-->

Завеi, снежань

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Завеi, снежань, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Завеi, снежань
Название: Завеi, снежань
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 368
Читать онлайн

Завеi, снежань читать книгу онлайн

Завеi, снежань - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Думай не думай, адна трасца! — перабіў яе нечы безнадзейны басок: відаць, Гечыхі.

— Паламалася ўсё! Сам чорт не разбярэ!..

— Няма чаго папраўляць!..

— Не збівай хоць ты, Параска!

— Я хіба кажу, што гэта лёгка… Баліць, кажу, і мне… Трудна гэта… Я кажу, што не трэба гарачыцца… Падумаць цвяроза трэба…

Яна гаварыла і цяпер са шчырасцю і спагадай, з вопытнай дасведчанасцю, але яе ўжо, як і Міканора, не раз перабівалі, слухалі нязгодна. Спрачаліся, праўда, мякка — стрымлівалі, відаць, даўняя пашана да Параскі і яе спачувальная далікатнасць. Усё ж яна, хоць і хавала гэта, было відаць Ганне, трымалася няўпэўнена, бянтэжылася. Збівалася ў гаворцы, нялёгка знаходзіла доказы. Яна, заўсёды такая знаходлівая, хуткая…

4

Апейку сустрэлі насцярожанай увагай. Ён жа падняўся ленавата, з нейкай нядбайнасцю хіліў галаву. Ва ўсёй постаці была дзіўная расслабленасць.

— Была ў нас калісьці гісторыя… — мірна, паблажліва загаварыў ён. Загаварыў так, быццам вагаўся: гаварыць ці не гаварыць. — Я быў тады смаркачом. Чужыя агароды правяраў… Пажаніліся ў нас хлопец з дзеўкай. Ён быў наш, праз дзве хаты жыў, Іван, канешне, зваўся. А дзеўка з-за ракі, з Барбарова. Алена… — Ён пальцам будзённа пачасаў макаўку. Успомнілася — от і гаворыць. Вочы глядзелі на яго збольшага спакайней. Дзе-нідзе — з цікаўнасцю. — Дзеўка — як дзеўка. І хлопец — як хлопец… Але от пабраліся, аддзялілі іх. Хатку сваяцтва скляпала. Сталі жыць сабе. Самі па сабе… Не ўломкі, старацельны хлопец ён. І яна — як тая мурашка. З рання да вечара — у полі, у хляве. Шчыруюць абое… Не ўломкі… А от што выйшла… Пасеялі. Нізінка ў іх была. Дак вясной усё вымакла. Сена накасілі. Дождж. Пагніло… Зімой у нас каля ракі — ночы вялікія. І лучыны мало. Дак — дзело маладое — летам яна ўжо раджаць гатова. А часу няма. Усё — на бягу. На бягу, у разоры, і радзіла!.. Мёртвае!.. Як наканаваў хто — то адно, то другое. Як напасць якая! Не там — дык тут!.. Праўда, калі разабрацца, дык і самі там-тут вінаватыя. Маладыя, нявопытныя… Яно, можа б, і нічога ўсё — мала ў каго не бывае! Толькі ж яны да ўсяго папаліся і гарачыя. Як от некаторыя ў нас, у Глінішчах! — падчапіў раптам Апейка. Барыс засмяяўся. Засмяялася яшчэ некалькі з тых, што глядзелі насустрач. — Яна — што не так — на яго, ён — на яе. Такая-сякая! А часам і з кулакамі!.. Яна вартая была яго. Ён ёй слова, яна — два! Век на іх двары гвалт! Як на юравіцкім базары ў нядзелю! — Зноў пайшоў смяшок. Апейка ж будзённа павёў далей: — Чубіліся, чубіліся. Не вытрывала яна. Уцякла! Чалавек яе спачатку: ну, няхай! Можа, і на лепшае! А потым — жаль узяў. Ды і гонар мужчынскі, мабыць, загаварыў!.. Адно — калі ты кідаеш, а калі цябе — ето саўсім другое!

— Аге! — чула адгукнулася некалькі галасоў. Найбольш — жанкі.

— Зашчымела ў Іванавым сэрцы! — паспачуваў Апейка. — А тут — матка і бацько з угаворамі. «Дзе ето відано такое! Пазаві!..» Угаварылі. Селі на паром — і цераз раку. Што там было — не чуў. Не скажу. А толькі — прывозяць яе… Ва-ажная прыехала!.. А ўсё-такі ўжэ не крычыць! А пра яго і казаць не трэба: цішэй вады. Абыходлівы — не пазнаць! Людзям ужэ нудна стало — спектакля няма!.. Зімой ён — на заработкі ў лес. Вясной добра ўгнаіў, пасеяў у пару. Лета ўдалае. Добра выспела ўсё. Да збожжа — сена добрае… Парадак стаў. Даўно ето было, — задумаўся, пастражэў голас Апейкі. — Як я яшчэ цялят не ганяў. Даўно ўжэ абое пастарэлі. А жывуць усё разам. Жывуць — не горай, як людзі… Усяляк, праўда, і цяпер часам бывае: загаворыць раптам гарачая кроў. А не чубяцца, як было. І не кідаюцца ў розныя бакі. Ведаюць: жыццё пражыць — усяго пабачыць. Не трэба адразу — у адчай!.. — Не разабраць было спачатку: ці то разважаў проста, ці раіў. — Усякая гаспадарка цяжка зладжваецца. Не адразу — бывае — усё складна выходзіць. Трэба часам прыцерціся, як кажуць. Ето — што да сям'і, да двух чалавек. А што казаць ужэ пра вялікую гаспадарку. Пра калектыў.

Ён памаўчаў. Як бы даваў падумаць пра тое, што сказаў, ці збіраўся з думкамі.

— От тут я і хацеў бы сказаць, што думаю пра ваш калгас… — Ён гаварыў па-ранейшаму будзённа, але ўжо вельмі сур'ёзна, значна. — Вы можаце сказаць, што — позна. Аднак, я думаю, агледзецца з толкам не позна ніколі. Трэба разабрацца, высветліць усё. Трэба выясніць: што ж такое здарылася? У чым прычына, што так здарылася?.. Я згодзен з тым, што сказаў таварыш Гайліс пра ўраджай і пра дысцыпліну. Я лічу, што таварыш Гайліс асабліва правільна сказаў: вялікая віна ва ўсім кіраўніцтва. У тым ліку і наша віна — што не паправілі ў час, не папярэдзілі… Мы з гэтай няўдачы зробім вывады. Мы паправім памылкі. — Ён павёў вачыма па ўсіх, хто быў у прэзідыуме, як бы паказваючы: тое, пра што ён гаворыць, усе гатовы ўзяць на сябе. Чарнаштан глядзеў спадылба на стол, выгляд быў такі, як бы яго гняла гэта віна найбольш. Як на судзе падсудны. Гайліс таксама, здавалася, гатоў быў узяць сваю частку віны. Башлыкоў, падобна, віны за сабой не бачыў. Апейка нібы не заўважыў гэтага, кіўнуў у залу: от прызнаём сваю віну. — Але і вы павінны прызнаць свае! — Ён, аднак, не стаў ушчуваць надта: нашто перабіраць тое, што было, яно і так добра вядома. Вінаваты ўсе. Лепш падумаць разам, як зрабіць, каб не было такога. — От я і хацеў бы даць парады на будучае… Што трэба ўлічыць вам на будучае?.. Першае, — раіў ён па-сяброўску, — не карміць болей гультаёў і трутняў! Карміць толькі тых, хто дае карысць. Па долі той карысці, якую кожны дае. Хто больш — таму больш, хто менш — таму менш. А таму, хто бокі абіваў, — дулю!.. — Неспакойны гул ухваліў яго. — Трэба паставіць добры ўлік. Усё лічыць: працу, прыбытак, палучку. Кожную капейку, кожны грам — на ўлік. Усім, у каго рукі лішне доўгія, — па руках… Адным словам — кантроль ва ўсім. Строгі кантроль. Калі не ўстановіце кантроль — усё прападзе. Ніякага дабра не хопіць!..

«От хітры, — падумала Ганна. — Гаворыць так, нібы яны яшчэ ў калгасе! Па-калгаснаму настрайвае!..» Заўважыла: прамова Апейкі растрывожыла людзей, ішоў гоман, чуліся воклічы, але воклічы былі нейкія дзелавітыя: папракалі — кармілі трутняў, разбазарвалі дабро!..

— Хто рабіў, хто не рабіў — усё адно! Кожнаму палачка!

— Хто ўрваў, той і спажыў!..

— Якая тут ахвота — старацца! Карак гнуць!..

— Усё ветрам пайшло!..

Калі Барыс устаў, гоман, воклічы пачалі хутка спадаць. Ён дачакаўся поўнай цішыні, важна, як асаблівую падзею, аб'явіў:

— А зараз выступіць сакратар райкома таварыш Башлыкоў!

5

Вочы ўсіх — мноства вачэй — глядзелі толькі на яго. Перасталі дыміць у калідоры, падступілі да дзвярэй. Сціснуліся так, што нельга было варухнуцца. Ганне сцінала дыханне.

Бачачы, як глядзяць на яго, як чакаюць, што ён скажа, разумеючы, як цяжка будзе яму разбіць насцярожанасць, Ганна раптам пачала хвалявацца за яго. Яе не супакойвала тое, што ён, адзначыла сабе, трымаўся спакойна, упэўнена.

І тон, і выгляд яго паказвалі, што тое, аб чым ён павінен будзе сказаць, вельмі сур'ёзнае і нядобрае і паставіцца да ўсяго гэтага трэба належна сурова.

Ён пачаў з міжнароднага становішча. Галоўная асаблівасць міжнароднага становішча СССР, сказаў ён, у тым, што Савецкі Саюз — адзіная рабоча-сялянская дзяржава — з усіх бакоў акружаны капіталістычнымі дзяржавамі, якія вядуць раз'юшаную барацьбу з намі. З той жа строгасцю на твары, з жорсткімі складкамі каля рота Башлыкоў стаў гнеўна расказваць пра разнастайныя злосныя ўчынкі і шкодніцтвы, якія арганізоўваюць капіталістычныя дзяржавы і іх паслугачы для таго, каб сарваць будаўніцтва сацыялізма ў СССР і, нарэшце, знішчыць Савецкі Саюз. Адабраць заводы ад рабочых, ад сялян — зямлю. У сваёй звярынай нянавісці да Савецкага Саюза, бачачы, што Савецкі Саюз не толькі не гіне, а ўсё ўзмацняецца, яны ўпарта выношваюць планы крывавай вайны супраць нас. І тон, якім усё гаварылася, і тое, што малявалася за словамі, асабліва пагрознае — адбяруць зямлю, пойдуць вайной, прынясуць знішчэнне, смерць, — гэта моцна падзейнічала на ўсіх, хто слухаў. Цішыня была важкая, трывожная.

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 54 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название