-->

Не па дарозе

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Не па дарозе, Пташнікаў Іван-- . Жанр: Классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Не па дарозе
Название: Не па дарозе
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 257
Читать онлайн

Не па дарозе читать книгу онлайн

Не па дарозе - читать бесплатно онлайн , автор Пташнікаў Іван

Не па дарозе

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

Перейти на страницу:

Калі ж Вайцех ачомаўся, на памяць яму ўсплыў адзін малюнак. Тады, перад стрэлам, на некалькі крокаў бліжэй да яго, чым да статка, тупаў амаль бычынымі нагамі вышэйшы за мэндлік (гэта добра ўрэзалася Вайцеху) вялізны дзік, cапраўдны вепр. Пра такога ён чуў некалі ў дзяцінстве ад свайго дзеда. Дзік стаяў і паволі паводзіў галавою, цяжка сапучы. Відаць было нават, як пара струменіць з ягоных ноздраў. Ён прыслухоўваўся да кожнага шолаху i подыху ветру. О-о-о!.. Гэта быў надзейны вартавы i самы небяспечны вораг…

Вайцех памятае яшчэ, як хацеў перад гэтым злажыцца i стукнуць у статак. Вялікі, хоць у якога ды трапіш… Але, павярнуўшы галаву ўбок (ён заўсёды перад тым, як стрэліць, аглядваўся па баках), убачыў перад сабой гэтае сапраўднае ліха, якое нажыў на сваю галаву, заснуўшы. Дзік напружыўся, разявіў ікласты рот і гатоў быў вось-вось рынуцца ўперад, на яго, Вайцеха. Ён, напэўна, чуў ляск жалеза. Вось тут Вайцех і не памятае, як націснуў на куркі, захавалася ў галаве толькі тое, як рукі маланкава павярнулі стрэльбу ў бок ікластага вепра…

Пасля гэтага ён не мог ужо ніяк звесці вочы ноччу: зарокся.

Але ўчарашні дзень нечым новым парушыў спакой Вайцеха. Гэта было не тое адчуванне, якое падказвала напад дзікоў: у снапы наведаўся двуногі звяруга… На Вайцеха найшло нейкае ўтрапенне, збіла яго з думак, абурыла, усхвалявала. Ён не спаў суткі, хадзіў узлессем, паднімаў і нюхаў атаву, збіраў растрэсеныя каласы, выследжваў зблытаны калёсны тор, змучыўся, а ўсё-ткі разгадаў, што след павёў не на луг, за рэчку, а ў суседні калгас. Адразу адзін-на-адзін расказаў свае меркаваннi старшыні, але ад гэтага не паспакайнела.

«Хто дзе бачыў, каб воўк, унадзіўшыся ў гусей, лёгка пакінуў іх? Раз такі чалавек пакаштаваў збажыны, ён захоча і пад’есці, а то і напхаць сваё волле. Значыць, злодзей прыйдзе, трэба каравуліць…»

Хіба будзеш спакойны ад такіх думак?

У гэтую ноч, ціхую i месячную, ніхто не прыйшоў.

Вайцех ведаў, што чалавек прапускаў суткі — другія, каб адвесці вочы.

«Прыслухоўваецца недзе, ці агледзелі… Але ў нас ніхто не расплявузгае: ведае, апроч мяне, толькі старшыня. Ды ён сам сказаў маўчаць і навастрыць вушы».

Яшчэ адзін дзень пагаснуў барвовым сонцам у густым далёкім тумане.

Вайцех прызвычаіўся да туманных начэй на Жукаўшчыне: яны былі цяплейшыя, чым ясныя ды ветраныя, і апрануў толькі паддзёўку, пакінуўшы ў сенцах на скрыні суконную бурку — спадарожніцу халодных начлегаў.

Нейкі інстынкт падказваў, што сёння будзе «госць», і хутчэй чалавек, чым звер. Дзіўна, але Вайцех так адчуваў… А розніца паміж зверам і чалавекам, які прыпляцецца на поле, — усё ж вялікая. I Вайцех намацаў у кішэні кардонавыя патроны, якія былі набіты соллю. Бліскучыя бронзавыя гільзы, поўныя цяжкага шроту і гранкуляк, ён пералічыў і пазапіхаў у патайную кішэню паддзёўкі — далей ад спакусы…

Была тая шэрая гадзіна, калі ноч на вачах змяняла вечар і трашчала галлём пад нагамі на ўзлессі ды шапацела старой, падсохлай травой на дарозе. Неба паступова зацягвалі рудаватыя хмары. Яны навісалі ўсё ніжэй і ніжэй над полем, і яно ад гэтага рабілася меншае, вузейшае, здавалася, i лес бліжэй падсунуўся нанач, нібы ён ніяк не хацеў прымірыцца з тым, што пад бокам у яго такі прасцяг неабсяжнага, чыстага ад дрэў і кустоў поля.

Вечер тихой песнею
Над рекой плывёт…

— павольна, ціха-ціха, сапраўды, як вечар, плыла з дому задушэўная мелодыя…

Ночкі цёмныя, глухія…

— збіваўся юначы бас, заглушаючы дзявочую журбу i сум па чымсьці далёкім, нязведаным…

— Э-ха-ха… — уздыхнуў Вайцех, павёўшы далоняй па доўгім, няголеным твары. Ён памалу крочыў паўз лес да таго месца, дзе пару якіх дзён назад хтось згроб два мэндлікі. Ногі неяк самі вялі туды.

«Але ці ж дурань злодзей!.. Не будзе ён браць у адным i тым жа месцы на такім полі. Лавіць яго цемнатой, што клапа ноччу на падлозе», — падумаў Вайцех. Ён пачынаў хвалявацца ад такіх думак. Патрэбна было выкінуць іх з галавы, бо хвалявацца ў такіх выпадках, — значыць, неасцярожна выдаць сябе.

Цямнела. Вастрэў i слых.

«Месяц павінен узысці толькі амаль пад дзень, няма чаго на яго спадзявацца…»

Зрабілася цёмна і ціха, як у мяшку. Паступова на небе нельга было разгледзець кудлатых, густых хмар. Гэта было ўжо не пахмурнае неба, а навес над галавою, чорны, як над токам, запыленым шматгадовай малацьбой. Вайцех адчуў, што пачынае i цяплець. Пры заходзе сонца вісеў туман і халадок абяцаў пагодлівую ноч.

Але да раніцы далёка, i Вайцех пачаў хадзіць у густой цемнаце ад лесу да дарогі, што сярод поля, на якую ён лучыў бы з завязанымі вачыма. 3 боку яе сівой спіною ўзвышалася вялізная крушня камення. Гэта была якраз сярэдзіна Жукаўшчыны. Адгэтуль і паварочваў Вайцех. Ногі цягнулі назад, пад лес; відаць, усё ж такі хваляванне не пакінула яго.

На пожні пад ботамі шастала іржышча, а калі ён абыходзіў нязжатыя палосы, мокрае жытнёвае калоссе расіла рукі. Увесь час трэба было прыпыняцца: шуміць іржэўнік і нічога не чутно, як ні ўмудрайся цішэй паставіць нагу ў разоры.

Ён вярнуўся да крушні і апусціўся на яе седлавіну, паклаўшы збоку калгасную «самапалку», якая да яго вартаўніцтва вісела ў канцылярыі. Зрэдку яе бралі конюхі з сабою на начлег — і то пасля таго, як ваўкі зарэзалі жарабя. Ну, і рахункавод калі-небудзь зносіў яе ў нядзелю «на дзікоў», але нідзе яна сябе на апраўдвала, за што і празвалі яе не без гумару калгаснай «самапалкай».

Так і вісела яна за шафай, запыленая, пакуль Вайцеха не выбралі вартаўніком. А ён упадабаў яе, старасвецкую, цяжкую i нязграбную, хоць і ведаў, што з яе можна пацэліць толькі ў божы свет. Што ж, мужчыну ўжо хутка пяцьдзесят; а ў мінулым кадравік, затым усю вайну — партызан. Можа, таму ён і любіў стрэльбу i бярог, як і ўсякую баявую зброю. Ён аглядаў яе, чысціў, змазваў. 3 ёю ноччу зусім нястрашна. Пачуеш шолах — сціснеш яе моцна рукамі, — вось ты i непрыступны.

Толькі думкі пра стрэльбу ў яго сёння з’яўляліся мімаходзь. За апошнія дні ён перабіраў у памяці ўсіх людзей са сваёй вёскі і нават з суседніх і, здаецца, здагадваўся…

Раптоўнае рохканне ля лесу прымусіла яго ўсхапіцца. Рукі неяк самі сцялі стрэльбу, як абцугі. Затым адтуль, дзе пачулася рохканне, нешта, шалёна тупаючы, неслася проста на яго, і чым бліжэй, то ног здавалася ўсё больш i больш.

«Дзікі… А ў ствале соль… Магіла…» На момант перад вачыма ўзнік дубок, што рос недалёка ад крушні, бліжэй пад вёску.

«Хутчэй да яго…» — варухнулася недзе ў свядомасці выратавальная думка, але ногі застылі, адзярвянелі, не адарвеш іх ніяк ад зямлі, хоць ты што…

«Вух!.. Вух!..» — пачулася спераду. Тупат на нейкую хвіліну сціх. Вайцех убачыў двух белых дзікоў за крокаў дзесяць ад крушні. 3 іх ноздраў, здавалася, дыхае цеплынёй, нібы з палка ў лазні з-пад веніка.

«Будзь што будзе…» — стрэльба міжволі падалася ўперад.

«Вух… Вух… Хых… Хых…» — данеслася яшчэ раз ад спуджанай некім жывёлы. Не паспеў Вайцех злажыцца, як дзікі змянілі кірунак i ix белыя спіны схаваліся ў жыце. Яны, учуўшы чалавека, звярнулі з дарогі і ўпоперак загонаў падаліся ў бліжэйшы беразняк. Доўга шумела ў тым баку, нібы нехта, шпаркі на хаду, цягнуў па жыце разматаную вяроўку. Затым наступіла ранейшая цішыня, як бы той, шпарканогі, хуценька зматаў сваю вяроўку і кінуў яе праз дарогу, што вяла на луг, у густыя кусты на ўзлессі: дзікі схаваліся там.

Тахкала сэрца, і ўздрыгвала ў руках стрэльба. Мурашкі казытнулі холадам цела недзе там, каля паясніцы, і разбегліся па спіне.

— Бр-р-р!.. — моцна страсянула яго толькі цяпер, калі небяспека мінула. Стукалі зубы, i бразгала аб метал рулі антапка.

— Цьфу! Мярзота… Дзіч… — моцна сплюнуў Вайцех i подбегам рушыў ад крушні, нібы гэта была не куча камення, а месца змяінага споўзішча, і ён стараўся хутчэй пакінуць яго.

Цішыня, што зноў запанавала на Жукаўшчыне, хутка супакойвала Вайцеха, аднак пастаяць або сесці пасядзець ён не мог, бо адчуваў сябе, як на пікеце, і падаўся пад лес. Чамусьці хацелася быць далей ад таго месца, дзе ён ледзь не сутыкнуўся з дзікамі.

Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название