-->

Падары нам дрэва

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Падары нам дрэва, Сипаков Иван Данилович-- . Жанр: Проза прочее. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Падары нам дрэва
Название: Падары нам дрэва
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 393
Читать онлайн

Падары нам дрэва читать книгу онлайн

Падары нам дрэва - читать бесплатно онлайн , автор Сипаков Иван Данилович

Новая аповесць вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Янкі Сіпакова — прыгодніцка-фантастычная. Яе галоўны герой нечакана трапляе ў нейкае іншае вымярэнне. Там і пачынаецца яго новае жыццё і прыгоды ў незвычайнай завушніцы, сярод мёртвых робатаў і, урэшце, на невядомай планеце, якая загінула ад экалагічнай катастрофы.

Зацікавяць чытача таксама прытчы і метафары.

 

ЗМЕСТ:

Блуканні па іншасвеце

Пад нагамі ў мурашоў

Падары нам дрэва

Таля-малі

Жалезны Хаос

У Дурбудзіі

На Другім Паўшар'і

Іншае вымярэнне

Жыццё на завушніцы

 

Прытчы і метафары

Ледавік і Джунгляня

Кат

Утаймаванне ліфта

Труба

Вялікі і Мудры

Сад

Гара

На Маналы

Спатканне

Выратавальны круг

Тамагаўк

Усяго толькі прывітанне

Насуперак

З іхняга жыцця

Барацьба

 

Мастак: В. В. Дударанка

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 61 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Жэўжык!

Юля паклікала Радзіма мянушкаю, якая прыклеілася да яго з дзяцінства і якую любіла па патрэбе і без патрэбы паўтараць дзяўчынка — як кажуць, хто каго любіць…

Зваліўшыся з каменю, Радзім падвярнуў руку, але ўсё роўна, не зважаючы на боль, пачаў караскацца на глыбу — трэба ж было выручаць Юлю. Аднак камень тым часам зрабіўся сапраўднаю непрыступнаю скалою — ні ўзлезці на яе, ні абысці збоку.

Лез ён на валун доўга, здаецца, цэлую вечнасць. І ўсё ж, садраўшы да крыві рукі, ногі і калені — ад штаноў, ад сарочкі засталося адно толькі ашмоцце: так падраліся яны, — нарэшце апынуўся на самай вяршыні гары і жахнуўся: перад вачыма ляжала роўнае плато, і колькі ні ўглядайся па баках, нідзе не было яму канца-краю — пясчынка ператварылася ў сапраўдную несхадзімую зямлю, а ён сам — у пясчынку на ёй.

І гэтая зямля ўсё вырастала, усё большала пад ім, а ён усё змяншаўся — нібы правальваўся ў колішнюю пясчынку… Неўзабаве камень як усё роўна раструшчыўся, Радзім упаў у нейкую шчыліну, і цемра атуліла яго з усіх бакоў.

Ён усё змяншаўся і змяншаўся, а прастора ўсё пашыралася і пашыралася. Праз нейкі час пасвятлела, але ўсё роўна каля сябе Радзім нікога і нічога не бачыў — здавалася, што толькі ён адзін існуе ў гэтым пустым і гулкім бязмежжы.

Потым пачалі з'яўляцца маленькія, як мачыны, крупінкі, якія вольна плавалі ў паветры. Ён, нібы зачараваны, глядзеў, як і яны ўвачавідкі большаюць, павялічваюцца ў памерах, і яму здавалася, што бачыць усё гэта ў сне. Калі крапінкі ператварыліся ў вялізныя, лёгкія, нібы пустацелыя, шары, якія павольна рухаліся ў прасторы, ён зразумеў, што сам ужо настолькі зменшыўся, што бачыць малекулярную будову свету, а гэтыя вось шары — ніякія не шары, а самыя звычайныя атамы. Зразумеўшы гэта, успомніў пра школу, экзамены, усміхнуўся: во будуць здзіўлены і аднакласнікі, і настаўнікі, калі ён ім раскажа, што на свае вочы бачыў самую тайніцу прыроды — атамную будову пясчынкі, мог колькі хочаш любавацца атамамі і нават дакранацца да іх рукою.

Радзім пачаў ужо назіраць за паводзінамі атамаў, вывучаць іх рух, здаецца, нават разглядзеў электроны, што кружыліся каля атамнага ядра, як раптам убачыў, што якраз на яго імчыцца — нібы выстраліў хто, нібы трасірная куля — яркая, святлівая крапка. Інстынктыўна паспеў адсланіцца, крапка прайшла побач, але, рэзка адхінаючыся, ён выцяўся галавою аб атам, і той, як гумовы, паляцеў быў убок — сарваўся з арбіты, — але нейкая свая неадольная сіла неўзабаве зноў вярнула яго на ранейшае месца.

Ад другой такой крапкі святла не змог адвярнуцца — не паспеў нават падумаць, як гэтае яркае і вострае, быццам стрэмка, святло ўпілося ў яго. Чакаў, што будзе балюча, але святло прайшло праз яго без болю — хлопец нічога нават не адчуў, а, азірнуўшыся, убачыў, што святлівая крапка, быццам нічога і не здарылася, ляціць ужо, здаляючыся, за ім, ззаду яго. І тады ён заўважыў, што крапак гэтых дужа многа і што прабіваюць яны не толькі яго, а ўсё, што трапляецца на іх шляху, нават атамы, за якія яму напачатку хацелася хавацца. І перастаў адхінацца, хоць, шчыра кажучы, было боязна, непрыемна — стрэмкі ляцелі прама ў вочы, праходзілі праз сэрца, траплялі ў самы рот. Здагадаўся, што святлівыя гэтыя пылінкі — не што іншае, як нейтрына, якія і ў тым свеце, у тым звычайным вымярэнні пранізваюць навылёт і чалавека, і сцены, і ўсю зямную кулю — недзе чытаў, што для іх няма ніякіх перашкод. Тут іх столькі многа, а на зямлі за імі палююць ужо дужа даўно, але злавіць ніводнай нейтрына пакуль што нікому не ўдалося — людзі будуюць глыбока ў гарах браніраваныя склепы, але нейтрына, як хітрая, вопытная невідзімка, лёгка абмінае гэтыя чалавечыя пасткі і не трапляе ў іх.

Потым крапкі нейтрына пабольшалі, ператварыліся ў плямкі святла, якія, нібы ўспышкі пражэктара, асвятлялі яго ўсяго і знікалі.

Але такое нашэсце нейтрына было часовае.

Ён усё змяншаўся і змяншаўся, а прастора ўсё пашыралася, разрэджвалася. Зараз ужо рэдка калі трапляўся яму адзінокі атам ці ўдалечыні, як сполах маланкі, пралятала нейтрына.

Калі над ім, над самаю галавою, праплыў вялізны, нібы дырыжабль, шар атама — яму давялося нават сагнуць галаву, каб той не зачапіўся за яе, але ён усё роўна працягнуўся па валасах: калі б хлопец не быў падстрыжаны, атам згарнуў бы ўвесь чуб наперад, на самыя вочы, — тады Радзім зразумеў, што і ў свеце атамаў, у мікрасвеце ён зараз вельмі маленькі.

І тады ж заўважыў, што пад нагамі ў яго ўжо нічога няма, што ён проста так вісіць у паветры. І адчуў, што не мае ні цела, ні вагі, што ад яго асталіся толькі думка ды энергія, якія ўжо таксама, здаецца, плаваюць у паветры, але самі па сабе, без яго.

Разумеў, што ўсё яшчэ змяншаецца, і дзівіўся гэтаму: як можа змяншацца тое, чаго ўжо няма?!

І да якога часу можа змяншацца яно — чалавеку нельга змяншацца да бясконцасці, бо недзе абавязкова павінен быць канец, пасля якога… Дзіўна, а што можа быць пасля канца?!

Значыць, цела ў яго зараз не было, але думка ўвесь час помніла яго памеры, памятала рукі, ногі, твар, і варта было яму толькі падумаць пра іх, як адразу тыя ж рукі пачыналі, здавалася, варушыцца, і ён, як і раней, рабіў з імі ўсё, што хацеў.

Калі цела яго наблізілася, мусіць, да самай крытычнай мяжы, Радзім адчуў нейкую халаднаватую трывогу, нейкае хваляванне і прымус, нібыта нехта невідомы ўсё тое, што ад яго засталося, сціснуў, як спружыну, у адну маленькую-маленькую кропку, ды так моцна, што ён нават на нейкую хвіліну страціў прытомнасць, а потым той жа «нехта», здаецца, вывернуў яго, быццам пальчатку, навыварат, навонкі, і яму адразу стала светла-светла, лёгка-лёгка, радасна-радасна, і ён убачыў, што высока вісіць над нейкаю бязмежнаю голаю зямлёю і паволі, як усё роўна надзьмуты паветраны шар альбо адарваны асенні ліст, апускаецца на яе. І яшчэ яму здалося, што павялічваецца ў памерах і набывае ранейшыя формы, — ён не толькі ўжо адчуваў, але і бачыў свае рукі і ногі і мог дакрануцца да іх, паварушыць імі.

Зварухнуў плячыма, памацаў сябе, нават ушчыкнуў, каб праверыць, ці жывы. Далоні наткнуліся на падручнік па хіміі, які, нягледзячы на ўсе ператварэнні і выварочванні, застаўся там, куды ён яго і запіхнуў,— пад папружкаю. Зразумеў, што жывы целам і душою, і супакоіўся.

Апускаўся ён ціха і паволі, далёкая зямля набліжалася вельмі спакваля, амаль незаўважна, і таму яму часам здавалася, што не зніжаецца, а проста вісіць у паветры і будзе так, нібы пачэплены на які кручок, вісець заўсёды.

Разглядаў з вышыні зямлю, і яму рабілася страшна, куды ён апускаецца: зямлі, той зямлі, якая вабіць, якая цвіце і буяе, шчыра кажучы, не было, а пад ім невыразна шарэла нейкая голая непрытульная пустыня. І як ён ні ўглядаўся, і куды ні кідаў свой позірк, — вочы нідзе не маглі зачапіцца хоць за якое дрэва, за якую хату, сцежку, ужо не кажучы пра што-небудзь жывое. Праўда, калі пустыня пабліжэла, Радзім пачаў распазнаваць на ёй былыя, даўно перасохлыя рэчышчы, руіны вёсак і гарадоў, разараныя калісьці прамавугольнікі, дзялянкі, лапіны палёў і сенажацяў.

Тое, што зверху здавалася шэраю пустыняю, зблізку аказалася нагрувашчваннем нейкіх каменных глыбаў, сярод якіх нельга было прыкмеціць нават самых нязначных прыкмет жыцця.

Доле было цяжка дыхаць: паветра разрэджанае, яго не хапала, ды і тое, што асталося на гэтай планеце, мусіць, пасля нейкай разбуральнай вайны, брыдка пахла, смуродзіла, і ад яго адразу ж пачало пяршыць у горле.

Радзім цвярдзей стаў на зямлю і пачаў азірацца па баках. Ад роспачы, адчаю і бязвыхаднасці хацелася закрычаць, загаласіць, завыць — адзін, зусім адзін на гэтай бязлюднай зямлі. Хто і навошта яго выкінуў сюды? І што яму зараз рабіць, які шукаць паратунак?

А дзе Юля? Яна ж таксама, мусіць, адна, і таксама ў роспачы. Можа, яна дзе-небудзь непадалёк? Што ты! У гэтым свеце ім хутчэй за ўсё ніколі не давядзецца сустрэцца… І ўсё ж ён будзе шукаць яе.

На зямлі было ціха-ціха… Уяўляеце, як можа быць ціха, калі няма ніводнага дрэва, каб раптам зашапацець лісцем, ніводнай рэчкі, каб забулькатаць бруёю каля камення, няма нават птушкі, якая б магла нечакана залопаць крыллем, спалохаць, пралятаючы непадалёку, няма травы, каб ціха і пяшчотна прашумець пад лёгкім узвеем.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 61 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название