць польскіх жаночых сумачак. Рондалі і жаночую бялізну дзялілі… калготкі… Такое грамадства магло трымацца толькі на страху. На надзвычайцы — паболей страляць і паболей саджаць. Але сацыялізм з Салаўкамі і Беламорканалам скончыўся. Патрэбны быў нейкі іншы сацыялізм.
Перабудова… Быў момант, калі людзі зноў пацягнуліся да нас. Уступалі ў партыю. Вялікія ва ўсіх чаканні. Усе тады былі наіўныя — левыя і правыя, камуністы і антысаветчыкі. Усе — рамантыкі. Сёння за гэта сорамна, за тую сваю наіўнасць. Моляцца на Салжаніцына. Вялікі старац з Вермонта! Не адзін Салжаніцын, многія ўжо разумелі, што так, як мы жывём, жыць нельга. Забрахаліся. І камуністы — верыце вы мне ці не? — таксама гэта разумелі. Сярод камуністаў было нямала разумных і сумленных людзей. Шчырых. Я асабіста ведала такіх людзей, асабліва часта яны сустракаліся ў правінцыі. Як мой бацька… Бацьку не прынялі ў партыю, ён пацярпеў ад партыі, але ён ёй верыў. Верыў партыі і краіне. Кожная раніца ў яго пачыналася з таго, што ён адкрываў газету «Праўда» і прачытваў яе цалкам. Камуністаў без партбілета было больш, чым з партбілетамі, яны душой былі камуністы. (Маўчыць.) На ўсіх дэманстрацыях неслі лозунг «Народ і партыя — адзіныя!». Гэтыя словы — не выдумка, гэта была праўда. Я нікога не агітую, я расказваю, як яно было. Ужо ўсе забыліся… Многія ўступалі ў партыю, бо сумленне патрабавала, а не толькі дзеля кар’еры або з іншых прагматычных меркаванняў: калі я беспартыйны і ўкраду — мяне пасадзяць, калі я ўступлю ў партыю і ўкраду — мяне выганяць з партыі, але не пасадзяць. Я абураюся, калі пра марксізм гавораць пагардліва, з насмешкай. Хутчэй яго — у смеццевы бачок! На звалку! Гэта вялікае вучэнне, яно перажыве ўціск. І нашую савецкую няўдачу — таксама. Таму што… ёсць шмат прычынаў… Сацыялізм — гэта не толькі лагеры, стукацтва і жалезная заслона, гэта і справядлівы, ясны свет: з усімі дзяліцца, слабых шкадаваць, спачуваць ім, а не падграбаць усё пад сябе. Мне кажуць: нельга было купіць машыну, але ні ў каго не было машыны. Ніхто не насіў касцюмы ад Версачэ і не купляў дом у Маямі. Бог мой! Правадыры СССР жылі на ўзроўні бізнесменаў сярэдняй рукі, да алігархаў ім не дацягнуць. Слабо! Не будавалі яны сабе яхтаў з душам з шампанскага. Падумаць толькі! Па тэлевізары перадаюць рэкламу: купляйце медныя ванны — коштам з двухпакаёвую кватэру. Для каго яны, скажыце? Пазалочаныя дзвярныя ручкі… Гэта — свабода? Маленькі, шараговы чалавек — ніхто, ён — нуль. На дне жыцця. А тады ён мог напісаць у газету, пайсці і паскардзіцца ў райкам: на начальніка або на дрэннае абслугоўванне… на здрайцу-мужа… Былі глупствы, не адмаўляю, але хто сёння гэтага простага чалавека наогул слухае? Каму ён патрэбны? Памятаеце савецкія назвы — вуліца Металургаў, Энтузіястаў… Заводская, Пралетарская… Маленькі чалавек… ён быў галоўны… Дэкларацыя, шырма, як вы кажаце, а цяпер і хавацца нікому не трэба. Няма грошай — пайшоў прэч! Пад лаву! Вуліцы пераназываюць: Мяшчанская, Купецкая, Дваранская… Нават каўбасу я бачыла «Княская», а віно «Генеральскае». Культ грошай і поспеху. Выжывае наймацнейшы, з жалезнымі біцэпсамі. Але не ўсе здольныя ісці па галовах, вырываць кавалак у іншага. У адных прырода такая, таму што не могуць, а іншым брыдка.