Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн
У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…
Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Занятак, відаць, падабаўся і кацяняці і ўладальніку незагарэлых ножак, бо з акна, прыглушаны адлегласцю, далятаў лікуючы віск.
— Гэта абавязкова Азалін з пятай палаты, — захлёбваўся ў захапленні Глінскі. — Такога прайдзісвета і бандыта яшчэ пашукаць трэба. Я зусім нядаўна ліквідаваў яму мітральны стэноз. Дый ён зараз наганяе. Такая прага жыць! Усё яму задавальненне прыносіць. Учора заходжу, а ён у палатнай прыбіральні. Б'е, як фантан… Ну, не раўнуючы, як у Іярданса, дзе хлапчанё… проста на галаву сабаку. А на мордзе ўсмешка аж за твар лезе. "Што, — пытаю, — уцаляеш, каб далей?" А ён, ох-хо, ён мне: "Цяпер можна. Цяпер як хочаш пніся".
I хаця гісторыя была не вельмі разумнай, Андрэй усміхнуўся, так заразліва Глінскі расказваў яе. А ў прафесара ўсмешка ставала ўсё больш мяккай і адначасова сумнаватай:
— Думаеце, гэта чаго ён ногі высунуў? Гэта ён спяшаецца ўзяць ад жыцця ўсе ягоныя раскошы… Раней на сонцы нельга было, дык вось зараз… Хутчэй усё: хутчэй сонца, хутчэй упершыню загараць, хутчэй каб кацяня хапала… Варта б вам было паглядзець, як яны мяняюцца… Прыводзяць маленькага старога: пазногці сінюшна-бледныя, вусны амаль заўсёды сінія… Надумае прабегчы і праз тры крокі спыніцца… Гонар яму не дазваляе прызнацца ў тым, што не можа, дык ён смяецца, слабенькім такім галаском… Быццам вінаваты… Ах, сволач натура! Ах, сволач!.. I вось глядзець, як вусны робяцца звычайнымі ружовымі вуснамі, цёплымі, прынаднымі, - гэта, я вам скажу, не вашы вершы там нейкія пісаць… пра карысць курэй у барацьбе з каларадскім жуком.
"I тут падкалоў", — падумаў Андрэй, але ў сэрцы яго не было злосці, а насцярожанасць знікла кудысь.
Уголас ён сказаў:
— Пушкін — таксама вершы.
— Так, — гаварыў Глінскі, - але як, па-вашаму, такія вершы:
Выяўляйце шкоднiка,
Каларадскага жука,
Спавяшчайце агранома,
Як знайдзеце шкодніка.
— Не чуў я нешта такіх вершаў, - сказаў Андрэй.
— А я чуў. Сваімі вачыма на этыкетцы для запалак чытаў.
Пасур'ёзнеў:
— Ну, вернемся да нашай тэмы. Хворая — ваша супруга?
— Яна не супруга, — сказаў Андрэй. — Яна ўсё існаванне маё.
Прафесар прыкрыў далонню вочы, а калі апусціў яе, нічога не засталося ў іх ад тых калючых жорсткіх вачэй, якімі яны былі на пачатку размовы.
— Дык, значыць, Кай хоча дапамагчы маленькай Гердзе выплакаць з сэрца асколак люстра?
— Так, — сказаў Андрэй.
У голасе Глінскага з'явілася раптам такая ўважлівая нота, што Андрэй зразумеў: з гэтага імгнення ён, Андрэй, пагарджае сабою за слепату.
— Што ж, — сказаў прафесар, — вязіце яе. Сем — дзесяць дзён мы будзем падрыхтоўваць яе.
— Што гэта такое?
— Гэта аналізы крыві, - добразычліва, як маленькаму, тлумачыў Глінскі, - рэнтген, здымкі ў розных праекцыях, замеры хуткасці кроваплыні, вянознага ціску… Ну, потым электракардыяграма.
— Што гэта?
— Запіс біятокаў сэрца. I яшчэ фонакардыяграма, запіс шумаў сэрца… Калі ёсць застоі і ацёкі, тады…
— Гэтага няма, — сказаў Андрэй.
— Ну вось, — усміхнуўся Глінскі, - усё не так страшна. Як вы хацелі б, каб яе паклалі?
— А як можна?
— Звычайна ў нас чатыры чалавекі ў палаце. Але ёсць і па адным. Па стану. Ну і часам ствараем лепшыя ўмовы. Зноў жа псіхіка. Некаторым лепей разам, некатораму калі ён адзін.
— Адну, — сказаў Андрэй. — Калi трэба, я заплачу.
Стары паглядзеў на яго здзіўлена:
— У людзях не разбіраецеся, юнача. А таму абражаеце медыцыну… Хто вы хочаце, каб рабіў аперацыю?
— Вы, — сказаў Андрэй.
— Добра. Значыцца, тыдзень падрыхтоўкi i аперацыя, ну, скажам, у чацвер вечарам.
— Дзякую вам, — сказаў Андрэй.
Ён амаль ужо выйшаў, але спыніўся ля дзвярэй:
— Прафесар, дазвольце мне на свае вочы пабачыць нейкую адпаведную аперацыю.
— Нашто вам гэта?
— Не ведаю. Але мне гэта чамусьці вельмі трэба… Я павінен ведаць.
— Я не магу гэтага дазволіць. Каб усе сваякі…
— А вы дайце мне гэтую магчымасць не як сваяку, а як журналісту.
Прафесар уважліва разглядаў Андрэя;
— Хочаце самi бачыць ступень небяспекi?
— Так.
— Добра, — з ранейшай суровасцю сказаў Глінскі. — Не магу толькі зразумець, жорсткі вы або бязмежна чуллівы. Але вы маеце рацыю, небяспеку трэба ведаць, небяспеку трэба сустракаць у твар. Відушчым. Не страусам, што хавае галаву… Крыві не баіцёся?
— Эх, прафесар, бачыў я яе. Столькі давялося бачыць!..
— Добра. Пагуляйце зараз у парку. Можаце паснедаць дзе-небудзь…
— Хіба я магу…
— А вы не распускайцеся. Яны вам яшчэ спатрэбяцца, сілы!.. А ў дзве гадзіны чакайце ў вестыбюлі. За вамі прыйдуць.
I сказаў ранейшым сталёвым голасам:
— Я дам вам магчымасць глядзець на гэта не па тэлевізары, не праз купал. Будзеце стаяць поруч з усімі… I крый вас бог траціць прытомнасць.
Памаўчаў, паціраючы свае рукі:
— А каб вам было лягчэй верыць мне — я паабяцаю вам зрабіць усё, што толькі даступна сілам чалавечым.
— Чаму вы даяце мне такое абяцанне? — ціха спытаў Андрэй.
— Я ўдавец, — ненатуральна абыякавым тонам сказаў Глінскі. — Я застаўся вельмі малады ўдаўцом. Быў урачом медсанбата недзе на тым участку, дзе параніла вашу каханую. Жонка была ў мяне медсястрой. Было гэта напярэдадні пятнаццатага кастрычніка… Бедныя апалчэнцы!.. Героі!.. Колькі іх прайшло праз мае рукі… I колькі было падобных раненняў… Магла і ваша дзяўчына прайсці калі не праз мае рукі, дык праз рукі суседа… А мы ўсе былі аднолькавыя. Усе не маглі.
Глінскі закурыў, гледзячы ў аліўкава-зялёны парк:
— Вядома, за кожнага такога, уражанага ў сэрца, кожны з нас перажываў, але неяк адхiлена. Сэрца на вайне чарсцвее, i нельга перажываць за кожнага, як за свайго… Потым прыйшлi сiбiракi… А на другi дзень пасля iхняга прыходу снарад разарваўся… А, што там… Раненне жонкi, вiдаць, было больш цяжкае, чым у вашай… Яна пражыла суткi. А я — не мог. I гэтую слабасць сваю я не забываў усё жыццё.
З сілаю прыціснуў папяросу:
— Цяпер бы я мог выратаваць яе даволі лёгка, хаця і зараз людзі паміраюць. Мы "нядрэнна пасунуліся ў гэтым пытанні…"
— Я разумею вас
- Ідзіце, — сказаў Глінскі. — Чакайце.
…Андрэй выйшаў і перш за ўсё таксама закурыў. Курыць у кабінеце ён саромеўся. Ён ішоў і думаў.
…Так, відаць, трэба было згаджацца. Глінскі — выдатны хірург. Гэта кажуць усе. Да таго ж, нясцерпна будзе бачыць павольнае згасанне Ірыны. Але ён не будзе казаць свайго слова. Ён проста раскажа ўсё, што бачыў.
З першага ж аўтамата ён пазваніў Ганне. Усё было добра: Ірына яшчэ спала. Вайвадс прымчаў адразу ж, як толькі яму пазванілі, паспеў ужо натупацца па аптэках і магазінах і зараз пільнаваў, калі Ірына прачнецца, каб разам з Ганнай накарміць яе. Ганна перадала яму на хвілінку трубку.
— Ты там трымайся, — сказаў Яніс. — Я маюся падскочыць да цябе потым.
— Падскоч, — сказаў Андрэй. — Гадзін у пяць.
Рабіць пакуль што не было чаго, і Грынкевіч пайшоў на агледзіны.
Дом інстытута быў стары, таго тыпу, як будавалі пры Казакове. Перад домам быў кветнік са старымі дрэвамі, так што гукі вуліцы даляталі да вокан моцна прыглушанымі. Але гэта быў парадны фасад. Цікавей было пабачыць чорны ход.
За домам быў парк, таксама стары і зараз увесь пранізаны сонцам. Сходы двума крыламі збягалі ў яго, старыя сходы, вытрыманыя ў стылі класіцызму, аблямаваныя фігурнай балюстрадай.
Будынак пашыралі, прыбудоўвалі новыя крылы і карпусы, але рабілі гэта тонка, імкнучыся вытрымаць стыль, не сапсаваць старой архітэктуры.
Андрэй падышоў да аднаго з задніх ганкаў якраз тады, калі да яго падвезлі на машыне сняданне. Жанчыны ў белым насілі ў дзверы розныя бітоны і вёдры. На кожным вядры быў недарэчны надпіс: «Сасуд».
Што за бязглуздзіца? Які «сасуд»? Нашто?
Ён дачакаўся, пакуль машына ад'ехала, і падышоў да нянечак, што сядзелі на ганку. Яны не заўважылі яго і пляткарылі, як усе нянечкі на свеце.
— Выношу і выношу, — казала адна сівеючая, вельмі кемная баба. — Спасу майго няма. Такія зас… усе гэтыя мужыкі.