Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
«Правільна, Толя, — сказаў Альберт Казіміравіч. — І без слоў бачна, як усе мы тут маю адзіную дачушку любім. І за яе п’ем! — Ён пацалаваўся з Нэлі і сеў, крыху збянтэжаны.
«Ты таксама будзеш піць?» — спытаў Ведрыч у Трухана.
«Буду…»
«Глядзі. Калі што, я цябе адкачваць не збіраюся. Ды вы ж не наядайцеся многа, — гучна папярэдзіў сваіх, — гарачае яшчэ будзе!»
Выпілі, закусілі, папрыцерліся адзін да аднаго, як яно заўсёды за сталом бывае... Поўным ходам пайшло святкаванне. Бразгат відэльцаў, нажоў, звон чарак, тэлевізар, які трэба было перакрыкваць… Добра, хутка Нэлі выключыла яго. На стале ўсяго хапала. Ведрыч налягаў на адбіўную з бульбай і з зялёным гарошкам. Імянінніца жавала бутэрброд з маслам і чырвонай ікрою. Церашкоў аддаваў перавагу салёным грыбам і марынаваным памідорчыкам… Як толькі на ім спыняліся вочы, так Трухану ўяўлялася ягоная жонка з сынам: што яны цяпер робяць у інтэрнаце? Ілья Ільіч калупаўся відэльцам у гуляшы, увогуле еў і піў мала і неахвотна — відаць, у думках усё яшчэ знаходзіўся там, на кухні, сярод няскончанай мовазнаўчай дыскусіі…
Ведрыч, як бы ў кампенсацыю за сарваны тост, артыстычна і без ламаніны прачытаў дзяжурны свой для такіх выпадкаў верш, той самы, дзе:
Усім так спадабалася! Прыцішэлы юрыст прамовіў:
«В поэзии — да, возможно… Какието скрытые рэзервы есть…»
«А вы, — звярнуўся раздабрэлы ад выпіўкі і закускі Альберт Казіміравіч да Трухана, — таксама пішаце?»
«Піша, яшчэ і як, — адказаў за яго Ведрыч. — Сны запісвае. Пачытай штонебудзь, пасмяшы нас! Добра, добра, не чапаю… Ён у нас сарамлівы. Яшчэ ў вобмарак грымнецца. Ну, хоць пару слоў скажы — ты ж у гасцях!»
Змоўклі ўсе. Страшна пачырванеўшы, Трухан падняўся.
«Нэлі, — сказаў ён. — Калі я заходжу ў аўдыторыю… Не, лепш не так. Чамусьці заўсёды ведаеш, што ты ёсць, прысутнічаеш у аўдыторыі, нават калі не бачыш цябе — як сонца, якое мы бачым, нават не пазіраючы на яго. Такой жа прыгожай, светлай і патрэбнай людзям, як сонца, жадаю табе заўсёды заставацца. Усё».
І яго словы, як і Ведрычаў верш, спадабаліся гэтым добрым, з размяклымі ад алкаголю душамі, людзям.
Трухану нават папляскалі.
«Гэтыя маладыя празаікі панавучваліся гаварыць, як старыя дзяды! — пракаменціраваў Ведрыч. — Трухан у нас вораг усялякіх умоўнасцей, гаворыць толькі тое, што думае, і як правіла — чужымі цытатамі…»
А Нэлі сказала:
«Дзякую, Алесь», — упершыню назваўшы яго па імені.
Настаў самы час размяцца, ды пакурыць, ды, можа, паспяваць ці патанчыць…
«Ды курыце за сталом! — прапанавала Нэліна маці. — Столь высокая, не пажаўцее. Мой не любіць, але я і сама тут калінікалі з цыгарэткаю…»
Трухан раптам заўважыў, што Нэлі падае яму знак — каб выйшаў з ёю. Ён яшчэ і азірнуўся: мо хто іншы стаіць за спінаю, і таму адрасавана гэтае запрашэнне? Потым выбраўся зза стала і пайшоў за Нэлі на кухню. Па дарозе бакавым зрокам паспеў заўважыць, як Таіса Іванаўна правяла іх абоіх незадаволеным паглядам, нават зрабіла рух, як бы збіраючыся ўстаць і самой ісці за імі. Але ўмяшаўся Церашкоў:
«Такую цешчу, дык і жонкі не трэба», — пажартаваў ён. І яна заўсміхалася і вымушана была застацца і адказваць на гэты фрывольны, пашлаваты камплімент.
На кухні Нэлі няўмела выцягнула з пачка цыгарэту. Трухан паднёс запалку. Ростам Нэлі была яму па плячо, таму ён нагнуўся, а дзяўчына, наадварот, выструнілася, прыкурваючы, да яго падалася — блізка, амаль на адлегласць пацалунка… Трухан паспеў удыхнуць пах яе валасоў. Потым яна выпусціла з рота цыгарэтны дым, які перабіў іншыя пахі.
Сваё таннае курыва Трухан даставаць не асмеліўся, а яна сваё дарагое не прапаноўвала.
«Дзіўна. Мы ўжо два гады амаль у адной групе, — ціха, і ад таго, яму падалося, неяк ласкава сказала яна, — а вось так, самнасам — упершыню».
«Ты ж больш з Церашковым», — не падумаўшы, сказаў ён. Проста курыць вельмі хацелася.
«Сапраўды», — прамовіла яна. Уся ласкавасць знікла без следу.
Ну, і што рабіць? Аб чым гаварыць? Як таго пачаткоўцавеласіпедыста цягне ўвесь час у канаву, так неабазнанага ў палюбоўных справах Трухана ўпарта сцягвала на адну тэму, акурат на тую, што ўвачавідкі была непрыемнай Нэлі: пра Церашкова. Яму ўсё карцела сказаць, што зараз яго, Церашкова, чакаюць у інтэрнаце жонка з дзіцём. Падлавата, канечне, было б гэта.
Нэлі маўчала. І Трухан крыху памаўчаў. А затым — усё ж не вытрымаў:
«А ў інтэрнаце Церашкова жонка чакае… З малым сынам», — сказаў ён, у другі раз наступаючы на знаёмыя граблі.
«Ні ён, ні яго жонка мяне абсалютна не цікавяць!» — яшчэ больш суха прамовіла яна.
«Тады хто цябе цікавіць?»
«Можа нават і ты».
Яна глядзела не на яго, а ў цёмнае акно. У руцэ яе зусім не грацыёзна, заціснутая паміж указальным і вялікім пальцамі, дымілася цыгарэта. Трухан таксама за кампанію паглядзеў у акно. І ўбачыў, як у люстэрку: дзяўчына сядзіць, ён стаіць, медзведзявата над ёю нагнуўшыся, абапіраючыся кулакамі на стол … Але ў цэлым — нічога, сімпатычная карцінка. Такое адчуванне, што нібыта не на кухні яны зараз, а ў купэ цягніка, пазіраюць разам у цёмнае люстра акна, і ехаць ім яшчэ доўгадоўга, аб усім хопіць часу нагаварыца…
«Перастань, — няўпэўнена сказаў ён, чамусьці не да жывой Нэлі звяртаючыся, а да адбітку яе ў акне. — Я ж усё разумею, ведаю сваё месца».
«Адкуль ты яго ведаеш? Хто табе на яго паказаў пальцам? Ці табе прадалі на яго білет?» — у яе, відаць, таксама ўзнікла асацыяцыя з чыгункаю, цягніком, купэ.
«Ты ж ведаеш, пра што я».
«Нічога не ведаю. Хіба ты мне расказваў калінебудзь? Ці хоць бы спрабаваў? Ты ж якімісьці сваімі, нам, звычайным, недаступнымі праблемамі заняты…»
«Дык і ты нібыта не дужа цікавілася. Раскажу якнебудзь… Можна мне цыгарэту?» — не вытрымаў ён.
«Калі ласка, — яна пасунула да яго пачак. — Толькі навошта чакаць?»
«У сэнсе?»
«Каб пагаварыць нам нармальна. Запрасі мяне ў кіно, у кавярню, у парк пагуляць…»
Якая салодкаліпкая павуціна слоў, як лёгка ў яе ўблытацца!.. У яго зноў зашумела ў галаве.
«Моцная цыгарэта, — сказаў ён, — а я думаў, так — дамская…»
«Цыгарэта як цыгарэта. Дык запросіш? Ці ўсе вы аднолькавыя — толькі на словах малайцы?»
З выклікам, нібы пацьвельваючы яго, яна гаварыла. Але ён быў удзячны ёй і згодны нават на такое: хай розыгрыш, хай проста пасмяецца яна з яго. Абы яшчэ крыху працягнуць гэты момант — яны ўдвух, ціхія галасы, іхнія адбіткі у ваконным шкле…
«У мяне ёсць іншы варыянт. Паехалі да мяне ў вёску? На наступныя выхадныя. Цягнік цэлую ноч едзе. Нагаворымся… Дзень там пабудзем, а ўвечары назад. Ад цябе нічога не патрабуецца, толькі ты сама. Ну, як?» — Нарэшце ўдалося яму перахапіць ініцыятыву. У яго словах быў выклік.
«А што, — сказала яна пасля паўзы. — Я згодная».
(«Выходзь за мяне замуж». — «Я згодная», — таксама зляціць некалі з гэтых жа вуснаў. Грудкі сукенку напінаюць, варушацца, як жывыя. Вочкішчочкі, эх, ты, Церашкоў!..)
«Цікава нават. Дарогу я люблю. Як і вёску… А хто там у цябе? Я думала, ты круглы сірата».
«Дзед з бабаю. І яшчэ… гэта крыху іншая вёска, — сказаў ён. — Не такая, як ты, відаць, уяўляеш. Не дачны пасёлак. Наша — цёмная, чарнобыльская, спітая, напаўразбураная, акрамя прыроды нічым больш не цікавая… У хаце — сажа, бруд, падлога не мытая. Прыбіральня, выбачай, на дварэ».
«Напалохаў. На бульбе я не была, ці што? І дождж, і холад… Асабліва нам, дзеўкам: ні памыцца, ні, пардон, падмыцца… Амаль два месяцы так. І нічога страшнага. А ў цябе ўсяго адзін дзень. Дарэчы, што мы там рабіць будзем?»
«Ды ёсць адна справа…»
Трухану патрэбна была гэтая паездка яшчэ і вось для чаго: нарэшце ўпэўніцца, што ён сапраўды быў некалі Трухановічам і жыў у тым часе. Трэба было праверыць знак, які зрабіў ён некалі, будучы Трухановічам: менавіта — у снараднай гільзе ён прыхаваў частку сваіх запісаў. Цяпер ён хацеў адшукаць гільзу, і тады ўсё стала б ясна.
