Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Цётачка, давайце будзем тапіцца.
Там рэчачка невялічкая была. А мая маці кажа:
— Дзеткі, будзем прасіцца, а можа, як адпросімся. Немец выстраліў па нас і вярнуўся. А тады ж ужо з пулямёта як сталі страляць па нас!
Мяне ранілі былі. Ну, і мы паляцелі ў балота…
Хлопцы яшчэ былі малыя. I рэчка невялічкая была — цяпер яе ўжо зусім няма».
У Студзёнцы Быхаўскага раёна — акружылі раненька, праехалі па вёсцы на машынах, нават з гарматамі, да паўдня пабылі каля ветрака наводшыбе, а тады ўжо строем пайшлі па вуліцы. Па два, па тры адлучаліся ад калоны, ішлі ў двары.
— Заходзьу хату! Лажыся!..
Забіўшы паўтысячы жыхароў Студзёнкі, пераехалі ў суседні пасёлачак Студзянец. Пакуль мылі каля студні рукі, садзіліся піць-есці, працавала авіяцыя: Студзёнку палілі з самалётаў, якім карнікі перад гэтым далі сігнал з гарматы.
Карнікі, вядома, маглі і самі запаліць, як звычайна і рабілася. Але захацелася вось так. Праверыць, што больш эфектыўна. Ды і псіхалагічны момант — паказаць тэхніку, моц. Паказалі і вярнуліся ў Студзёнку, дапальваць тое, што ад авіятэхнікі не згарэла.
* * *
У Быхаўскім раёне ёсць вялікая вёска з прыгожай назвай — Красніца. Мы туды прыехалі ў сонечны ліпеньскі дзень 1972 года — праз трыццаць год пасля таго, як вёску гэтую забілі. Красніца жыве, як жыве сёння і Хірасіма. Але жыве і памяць — аб уласнай смерці памяць. I дзень той для ацалелых жыхароў Красніцы — успышка жудасці, пакуты, перад якімі астатнія месяцы і гады ваеннага ліхалецця нават губляюцца. «Да» і «пасля», а над усім — той ліпеньскі дзень 1942 года.
«…Яны ішлі цераз дзярэўню, не трогалі нікаго. З таго вунь канца цераз кладбішча. Толькі адзін пабег уцякаць, дык яго ўлавілі:
— Ты парцізан?
— Не.
Ну, яго і пусцілі. З такой паліцікай, каб ета ўспакоіць людзей было. Да. Ну, заселі яны. З'ездзілі яшчэ ў Быхаў узнаць, каторую Красніцу — Первую ці Утарую — біць. У Быхаве ўтачнілі, прыязджаюць, ацапілі ўсю дзярэўню. З вінтоўкамі, з кулямётамі ўстанавілі немцаў. А ў дзярэўні былі і паліцаі. Бо калі заганялі ў хату, дык яны па-руску:
— Ану, у хату захадзіце!
Ну што, нездагадлівы народ быў. Ідуць, і ўсё. Пытанне: — А яшчэ не было блізка такіх выпадкаў, каб забівалі?
— Раньша не было яшчэ. Да гэтага дажа не слышна было.
Да. I сталі ў хаты заганяць. Заганяюць і далей ідуць, а ўслед ужо запальвалі. Хаты гэтыя з народам. Гараць хаты. I з лугу людзі ідуць, сена вязуць, а немцы смяюцца гэтыя, каторыя там ахраняюць, часавыя гэтыя. Смяюцца толькі, што самі ідуць на гібель. А людзі ж не знаюць. Адзін з адным гавораць, што «гэта з парцізанамі б'юцца, давай быстрэй уцякаць, а то будзе і тута…» А калі немцы толькі прыехалі, камендант аб'ясніў, каб на полі ні ската, ні саміх, нікаго штоб не было. Ні ў лясу, ні на полі. Таму што з парцізанамі будзе бой і будуць усіх убіваць. А ў дзярэўні не будуць трогаць. Ну, усе і кідаліся ў дзярэўню.
Бягуць, бягуць і бягуць. А таго не знаюць, што яны бягуць, а іх — у хаты заганяюць, б'юць. Да. I палюць. Вот і ўсё.
Пытанне: — Ну, а вы? Вас таксама?
— Нас шэсць чалавек ішло з косамі. Ну, і іх ішло восем.
— Кідайце цераз забор косы, — загадваюць.
Ну, мы і бросілі. Як бы на цяперашні розум, дык развярнуў бы гэтай касой — не справіўся б мяне застрэліць, як яму галаву ссек бы касой. Дурныя, можна сказаць, былі. Вот і ўсё. Не вучаныя. Не здагадваліся, што гэта робіцца.
Пытанне: — Аяк яны адзеты былі?
— У форме. Ага. Ну, дык мы ідзём з луга, а часавыя смяюцца. А чаго яны смяюцца, мы ж не знаем. Сустракаем па вуліцы гэтых, каторыя заганяюць і б'юць. Гавораць:
— Стоп! Назад заварачвайце! Брасайце косы цераз забор.
Ну, і бросілі. А тут гарыць. Пытанне: — А крыкі людзей чуваць?
— Не чуць нічога. Нічаго не чуць, а толькі стральба і ў гэтым канцы гарыць. Да. Ну, нас завярнулі і кажуць:
— Захадзіце ў гэту хату.
Мы заходзім у хату гэтую, а тут поўна ўжо загната. Людзей. I зразу ж гранату нам сюды — шарах! Граната ўзарвалася. Крык! Закрычаць — утарая! Трэцяя! Ну, кагда трэцяя, тагда ўжо ўсё. I замоўклі.
Пытанне: — А вы як у гэты момант?
— Я замеціў, што ён у дзвярах чаку з гранаты вынімае — я ж быў на вайне ўжо. Я ж у Фінляндыі быў на вайне, дык я знаю аружыя.
— Лажыцеся!.. Гранату кідае!
Я сам толькі ўспеў кінуцца, каторыя ляглі, каторыя не — ён ужо кінуў гранату. I мальчык, катораму жывот вырвала — граната перад ім узарвалася, — ён бросіўся на мяне. Яго галава на маю галаву папала. I кагда ўжо трэцюю гранату яны кінулі, узарвалася — усё, цішына стала. Дым гэты сышоў нямнога — заходзе адзін, немец ці паліцай, і правярае каждага. I з вінтоўкі дабівае. Гэтага мальчышку — ён яшчэ жывы быў — пацягнуў, ён лыпнуў вачамі, дык ён яму ўдарыў, а яго галава была вышэй маёй, і мне толькі фуражку прабіла. А самаго не затрывожыла. I з етай групы вышла нас два не ранетых, я тожа не ранеты быў, ета не раненне, што шапку прабіла, валасы выскубнула. Да, і два ранетых вышла. А ўсе пагібшыя ў гэтай групе. Там народу, можа, сорак ці пяцьдзесят чалавек было — я не магу точна сказаць.
Пытанне: — Вы доўга ляжалі?
— Не, як яны тольківышлі… Я сазнанне не губляў, я слышу: выходзіць… вышаў… пайшоў… разгавор, пайшлі на вуліцу… Да, як на вуліцу пайшлі, я падымаюсь. Кругом паглядзеў — няма нікога, усе ляжаць! Ціхонька гавару:
— Ці ёсць хто жывы? Да. Другі гавора:
— А я жывы. I другі кажа:
— Я ранеты, але жывы.
Што рабіць? Да. Давай на чардак. Мы на чардак усхваціліся. Там дыра была. Да, я наблюдаў. Яны пашлі ў адну хату. Пасля далей. Я гавару:
— Будуць паліць, усё, мы пагарым тута.
— Ды не будуць!
— Ды як не будуць, дым ідзець жа, гарыць што-та. Ну, саскочылі і — у гарод. Ячмень быў. У ячмень гэты. Да. I там поўзалі да гэтаму ячменю. А там праз лужок у жыта.
Пакуль часавы адвярнуўшысь быў. I ў лес.
Пытанне: — Аў вас сям'я была?
— Усіх пабілі. Адным словам, сродства, братніх дзяцей, сёстры і браты ў мяне, — пагібла ў тое ўрэмя ў мяне дваццаць пяць чалавек. I жану ўбілі…»
Так гэта бачыў Палікарп Мікалаевіч Шакуноў. Мы яго сустрэлі на красніцкай вуліцы, вёў каня з пашы, можа, як тады, трыццаць год назад, — мы яго спынілі, спыталіся, хто мог бы расказаць, «як білі»…
— Ёсць, засталіся людзі. Я застаўся. Адамкнулі нам клуб, і пакуль Палікарп Мікалаевіч расказваў, збіраліся яшчэ жыхары ранейшай, забітай Красніцы. Прыходзілі па аднаму. Садзіліся ўздоўж сценкі, каля акон і моўчкі слухалі тое, што бачылі, перажылі і самі.
857 чалавек тады забілі ў Красніцы…
Пётр Юр'евіч Перапечын.
«…Я быў малы. Нас было ў маці чэцвера малых. Брат дваццаць шостага года, каторы астаўся жывы, сястра трыццаць трэцяга і трыццаць сёмага — брат. Ацец умершы ў трыццаць сёмым годзе. Брат старэйшы пайшоў хавацца ў ячмень, а ў гэта ўрэмя бяжала Бабкова Марыя. Яна цяпер у Магілёве жывець. Дзяўчына. Выскачыла. Мы ў адным класе вучыліся з ёй. Бегла і крычала:
— Уцякайце, хавайцеся, б'юць усіх падрад!
Я маці стаў прасіць, гаварыць, што, значыць, пайдзём хавацца. Маці што-та, ілі расцяралась яна, ілі што:
— Нікуды, — гаворыць, — не пойдзем.
Ну, тагда я стаў прасіць, каб меншага брата ці сястру аддала, штоб мне пайсці ўдваіх. Яна не пусціла, гаворыць:
— Ідзі, еслі хочаш, адзін, раз табе нада так.
Ну, і патом, у ета ўрэмя, кагда мы… Убачылі мы ўжо, што падзвігаюцца сюды, мы на свой двор зашлі там к сараю, селі паўз забор: я самы крайні сеў. Заходзяць двое. Адзін гаварыў па-нямецку, адзін па-руску, каторы гаварыў па-нашаму — гэты з вінтоўкай. А той з пісталетам. Стаў на праходзе. Зайшоў той, каторы гаварыў па-руску, ён, канечна, дабраволец.
— Ідзіце ў хату, лажыцесь.
