Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ну, я, праўда, паехала ў Прудзішча, мяне падхвацілі там. А мой муж паехаў у Вясніно, там мая радня. Назаўтра мы сабраліся… Прыехалі мы ў Вясніно, а тады і туды наехалі яны. Там аднаго забіралі ў паліцыю. А я ж як у тым страху была, дык я таксама ўцякала. Гэтую маю дзяўчыну, Соню, прывезлі партызаны ў Вясніно, да мае радні. Распухшы гэткая, бедная, рада, што мяне ўбачыла. Мы з ёю паплакалі…
А тут зараз наехалі яны. I тут месца няма. Я гэта за дзяўчыну, за хлапца малога, Лёніка, укруціла яго ў пасцілку, як пабегла — дык павалілася на лёд і гэтае дзіця забіла… А божа мой міленькі, а што ж мне рабіць ужо! Не магу жыць — сама дзіця забіла! Яшчэ і цяпер не магу жыць, як прыпомню… Несла я потым, несла, а развярцелі тую пасцілку — нежывое дзіця… Хоць ты самой кладзіся ды памірай…
Ды неяк вось засталася жывая і сама дагэтуль жыву. А як прыпомню — дык нашто я жыву?..»
Сцепаніда Міхайлаўна Дардынская. Жылін Брод Слуцкага раёна.
«…Ну, і давай забіраць усё імушчаства. Пазабіралі гэта ўсё. I мужчын там, жанок, каторыя малодшыя — уродзе гэта ўжо гнаць скот і гэта ўсё. А потым у кожную хату і давай убіваць. У мяне шэсцера дзяцей было, але яны не тое што дзеці — і дваццаць сёмага года, і большыя. Большы сын стаў гаварыць, ён быў у ваенным бушлаце, ён кажа:
— Мама, ідуць нас біць.
Пака я глянула ў акно, дык яны ўжо на кухні. Трох прышло ўжо ўбіваць. Дзеці меншыя да мяне, а я на яго кажу:
— Хоць бы ты скрыўся дзе, а то забяруць у Германію.
А яны як прыляцелі, дык на яго: «Парцізан!» — ды к яму, а другі — ка мне. Дык я, як убіваў таго сына, дык я во так глянула на яго, на сына… I дзеўчына ў мяне на руках, дык ён на мяне страляў, не пацэліў ужо ў галаву, ды во сюдою пуля прайшла і во дзе засела. I дзевачка ў мяне тры гады, была на руках. Дык я не знаю, ці я яе задушыла, калі ўпала, але я ўжо не чула нічога больш ніякага. Сталі дзеці крычаць, стаў ён страляць у гэтага большага хлопца ды ў мяне — дык я ўжо не помню тады… Да памяці дайшла, паглядзела гэтыя дзеці па хаце — вядома, пабітыя. Пасядзела ды зноў лягла. Ды ўжо ляжала. Крыві было многа ў хаце. Яны прыходзяць у хату абратна. Тыя ці не тыя — я ўжо не знаю. Нешта пагергеталі і пайшлі. Яны, мусіць, не замецілі, што я жывая, яны б дабілі. Выпаўзла я ў садок ды і села пад хатай. Вядома, і кроў з мяне льецца… Патом прышлі яны ў хату ды нечым як стукнулі — ужо і гарыць хата. Я сядзела, сядзела, ужо і крыша на мяне кідаецца, і галава мая абгарэла, і адзежа мая гарэла. I няма мне дзе дзявацца. Ужо нікога, цішыня.
Думаю, можа, дзе хто застаўся. Іду ў палавіну засценка, дык хлапчучок ляжыць забіты на полі, уцякаў. Гэта Болесяў хлапчучок, а потым — Крываносаў хлапчучок, ранены. Ды кажа:
— Цётачка, спасайце мяне. Я кажу:
— Дзіцятка маё, я і сама не магу, у мяне кроў льецца, зубы павыбіваты. Кажу, паляжы, можа, я каго ўгледжу.
А за рэчкай, глянула — іх, як авец, стаіць, гэтых немцаў. Дык яны як сталі па мне страляць з пулямётаў. Дык я ўпаду, здаецца, я так ужо ўцякаю, — а я на адном месцы ўсё. Упаду ў гэтую ваду, у рэчку, ды там і прабыла, пака сцямнела. Нашы мужчыны гэтага хлапчука падабралі, у склеп палажылі. Ён там і памёр. А некаторыя жыўцом дзеці гарэлі, каторыя малыя — не стралялі. Ой, я і не ўспамяну, колькі нас пабілі ў нашых Пераходах. Я тады там жыла. Усе і пагіблі. Не там пабілі, дык у партызанах яны памітрэліліся, то на фронце. I вёскі зусім няма…»
Надзея Аляксандраўна Няглюй. Чырвоная Старонка Слуцкага раёна.
«…А яны акружылі дзярэўню і нас ужо нікуды не пускаюць. А мужчын узялі скот гнаць. Каторыя маладыя былі. Жанчын ніводнай не ўзялі, толькі мужчын. Мужчыны сабіраюцца скот гнаць, а мы ўжо знаем, што з намі будзе…
Я прыбегла ў сваю хату, а гэты немец мяне адкінуў — не хадзі, сядзі ўжо там. Я ўжо баялася куды-небудзь ад дзяцей бегчы, у мяне чэцвера дзяцей. Каб мяне ўжэ дзе на вуліцы не забілі, а каля дзяцей забілі. Ну, і так сядзімо мы. Гэтыя мужчыны ўжо ходзяць, скот павыганялі. I гэтых мужчын адправілі ўжо з засценка. А мы ў той хаце засталіся. Ну, і яны ўваходзяць. Пахадзілі, пахадзілі, пахадзілі. А мы кажам:
— Паночкі, што вы рабіць будзеце з намі? Беце нас, толькі дзяцей нашых не беце. Павыкідайце на двор, і ўсё.
А мароз быў, зіма такая была. Ну, а яны што — гавораць па-свойму, не пазнаеш, што яны гавораць. А потым пашлі. Прышлі апяць. Скамандавалі — мы пападалі на пол. Тады ж матрасы былі, дык яны з гэтых матрасаў павытрэсвалі салому на пол, каб яна гарэла, гэтая салома… Мы так пападалі: дзевачка мая так вось, у мяне ў галаве, а хлопчык так во. А старэйшы мой — далей, і ўсё плакаў: «За што нас будуць біць?..» Плакалі, крычалі…
Гэтыя немцы прыдуць у хату, а мы на коленцы пастанем і просім, каб нашых дзяцей не білі. За што іх біць, што яны вам вінаваты? Старэйшаму хлопчыку было дванаццаць год. А меншай дзевачцы было пяць, самай меншай. Ну, а яны ўсё адно нічога да нас, не панімаюць, смяюцца… А потым уваходзяць біць…
Адзін вымае наган, а другі з аўтаматам. Мы пападалі, і пачалі яны нас біць, ляжачых…»
* * *
Калі ехаць з поўдня на Капыль — навокал чарназёмнае прыволле Случчыны! — здалёк убачыш дзве вёскі: адна ўздоўж другой — глядзяць адна на адну з пагоркаў. Вялікія Прусы і Малыя Прусы…
Пры ўездзе ў Вялікія Прусы на чорным полі бялеюць высокія пліты помніка, здалёк бачныя. Прозвішчы, што выбіты на тых плітах, — дзесяткі разоў адно і тое ж прозвішча паўтараецца, і толькі імёны інакшыя — у сучасных Вялікіх Прусах гучаць рэдка. Не толькі сем'і, але і карэнні цэлых сялянскіх родаў былі знішчаны.
Сярод зусім новых прозвішчаў сённяшніх жыхароў вёскі ўсё яшчэ, аднак, трымаецца і тое, што смерць, многа раз паўтарыўшы, запісала на тых вялізных плітах.
Жыве ў Вялікіх Прусах Марыя Фёдараўна Кот. Летам тут жыве. На зіму — як у вырай — яна і яе ціхі, белы дзядок Іван Сільвестравіч разлятаюцца. Яна — у Мінск, да свайго сына, ён — у Капыль, да свае дачкі.
Яны, як і многія, пра каго мы расказваем, ужо не маладыя «сіротамі пабраліся», сталі жыць разам пасля таго, як пабілі іхнія сем'і. Але сын, але дачка — іх шчасце! — засталіся ў яе, у яго.
Кожную вясну, як з выраю, вяртаюцца старыя — у свой садок, на свой агарод, пад родную страху Вялікіх Прусаў.
Хоць і вунь якая страшная памяць пад той страхой жыве — раптоўна громам будзіць уначы, воўкам кідаецца пад ногі, калі пойдзе чалавек па вуліцы сярод старых дрэў, каля даўніх калодзежаў…
Перш чым прыехаць да Марыі Фёдараўны Кот — ужо знаёмай нам, — мы пабывалі ў яе нашмат маладзейшай сяброўкі ў Капылі і запісалі тое, што Марыя Мікалаеўна Нагорная расказала нам у прасторным ды зацішным памяшканні дзіцячай бібліятэкі, якою яна загадвае.
Тое, што адбывалася з Вялікімі Прусамі, дзве гэтыя жанчыны бачылі, перажылі кожная па-свойму. Марыя Фёдараўна Кот у самым пекле была — увесь час у вёсцы. Марыя Мікалаеўна — разам з тымі, хто хаваўся ў недалёкім лесе: зблізку бачылі, чулі, перапакутавалі тое забойства вёскі, суседзяў, сем'яў. Памяць абедзвюх жанчын неяк асабліва праўдзіва і жудасна паглыбляюць адна другую, як люстры, пастаўленыя адно супраць аднаго.
«…Ну, мой дзень, 26 верасня 1942 года, — успамінае Марыя Нагорная, — пачаўся з таго, што мама мяне разбудзіла гадзін у сем раніцы і кажа:
— Бяжы хуценька да сястры і скажы, што немцы едуць.
Першым жа дзелам за сваіх хапаюцца. А яе муж быў у партызанах. Дзеці маленькія. Ну, я і пабегла да яе.
…У нас па суседству быў адзін чалавек, Пупейка. Ён цяпер у Мінску жыве, пенсіянер. А тады ён жыў у Прусах. З нашай вёскі было многа інтэлігенцыі — настаўнікі, інжынеры, урачы. I вот папрыбягалі назад у сваю вёску, калі вайна пачалася. Яго бацькі там жылі, і ён там жыў у вайну. I ён намнога вышэй стаяў усіх астальных нас, пруслян, разумеў усё… Па прафесіі ён быў эканаміст ці бухгалтар, я ўжо добра не памятаю. Там у нас гараж стаяў за сялом, дык ён кожную раніцу выходзіў, залазіў на вышку і праглядваў тэрыторыю, ваколіцу, — як там немцы, едуць ці не едуць. А дарога гэтая, што з Цімкавіч да Капыля, добра праглядваецца. З тое вышкі.