Каханы горад (на белорусском языке)
Каханы горад (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
...А песьня гэная - якi зьдзек, хоць-бы сабе й не Жарабцоў сьпяваў. Што за чортава, пякельная гiронiя:
Каханы горад можа спаць спакойна
I роiць сны, i зелянець сярод вясны...
Хай-жа паспрабуе заснуць спакойна сяньня, хай паспрабуе сьнiць i зелянець, калi прылятуць адудзячыцца яму за ўсё родныя сыны, гадунцы, пястуны...
Каханы горад сябру усьмiхнецца...
Усьмiхнецца - вышчарбамi руiнаў, дымам пажараў...
Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...
А тады-ж, як праводзiлi iх у школу, у Веры, сьпявалi ўсе гэта за патэфонам, i не спасьцерагалася гэнага нiчога, i так хораша, слаўна ўсё было тады...
I навошта, навошта было ляцець у гэтае "лятунства"? Нiколi-ж, нiколi не ляжала да яго душа, нi да вайны... Нат малым ня любiў гуляць "у вайну", "у салдаты"...
Перш думаў - для яе, Веры. А тады, на праводзiнах, як апынiлiся нек зь ёй удваiх у садку ("зялёны сад"...), - сказала яму як-бы з дакорам: "А ты, Валiк, ты-ж чаго? Ты-ж мастак, i гэта-ж - не для цябе зусiм"... I насьмелiўся (пэўна, пачырванеў, ды цёмна было, ня вiдаць), i пачаў: "А ты-ж сама казала калiсь"... - "Бедненькi, дурненькi! I ты таксама ўзяў за праўду?" I палажыла яму руку на плячо. - "Ды дармо цяпер, запозна... Iдзi, Валiк... Трэба быць i такiм, трэба будзе й такiх"... I раптам - пацалавала моцна-моцна ў вусны... Аж цяпер, як успомнiць, узгараецца ўсё ад таго адзiнага, першага й апошняга - але, хiба й апошняга - пацалунку. А тады - ачмурэў зусiм, i як да прытомнасьцi зноў дайшоў - яна ўжо зьнiкла... Так праводзiла яго. Толькi яго аднаго, цi й тых таксама, кажнага мо паасобку? Загадка, заўсёды была й засталася загадкай яна, гэтая Вера...
Валiк устаў з ложка, адамкнуў свой куфэрак i дастаў, руплiва загорнуты ў тонкую паперу, аркушок, выдзерты калiсь iз "сшытка на маляваньне", на якiм яна. Сам маляваў алоўкам на лекцыях, i выйшла - як улiтая ўся, нездарма-ж быў Валiк - першы ў клясе мастак, i мастаком лятуцеў стацца, пакуль тыя словы... Руплiва, рыска па рысцы, наносiў на паперу тады, хаваючыся ад iншых - i ад настаўнiкаў, i ад сяброў. А яна спасьцерагла нешта й прыслала пiсульку: "Я-ж можа не абраз, што ўсё так узiраешся ў мяне"... Бо й праўда - глядзеў, ўсё глядзеў... Папрасiў прабачэньня, падзiцячаму дакляраваў, што "болей ня будзе"... Дый усё, бадай што, было ўжо гатова, i цяпер - глядзiць на яго жывая!..
...I той пагляд...
Пагляд шэрых вачэй, пiльны, пранiклы, i разам iз тым - жывы, зь iскрачкамi, агенчыкамi дзесь у глыбi. I пагляд - загадка... Пасярод галавы прадзел, ад яго iмкнуцца цёмна-русыя валасы ў дзьве даўгiя касы за плячыма. I вусны - тыя вусны... Раз - толькi раз - апалiлi яго, i тое - мо сьнiлася хiба... А як усьмiхнецца - агенчыкi ў вачох выб'юцца, выкрасяцца наўзьверх, i за вуснамi - буйныя, белыя зубы-пэрлы, i на шчоках - дзьве ямiнкi, тут... "I той пагляд", i той пагляд... Хай-бы сказаў цяпер, наўчыў, што рабiць, што рабiць? Не, маўчыць i пагляд, i пагляд - усё тая-ж загадка, той-жа сфiнкс, "Джыякондава загадка"...
Валiк схаваў партрэт свайго рысунку за ўлоньне - мусiць быць сягоньня зь iм - кiнуўся нiцма на ложак, на яго... Што рабiць, што рабiць? Хацелася плакаць, наўзрыг, заходзiцца ад плачу... Ды сьлёзаў ня было, хоць, здаецца, так нядаўна яшчэ плакаў употай ад iншых... А цяпер - ужо сталасьць, i сьлёзаў няма, i далёка маленства адзадзя... А й сталасьцi тэй - таксама няма, каб стала разважыць, няма, як i дзiцячых сьлёзаў... Няма, нiчога няма, i ўсё, што будзе - адно нiчога...
Ён перакiнуўся зноў наўзнак, i зноў трапiў зрок на кавалачак тае нябёснае сiнi - "вакенца ў неба".
Сiнь сьцямнела яшчэ, i цёмна рабiлася ўжо навакол, а яшчэ цямней - у душы, у думках...
Толькi адзiн Вiктар рыхтаваўся да "апэрацыi" стала, сыстэматычна й мэтадычна, як прапiсана ўсiмi статутамi й "слаўнымi" традыцыямi. Ён "глынуў" незамала й незашмат, у меру, не п'янюга-ж якi. Ён пачуваў усё нутраное здавальненьне ад таго, як "удружыў" Валiку... "Валiку прывiтаньне", - сказала яна, як бачылiся апошнi раз, на тым баку. Пэўна-ж, ён не перадаў i дасюль, бо так даткнула балюча... Але-ж, будзеш мець цяпер ад яго прывiтаньне... Ды не, не дапусьцiцца Валiк, каб як хоць блiзка што ўпала - Вiктар сказаў гэтак Юрку, i цяпер зусiм пэўны ў гэтым. I наагул, можа "здрэйфiць", баючыся, каб Веры не закрануць, можа падсадзiць сябе сам, а цяпер-жа - вайна, раз-два - i "выбыў iз строю"... Застанецца адзiн Юрка, а той - ужо пэўна, не цяпер, дык у чацьвер, за нешта ды зачэпiцца. Вось i сяньня з гэтай хустачкай каля яго - камiсар-жа бачыў, пры выпадку не забудзецца прыплюсаваць да iншых штукаў. Тады - тады некалi будзе перамога, i ён - Вiктар - што значыць: "пераможац"...
Праўда, адно крыху пякло Вiктара часам. За колькi дзён перад вайной яго выклiкалi былi тэлеграмай дадому - цяжка зьлегла мацi. Там залавiла вайна, i такi нечаканы маланкавасьцяй сваёй гiтлераўскi наступ... Уцякаючы з гораду ад бомбаў, апынiўся ўсё-ж на нямецкiм баку. I там, на сяле, спаткаўся тады зь Верай, таксама "ўцякачкай". Першым рухам было - застацца цяпер пры ёй - балазе якраз адзiн... А Вера станоўка наважыла заставацца пад Немцамi. I прызналася навет раптам, што тады, як прыйшла вучыцца ў iхную школу - яны з маткаю прыехалi ў гэты горад, бо бацьку - расстралялi... Дык хiба ўцякаць ёй далей, з тымi забойцамi бацькi? Ды як Вiктар сказаў, што й ён застанецца мо тут запярэчыла катэгарычна: "Не, табе трэба туды, як баржджэй туды, тут табе няма й ня будзе чаго рабiць". Тады ня прызнаўся й ён, як нiкому не прызнаваўся (а ёй - ужо хацеў быў) - што й ягоны бацька - не "бязь вестак загiнуў", як казалася ўсiм, а таксама, тэй самай дарогай, што ў яе, толькi куды раней, на самым пачатку...
I тады - пайшоў зараз-жа, ня турбуючыся больш аб матцы, цяжка хворай ды такiм часам... Разыйшлiся зь Верай ў розныя бакi - яна вярталася ў горад, i ён таксама вяртаўся - у авiяшколу, у Маскву. Ды зыйдуцца некалi зноў, вернуцца зноў адно да аднаго...
I дабраўся-ткi да школы. I добра, што пайшоў, што дабраўся - праўда, тут, толькi тут ягонае месца, толькi адсюль прыйдзе змалку жаданая, чаканая слава...
"Ардэнок - як прышпiлены", - успомнiлася, як сяньня шапнуў камiсар.
Але ад тых усiх успамiнаў было ўсё-ж i неяк мулка. Бацьку свайго Вiктар памятаў мала, дый баяўся ўспамiнаць, баяўся, каб ня выплыла нек, каб не даведалiся, каб не... I часам бадай - ненавiдзеў. Ненавiдзеў за тое, што празь нешта, што бацька зрабiў цi не зрабiў, ён, Вiктар, мусiць цяпер усьцяж калацiцца ад страху быць выкрытым, злоўленым на "схаваньнi соцпаходжаньня", ды яшчэ - "ад контррэвалюцыйнага элемэнту"...