Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
А ў мяне рабёнак быў — трэці год ужэ, сын, сястра дваццаць трэцяга года і маці. Нас яны не знайшлі. Забралі ў другім баку.
Сказалі гэтым людзям:
— Ідзіце дамой, мы прыехалі на парцізан. Еслі вы будзеце ў лесе, усё роўна мы вас найдзем, будзем убіваць і зжыгаць вашы дамы. А хто будзе дома, будзе жыць.
Паначавалі яны, пабылі, але людзі ўсё раўно не вераць, не ідуць. Дык яны паехалі ў Западнюю. Дарог у нас харошых не было. Потым наляцелі з гэтай Западняй, вярнуліся — на конях яны былі — і ў кожны дом.
Мы жылі ў калхозных яслях, нам далі ўрэменна. У другую палавіну гэтага дома ўехала іх чатырнаццаць чалавек. Заехалі ў дом, распалажыліся і — ніхто нікуда. Ні з хаты, нікуда. I пулямёты вакруг, таму што яны, мабыць, ужо планіравалі, што будуць убіваць людзей.
Я гавару на мужыка:
— Уцякай! Можа, жэншчын хапаць не будуць, а мужыкоў будуць браць і біць.
Ён выйшаў, і яго вярнулі.
Пытанне: — А яны з вамі не гаварылі?
— Яны ўвайшлі да нас, у іх былі гранаты такія, з дзеравянымі ручкамі, і водка руская, вот такія сотачкі. Яны селі і пачалі выпіваць. На мужыка кажуць:
— Ідзі выпі! Ён кажа:
— Я не хачу. Дык ён гаворыць:
— Глупый, што — рускай не хочаш папробаваць? Так, па-руску гаворыць, я вам чэсна гавару, што па-руску. А я гавару:
— Ідзі, бо заб'юць.
У іх было на фуражках: бляшкі такія, чэрап галавы. Знакі такія, іхнія. Гаварылі па-руску і па-ўкраінску. Выпівалі, потым адзін паставіў на галаве кружку, а другі з вугла б'е па гэтай кружцы.
Пытанне: — Страляе?
— Страляе ў хаце. Я гавару:
— Што вы дзелаеце, рабёнак жа баіцца! Пакінулі страляць. Я ўзяла вядро. А ваду мы бралі каля сарая, дзе потым убівалі. А адзін падыходзіць, такі хрыплівы голас:
— Пастаў вядро. Я гавару:
— Не пастаўлю.
— Пастаў вядро.
— Не пастаўлю.
Ён за вядро і гаворыць:
— Пайдзём са мной.
Я гавару:
— Я нікуда не пайду.
Ён за наган:
— Відзіш, хто я такой? Як дам, дык і галава паляціць.
Я пачала крычаць. Мужык выскачыў, муж з хаты, гаворыць:
— Што такое?
Дык ён:
— Гэта твая жана? — I адпусціў.
После гэтага ўсе яны вышлі на вуліцу, кідалі гэтую гранату. Пераначавалі, навутра — гэта было 15-га… Праўда, яшчэ скажу. Вечарам прышоў адзін з іх. Быў халат на ём белы, але пятна крові. На гэтым халаце. I на мяне гаворыць:
— Маладая, пасцірай халат. Я гавару:
— У нас мыла няма, пагарэўшыя, у нас недзе купіць…
Дык ён гаворыць:
— Я прынясу мыла, пасцірай мне халат. Мне назаўтра нужан ён.
Я ўжо воляй-няволяй стала сціраць гэты халат. Пасцірала халат, павесіла над печкаю, і ён сеў ля мяне. Ды гаворыць:
— Маладая!..
Паглядзеў і так гаворыць. Я пытаю:
— А вы адкуда?
— Я — рускі.
Да якога-та года жыў у Расіі, а потым — забыла куды — выслалі. Гаворыць:
— Я жанаты, но я цяпер раўнадушна не магу жыць з жаной, я нервы пацяраў за вайну.
Я пытаю:
— Чаго ж вы пацяралі нервы?
— Да, вайна. Усім дасталась.
Дык я думаю, што ён, можа, скажа, ды пытаюся:
— А што з намі будзе?
Дык ён:
— Ды нічаго, парцізанаў паганяем, а вы астанецеся на месце.
Раніцай забег, схапіў гэты халат. Я вам гавару, сабіраліся, як чэрці! Па-быстраму, па-быстраму, абуваліся і ўсё, што ўгодна, і выскачылі на вуліцу. I відно, што ў сараі, — гэта метраў сто было ад нас, — што стаялі там падводы. I калі яны пабеглі з дома, то падводчыкі маментам выцягвалі сані з сарая і коней выводзілі. Панімаеце, гэта я ў акно відзела. I мы так паглядзелі з мужам і гаворым, што будуць убіваць у сараі. Нада ўцякаць. Ён гаворыць:
— Давай, пайшлі. Я гавару:
— Ты ўцякай.
Прайшлі мы за дрывамі, і ён пайшоў, адышоў трохі ад мяне, дык там гавораць:
— Хазяін, варацісь, а то страляць буду.
Дык ён усё роўна ідзе ўпярод. А я махаю — уцякай! А той зноў:
— Вараціся, а то ўбіваць буду.
I ён вярнуўся. Вярнулісь мы ў хату, а наш дом, яслі тыя, стаялі насупраць вуліцы, і было відна, што па вуліцы людзі ідуць таўпой. Гоняць ужо, гоняць сюды, пад нас. Ідуць таўпой — і малыя, і бальшыя, і ўсякія. Нам ужо тут дзявацца негдзе. А наш дом яшчэ не займалі. Сястру маю, дваццаць трэцяга года, забралі гатовіць для іх есці, у другі дом. Мы гаворым:
— Нет ужэ спасення, давай уцякаць!
Ён — у вакно, даў у раму і на мяне гаворыць:
— Я буду пацана несці, а ты — за мной. I толькі прыгаць, а я яго так схваціла:
— Куда ж ты! Кругом пасты. Ён мне:
— Давай усё роўна ўцякаць. Хай лепш у патыліцу. А я гавару:
— Давай здзяром паталок.
Мы сталі на печку, гэтыя доскі ўзарвалі, ён узлез на паталок, я падала дзіця і сама ўспрыгнула туды, на той чардак. А маці наша ходзіць па хаце, дык я гавару:
— Мамачка, давайце сюды. Дык яна гаворыць:
— Я не палезу.
I тут ужо падходзяць пад дом. Панімаеце, позна разгаварываць. Я разоў пяць паўтарыла. Мы гэтую дырку закрылі і засталіся на чардаку. Муж гаворыць:
— Разве тут спасенне, спасення нет. Давай уцякаць.
Я гавару:
— Няма куды ўцякаць.
— Жывымі гарэць! Ці знойдуць, здзявацца будуць. Дык я гавару:
— Ну, што ж, уцякай, жыві хоць адзін. Дык ён:
— Я буду ўцякаць, знаць буду, што ты тут пагібла, прыду пахараню.
Мы з ім папрашчаліся. Ён назад у гэтую дырку, у вакно і пабег. Бег мінут пяць, ціха было, зразу адзіночныя былі выстралы, а патом аўтамат. Я думаю: усё кончылася, не выпусцілі. А малога я не дала, ён астаўся са мной.
Калі забілі ўсю старую дзярэўню, быў перарыў, пакуль падагналі з новай. Потым падагналі зноў гэтых людзей і зноў страчылі там гэтыя аўтаматчыкі. А я глядзела, давала страх пацану: паднясла яго к гэтай шчэлі і гавару:
— Еслі ты крыкнеш — відзіш, як людзей убіваюць, баба наша пайшла, цёця наша пайшла — і цябе ўб'юць!
Яму трэці год быў. I ён не крыкнуў.
Перабілі і новы пасёлак. Патом неслі нейкую флягу. Не знаю, што ў ёй было, но факт той, што гэты сарай аблілі нейкай жыдкасцю і запалілі сарай. I зноў вярнуліся ў гэтыя яслі. У суседа мандаліна была, і пайгралі, і выпівалі. Я на чардаку была, а яны ўнізу танцавалі, прыстуквалі. Патом выйшаў адзін з іх і сказаў:
— Запрагай!
I паехалі на Загліннае. Не ўсе паехалі. I ў гэты самы дзень, гэта шаснаццатага феўраля, убілі Загліннае.
А гэтыя пераначавалі і па парадку сталі паліць дзярэўню, забіраць скот і ўсё, што ім хацелася. I падышлі пад яслі. Я думала, уцяку ноччу. Днём была адлёга, а ноччу мароз. I часавыя гэтыя як ходзяць, дык пад нагамі ў іх снег хрусціць, і чутно. Калі б адна я — папаўзла б, а дзіцё, думаю, разбужу, яно закрычыць. Патом падыйшлі яны пад гэтыя яслі. А яслі былі крыты дошчачкай. Яны палілі дзярэўню — падыйдуць і стрэляць зажыгацельнай пуляй. Але гэтая дошчачка не загарэлася. У нас ляжаў у калідоры лён, і яны ў гэты лён стрэлілі. Дым пайшоў і праз гэтую дырку такая дымавая завеса, што я бачу — гарэць буду жывая. Дык я — праз дырку назад у хату, у акно, і, калі я ўдзірала ў акно — у пацана ўжо гарэла пальто.
У лесе я шукала людскіх слядоў. Я шчытала, што ніхто не застаўся ўжо, што ўсіх убілі.
Я і плакала, я і гукала. Мне здавалася ад страху, што нікога ўжо няма на зямлі, што ўсе ўбітыя. Сколькі я хадзіла — я і сама не знаю…»
Так забівалі, забілі адну з палескіх вёсак — Капацэвічы на Старобіншчыне.
I так памятае пра тое Ганна Міхайлаўна Грыцэвіч.
Калі судзілі былых карнікаў, якія ў складзе эсэсаўскага батальёна Дзірлевангера забівалі, палілі людзей у беларускіх вёсках, адзін з гэтых нелюдзяў успамінаў, як гэта ў яго было «першы раз».
«…У вёсцы немцы і нашы былі пастроены ў дзве шарэнгі. Як я помню, спераду стаялі немцы, а за імі — мы. Наш афіцэр праз перакладчыка (прозвішча я не памятаю) загадаў, каб мы выконвалі ўсе распараджэнні нямецкіх салдат, а хто не выканае, той будзе расстраляны. Кожны немец прапанаваў таму, хто стаяў ззаду, ісці разам з ім к хаце. Каля кожнай хаты спыніліся па два чалавекі, немец і наш, тады афіцэр падаў каманду зайсці ў дамы. Я разам з немцам зайшоў у пяты ці шосты дом, а ўсяго ў гэтай вёсцы было дваццаць пяць ці трыццаць двароў. У хату я ўвайшоў першы і ўбачыў за сталом старога і старую, гадоў ім было па семдзесят, а побач з імі сядзеў хлопец гадоў пятнаццаці. Немец мне паказаў: «страляй» — рукой на тых, што сядзелі ля стала, паказаў. Я са сваёй вінтоўкі зрабіў тры выстралы, у кожнага па разу выстраліў. Страляў я ва ўпор, і яны ўпалі на падлогу. Пасля мяне па іх даў аўтаматную чаргу немец і сказаў: «Капут».