Выбраныя творы
Выбраныя творы читать книгу онлайн
У аднатомнік увайшлі найбольш значныя творы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля розных жанраў — аповесці, апавяданні, мініяцюры, эсэ, напісаныя за паўстагоддзе літаратурнай дзейнасці.
Гэта — дзесяты том «Беларускага кнігазбору».
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Менскія кіношнікі хацелі зняць штосьці дакументальнае пра пачатак вялікай біяграфіі чарговага правадыра — пры ягоным жыцці, разумеецца, — аднак тыя колішнія дзеўкі не захацелі нічога расказваць — страшна!..
Група пісьменнікаў у перадавым калгасе на Браншчыне. Пасля агляду гаспадаркі — гутарка ў праўленні. Паэт Дзмітрый Кавалёў, часцей за ўсё неспакойны, сказаў-спытаўся:
— Поспехі вашы і сапраўды значныя, і на палях, і на фермах, і людзі жывуць нядрэнна. Ну, а духоўнае жыццё — што для душы?
Праслаўленага старшыню калгаса выручыў сам сакратар райкома, «парень-рубаха», «в доску свой, народный»:
— Калі чалавек добра наесца, тады з яго і выходзіць душа. Га-га-га!..
Анекдатычны М., выходзячы на пенсію ледзь не пад дзевяноста гадоў, сказаў — калі ўдумацца — дык і са значным падтэкстам:
— Няхай ужо маладыя. Я сваё адсядзеў.
Няхай жыве здаровы сэнс!.. А ён жа, прыпознены пенсіянер, не проста сядзеў, нікому не перашкаджаючы, — ён «кіраваў». Райкомамі, партызанскімі брыгадамі, абкомамі, рэспубліканскай культурай, гісторыяй партыі — усюды з аднолькавым бляскам паўнапраўнага невуцтва. Па нейкім верхнім праве на славутае «общее руководство», толькі з такою ўніверсальнай спецыяльнасцю…
Бачыць яго даводзілася рэдка, часцей за ўсё ў прэзідыумах. А сёння выпадкова сустрэў у Гомелі, на вуліцы. Ішоў стары цяжка, з прыкметнай дыхавіцай, аднак па-дзелавому заклапочаны. Спыніліся павітацца.
— Куды ж вы так? — спытаўся я.
— Ды вось, разумееце, клопат які. Аддаў сюды свой камсамольскі білет, у музей. А цяпер мяне Менск папрасіў аддаць ім. Дык я прыехаў, забяру. Усё-такі лучша…
З думкай пра царства нябеснае?
Хобі бывае і такое.
Выкладчык філасофіі, лысы мужчынка, жыд, памятае нумары машынаў усіх начальнікаў, якіх — у сваю чаргу — добра ведае яго жонка, тоўстая бяздзетная беларуска, адказная работніца на персанальнай пенсіі.
Адзін, праходзячы каля гмаху ЦК партыі з двума тамамі Леніна пад пахай, трымаў іх залатым цісненнем да вокнаў — хай таварышы бачаць, што ён чытае, хай думаюць, пра што ён піша… Бачыў я гэта аднойчы. Дадам, бо ведаю: і дзяржаўную прэмію ён дамагаецца атрымаць за свае кніжкі для дзяцей — няхай бяздарныя, але ж на якую тэму!..
Другі, зняты з пасады галоўнага рэдактара газеты за тое, што яго дысертацыі, кандыдацкая і доктарская, як аказалася, напісаны не ім самім, а рэдакцыйнымі «неграмі», якія, нарэшце, не вытрымалі і прасігналілі. Знялі яго не надта каб і нізка — паставілі выкладаць гісторыю ў інстытуце. Ніжэй было нельга, бо тыя яго дысертацыі, асабліва другая, падпіраліся перад ВАКам хадайніцтвам «некаторых работнікаў» Цэнтральнага Камітэта.
Гэтага я ўбачыў раніцай перад домам ЦК, дзе на зялёным скверыку залацілася лісце і карычнева паблісквалі маленькія боханчыкі каштанаў. Ён іх рупліва, няспешна шукаў, паднімаў.
— На дачы добра пасадзіць, — сказаў мне, калі павіталіся.
І праз аскому непавагі да яго, даўно знаёмага, падумалася:
«Во, і гэта ж не так сабе, а каб пацвердзіць вернасць…»
Дабрадушны, усмешліва мудры Алесь Пальчэўскі, калі я наведаў яго ў бальніцы, у палаце на двух, як толькі сусед яго выйшаў, расказаў мне, што ён, той сусед, — рэдактар адной з газет, якога я таксама ведаў, — паслухаўшы Алесеў расказ пра культаўскія пакуты, зусім сур'ёзна ды спачувальна спытаўся, ці былі ў іх, у лагеры, піжамы…
У школе, на бацькоўскім сходзе.
Сын двоечнік, другагоднік. А бацька, нярослы адстаўны палкоўнічак, увесь у ордэнскіх ды медальных планках. Наслухаўшыся непрыемнага, супакойвае і настаўнікаў і бацькоў:
— Таварышы, не будзем лішне хвалявацца! З такіх, як мой Толя, вырастаюць буйныя дзяржаўныя дзеячы.
Амаль усе смяюцца. З неабстрактным падтэкстам, кожны сабе ўспамінаючы сяго-таго са знаёмых і незнаёмых.
Каля найпершага сакратара ўвесь час, на прыпынках у нашым пакалгасным вандраванні, прыкметна круціцца целаахоўнік. Высокі, плячысты, з заслужанай пралысінай на рыжай макаўцы, з выразам твару ці зусім ужо прастадушным, ці нават і дзікаватым. Ад сілы гэта, ад адчування абавязку? Перад кім?..
У абласным тэатры, дзе пасажыраў нашых «семінарскіх» аўтобусаў сабралі для ўрачыстага падвядзення вынікаў пазнавальнага падарожжа, ён, той — таксама поблізу, сядзіць за спіной суб'екта ахоўвання.
Успомнілася ў Талстога, ці не ў трактаце «Царство Божие внутри вас», як ён — у такой сур'ёзнай працы — піша, што кожны раз, гаворачы з вартавым салдатам перад казармай ці перад турмой, яму, старому ды вялікаму, хочацца пакратаць шчопцямі за востры кончык доўгага штыха.
Мне, грэшнаму, там, у тэатры, захацелася яшчэ большага — перайсці цераз праход і свабоднаю жменяй памацаць ахоўніка вельмі важнага цела за руку вышэй локця — што ж там за такія ўсенародныя мускулы?..
Рыгор Бярозкін расказваў, як у лагеры, хутка пасля смерці Сталіна, ён даў суседу па нарах, свяшчэнніку, газету, у якой — на трыбуне маўзалея — новы склад Палітбюро ці там Прэзідыума, словам, асірацелыя Молатаў, Берыя, Малянкоў і далейшыя па чарзе. Баця доўга ўглядаўся, задумліва, а пасля заключыў, уздыхнуўшы:
— Нет благообразия в ликах!..
Не выходзіць з памяці, як у верасні пяцьдзесят чацвёртага года, на толькі што вельмі раскошна адкрытай Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, адна вясковая жанчына ў групе экскурсантаў ад павільёна да павільёна насіла поўную авоську чорнага хлеба, які ёй пашанцавала з самага ранку купіць. Хоць і пазней магла б купіць яго, але ж для пэўнасці…
Мы з сябрам былі там ад газеты, мы пісалі пра іншае.
У тым жа верасні і другое:
Старшыня калгаса абедае ў сталічным рэстаране. Паклікаў афіцыянта, расплачвацца.
— Што я табе, таварышок, скажу. У нас, калгаснікаў, зарплата ў канцы года. Я тады ўсім вам і налічу — і за яду, і за гарэліцу, і музыкам. Колькі выйдзе — столькі і дам.
Афіцыянт і наведвальнікі, хто бліжэй, смяюцца: для іх гэта — як быццам толькі жарт.
Пісьменнік, што любіць падтрымліваць сувязь з вёскай, з працоўным народам, таргуе на Камароўскім рынку тварожны сыр.
Цётка, маладжава бойкая:
— Бяры, браток. Вось хутка наша пакаленне вымра, у вёсках не застанецца нікога — скулу тады купіш. Бяры. Сырок настаяшчы.
Было гэта ў шэсцьдзесят сёмым годзе.
А сёння:
— Якая там, браце Іване, вёска цяпер! Восемдзесят два двары, а на работу выходзяць дваццаць два чалавекі! Дый то адны бабы. Бо куды ж мяне тут або Арсеня лічыць? Толькі дрэбы… Раней я кумам часта быў. Падлічыў неяк — аж дванаццаць разоў. А цяпер? Цяпер мяне толькі ямы капаць клічуць. Людзі ж усё паміраюць, вядома, старыя. Рукі ўжо мне паўрывала лапатай. А як не пойдзеш, не паслухаеш?..
У польскай газеце:
Падпалкоўнік міліцыі быў балюча ўражаны тым, што застаў на месцы авіякатастрофы. Страшна было глядзець, як палаў самалёт, як дагаралі людзі, аднак яшчэ страшней, здаецца, было тое, як паводзілі сябе некаторыя навакольныя хутаранцы і дачнікі.
«Не магу і дагэтуль зразумець гэтага. Я ўбачыў матак з малымі дзецьмі, на руках або за ручку, як яны аглядалі жахлівыя астанкі, паадрываныя ногі, рукі, безгаловыя тулавы… Усе хадзілі навокал паразрываных целаў з павырыванымі мускуламі, растрыбушанымі жыватамі. Хадзілі, намагаліся перабіраць рэчы ахвяраў, падымалі прадметы, шукалі…»
Шафёр «хуткай дапамогі»:
«Мы толькі што знайшлі раменьчык ад гадзінніка, а гадзінніка ўжо няма. Мы бачылі рэшткі жаночай рукі з паздыманымі пярсцёнкамі. Засталіся толькі сярэбраныя, расціснутыя так, што іх не ўдалося зняць. Мы бачылі таксама сумачку ад касметыкі, раскрытую, пустую…»