Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн
У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…
Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ён змоўк, пабачыўшы, што яна ляжыць, закрыўшы вочы, а веі яе вільготныя.
— Вельмі буду цябе кахаць, — не адкрываючы вачэй, сказала яна.
…Гэта адбылося на чацвёрты дзень пасля размовы аб азёрах і курганах. Ірына відавочна ішла на папраўку. Яна ўжо спрабавала напаўляжаць на падушках, гледзячы ў парк, у якім пасяліўся раскошны і сонечны чэрвень, жартавала з Яшам, з асалодаю абуджэння да жыцця нюхала і гладзіла пальцамі кветкі, прынесеныя Андрэем.
I вось надвячоркам таго дня Андрэй, вяртаючыся з кветкавага магазіна, зразумеў па мітусяніне ў калідоры, што адбылося нешта дрэннае. Ля дзвярэй палаты стаяў небывала сур'ёзны Яша.
— Чакай, Андрэй, — сказаў ён. — Пакуль што туды нельга.
— Што такое? — спытаў збялелы Андрэй.
— Упаў пульс, — сказаў Яша.
Сашанька высунулася з дзвярэй, устрывожаная, у збітым набакір белым каўпачку.
— Як? — спытаў Яша.
— Пульс часты, малога напаўнення, — сказала яна і знікла ў палаце.
Ардынатар пакруціў галавой.
— Яша, гэта дрэнна? — спытаў Андрэй.
— Зараз змерым ціск. Калі ўпаў — гэта вельмі дрэнна, Андруша.
— Пусці, - сказаў Андрэй.
— Чакай, — сказаў Яша. — Там зараз ідзе змаганне. Не перашкаджай.
Не заўважаючы Андрэя, у палату амаль прабег Глінскі з асістэнтамі.
— Што ж рабіць, Яша? Што рабіць?
— Чакай. Чакай і трымайся.
Ён стаў чакаць. Гэта цягнудася вельмі доўга, вельмі-вельмі доўга. На дварэ пачало цямнець, а тыя, у белым, усё яшчэ былі ў палаце.
Потым адтуль выйшаў Глінскі, відавочна пастарэлы, з бліскучымі вачыма.
— Яна просіць цябе, Андрэй.
Андрэй кінуўся паўз яго.
— Як? — спытаў у Глінскага Яша.
Той толькі махнуў рукою, заходзячы за Андрэем у палату.
…Першае, што пабачыў Грынкевіч, было яе аблічча, нейкае незваротна змененае, аблічча жыхара ўжо не гэтага свету.
Вакол яе завіхаліся, але яна не звяртала на гэта ўвагі. Вочы яе глядзелі толькі на Андрэя, быццам у палаце не было нікога, акрамя яго.
I Андрэй адразу, з незвычайнай яснасцю зразумеў: гэта ўсё. Зразумеў, але не паверыў сэрцам.
— Хадзі сюды, — ясным высокім голасам сказала яна.
Ён падышоў, сеў. Яна паклала на яго руку сваю далоньку.
— Я хачу сказаць табе нешта. Не забывай Ганну. Чуеш? Не забывай. Мне цяжка казаць табе гэта, але яшчэ цяжэй пакінуць цябе аднаго.
— Я не кахаю яе.
— Ведаю. Але мне цяжка пакінуць цябе аднаго. Дай мне слова… Яна будзе добрай да цябе… Дай слова…
— Не магу, — сказаў Андрэй. — Ты выправішся, ты будзеш са мной.
Яна адразу неяк звянула, і нават цень ласкавай усмешкі з'явіўся ў шэрых глыбокіх вачах.
— Так, — сказала яна. — Вядома. Я рада, што ты не даў слова.
Ад гэтага ценю ўсмешкі ў сэрцы Грынкевіча зноў аджыла слабая надзея. Яна ўсміхалася да яго, яна магла і павінна была жыць.
За вокнамі невыразна цямнелі дрэвы. З-за іх далятаў прыглушаны шум вячэрняга горада. Там, у дрэвах, быў, напэўна, ветрык, але такі слабы, што яго можна было заўважыць толькі па рэдкіх, слабеючых уздыхах у лістоце.
У палаце цьмяна гарэла святло, адзін чалавек схіляўся над другім, а вакол стаялі маўклівыя, небывала сур'ёзныя ўрачы.
Але яны зараз не існавалі ні для яе, ні для яго.
— Андрэйка, — сказала яна, — як ты пакутуеш… Ох, як я цябе буду кахаць.
Андрэй сеў ля яе. Было вельмі-вельмі ціха. I тады Ірына абвяла позіркам людзей у белым і сказала:
— Пакіньце нас адных.
"Мы зрабілі ўсё, што магчыма", — казалі вочы Глінскага, але ўголас ён сказаў другое:
— Нельга. Я павінен застацца.
— Пакіньце нас адных, — паўтарыла яна.
Глінскі абвёў вачыма калег. Потым ягоны позірк спыніўся на твары Ірыны, на безудзельна-адчайным твары мужчыны.
— Пакіньце, — ціха сказаў ён.
Яны выйшлі. Гусцеў змрок за акном, і ўздыхі ўсё яшчэ ляцелі з начной лістоты. Усё радзей і радзей.
— Пацалуй мяне, — сказала яна.
I ён бязважка, каб не зрабіць ёй балюча, але палка прыпаў да яе вуснаў сваімі дрыжачымі вуснамі, быццам імкнуўся пераліць у яе ганебны збытак уласных сіл.
— Праспявай мне нешта ціхае, — сказала яна, прыціскаючыся да яго.
— Добра.
— Толькi пачакай. Яшчэ два словы.
Ён гладзіў яе валасы.
— Дай мне слова, Андруша, — трывожна сказала яна. — Дай слова.
Ён ведаў, аб чым гэта, і згодна хітнуў галавою. Толькі каб супакоіць яе.
— Ну вось, — уздыхнула яна. — Мне спакойна. Спявай.
Андрэй заспяваў ціха. Заспяваў тую калыханку, што, як усе калыханкі Беларусі, падобная на трапяткі пяшчотны ўздых. Яна слухала, гледзячы на яго, а зітханні ўсё даляталі з лістоты. Радзей, радзей.
Яны былi такiмi слабымi, гэтыя зiтханнi.
А голас вёў і вёў перарывістую песню:
Вавёрка ў закутку
Пражу прадзе,
Кола залатое
Сонна гудзе…
Сціхні, мой ветрык,
Вавёрка спіць,
Аб арэхах срэбных
Вавёрка сніць…
Спіць яна…
Спіць…
Вочы закрывае,
Зашыўшыся ў дом,
Цёплым хвастом,
Рудым хвастом…
Рудым…
Зiтханнi даляталi з лiстоты.
Радзей. Усё радзей. Знiклi.
Закрываючы вочы, яна сказала:
— А я і не думала, што вашы калыханкі такія… Я засну, любы.
— Спі, - сказаў ён,
Прыціскаючы яго руку да сваіх грудзей, яна апусціла веі.
Яна спала, i яго рукi былi ў яе руках…
…Потым пачалася агонія.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ён сядзеў, трымаючы ў руках яе рукі, якія пачалі астываць. Нерухомы над нерухомай. Безудзельны над безудзельнай. Ён верыў, што пакуль яе рукі ў яго руках — у іх не можа знікнуць цеплыня.
I ён ні ўва што больш не верыў.
Пальцы халаднелі. Пальцы былі ўжо зусім халодныя. I тады ён вызваліўся і склаў на грудзях гэтыя бедныя рукі, а сам стаў чакаць. Пакуль ён мог спадзявацца на дзіва, ён не павінен быў кінуць, здрадзіць, аддаць у рукі цемры.
Ён чакаў, пакуль не перастаў спадзявацца, а потым з цяжкасцю разарваў свае апошнія абдоймы і назаўсёды, цяпер ужо назаўсёды, адарваўся ад яе. Сеў і стаў глядзець.
Здаецца, спала. У куточках вуснаў цень загадкавай усмешкі, а бровы злёгку, быццам здзіўлена, узняты.
Куды ты заглядаеш, мая апошняя, у якую таямніцу, невядомую мне? Чаму здзіўлены твае бровы?
I што зараз рабіць мне?
Зямная персць, зямная юдоль — будзьце вы благаславёны, будзьце вы пракляты.
I што зараз рабіць мне, калі ты не пускаеш мяне ў сваю таямніцу?
Хто адкажа? Хто адпомсціць? Хто суцешыць?
Цень усмешкі і здзіўленыя бровы. Куды ты заглядаеш? Куды?
Потым ён устаў і выйшаў. Яна не адказвала.
Бы ў тумане, пабачыў, твары Яшы, Сашанькі, твар Яніса, Ганны, спіну Глінскага, які стаяў ля акна.
— За што ж гэта, Андрэй? — глуха спытаў Якаў.
Хіба ён ведаў за што? Ён не ведаў. Не ведаў нават, чаму прыўзняты бровы.
— Адкасніцеся ад яго, — сказаў Яніс. — Нашто яму вашы словы?
I ён моцна абняў Андрэя за плечы.
Туман знік у вачах Грынкевіча ад гэтай грубай сяброўскай ласкі. Ён ведаў, Янісу таксама цяжка. Ён ведаў, што і Яніс плача, як ён, без слёз. Адным сэрцам.
— Правядзі мяне да выхаду, — глуха сказаў ён.
Яны спыніліся ў скверы, які спаў усімі галінамі, усімі птушынымі гнёздамі на іх.
Рукі Яніса ляжалі на плячах Андрэя.
— Мацуйся, мой родны.
Андрэй выцягнуў з кішэні і паклаў на далонь Яніса бумажнік.
— Вось, — сказаў ён. — Зрабі ўсё, каб адправіць яе ў Сухадол. Яна хацела быць там. Апошняе жаданне. Прабач, я проста не магу сам хадзіць паўсюль… Я толькі павязу.
— Я разумею цябе, — сказаў Яніс. — А як ты?
— З часам і я… — сказаў Андрэй. — Я абавязкова пайду туды, калі наблізіцца канец… Мы ляжам поруч. У маёй зямлі. Каб наводдаль бачыць буслянку, а пад гарою Дняпро.
Ён уздыхнуў.
— Паромная гісторыя скончылася… Канец.
— Куды ты пойдзеш?
— Я вярнуся. Раніцай. Да… раніцы, сябар.
— Да раніцы… сабрыс.
Андрэй павярнуўся і пайшоў у глыб скверыка. Яніс стаяў і глядзеў, як цень яго друга паглынае змрок.