Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
А ўмяне ў галаве ад ужаса, значыць, трашчыць… Потым я на сына гавару:
— Сын, туалеты гэтыя асталіся. Здымай дзверы, накрывай, ізвініце, гэтыя дзіркі, і будзем тут жыць.
Ну, і пасяліліся мы там, у туалетах. Дзень сядзім… А калодзежы ўсе атраўленыя, есці нічога нет. Дочка мая нічога і не просіць, знаеце, сядзім. Другія дык пайшлі к сваім родзічам у суседнія вёскі, а мне дык некуды. Сяджу я. Ноч пераначавалі. Назаўтра прыйшлі дзеці ка мне, дзевачкі, хадзілі ў другі і трэці клас. Дзеці дырэктара торфзавода. Нехта ім сказаў: «Марыя Аляксандраўна ў туалеце жывёць, не знаю, што з ёю дзелаецца. Ілі яна ўжо саўсем сазнанне пацярала, ілі, гаворыць, што?» Прыходзіць дырэктарава, значыць, жана і гаворыць:
— Марыя Аляксандраўна, дакуль вы будзеце здзесь сядзець?
Прыгласіла яна к сабе, торфзавод яшчэ цэлы быў, далі яны мне куток, прынеслі есці.
А ў галаве, у вушах трэск невынасімы, невынасімы… Ну, а жывы ж чалавек — усё жыве, есці ж хочацца. Ну, і я скажу вам праўду — па сёлах хадзіла. Куды прыду — знаюць мяне… (Плача.) Людзі жалелі…»
Марыя Ананіч.
«… Хлопчык быў у мяне, дзесяць гадоў. Я гавару:
— Мой хлопчык, будуць зганяць, будуць нас біць. Ну, і сталі нас зганяць. Прыйшоў немец, я стала кросны ў хату ўносіць, шкада ж красён, дык я за іх. А ён мне рэвольвер у грудзі і кажа:
— Кінь!
Я кінула. Ён мяне за шыю — на выган. Гоніць і за шыю во так, паказвае, куды ісці. А дзіця маё за мяне ўзялося. Прыходзяць на выган і матка мая, і бацька, і сталі мы ўмесце. А тут ужо вот гэты пасёлачак гарыць.
Ну што, стаім мы на выгане. Падышла… Тут маладзіца адна была, падышла яна к паліцэйскаму ці к немцу, дык ён яе кіем па галаве.
Стаяў тут Даніла такі, на пасёлку жыў, дык гаворыць:
— Жанчыны, мужчыны, паб'юць нас, бо ўжо яны параз'ядаліся і паб'юць нас тут на выгане.
Усе ў плач, у плач — і бабы, і дзеці… Мы стаім ужо сваёй сямейкай: тата з мамай, я з хлопчыкам. А паліцэйскія:
— У школу, у школу! А жанчыны дамоў! — Гавораць: — Ідзіце, ганіце цяпер свае каровы і што ў вас ё, а мы мужчын паганялі і папушчаем іх дамой.
Я гавару:
— Мамачка, гані ты сваю карову, а я сваю, мо тату пусцяць.
Я пайшла сабе дамой, а яна — сабе. Ну, і потым тут стаў выстрал. Усе кажуць: «Паб'юць мужчын». Мама прыбегла, голасу нарабіла:
— Спалілі бацьку!..»
Вольга Максімчык.
«…Мароз, мароз быў бальшы. А нас пагналі на выган. Мужчын управа, жанчын — улева. Тут былі мужчыны нашы, каторыя былі яшчэ ў тую вайну, — панімалі па-нямецку. Пераводчык сказаў, што мужчын папалім, калі ўсё не згоняць.
Ну, што мы? Дзе гусь якая была, дзе кура — усё палавілі. У нас хаця бацькі і не было, дык хаця б самім жывымі быць. Загналі мы і сваё. Свінню толькі паросную не загналі. Прышоў немец, наставіў пісталет:
— Гані!..
Мужчына адзін гаворыць:
— Дайце мне гэтых кароў, я паганю.
А мы не даем: нас саміх пастраляюць. Думаем: «Гэта на могілках будуць нас страляць». Пабралі гэтых кароў і гонімтуды. Курэй папрыносілі… Паліцэйскія адсякаюць галовы курам, а гэта ўсё на воз, на воз.
Была тут адна красівая дзяўчына, дык немец схапіў — весці яе туды, у школу, дзе мужчыны, дзе палілі. А другі немец не даў.
А патом запалілі і школу…
I хаты згарэлі. Асталіся толькі платы…
Пайшлі мы туды — толькі косці. Чыя нага — угадвалі. Цераз нядзелю адкопвалі, знаходзілі: хто — хто…
Вот так мы і асталіся…»
Аляксандра Тарэлка.
«… 5-га, гэта была Паска. Нам партызаны перадалі, што гараць суседнія Сталяры. Ноччу прыбеглі:
— Уцякайце, будуць паліць Люцін!..
Усе ўсё павыносілі і папрыходзілі к кладбішчу, гавораць:
— Нічога няма, будзем гуляць тут — Паска…
А тут едзе са Сталяроў парцізан, Багдановіч Якаў быў.
— Уцякайце, — кажа, — бо ўжо едуць, цераз рэчку перапраўляюцца, гэтыя немцы і паліцыя.
Мы прыбеглі, ужо чуем, ужо, як палкі ломяць, — страляюць!.. Мы і пабеглі. Відзім здалёк — гарыць Люцін.
Прыбеглі бабы потым. Кажуць:
— Папалілі!..
Мы ўсе парасцяраныя, плачам: «Што рабіць?» Патом хадзілі, усё раскопвалі. Нашлі: па калена так ножка беленькая, харошанькая ляжала — усё глядзелі мы. Жэншчына пазнала, па кальсонах:
— Гэта, гаворыць, мая работа, саматканая… Гэта майго, гаворыць, нага.
Ён быў брыгадзірам у калгасе, Ананіч Пракоп.
— Гэта, — гаворыць, — майго хазяіна нага…»
Вольга Галацэвіч.
«…I сказалі:
— Забірайце сваё хазяйства і вядзіце ў школу!..
А хазяіна ў калону і на выган. Ён і пайшоў. Пайшоў без шапкі, без нічаго, тады ж холадна было. За ім немец пайшоў.
I нявестка была з малым рабёначкам, дык і калысачку на выган узялі…
Паставілі мужчын у школу, а мне далі падводу дзяржаць. Вот я і дзяржу. Наставілі пулямёт каля мяне. Я і дзяржу каня. Патом, як толькі хто ў акно прыгне — пулямёт туда выстраліць. Чалавек і ляжа. Чалавек некалькі так было.
А я дзяржу каня. Патом ён завярнуў пулямёт сюды, дык я і пусціла. Не помню нічога ўжо…
Ну, а патом, калі ўжо ўсіх спалілі, дзярэўня згарэла, усё згарэла — нічаго-о, на бляху ўсё зрабілася. Ну што, далі мне падводу ту самую:
— Едзь на завод!
I сеў са мной пулямёт і немец. I едзем.
Дык у мяне нічога жывога не было. Толькі так зубамі калаціла. Думаю: «Усё ўжо мне будзе…»
Прыехалі к мосту, ён забраў каня і як стаў страляць нада мною, дык я не помніла, у якую сторану мне ісці. Ну, я ўсё-такі ішла, ішла, ішла і пайшла сюды на кладбішча.
Прышла. Ну што ж, я тутака? Заначавала. Я і не баялася. Я ўжо і не помню нічога: і холадна, і голадна… I я ўжо тут і была.
Назаўтра ўсталі: няма нідзе нікога і нічога, усё ўжо.
I так ужо і асталіся гараваць: і мучаліся — і па лясах, і па палях, і ўсюды. I голыя, і галодныя, і босыя, і ўсякія…»
Бабуля з зёлкамі ў руках на прыполе змоўкла. А маладзейшыя сама разгаманіліся. Не паспявалі мы разабрацца, улавіць, запісаць, хто гаворыць. Так і даём, уперамешку, як гаварылі яны, адна за адной, адна адну перабіваючы:
— …Вельмі многа раз нападзенне было, вельмі! Яшчэ прыйшлі, абнялі ўсю дзярэўню, якія мужчыны былі, хто ў зямлянцы — усіх да аднаго забралі і зноў на завод пагналі. Такое ўжо было гора, што нікому такога гора не было…
— Хлапца тут зноў убілі, трох мужчын убілі — гэта ўсё после таго, калі ў школе папалілі…
— Вельмі нападзенне было бальшое на Люцін. Знаеце: завод і лес. Нідзе нічога не бачым. З Біркава, з завода, адусюль — ды на Люцін!.. Дзявацца не было дзе. Што прыдбаў у хату, якога каржа, драніка якога адкапаеш ды калі прыгатуеш — і то схопяць…
— Дзе ж мы гатавалі? На цяпле, на дварэ. Не было дзе ні леч, ні стаць — вельмі, вельмі нісхадзімае гора было…
— Адусюль нападзенне! Адусюль — і з завода, і з Заполля, з Біркава — адусюль. Ды ўсё ў Люцін, усё ў Люцін. Вельмі балыпое было гора…
— Першыя дні, пакуль парабілі гэтыя зямлянкі — запаляць кастры. Сцяпан гэты выйдзе: «Уставайце, фабрыка ўжо работае». Ну, шуцяць ужо, ну што ж рабіць? Есці няма чаго. Хто дзе якія стрэлкі са шчаўя, жолудзі — усё сабіраем, ядзім. Босыя, ой!..
У хату старой настаўніцы прыйшлі дзеці з букетамі кветак. Разам з жанчынамі і дзецьмі ідзём да брацкай магілы, на былое пажарышча школы, у якой да вайны вучыліся люцінскія дзеці, якая стала потым вогнішчам жахлівай смерці іхніх бацькоў…
Ціха стаяць над магілай бярозы. Замоўклі і дзеці.
Недзе тут сядзела тады са сваімі дзецьмі настаўніца, амаль непрытомная ад жаху глядзела на страшны агонь, чула перадсмяротныя крыкі людзей…
Недзе тут праходжваўся з аўтаматам, грэўся каля агню той забойца-фашыст, дзелавіта паўтараючы:
— Гут! Гут!..
Новыя дзеці
«.. Я ў другой групе ішла. Тыя людзі — як заплакалі! Усялякімі галаскамі, як пчолы. Яны — як касанулі! Усё… Як касанулі па нас, я ўспела накланіцца, і яна скальзанула — валасы так панясло і хустку, і тутака кроў… Я ляжу жывая, і дзіця жывое. А я так жму яго ліцом, а яно крычыць. Чуствую, што задушваю, сэрца баліць. I я жывая, і дзіцё жывое. Пушчу вальней, яно закрычыць…