Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Пры цяперашняй, асабістай з ім знаёмасці я даведаўся, што ён ужо 40 гадоў збірае матэрыялы і дакументы да гісторыі краёвай, што ў яго два пакоі бітком набіты гэтымі матэрыяламі, сярод якіх маюцца неашацаванай вартасці рэчы.
Другі быў колішні акалічны памешчык, які злажыў гаспадарку, распрадаў зямлю і цяпер жыў у Полацку, у сваім уласным доміку з садам, з гатовага граша. Бацька яго меў нейкія блізкія адносіны да васільянаў, а ён сам цікавіўся галоўна дэманалогіяй, кабалістыкай і г.п. Меў, як зарэкамендаваў мне яго Іван Іванавіч, у сябе «чарнакніжную бібліятэку», якой нікому не паказваў і не даваў чытаць. Знаў ён гэбрайскую мову і любіў час ад часу пайсці ў жыдоўскую сінагогу падыскутаваць.
Мы ўмовіліся сустрэцца разам з іншымі яшчэ ўчаснікамі «вольнай контэрфратэрніі» на кватэры ў Івана Іванавіча.
Вечарам прыбыло яшчэ двое. Мясцовы полацкі мешчанін Грыгор Н., маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску і, па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам. Мне яго зарэкамендавалі пад найменнем Падземны чалавек, спецыяльнасцю яго было знанне розных фантастычных легенд аб падзямельных ходах і дзівах, скрытых у іх, якія ён умеў апавядаць з паражаючым рэалізмам, але на заканчэнне заўсёды дадаваў: «Так пераказуюць, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды».
І, урэшце, апошнім учаснікам «контэрфратэрніі» быў сярэдніх гадоў вучыцель гарадской школы, які цікавіўся галоўна мясцовай гісторыяй да прыняцця хрысціянства крывічамі.
Перазнаёміўшыся, расселіся мы за сталом на выгодных т.зв. клубных крэслах, глыбокіх і мяккіх, з шырокімі поручамі. На стале вясёла шумеў самавар, і красавалася бутэлька, запарушаная пылам і плесню, з водкай «старкай». На талерках панадна была параскладана ўсякага гатунку дымляніна: кумпячына, сальцісона, каўбасы, якія не маюць роўных сабе ў свеце, калі бываюць прыгатаваны паводле старасвецкіх рэцэптаў рукамі беларускіх гаспадарных кабет.
Пасля другой-трэцяй чаркі Падземны чалавек пахінуўся да мяне і пачаў даводзіць, што гара, на якой стаіць Верхні замак, — насыпная. Што першапачаткава гэта была толькі магіла знамянітага валадара ўсёй пабалтыцкай «ратайскай» Скіфіі, а пазней яе дасыпалі, і на ёй стаяла бажніца, пасвячоная Дзеве-Сонцу, якую чцілі тут у постаці агністага птаха з дзявочай галавой. Пры гэтым ён сягнуў у кішэнь і падаў мне бронзавы медаль са стылізаваным рысункам, характэрнага вельмі, але нябачанага мной дагэтуль стылю. На адной старане медалю быў змеявік, а на другой — Дзева-Сонца, у постаці птаха з людской галавой, акружанай аўрэоляй.
— Гэткія медалі даўней знаходзілі часта каля гары, а гэты — я сам выкапаў у пясочку.
У нашу размову ўмяшаўся вучыцель, які сказаў:
— Я бачу, што вас застанаўляе закончаны стыль рысунка. І я пэвен, што вы думаеце — вот сабе грубы прымітыў! Людзі імкнуліся нешта адтварыць, але не маглі перабароць тэхнікі, а дзеля гэтага зрабілі быццам цень падобнасці да рэальных змеяў. Вось акурат у гэтым крыецца нашае самае грубае неразуменне старасвеччыны. Паслядзіце за развіццём мастацтва ў Грэцыі: там пасля груба рэалістычных скульптураў Фідзія і яго сучаснікаў, пасля вульгарнага класіцызму настае перыяд пазнейшы — візантыйскі. Стыль візантыйскі — гэта не ёсць упадак мастацтва, а яго вышэйшая ступень. Першы перыяд належыць, як і ў развіцці рэлігіі, да богатворання прыроды, другі — да тварэння прыроды па свайму замыслу і хаценню. У першым перыядзе чалавек няпэўны сваіх духовых сіл, і яму здаецца, што звер не толькі фізычна, але і духова сільнейшы за яго, яму імпануе зверачы свет, і ён пачынае яго багоміць. А таму ахвотна прыбірае сваю галаву бычачымі рагамі, цела акрывае мядзведжымі скурамі або размалёўвае на ім падабізны імпануючых яму звярат і гадаў. Калі ж ходам развіцця культуры чалавек даходзіць да пазнання самога сябе, да ацэны сваіх духовых сіл ён разам з бычачымі рагамі скідае з сябе і багомленне рэальных форм у мастацтве. Пачынае сам тварыць неіснуючыя формы, устанаўляе канон мастацтва. Візантыйскае мастацтва — гэта ёсць мастацтва вышэйшай фармацыі, чым грэцкі класіцызм, бо гэта ёсць мастацтва не натуралістычнае, а кананічнае. Тое, што мы бачым у Грэцыі, паўтараецца ўсюды, дзе толькі цывілізацыя людская даходзіла да вышэйшых ступеняў: і ў Асірыі, і ў Вавілоніі, і ў Эгіпце, і ў Індыі, у Кітаі і Японіі...
Гэты медаль сведчыць нам, што і мы, на гэтай зямлі, у гэтым краю, праходзілі ўжо раз росквіт высокай самаістай культуры, якая загінула, якой астанкі, вельмі рэдкія, з'яўляюцца пакуль што для нас таёмнымі крыптанімамі, даступнымі толькі рэдкім, як я сказаў бы, пасвячоным людзям. Нашае няшчасце ў тым, што край наш не абладае ні годным да будовы каменнем, ні капальнямі мінералаў, а з гэтай прычыны адзіным, годным да будовы матэрыялам было дрэва, нашы мастацкія будоўлі былі драўляныя, малатрывалыя. Нашыя пісаныя памятнікі не на камянях высякаліся, але на бяроставых пластках былі крэслены, якія лёгка запаляліся і гнілі. Скажыце, каб у Эгіпце, Індыі, Вавілоне была драўляная культура, то ці ведалі б мы сягоння што-колечы аб ёй? Не.
— Маеце слушнасць, — сказаў памешчык. — Нашы продкі перажылі стадыю высокай культуры. Як довад магу прывесці, што дагэтуль сярод нашага простага народа, які паўтысячы лет ходзіць у чужым ярме, дагэтуль маюцца ўласныя назовы важнейшых нябесных знакаў. Напрыклад, гвязду Венеру дасягоння сяляне называюць Чагір. Пад найменнем Чагір фігуруе Венера ў супрасльскім календары ХVІІІ ст., дзе аб ёй гаворыцца: «Гвезда Чагір між усімі гвездамі 10 месц у кожным месяцы мае, а па трыкрот прыходзіць на кожнае месца кожнага месяца». Вялікую Мядзведзіцу называюць Стажарамі; Плеяды — Сітцом, або Вуціным Гняздом; Арыёнаў пояс — Кігачамі; тры гвязды каля Млечнай Дарогі называюць Праллямі, або Жалезны Абруч; у галаве Млечнай Дарогі знаюць Касьбітоў, а саму Млечную Дарогу называюць Вайсковым Станам. Назоў гэтых захавалася многа. А што гэта знача? Гэта знача, што быў калісь час, калі ў нас працвітала астралогія, глыбокае знанне якой з'яўлялася прывілеем класа вучоных, але была адначасна, мабыць, ведай, даступнай для ўсіх станаў.
Тут яго перапыніў стары чыноўнік, кажучы:
— Сярод маіх сабранняў меў я карціны кніг, пісаных на бяросце незразумелымі знакамі, падобнымі да рунічнага пісьма. Я маю даныя цвердзіць, што т.зв. ятвягі не былі асобным племем, як памылкова ўтрымліваюць, а гэта ёсць названне класа святароў паганскіх часоў. Тых зорнікаў і зораведаў, а па-цяперашняму астраномаў, якія адначасна былі і класам святароў, духоўнікаў. Прашу звярнуць увагу на падобнасць паняцця, уложанага ў словы «ятвяг» і «жрэц». Там і тут да ўтварэння слова ўзята паняцце яды — жорці, есці. Выйдзеце з гэтага пакою на рынак і спытайце, дзе прадаюць ядомыя рэчы? Усякі вам адкажа — у ятках. У старапольскай мове жэртва называецца «objata», ізноў-такі тое самае паняцце яды ўложана ў слова. Наш селянін дагэтуль кажа на страву «ятво», славянскае — яство, яства. Па-польску пішацца «jadzwingowie», дык і тут ёсць карэнь «яд», «яда»...
У даўныя часы паміж словамі «ятвяг» і «жрэц» была акурат такая розніца, як у цяперашнім нашым разуменні паміж словамі «святар» і «жрэц». Для ваюючага і нішчачага ўсё паганскае хрысціянізму, усе старой веры і святары, і грубыя шаманы, і варажбіты — былі агульна пагарджанымі жрацамі. Гэта стараверная, з высокай культурай інтэлігенцыя брыдзілася змагацца забойствамі з новай верай і эмігравала ў глухія пушчы на пагранічча старавернай і аднавернай з імі Літвы. Як іх там тропілі і нішчылі немаль штогод, палячы будоўлі і выразаючы людзей, сведчаць ужо расійскія і польскія летапісцы. Разам з тым, калі загінулі ятвягі, загінула і старая дахрысціянская наша культура.
Тут ізноў узяў слова Падземны чалавек:
— Я там не ведаю, якое названне насілі святары дахрысціянскіх часоў. А што яны займаліся астрономіяй — гэта пэўнае. Ваша, хіба ведаеш, — звярнуўся да мяне, — Богінскае возера? Цікавы закутак! Уся ваколіца поўна старога жыцця. На возеры ёсць паўвостраў Богіна, а таму Богіна, што там былі знамянітыя бажніцы. У канцы возера ідуць валатоўкі бронзавага веку, на пясчыстым урочышчы; гэта месца — жалю, смутку, па-нашаму — могілкі — носіць найменне Жаль-Бор. На востраве, яшчэ да скасавання паншчыны, трымаўся высокі капец, у сярэдзіне каторага была старой веры бажніца з адзіным аконцам, праз якое прамень сонца ўсярэдзіну падаў толькі роўна ў поўдзень. Капец гэты ўзарвалі маскалі ў часе польскага паўстання, думаючы, што гэта нейкая крэпасць. Там, у Богіне, ёсць такжа падземныя хады, як і ў нас, пад Верхнім замкам, у сярэдзіне гары. Старая веда і старая культура не загінулі. Кажуць людзі, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход крокаў 60 даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі. Часцю пісаны яны на дасочках, часцю на бяроставых пластках. Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, усярэдзіне абітых скурай. З гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец... Толькі дужа страшна ісці там.