Каханы горад (на белорусском языке)
Каханы горад (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Юрка ськiнуў, яе, не разглядаючыся больш i не чакаючы на вынiкi, ды ўзяў кiрунак адтуль. Скончыць iз Гадэнкам, асаблiва пасьля ягонае рэплiкi, здавалася яму цяпер асаблiва безадкладнай патрэбаю. Дый наагул, досыць гуляць, пара рабiць справу...
Ён пачаў спушчаць рэштку бомбаў абы-як, "на маны", пiльна сочачы ў люстэрка перад сабою захоўваньне свайго штурмана. А той - якраз добра! прыгнуўшыся, сам сачыў кiрунак бомбаў i выбухi. Юркава рука ўжо моцна сьцiскала ў кiшэнi сьцюдзёную сталь рэвальвэру. Круткi паварот назад - i проста ў цемя, раз-по-раз... Раськiрэчыўся нiцма, як-бы адбiваючы земны паклон. Гатоў - гэта ня бомбай у крыжык...
Зьнiзу, пад самым самалётам, якi ўсё яшчэ йшоў вельмi нiзка, кэрхнулi залпам гарматы. "Разьвiтальны салют па бясцэнным таварышу Гадэнку. Паў, не, раськiрэчыўся гэройскай сьмерцяй. Дадзём i мы ад сябе", удаючы ўрачысты тон савецкiх мiтынговых прамоўцаў, праказаў Юрка ўголас, хоць за гудам матору сам сябе й не рашчуў, ды ськiнуў рэштку бомбаў, што яшчэ засталiся. Але раптам зрабiлася зноў крыху нядобра, так, як там, над царквою... Як-бы з гэтым Гадэнкам адарвалася ў сярэдзiне нешта, ды адарвалася ня так, каб аблегчыць, як гэтыя во бомбы, лятучы далоў, а каб наадварот - прыцiснуць, прыгнесьцi да зямлi. Гадэнка - гад, а ўсё-ж - чалавек. "У постацi чалавека". Гэта - "постаць чалавека", гэтая - раськiрэчана-распластаная? Усё-ж - Юрка сяньня забiў чалавека. Ды цi аднаго ўжо забiў за сваю лятунскую службу, хоць-бы сабе мо й сягоньня? Але каб так проста - з рукi - у галаву...
Юрка глядзеў на сваю ахвяру, i было нек i цяжка, i гадка, i вусьцiшна, i мо крыху навет - шкада... Самалёт хiстанула на бок, i Юрка кiнуўся да стырна. Але-ж, за гэтай дурной псыхалёгiяй гатоў i кiраваньне згубiць, i галавой налажыць сам. Ды яму лёгка ўдалося выправiць машыну, i ён пачаў зноў набiраць вышыню. Азiрнуўся яшчэ раз на Гадэнку. Ськiнуць хiба далоў? Не, хай ляцiць iз самалётам - сваёй дамавiнай. Ськiдацца пара самому. Парашут - у парадку. Курс самалёту - насьлепа, вышэй i - на захад, як далей ад "дому".
Юрка зарыентаваўся ў мясцовасьцi. Ад свайго "раёну" ён адляцеўся ладна. На паўдня. Якраз добра - скочыць тут дзе ў лясок, i - блiжэй да Веры, баржджэй дойдзецца...
Паветра рванула ў вадчынены люк. Пераймай, зямля, бывай, паветра! Юрка Галушка апошняй сяньня "галушкай" вытрасаецца на зямлю.
Жывая ячшэ сэрцам матору машына зь няжывым пасажырам паляцела далей няведамаю дарогай да няведамага канца.
VIII
Прыземлiўся, як казалi ў iх, "на зэкс" - акурат пры дарозе, у мокрай ад ночнае расы прыдорожнай траве. Паабапал цёмнымi сьценкамi бег, прысядаючы, нягусты, здаецца, лясок. Дзе-ж бы гэта? Усёдна, пакуль не разьвiдняе - не зарыентуешся. Пераседзець тымчасам у ляску зь беражку.
Вызвалiўшыся ад парашуту, Юрка адчуў як-бы вызваленьне ад усяго, што засталося там. Мiльганулi яшчэ ў памяцi Вiктар, Валiк, "Макрыца", раськiрэчаны сьмерцяй зь ягонай рукi Гадэнка, ды цяпер ужо не кранала нiчога, - хай прамiльгаюць i застаюцца там, не вяртаючыся нiколi навет i ў думках. Думкi цяпер - наперад, да Веры, да блiзкой сустрэчы. Як гэта будзе? Сказаць ёй адразу?
Ды i ў гэтым кiрунку думкi штось ня йшлi, не хацелася й падганяць iх штучна, адчулася ў iх раптам нейкая ўтома, млявасьць. Дык няхай - будзе яшчэ час, а цяпер - адпачыць i ад думак, i ад усяго. Даволi было сягоньня "работы"...
Прабiраючыся ўскрайкам лесу, спаткнуўся на пянчук. Тут i прысесьцi, побач, да дрэва можна й прыхiнуцца. Добра! Можна было-б i прымгнуць, задрымаць хоць крыху, ня шкодзiла-б дзеля адпачынку, дзеля сьвежасьцi...
Але сон, як i думкi, ня йшоў. Няхай i так! Усё-ж было добра, i гэтае "добра" абапiралася можа на адным адчуваньнi: на зямлi, на "гэтым" баку, недалёка ад мэты. Так iз гэтым, цi на гэтым i праседзелася нейкi час, заўсёды ў такiх разох, бязь меры - нядоўга й некаротка, як у тых казках. Толькi крыха-па-крысе пачынаў прабiраць начавы халадок. Гэтыя ночы, хоць ужо й перад саменькiм летам, бываюць-ткi залкаватыя. I гэта-ж у лесе, а што, каб на полi? Падацца хiба крышку яшчэ больш у лес, павiнна быць зацiшней.
Юрка ўстаў iз свайго пянчука i пачаў прабiрацца далей у лес, пасьвечваючы сабе прадбачлiва ўзятым iз сабой кiшэнным лiхтарыкам. Пад нагамi пачынала крыху мякчэць i макрэць - каб ня ўбiцца ў якое балота? Ён зьмянiў кiрунак, узяўшы крыху ўбок наўскаса, як здавалася, на сушэйшае. I раптам, узьняўшы нек галаву i глянуўшы перад сабою, прыстояў. Наперадзе, праўда, далекавата яшчэ адсюль, па вяршалiнах дрэваў гулялi нейкiя слабыя водблiскi. Хiба ад ягонага лiхтарыка? Згасiў, не - тое самае. Мусiць, вогнiшча нейдзе. Дык лепш ня рыпацца далей - мала на што й на каго можна яшчэ напароцца. Сьвежы-ж яшчэ тут зусiм чалавек, хто iх ведае, што тут у iх i як, якiя парадкi...
Аднак, усё-ж брала цiкавасьць. Юрка стаяў, напружана ўслухваючыся i ўглядаючыся перад сабою. Пакрысе рашчулася - не, хiба-ж не здавалася - трэск поламя i - цi не галасы?... Эге, дык назад...
Ды цiкавасьць брала ўсё-ж сваё - падцiкацца блiжэй, падгледзець хоць. "Можна, толькi асьцярожна", - часам любiў гаварыць сабе Юрка. I кiруючыся гэтым правiлам, ён памалу пачаў прадзiрацца далей, на тое трымценьне водблiскаў. Неўзабаве ня было ўжо няпэўнасьцi - вогнiшча й галасы, здаецца, дзiцячыя. Дзецi ўначы ў лесе? Начлег? Але-ж, здаецца, скрозь лес. Вось раптам адтуль проста на Юрку затупаў нехта, неяк медзьведзявата. Юрка застыг, прытулiўшыся да дрэва. Тупат спынiўся недалёка ад яго, i пачуўся трэск - нехта ламаў, мусiць, сухастоiнку на цяпло. Ламаў доўга, вiдаць, што нейкi малы. Юрка мусiў чакаць, не варушачыся. Вось павалок па зямлi, барануючы галiнамi. Юрка памалу пачаў пасоўвацца сьледам тых гукаў. Далей трэ было ўжо падыходзiць, хаваючыся за дрэвамi. I нарэшце-ткi вачом адкрылася, як i меркаваў: невялiчкая, мусiць балацяная, палянка сярод лесу, вогнiшча ды пры iм - чатыры хлапчукi. Адзiн, зусiм малы - мусiць той, што ламаў i валок сухастоiну, падкладае ў цяпло. Другi стаiць так, i двух яшчэ, расьцягнуўшыся на зямлi, узлокцiўшыся, тварамi да цяпла. Падыйсьцi хiба няма асаблiвае небясьпекi, i цiкава, дый зарыентавацца, пэўна, памогуць. Толькi - ськiнуць хiба гэты камбiнэзон, зраджвае-ж адразу? Але "кавалерчыкам" цi ня будзе больш падазрона? Дый прадрыжышся да раньня ад холаду, хiба, што каля вогнiшча... Ды што там малых баяцца? Баржджэй якраз iх напалохаць можна.