Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць)
Леанiды не вернуцца да Зямлi (Нельга забыць) читать книгу онлайн
У сярэдзіне XIX ст. рускі афицэр Юры Гораў, рызыкуя жыццём, дапамагае жонцы беларускага паўстанца Усяслава Грынкевіча даставиць загад аб памілаванні яе мужа. Праз сто гадоў іх нашчадкі сустракаюцца ў Маскоўскім літаратурным інсцітуце. Узнікае каханне, афарбаванае рамантыкай і сувяззю пакаленняў…
Першая публікацыя раману адбылася ў часопісе «Полымя» ў 1962, пада навязанай рэдактарамі назвай "Нельга забыць", а першая кніжная — толькі ў 1982 г.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ён выйшаў на вуліцу, напоеную свежым водарам майскай раніцы. Вуліцы былі пустыя. Толькі рэдкія дворнікі шоргалі мётламі па асфальце.
Горад пагасіў агні, і таму над ім на хвіліну з'явіліся зоры.
Ветрык часам уздыхаў, несучы аднекуль з парку водар расы і кветак.
Зоркі, самыя буйныя, чэзлі. Андрэй ішоў пад імі, і вадкае зеленаватае неба вісела над яго галавой.
Чамусьці ён успомніў магільную пліту ў старым Мядзелі, сярэдневяковую пліту. Тады беларусы любілі строіць кепікі са смерці, іранічна ставіліся да яе, не баючыся быццам ні бога, ні д'ябла. На пліце быў выразаны чалавек з шырокім разумным тварам, у вольных, відаць, тканых, адзеннях. Пад галавою яго была выразана сулея, пры баку — меч, у нагах — маленькі сабачка, падобны на карлікавага льва. Чалавек уіміхаўся быццам тым словам, што былі выразаны ніжэй сабачкі:
Тут ляжыць Іван Сямяшка.
Ў галавах гарэлкi пляшка.
Пры баку востры меч ляжыць,
У ног верны сабачка тужыць.
Ого-го, ого-го,
Што каму да таго?
Сапраўды, што каму да таго? Продкі любілі пасмейвацца са смерці. Але смерць, але прадчуванне яе — гэта зусім не смешна. Гэта агідна, брыдка, гэта варожа. З гэтым не можа прымірыцца сэрца… Леаніды адзначылі шлях прадзеда, і хоць гэтым святлейшая была ноч перад яго стратай. Іх няма зараз. Яны рэдка прылятаюць, і мы чакаем іх, такія самотныя ў цемры.
Яго, Андрэя, таксама прысудзілі да страты. Калісь. Даўно. Прысудзіла вайна, ад якой усё яшчэ часам паміраюць людзі, з якой яны ўсё яшчэ, задыхаючыся, уступаюць у адзінаборства такімі вось зеленаватымі, свежымі раніцамі мая.
Божа, пакарай іх, калі ты ёсць. Пакарай расстрэлы, пакарай атакі, пакарай іх за асколкі ў сэрцы, пакарай за слабенькія, як пялёсткі кветак, пальцы кволых жанчын, якія дрыжаць, чапляючыся за жыццё.
Божа, пакарай іх!
А калі ты смяешся там, над намі, смяешся смехам старога ідыёта, які ўзрадаваны мукамі пароды людской, яе слабасцю, слабасцю гэтых вуснаў, якія ловяць паветра, — тады сцеражыся! Сцеражыся тады, бо гэта ўжо за-над-та.
А калі цябе няма — хопіць прыдурвацца. Тады няхай сцерагуцца тыя, хто прыдумваў гэтую хлусню, гадаваў яе цэлымі стагоддзямі, хто па-езуіцку казаў, што забіваць нельга, але можна забіваць чалавека «чужой» крыві, што падмануць нельга, але можна зрабіць гэта ў імя тых ці іншых меркаванняў, неабходнасці… Хай сцерагуцца, бо гэта немагчыма, каб самыя дарагія вусны хапалі паветра, якое павінна быць радасцю для ўсіх.
Да чор-та-вай ма-та-ры!
Людзі занадта лёгка забылі пра вайну. Яны лічаць, што гэта забаўкі. У многіх каціная памяць, ім абрыдлі напаміны аб ёй, яны не хочуць глядзець нават фільмаў аб тым, як людзі пакутавалі тады. "Вайна? Гэта прайшло".
А вайна не памерла. Не кажучы пра новую пагрозу, не памерла і старая. Яна толькі стаілася, яна гадамі падпільноўвала ахвяру. Будавалі дамы, пісалі кнігі, кахалі, а яна пільнавала… пільнавала… Яна не спяшалася. I вось дачакалася, калі прыйшло нясцерпнае шчасце, калі Нерль і Нява завабілі двух і далі ім бяссмерце, — кінулася і прыхлопнула цяжкай рукой.
Цяпер Андрэй ішоў ужо над Масквою-ракою. Мост вёў яго кудысь. Над горадам вось-вось павінна было ўзысці сонца, і немагчыма, немагчыма было, прадбачваючы ягоны прыход, не пакутаваць за вусны, там, на падушцы, і не абурацца да самых глыбінь душы.
Насустрач самотнай постаці Андрэя ішла ў першых праменнях сонца палівальная машына. Ішла, распусціўшы белыя вусы, гонячы перад сабою вясёлку.
I, калі яна прайшла, за яе спіною сталі два гарады, адзін сапраўдны, а другі бліскучы, размыты ўсімі абрысамі, перакулены ў другое неба, якраз пад нагамі.
Р а з д з е л XXIX
Андрэй сядзеў у кабiнеце намеснiка дырэктара iнстытута грудной хiрургii. Сядзеў удвух, разам з гаспадаром гэтага сляпуча-белага, вылiзанага да люстэркавай матавасцi пакоя.
Гаспадар, прафесар Глінскі, вялізны, вельш нязграбны, нейкі па-мужыкаватаму натапыраны сядзеў перад ім. Мажны, увесь у жорсткіх мускулах твар, сівеючыя скроні. Дзіўна было слухаць з гэтых вуснаў па-інтэлігенцку мяккую мову, дзіўна было бачыць пры гэтых магутных руках малатабойца кісці арыстакраткі-прыгажуні з матава-бледнымі вузкімі пальцамі.
— Адкуль я магу ведаць, — сказаў Глінскі. — Я сам не ляжаў пад нажом.
— Разумееце, — хваляваўся Андрэй, — я гэта да таго, што хачу ведаць, вельмі балюча гэта ці не. Я не магу, каб ёй — балюча.
За вокнамі быў зялёны трапяткі сад, яшчэ споўнены ранішняй прахалодай і ціньканнем птушак. Прафесар глядзеў туды.
— Што адчувае хворы пад нажом, калі робяць аперацыю сэрца, можа сказаць пакуль што толькі адзін чалавек на зямлі. Дарэчы, з вашага Мінска… Гэта хворы Пушкін. Тады ён працаваў на радыёзаводзе. У пяцьдзесят сёмым годзе яго аперыравалі ў трэцяй клінічнай бальніцы. Аперыраваў доктар Раўноў. Давялося аперыраваць пад мясцовай анестэзіяй.
— Ну, а наогул…
— Баіцёся — не кладзіце, — жорстка сказаў Глінскі. — Улічыце, гарантый тут не даюць… Так, аперацыя цяжкая, так, пасля яе, нават калі яна ўдалася, хворы дзён сем нават дыхае з цяжкасцю, так, гэта балюча. Балюча слова сказаць… I не дзіва — сэрца і сталь. I ў гэтым паядынку яны дзве… тры… зрэдку, вельмі рэдка, чатыры гадзіны.
"Не, — думаў Андрэй, — да гэтага жывадзёра я не пушчу. Калі ўсё адно без аперацыі не абысціся — хай лепей другі… Як ён раўнадушна кажа пра гэта!.. Якія грубыя рысы аблічча!.. Нездарма Талстой не любіў дактароў".
Ён ведаў, што ён несправядлівы, але пакінуць думаць менавіта так не мог.
А ў словах прафесара ўсё яшчэ гучала жорсткая сталь.
— I гэта яшчэ не ўсё, — Глінскі глядзеў светлымі, калючымі вачыма, быццам душу цягнуў з вачэй субяседніка. — Ваш выпадак цяжкі. Вельмі цяжкі. Я ведаю яго і даўно здзіўляюся, чаму яна не магла прыйсці сюды тры гады таму. Тады было лягчэй.
— У яе не было тады прагі жыць што б там ні было, — сказаў Андрэй. — Была абыякавасць.
— А зараз яе няма, — даволі бессардэчна, на думку Андрэя, усміхнуўся Глінскі. — Ну што ж, не буду суцяшаць. Вы мужчына і павінны ўмець глядзець смерці ў вочы, іначай і жыцця не варты такі чалавек…
Закурыў, гледзячы зараз зноў у акно.
— Дык вось, у яе мала шансаў. Але павінны выбіраць і вы. Або павольная смерць праз некалькі месяцаў і пакуты сумлення, што не ўратавалі, або… Або пакуты сумлення, што паклаў пад нож. Сам.
— Так, — проста сказаў Глінскі. — Можа быць, і так. У жыцці часта бывае так. I яшчэ папярэджваю. Часам аперацыя прайшла. Усё добра. А потым выяўляецца, што чалавек павольна гіне, што і мы яму нічога не далі, бо гэткая траўма для сэрца аказалася не пад сілу. Я кажу вам гэта, каб вы загадзя ведалі: можа быць горшае…
— Я згодзен на аперацыю, — сказаў Андрэй.
А сам сабе думаў:
"Згодзен. Але толькі не табе. Толькі камусь іншаму, мяккаму, пяшчотнаму да чалавечага матэрыялу, аддадзенага ў яго рукі".
— Вось сволач, — сказаў раптам Глінскі, і Андрэй сумеўся, а ці не адгадаў той часам ягоных думак.
Прафесар глядзеў у акно, і на яго твары ляжалі зялёныя рэфлексы ад садовай лістоты, напоенай сонцам.
— Не, — сказаў ён, — вы бачыце, вы бачыце, што яны там робяць?
Ён павярнуўся, і Андрэй здзівіўся змене, якая адбылася з Глінскім. Зусім другі чалавек сядзеў перад ім. Куды падзелася ідальская нерухомасць аблічча, пахмурыя калючыя вочы.
Зараз гэтыя вочы таксама былі калючыя — ад іскрачак смеху, што скакалі ў іх, — а рот расцягнуўся ледзь не да вушэй у такой дзіцячай і хітрай усмешцы, якой могуць усміхацца толькі ах якія людзі!
Ён узяў Андрэя за плячо і павярнуў да акна:
— Глядзіце, глядзіце, што ён там выкамарвае, падшывалец.
Ён смяяўся і торкаў пальцам у вокны ніжняга паверха, што ў левым крыле.
З аднаго акна звісалі ўніз дзве дзіцячыя нагі. Гэтыя ногі яўна належалі хлопчыку год шасці і яўна прымалі сонечную ванну: варочаліся, быццам гаспадар хацеў падсмажыць іх з усіх бакоў. Ногі былі беленькія, як малако, і тоненькія, як былінкі. Звісалі яны амаль да зямлі, а на зямлі на задніх лапах стаяла пярэсценькае кацяня і хапала лапкамі за ногі, бы ў валейбол гуляла.