Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ці ўкінуць старую, нямоглую жанчыну ў калодзеж (Пагулянка Рэчыцкага раёна), а на яе — набытак хатні, колы, бервяно…
I зноў пішуць «справаздачу» — пераможную, урачыстую, з усведамленнем, што выконваюць «місію». А як жа, яны не проста забойцы, яны служаць «ідэі», «вялікай Германіі», «фюрэру», рызыкуюць атрымаць кулю ад партызан, змагаючыся за «новы парадак»!
А зверху ідуць заахвочванні, узнагароды, адны каты ставяцца ў прыклад другім.
Асабліва прыдатным да такой працы аказаўся Оскар Дзірлевангер — яго Гітлер вылучыў чынамі і ўсякімі «крыжамі», якія толькі былі: ад «залатога» да «рыцарскага».
Вось «вяхі» яго біяграфіі, вельмі тыповыя: 1932 г. — уступае ў нацысцкую партыю; 1934 г. — за злачынства: распуста з асобамі маладзей за 14 год — 2 гады турмы… Пасля набыцця адпаведнага карніцкага вопыту ў Іспаніі і Польшчы ён з'яўляецца ў Беларусі з такой атэстацыяй, што прайшоў падрыхтоўку, якая перакрывае, судзімасць за «браканьерства». Так называлі вышэйшыя чыны, да самога Гімлера ўключна, з усмешкай узаемаразумення, тыя эсэсаўскія забавы «з асобамі маладзей за 14 год»… У загадзе, з якім Дзірлевангер прыехаў з Любліна ў Беларусь, сказана было, што ён «роўны сярод нас». «Роўны» адразу пачынае расці, рабіць кар'еру — ужо на крыві дзяцей і жанчын беларускіх. Схільнасць да «браканьерства» застаецца. Кавалер залатога, рыцарскага і г. д. крыжаў любіў павучаць сваіх малойчыкаў: я, маўляў, не супраць таго, каб вы спалі з рускімі дзеўкамі, але пасля гэтага ты павінен застрэліць яе…
Больш за сто дваццаць тысяч — столькі людзей забілі, спалілі жыўцом «рыцары» дзірлевангераўскай банды ў Беларусі. Боркі Кіраўскія, Збышын, Красніца, Студзёнка, Капацэвічы, Пузічы, Макаўе, Брыцалавічы, Вялікая Гарожа, Гарадзец, Доры, Іканы, Загліннае, Вялікія Прусы, Пераходы… Сто пяцьдзесят населеных пунктаў спаліла разам з людзьмі каманда Дзірлевангера толькі ў Магілёўскай і Мінскай абласцях. Нямала і ў іншых, асабліва ў Віцебскай і Гомельскай.
Гэты забойца не толькі пісаў справаздачы, але асабіста ездзіў у сталіцу трэцяга рэйха і прывозіў адтуль узнагароды, загады аб узбуйненні брыгады, радасную ўпэўненасць садыста-ката, што галоўныя забойцы ведаюць пра яго, спадзяюцца на яго стараннасць.
Расхвальваючы ў сваіх загадах Дзірлевангера, начальства пісала пра тое, што ён «падае прыклад радасці ўдзелу…» у масавых забойствах людзей. «Радасці» — і не менш! Вось чаго хацелі, чаго патрабавалі ад забойцаў-выканаўцаў тыя, хто планаваў — знішчыць трыццаць мільёнаў славян. Напачатку — трыццаць…
У Нюрнбергу, на працэсе ваенных злачынцаў, адбыўся такі дыялог паміж судом і адным з дасведчаных саўдзельнікаў тых спраў, які добра ведаў тайныя планы фашысцкіх верхаводаў, — з Бах-Зелеўскім, начальнікам штаба баявых часцей па барацьбе з партызанамі пры рэйхсфюрэру СС.
I. В. Пакроўскі, савецкі абвінаваўца: Ці ведаеце вы што-небудзь пра існаванне асобай брыгады, якая была сфарміравана з кантрабандыстаў, заўзятых злодзеяў і выпушчаных на волю арыштантаў?
Бах-Зелеўскі: У канцы 1941 г., пачатку 1942 г. для барацьбы з партызанамі ў тылавой групе «Цэнтр» быў вылучаны батальён пад камандаваннем Дзірлевангера. Гэтая брыгада Дзірлевангера складалася ў асноўным са злачынцаў, што мелі судзімасць, афіцыйна з так званых злодзеяў, але пры гэтым яны былі сапраўднымі крымінальнымі злачынцамі, якіх асудзілі за крадзеж з узломам, забойствы і г. д.
I. В. Пакроўскі: Чым вы растлумачыце, што нямецкае камандаванне тылу з такой гатоўнасцю павялічвала колькасць сваіх часцей за лік злачынцаў?
Бах-Зелеўскі: На маю думку, тут ёсць адкрытая сувязь з прамовай Генрыха Гімлера ў Вевельсбургу ў пачатку 1941 года, перад рускай кампаніяй, дзе ён гаварыў аб тым, што мэтай рускай кампаніі з'яўляецца: расстрэльваць кожнага дзесятага з славянскага насельніцтва, каб паменшыць іх колькасць на 30 мільёнаў. Для вопыту і былі створаны такія нізкапробныя часці, якія фактычна былі прызначаны для выканання гэтай задумы. (Курсіў наш. —Аўт.)
I. В. Пакроўскі: Ці можаце вы шчыра і праўдзіва сцвярджаць, што мэтай мерапрыемстваў, якія праводзіліся ўзброенымі сіламі ва ўстаноўленых немцамі акругах, было памяншэнне славянскага і яўрэйскага насельніцтва на 30 мільёнаў чалавек?
Бах-Зелеўскі: Я прытрымліваюся той думкі, што гэтыя мётады сапраўды прывялі б да знішчэння 30 мільёнаў чалавек, калі б гэта працягвалася».
* * *
Марыя Хамук, у той час бяздзетная маладзіца, салдатка, муж якое трапіў у нямецкі палон з польскага войска ў верасні 19З9 года і быў у тую пару, як акупанты знішчалі Боркі, у Германіі.
«…Нас було трынаццаць душ сэм'і. Мы ўсі палажылыся спаты. А хтось стучыць у хату. Моя свэкруха ўстала ды кажа:
— Уставайтэ, дзіткі, бо то смэрць наша… А як могла вона знаты, то ніхто не знае.
Нас занялі дзесяцёра. Мой свікар узяў хліб, а німэць узяў той хліб вырваў і на палаткы, і мы ўжэ бачым — штосьці будэ для того…
Гналы нас у сэло на сабранне, пасадылы ў гародзі, сыдымо мы, сыдымо, а потым прыходзяць німцы, выклікаюць ад васімнаццаці лет до сарака пяці. I выклікалы, поставылы по чатыры чалавікі і кажуць: «Ужэ будуць у Германію браты…» Патом мы дывымося: ідэ машына, бэрэ збірае копачкі[28], выносяць з хат. Кажуць, шо ўжо будуць тых біць, расстрэльваць — от так там ўсякага, хто дэпутатам, хто такі, а хто такі… А хто ж надзіяўся, шо ўсіх людзей будуць расстрэльваты? Ніхто нэ думаў…
Мы ждэмо, ждэмо. Кажэмо: «Вот прыйдуць».
А мы ўсі ў гародзе сыдымо, нас много людзей. Топіро[29] ждэмо, і дождалыся.
I давай. Топіро німцы тут, ідуць, і хто нэ здужаў, вазылы, хто здужаў іці, по трыццаць чалавік гонылы туды, на могілкі.
А то ўжэ дайшла очарэдзь, а я ўсэ аставалася ззаду, аставалась-такі ззаду. Ужэ засталося мало шо людэй. Ужэ думаема: «Шо будэ, то будэ, ідэмо ўжэ ўпэрэд». Не можам цярпець, ужэ нэрвы нэ стрымліваюць. Мы пошлы. Нас чалавек трыццаць гнаў до могілак. Прыгнаў — лежала одэжа ўся скінутая. Так мы думалы — дожд такі сільны,
сільны ішоў, так мы думалы, шо люды побыты лежаць на такім грудэві. Мы доходым туды, а то одэжа, народ увесь роздзягнены быў, у ямку голых усіх гонылы быты.
Топіро нас положылы ніцма, коло тое одэжы.
I зноў кажэ по-польску:
— Уставайтэ, хто мае пашпорт, отдайтэ!
А там у нас, за німцом, прыкладалы пальцы до пашпорту.
Мы, хто падаў той пашпорт, хто нэ падаў, хто дома забуўся ўзяты того пашпорта. Хто ж там тагды помніў…
I патом гавораць по-польску:
— Скыдайтэ одэжу з сэбэ.
Я просылася, шчоб мэні хоч погыбнуты ў одэжы.
— На мясо тобі жамчугы? — гаворыць. — Усэ скідай.
Вон дэ во, паціркі два радочкі ў мэнэ булы, бусы, жамчугі.
I патом я стала зноў просытыся. Думаю, у мэнэ родыны нэ мае тут у Борках, — одна родына тут, шо я выйшла замуж, а другая родына, ацец і маць у другой дэрэўні булы на Барысаўцы. Тую тожэ ўсю выстрэлялы дэрэўню… Як стала я просытыся! Кажу, шо ў мэнэ чоловік у Германіі.
— А пісьма е?
Кажу:
— Дома е.
Думаю, як ужэ додому завэдэ, як нэ найду тых пісем… А іх і нэ було, тых пісем, я ёму так мутыла, коб мэні остатыся.
А патом кажэ по-польску:
— Вэзь свое убранне!
Стала я адыходыты, голая, у одной рубашцы, судзіўкі на мне нэ було. А він потым по-польску гаворыць:
— Вэзь свое убране. Толькі, — кажэ, — чужого не чапі.
I посадылы мэнэ ўжэ под тым такім бар'яком, под сасною. I такі сільны дождж пайшоў…
А тых людзей, шо за мною гналы, і такія маленькія дзіты, то позабывалы на моіх очах… Дзітэй маткі распавывалы, і він гэць такіх голых носыў у ямку…»
Яўхіма Баланцэвіч была ў тую пару таксама салдаткай, як і Марыя Хамук, і яе муж быў у палоне з польска-нямецкай вайны. На руках у маладзіцы аставаўся шасцігадовы сын, а побач з ёю была старэнькая маці, з тых мацярок, якіх народная песня называе дарадчыцай у хаце. Яўхіма Парфёнаўна гаворыць:
