Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Ой, кабетка, за што ж вашы людзі загінулі, і старыя, і малыя, і з дзеткамі, і з калыбелькамі…
Я не знала, дзе я дзелася, а далей гэта чую…
I ўсяго я засталася. Семсот восемдзесят душ спалілі ў адным хляве — яшчэ памешчыкаў быў хлеў.
З сяла ўсяго тры чалавекі засталося. Ды яны паўміралі ўжо.
А мы гэта з пасёлка».
Алена Лапаць, 62 гады. Гарэлае Докшыцкага раёна.
«…Адна я засталася… (Плача.) Я ўжо забылася шэсць раз, як гэта было…
Сям'я ў нас была… Ну, быў яшчэ і бацька і маці, і сястра была ў мяне. Сястру нашу забілі — мы яе не найшлі. Яна пашла ў другую дзярэўню, у Кліннікі. Ну, а я засталася. I мы тут з жанчынай… Пацяруха Марфа была. I мы з ёю ўбеглі ў хату сначала, як палілі. Яны хадзілі па дзярэўні і білі, у кожную хату заходзілі. Мы ўскочылі ў хату. I яшчэ жанчына другая, Пацярухі Піліпа жонка, і мы ў яму ускочылі. Ды ўжо гарыць хата. Мы ўвідзелі, што гарыць, — выскачылі праз акно. Дык гэтая Пацярухава жонка засталася тут, ля будынку, а мы выскачылі ў ячмень.
Падыйшоў.
Мы — ляжалі адна за адной.
Яе ўбіў на месце, а мяне раніў у руку, і во праз шыю куля прайшла.
Вот і ўсё…»
Параска Козік, 60 гадоў. Бабровічы Івацэвіцкага раёна.
«…Была бярэмянная. Маленькі — тры гады. А хлопчык, сем гадоў, сам уцёк у лес.
Прыйшоў у хату немец:
— Матка, дай палатна на анучы. Не ўзяў.
— Матка, дай малака. Не піў.
— Матка, сёння вас будуць убіваць.
Голая, як была, у адной спадніцы ўцякла з хаты. Яны з вінтоўкамі за мною.
— Ідзі туды, дзе б'юць!
А я ў алешнік. Бачу — свякроў забілі. Бегла па кабылу. Лезла я пад дрот, учапілася. Стралялі — спадніцу ўсю мне пажэглі. Гэта, думаю, мая жысць.
Немцы хадзілі — пастушкоў шукалі, дабіваць. Пацанят. Мой хлопец сядзеў за карчом.
Радзіла ў лесе. Зрабілі мне мужчыны будку. Пад снегам начавала. Як радзіла, два дні не было чаго есці. Знайшла казляка, упякла яго, дала малому ў роцік — узяў і ўціх. Каб цяпер гэта — век бы не выседзеў. Мужчыны буду зрабілі, хто што прынясе. Усю зіму сядзела. Яго пакармлю, а сама так страдала.
У лесе былі, пакуль не кончылася вайна.
Гэта, што там радзіла, у Целяханах цяпер, ужо дом сабе збудаваў…»
Зінаіда Рута, 55 гадоў. Асвея Верхнядзвінскага раёна.
«…Нас злавілі ў лясу. Дзвесце пяцьдзесят чалавек. Бо немцы шчыталі: «дзвесце пяцьдзесят». Усіх у рад выстраілі і пусцілі па нас аўтамат. Кагда аўтаматы прайшлі па нас — мы ўсе пападалі. У мяне дочка на руках — убілі. Дзевачка, два годзікі было,
Пытанне: — Калі яны вас выстраілі, дык нешта гаварылі вам?
— Пастроілі ў рад па чатыры чалавекі і пусцілі аўтаматы. А калі пусцілі аўтаматы, мы ўсе пападалі. Я ў плячо ранена, у наге пуля ў мяне. А дочку ўбілі. Дочку — за ўтарым разам, кагда пусцілі аўтаматы, дочку ў вісок папалі. А я сама ранена сюды, гэтая старана ў мяне была ўся чорная. Абпалілі, калі з аўтаматаў стралялі.
Пытанне: — А як вы потым выйшлі адтуль?
— Ну, я не адна засталася. У нас тут Скрыпка ёсць. Я была так нагой павярнуўшы, а яна стала мяне будзіць:
— Зіна, Зіна, уставай! Ты жыва ілі нет?
Я стала да сазнання дахадзіць. Усталі мы. Кагда мы ўсталі, у нас што было… Астаўшыся шэсць чалавек. Жывых з гэтых усіх. З шасці чалавек два ўмерла. Адна ўехала на Сібір…
Пытанне: — Калі вы ўсталі — немцаў ужо не было?
— Не было. Мы тады пайшлі далына ў лес ужо. Гэта ж ноч ужо была. Цёмна ноччу. Мы пайшлі пад куст, пераначавалі…»
Марыя Баўтрук, 52 гады. Юзафова Верхнядзвінскага раёна.
«…Каб гэта ўмеў ды спрытна расказаў!..
…Мы сталі ўсе ісці, беглі, а яны стралялі. Каторых ранілі. Вот і маіх раніўшы тожа былі. Мае цёткі там былі. А тады ўжо, у лес забегшы, там ужо немцы дагналі. У мяне братавая была, у яе дзеці. Ну, і немцы сказалі вярнуцца сюды назад во, у дзярэўню. Вярнуліся.
Мне было тады гадоў, можа, васемнаццаць. Мы пайшлі як маладзёж, а яны вярнуліся, іх абманулі, А мы далей у лес пабеглі.
А яны вярнуліся з сем'ямі, у іх рабяты былі, усе нашы дзеравенцы. Ну, атады гэта… запёрлі ў зямлянку. Маю братавую, двое рабят у яе было… Тады загналі за Дзежы, там кар'еры. Усіх гэтых нашых дзеравенцаў, што былі дома. Іх раздзявалі, аблівалі…
Я сваю братавую хадзіла іскала. I сястра хадзіла іскала. Двое рабят… Там толькі ляжала адзёжа параздзяватая. Мы сваіх пазнавалі… Я пляменнікаў сваіх адзежу пазнала. А людзі спалены былі. Дзе хто ляжаў. А потым іх закопвалі. Ну, прыдзеш, паглядзіш — спалены чалавек, і ўсё…
Як па падшчоту, то загінула тут сто дваццаць пяць чалавек. I радам вот дзярэўня, Кабыльнікі, там саўсем спалілі. Толькі два чалавекі, мужчыны, былі на фронце, засталіся. Да вайны Юзэфова бальшое было. А ўжо як пасля экспедыцыі вярнуліся, то адна баба ды двое рабят, а так усе не вярнуліся, усе пагіблі яны…»
Галіна Чаравака, 49 гадоў. Яскавічы Салігорскага раёна.
«…Прыехаў карацельны атрад, і началі паліць. Як сталі паліць, дык мы павыходзілі на двор. Запалілі напярод свёкраву хату. Мы павыходзілі на двор, а яны давай заганяць у хату. Гэтыя дзеці ўзяліся за юбку ды так крычаць, так крычаць, а яны:
— Швэк, швэк! — у хату, і ўсё. — Вы ўсе партызаны, мы вас усіх уністожым!..
На хутары ў нас было тры хаткі. Са мной было трое дзяцей і мае на руках.
— О калі, — гавару, — дзеткі, нам смерць!
Дзеці крычаць што не дай бог. Патом гналі гэтую худобу ўсю. Кабан уцёк. Яны давай кабана страляць. А я нічога не помню, так расцяралася. Адна і чацвёра дзяцей. Ну, давай яны кабана страляць. А свёкар, як сталі кабана страляць, дык ён упаў за плотам. А покуль яны кабана стралялі, мы давай адходзіць і ў лес увайшлі.
Дзеткі голыя былі. Страляюць. Я кажу:
— Дзеткі, падайце. Яны падалі.
А на хутары нікога не засталося. Адну маці забралі карову гнаць, а рабёначак яе застаўся. Дык мой старэйшы гаворыць:
— Мама, давай забяром і яго. Я кажу:
— Бяры, калі будзеш насіць.
У мяне ўжо свой быў, паўтара года, рабёнак на руках. Аднаму было тры года, а хлопчыку чатыры. Яшчэ аднаму шэсць год…
А ў лесе двух хлопцаў убачыла. Калі ўвайшла ў лес — так рада: дзе б якога свежага следу ўгледзець. Я крычу:
— Коля, Адам, ці вы дзе больш людзей не бачылі? Пад ёлкай я дзяцей паклала, і двое сутак мы сядзелі. Цэлыя суткі яны нічога не прасілі. А ўжо на другія суткі сталі прасіць:
— Мама, цёця, мы хочам есці. Потым гавораць:
— Наша бабушка столькі хлеба партызанам пякла, у сенцах ляжаў. Няўжо там няма?..»
Аляксандра Глушаніна, 45 гадоў. Іканы Барысаўскага раёна.
«…А каля яе засталася дзевачка, сем лет. I вот, вядома, дзіця… Як ускочылі, яна як стала крычаць, дык і дзевачку дабілі…
А ў яе ногі былі бальныя, яна не магла ісці, дык яны прышлі ў ногі пастукалі і сталі нацягваць саломаю.
Нацягнулі саломы, самі адышлі, распалілі на дварэ касцёр, узялі гармонік і сталі іграць.
Стала вечарэць.
«Ну, будуць паліць…»
Стала вечарэць, яна тады падпаўзла да плота, і рассунула гэты плот, і ўцякла ў картошку.
Тутка пусцілі яны сышчыка, гэта сабаку, аўчарку. А яна ўбіла ў кажух ліцо, каб не дыхаць…
Прайшло некалькі мінут, і гэтую аўчарку яны пазвалі к сабе. Свіснулі.
«Ну, я тады, — кажа яна, — папаўзла ў кусты. Цёмна стала, баюся ляжаць у кустах — проста на абмежку лягла і ляжу».
Раніцай апяць сталі страляць. Яны сталі ўжо гарэлаўцаў біць.
«Зра я адпаўзлася ад сваіх людзей — тут пагібну…»
Але ўсё ж такі гэта абышло яе, і яна засталася жывая.
Гэта мама была мая — Алена Глушаніна…»
Капацэвічы
«…Гэта было 11 феўраля 194З года. Прыехалі немцы ўмесце з ізменнікамі ўбіваць людзей. У нас быў МТС да вайны, там жылі рабочыя, — каго страчалі на вуліцы, каго ў даму, дзе каго папала, там і ўбівалі. МТС гэтая ад нас недалёка. Мы чулі стрэлы. После гэтага запалілі іхнія дамы. Быў дым, і людзі панялі, што там б'юць людзей. Яны абстралялі нашу дзярэўню. Нашы людзі як хто сумеў: хто ходам, хто на валах, хто як сумеў — ушлі ў лес. Гэта было пад вечар. Часоў мо ў пяць, мо ў чатыры. Яны прышлі сюда. Яны пахадзілі, паглядзелі, людзей няма, і пайшлі ў лес шукаць нас.