Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
У Індыі Тройцу складаюць Брама, Вішну, Шыва; функцыі, прыпісываныя асобам гэтай Тройцы, тыя ж самыя, што і ў халдэйцаў. Не чужа было і грэцкай мыслі паняцце траістасці сілы, уладаючай светам, чым галоўна цікавілася школа платонікаў, ад якіх догма Тройцы перанята была хрысціянствам.
Пасля гэтага ўступу Іван Іванавіч падняў руку ўверх, паказваючы на малюнак, і сказаў:
— Пасярэдзіне скляпення бачым мы тут тры постаці славянскай, а лепей — дака-гецкай Тройцы. Першая з іх ёсць Найвельшы (Optimus), бацька багоў, не маючый наймення. Імёны, даваныя яму рознымі народамі: Баг, Бог, Дэос, Дзевае, Гот, Элохім, Алах-Адонай — гэта ўсё яго прыметнікі, як і нашае Найвельшы, бо імені яго нельга вымавіць. Чэсць яго ў нашым народзе сягае ў вельмі глыбокую мінуўшчыну. Можна сказаць, што большасць грэцкіх мітаў цесна звязана з нашымі прашчурамі гетамі, з якімі на берагах Дуная грэкі вельмі рана саткнуліся і, наўзаемна, дзяліліся тайнамі веды. Нават наш сягонняшні край быў вядом грэкам у той час, калі тварыліся ў іх першыя міты. Відаць гэта з Гамера і іншых паэтаў старой Грэцыі, асабліва ж з аповесцяў аб Апалоне і сыне яго Фаэтоне, якую аповесць перадаў нам пекным вершам рымлянін Вергілій, з мітаў аб Праметэю, Арфею, Эскулапу і інш. От жа ў старагрэцкіх пісьменнікаў знойдзем, што славяне верылі ў загробнае жыццё і па смерці сваёй мелі надзею бытаваць разам з Зямельчыцам[16], рэлігійным рэфарматарам, які жыў за 600-650 гадоў да нараджэння Хрыста[17].
Другая асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая халдэя-вавілонскаму Эа, індускаму Вішну, — гэта Правечны Кон, які даў усяму жывому законы жыцця, назначыў кон, долю і акрэсліў канец, скон[18]. Як і ўсе багі, Правечны Кон меў многа розных эпітэтаў, якія няведамі прымаліся часам за яго ўласныя імёны. Да гэткіх імён яго належаць: Прова, Права, Тур. У адной старадаўнай саксонскай кроніцы маюцца малюнкі стараславянскіх багоў з часоў хрышчэння славянаў, між імі — рысунак стода з подпісам «Prouo». Гэты рысунак сведчыць, як хрысціянскія апосталы таго часу былі пранікнуты мазаізмам ды вавілонскімі харубамі і шайтанамі, а як мала ведалі тое, што нішчылі. Бо Кон-Прова-Тур не меў стодаў: яму пасвячаліся святыя дубы і гаі. У гэткія месцы, абгароджаныя і маючыя двое наўсупроцьных варотаў, сходзіліся ў канодныя дні старшыні народу спраўляць суды. У здарэнні, калі каго праследавалі, мог скрыцца ў загароду, хоць бы ён быў ворагам, яго ніхто не смеў крануць: бо права, праўда не на перавазе фізічнай сілы, ані на гвалце грунтуецца.
Трэцяя асоба славянскай Тройцы, адпавядаючая вавілонскаму Белу і індускаму Шыве, — ёсць Сіціўрат, Сіва. Халдэйцы лічылі Бела богам апраметнай, царства вечнай цемры, дома, «у які ўсе ўходзяць, але скуль ніхто не выходзіць». Індусы Шыву называюць мсціцелем. Цікава пры гэтым адмеціць адну асаблівасць, гэта тое, што індусы аддавалі чэсць Шыве — Ішвары ў мясцовасці Рудры, а славяне — Рэтры.
І каб мы не ведалі аб тым, што дака-гецкія міты праз грэкаў сягалі да Вавілоніі і Эгіпту з адной стараны, а да Індыі з другой, — то можна было б падзіўляць незвычайную прыпадковасць у сугуччы.
У санскрыце маецца эпітэт, даваны Шыве, — Гары, які вельмі сходзен з нашым Яры, Ярыла, Яравід. Сімвалам Сіціўрата (жыццявароту) — Ярылы быў нязгасны агонь — Жывец, Жынч, Зніч (знікомы), які меў свае вечныя алтары паўсюдна, куды сягала вера славянская. Летапісы ўпамінаюць аб такіх вечных агнях у Вільні, Вялікім Ноўгарадзе, а ў заходніх славянаў у Жніне, Гнезне і Жуліне на Паморы. Усюды, дзе існуюць або існавалі першыя хрысціянскія святыні, пасвячоныя прароку Іллі, яны былі будаваны на месцах вечнага агню. Бо Ілля заступаў у пачатках хрысціянства Ярылу. Цэрквы такія былі ў Менску, Віцебску, Смаленску, Полацку і іншых гарадах. Святары, служыўшыя Яраму, называліся ведунамі, вядачамі, вятачамі, вяцвягамі, бо яны прарочылі будучае. Няхай не дзівіць, што сіле мсцівай надаваўся эпітэт белага, яркага. Гэта дзеля ўласкаўлення яго. Бо ж дагэтуль, па старой памяці, народ называе агонь — багач, цяпло, святло, каб не ўквяліць грознай сілы. У мысль гэтага страшны Лясун носіць эпітэты Дабрахот, Зялун, а чорны балотны дух — Бялун, той, гэты і, ужо пад уплывам навейшага светагляду, нячысцік.
Сіле першапрычыннай, Найвельшаму, належыць пашана ад усяго жывога. Ён асновапаложнік, ён той, аб каторым пяе брамін у сваіх гімнах:
Я носьбіт і дарога, сведка і князь,
Айчына, прыяцель, прытулак;
Першапрычына, і цэль, і істасць рэчаў,
Я і захоўнік, і вечнае семя.
Калі Арфей, які быў з народаў гетаў, сяліўшыхся пад той час у Фракіі, панёс у Грэцыю навуку аб адзіным Найвельшым, то грэкі пыталі аракула, што такое Бог, якога прапаведуе Арфей? І аракул назваў Найвельшага святлом (rad), мыслю-словам (logos) і крыніцай жыцця (pneuma), якія імёны азначаюць — адзіную першапрычыну, святло духа, радасць без мучэння, першакрыніцу веды, увенчаную вышэйшай праўдай.
Правечны Кон даў права, закон людзям, звярам, птахам, полазам, рыбам, расцінам і наогул усяму, што жыве, родзіцца і памірае. Устаноўленыя ім законы вечны і непарушны. Галоўнае месца ў нашым краі, дзе складалі яму чэсць, быў Тураў і мясцовасць Скрыгалава, недалёка ад Турава, дзе дагэтуль захаваліся рэшткі так званых цыклапічных будоўляў у форме аграмадных каменных блокаў. Сімвалам справядлівасці ў славянаў лічыўся белы бык — тур.
І хоць даўным-даўно забылі нашы людзі старых багоў, але палеская (горадзенская) зямля дагэтуль мае ў сваім гербе тура, сімвал Правечнага Кону.
Пад гэтай Тройцай бачым мы, ніжэй, сем асоб з іх сімваламі: гэта ёсць сем галоўных сіл, уладаючых светам. Першая — Кон, Конязь, і яго сімвал сонца; другая — Княжыч, або Месяц, з сімвалам сваім — месік у маладзіку; трэцяя — Ярыла, і сімвал яго — гвязда Марс; чацвёртая — Радзігост, і яго сімвал — гвязда Меркурый; пятая — Пярун-Грамавік; шостая — Грамавіца, і яе сімвалы — гвязда Венера і пташка зязюля; сёмая — Лада, Ладон, і яго сімвал — гвязда Сатурн. Кожнай з гэтых сямёх асоб пасвячаны адзін дзень тыдня, аб чым сведчаць рунічныя надпісы пад кожнай асобай: нядзеля — соўнік, панядзелак — месіч, аўторак — ярэц, серада — радаўнік, чацвер — перунец, пятніца — грамніца, субота — ладзіч. Ніжэй гэтых сямёх асоб маецца дванаццаць сімвалаў, азначаючых 12 знакаў Задыяка, а пад імі — чатыры вятры, бытуючыя на чатырох канцах зямлі: Усток, які сухасцю тхне; Ірэй, прыносячы цяпло; Сутон, навяваючы хмары і дождж; Сівер, прыносячы сцюжу.
Сярэдні шлях малюнкаў завіраў у сабе сцэны з жыцця людзей, звяроў, птахаў, рыб, раслінаў і іншых на зямлі, у паветры, у вадзе з іх пераменамі і бытам.
У самым нізе было выабражана царства смерці, дом вечнай цемры з яго жыхарамі. На першым плане былі дзве галоўныя фігуры: Люцец, Люты (Pluto), або Кашча Бяссмертны, і яго жана — Марва. Першы выяўляў сабой худую, з вострымі людскімі рысамі і злымі вачыма пачвару, другая — мела старэчую жаночую галаву, на якой замест валасоў звіваліся сыкучыя змеі. Яе мясістае тулава апіралася на чатырох лапах і заканчвалася драконаўскім хвастом. Па-за гэтымі галоўнымі постацямі віднеліся пачварныя духі краіны смерці і бесканечны лік бледных людскіх постацей.
Мазаіка памосту пакрыта была сімвалічнымі знакамі, значэнне якіх я не знаў і не адважыўся спытаць аб іх.
— А цяпер, — сказаў Іван Іванавіч, — каб пасунуцца далей у лабірынты, нам трэба сесці ў гэтыя крэслы.
ІV
Зачараваны веліччу абразоў, развінутых Іванам Іванавічам, я спытаў яго:
— Чаму ж усё гэта заняпала, чаму забыта?
І Іван Іванавіч сказаў:
— Герадот апавядае, што паўночныя краіны Эўропы былі найлюднейшымі пасля Індыі. Паўночныя народы, якіх звалі гіпербарэйцамі, займаліся лавецтвам, скацежніцтвам і ратайствам. Зналі рамёслы і асабліва любаваліся ў вызнанні прыроды, а дзеля гэтага былі носьбітамі высокай веды. З берагоў Герадотаўскага мора, цяперашняга палескага краю, паходзіў вялікі індускі рэфарматар — Рама. Ален-гіпербарэец вывеў з поўначы калонію вучоных, якія сталіся ў Грэцыі кастай святароў і асновапаложнікамі чэсці Апалона і Дыяны ў Дэласе.