Выбраныя творы
Выбраныя творы читать книгу онлайн
У аднатомнік увайшлі найбольш значныя творы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля розных жанраў — аповесці, апавяданні, мініяцюры, эсэ, напісаныя за паўстагоддзе літаратурнай дзейнасці.
Гэта — дзесяты том «Беларускага кнігазбору».
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
У снежні сорак сёмага года мы ўтрох, Вялюгін, Кірэенка і я, ехалі ў Таджыкістан. У міжнародным вагоне з двухмеснымі купэ. Вагон быў пуставаты, дарога далёкая, пажылы праваднік гаваркі. Любіў ён пасядзець у нас, расказаць сёе-тое са сваёй бывальшчыны.
Хоць бы такое, што вось у адным з папярэдніх рэйсаў у гэтым вагоне ехаў архіерэй. Спачатку адзін у купэ, а потым (на станцыі, назвы якое я не запомніў) зайшоў у вагон ваенны. Маёр, Герой Савецкага Саюза. Адчыніў дзверы свайго, па білеце, купэ, зірнуў і раскрычаўся: «Што — з папом? Забраць адгэтуль папа!..»
— Скандал, вы разумееце. А месцаў свабодных больш няма. І ўгаварыць яго аніяк не ўдаецца. Гэта ўжо і начальнік поезда прыйшоў. Маёр скандаліць на калідоры — і ўсё. А каб яго, вы разумееце, супакоіць або ссадзіць, патрэбен не толькі старшы па званні, але таксама Герой…
Начальнік поезда на бліжэйшай станцыі пазваніў «па пуці следавання» ў Сызрань (гэта я добра запомніў), там у вагон зайшоў генерал-маёр, Герой. Далей расказ — на сумленні правадніка. Генерал-маёр зняў з маёра Зорку Героя, зняў пагоны і аформіў пратакол. Тады папрасіў архіерэя падпісаць тую паперу. Рэшту перадаю даслоўна, як дагэтуль помніцца:
— Архіерэй дастаў сваю ручку з залатым пяром, распісаўся акуратна, ручку склаў і сказаў:
«Дураков учить надо».
Тысячагоддзе хрышчэння Русі. Па тэлевізары столькі сівых і цёмных бародаў, белых і чорных клабукоў, столькі сустрэч на высокім і вышэйшым узроўні, сугучна з датай і часам, столькі дастойных паводзін, мудрых прамоў…
І ўспамінаецца тое пяро, тыя тры словы.
Часопіс «Literatura na swiесіе» ў лютаўскім нумары за 1991 год надрукаваў такі расейскі дакумент:
«Каштарыс экзекуцыі Івана Каляева ў Шлісельбургскай крэпасці, складзены катам Філіпавым:
„Пераезд (у абодва бакі) — 6 рублёў, вяроўка і дадаткі — 2 рублі, пабудова вісельні — 10 рублёў, медык для сцвярджэння смерці — 4 рублі, ганарар папу — 2 рублі, выкапанне і засыпанне магілы — 5 рублёў, нагляд за рабочымі — 8 рублёў, памочнікі (два) — 14 рублёў, кат — 25 рублёў. Усяго — 76 рублёў“».
Пакуль царква была дзяржаўна пакрыўджаная, перш за ўсё думалася пра гэтую несправядлівасць. Цяпер, калі яна так прыкметна набірае ўладную сілу, — трэба для раўнавагі нешта прыгадваць, адно з адным параўноўваць.
Хоць бы тое, напрыклад, што я дазволіў сабе ў тым дакуменце падкрэсліць…
«Каб я быў расейцам, дык і не лез бы нікуды з Расеі, з вялікай расейскай літаратуры: хапіла б мне і свайго».
Пасля надрукавання гэтага ў цыкле волжскіх запісаў у «Новом мире» Броўка перадаў мне пісьмо чытача, адрасаванае яму, хоць ужо і не старшыні Саюза пісьменнікаў. Нейкі масквіч, пенсіянер, абурыўся гэтым «не лез бы», крыў мяне велікарускім інтэрнацыяналізмам, рэвалюцыйнай місіяй, а ў заключэнне патрабаваў абмеркаваць публікацыю, асудзіць аўтара і — галоўнае — «о результатах обсуждения сообщить по адресу», які акуратна паведамляўся.
Праўда, потым, для кнігі я тое «лез» замяніў на «ішоў».
Пачатак восемдзесят чацвёртага года, андропаўская абарона расейскай мовы.
Абурана гаворыцца пра тое, што ў Ерэванскім універсітэце таму, хто пойдзе не на сваё, а на расейскае аддзяленне філалогіі, прапануецца на пятнаццаць рублёў большая стыпендыя.
— Яны на гэта не бяруцца. Чаму ж, кажуць, не трыццаць срэбранікаў, а толькі палавіна?
Гаворка пра гэта ідзе ў беларускай сям'і. Бацькі разумеюць госця-расказчыка, а іхні сын, эканаміст з вышэйшай адукацыяй, разважае інакш:
— Армяне — яны жывуць лепш за нас, ім можна і адмаўляцца.
На каго крыўдаваць?
У Варшаву я ехаў у двухмесным купэ з маладым энергічным армянінам.
— Як — вы адмаўляецеся ад армянскага каньяку?! — ледзь не абурыўся ён, калі я падзякаваў за такую зранку прапанову. Але і пахваліўся, што ў Ерэване толькі адзін выцвярэзнік, у які за год трапіў толькі адзін чалавек, вядома ж, не армянін. Як гэта часта бывае ў гутарцы з армянамі, даволі хутка дайшло да турэцкай разні ў 1915 годзе, да нянавісці — іхняй да туркаў.
— У нас гэта — на мільярд гадоў!..
І слухаць не хоча, што мардаванне нашых дзяцей гітлераўцамі — тое самае па жахлівасці.
— Як, дарагі мой, не тое самае? Узяць наша, беларускае, расейскае, жыдоўскае дзіця за ножкі і галоўкаю аб сцяну — гэта не тое самае, што з армянскім?..
Адукаваныя чорныя вочы гараць.
— Гэта зусім не тое! У вас была вайна, а ў нас — вы разумееце — у нас генацыд!..
Стомлены яго патрыятызмам, я памаўчаў даўжэй. А потым, спакайнейшы, нават нібы з гумарам сказаў, што вось калісьці прыйдзе час, людзі паразумнеюць, усе народы памірацца паміж сабой, ну, а тады ўжо звернуцца да армян, каб і яны памірыліся з туркамі.
— Як па-вашаму?
— Можа, тады падумаем.
Як быццам і ўсміхнуўся. Ці не ад ветлівасці толькі схіліўшыся на кампраміс.
І захацелася хутчэй да месца прызначэння.
Нешта ў пачатку пяцьдзесят восьмага года, на пісьменніцкім пленуме, Кандрат Крапіва гаварыў пра лёс нашых сатырыкаў. Ён яму нагадвае тых лекараў, якіх даўней, у змрочным сярэдневякоўі, калі пачыналася якая эпідэмія, натоўп раз'ятрана мардаваў, бо лічылася, што гэта ад іх, ад медыкаў, чума ці іншая халера…
Гэта не трапіла ні ў друк, ні ў стэнаграму. Не надрукавана і яго выступленне на рэспубліканскім з'ездзе настаўнікаў у жніўні шасцідзесятага. Не надрукавалі поўнасцю, абкарнаўшы да бяззубага стандарту. А на другі дзень, на вячэрнім пасяджэнні таго з'езда, дзве знаёмыя камсамольскія кар'ерыстачкі, седзячы ў прэзідыуме абапал мяне, шэптам, уперабіўку расказвалі мне, што было ўчора, калі я не быў, абураліся паводзінамі «гэтага дзіўнага Крапівы», якому трэба было б «усыпаць», і як быццам нехта ўжо «ўсыпаў» за тое, што ён — падумаць толькі! — заклікаў любіць і ахоўваць беларускую мову. Сказаў нават, што ў настаўнікаў, як і ў пісьменнікаў, гэта — святы абавязак!..
Успомніўся бальнічны супалатнік, былы міністр, перад тым старшыня аблвыканкома, а калі раскручваць яго біяграфію да самага заходнебеларускага юнацтва — вясковы хлопец, якому здорава пашанцавала. Хочучы ўцягнуць мяне ў дыскусію па нацыянальным пытанні, ён успомніў выступленне Коласа на чэрвеньскім пленуме 1953 года, на якім дзядзька Якуб гаварыў пра родную мову. Былы начальнік, яшчэ ўсё энергічны пенсіянер, недаўмяваў: «Почему, говорит, дорожные знаки, где в какую деревню поворот, написаны не по-беларусски? А тебе что — по-русски непонятно?!»
Згадаў я тое гарачае недаўменне, чытаючы «Далекий гул» Ржэўскай, тыя старонкі, дзе яна ў паходзе на Берлін чула ад палякаў, якую асвету дазвалялі ім гітлераўцы. Тое самае, што і нам, беларусам, як і ўсім славянам, рыхтавалася па плане «Ост». Лічыць ледзь не на пальцах, распазнаваць дарожныя знакі… Абы было «понятно»…
Іду з малымі ўнукамі па алеі дзіцячага парку. Перад намі два незнаёмыя хлопчыкі. Адзін кажа, што ўвосень ён пойдзе ў школу, будзе там вывучаць англійскую мову. Другі таксама пойдзе ў першы клас. Ён кажа — вядома ж, з пэўнай зухаватасцю, каб выйшла яшчэ лепш:
— А я буду изучать белорусский язык. А как вырасту — поеду в Белоруссию. У них там всегда тепло, они там все черные.
Такога не прыдумаеш.
Адна пацеха, што гэта было пазалетась…
Беларус Быкаў напісаў таленавітую аповесць «Сотнікаў», украінка Шапіцька паставіла па ёй таленавіты фільм «Восхожденне». І разам у іх — пра веліч расейскай душы галоўнага героя…
І сапраўды па-евангельску: у каго няма, у таго аднімецца, а ў каго ёсць, таму яшчэ і дадасца. Ад беднасці яно, нашай і ўкраінскай, ці ад лішняга багацця?
І робіцца гэта на нашых вачах.
А што ж рабілася вякамі!..
Будзь ты пісьменнікам нарвежскім, ад чатырох з нечым мільёнаў, ці нават ісландскім, ад некалькіх сот тысяч суайчыннікаў — цябе ў правінцыялізме не папракнуць.