Не па дарозе
Не па дарозе читать книгу онлайн
Не па дарозе
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ён не памятаў, праз колькі часу апрытомнеў. Прыўзняўшыся на локці, адчуў, што смыліць уся спіна, балюча і горача. Разварушыўшы левую руку, якая была зусім заныла, ён, крэкчучы, падняўся з зямлі, дрыжачымі пальцамі неяк запаліў сярнічку і жахнуўся… У парозе нерухома ляжала, адкінуўшы галаву і крыху раскрыўшы перакрыўлены рот, яго сястра, Юлька… Падлога зноў пахіснулася пад ім, але ён утрымаўся за сцяну. Яго трасло не адпускаючы. Вочы пазіралі то на збялелы Юльчын твар, то на яе ногі. Ногі… Ног не было… На іх месцы блішчэла лужына крыві, якая пачала расцякацца i застываць на падлозе… Белыя абрубкі касцей, якія ён згледзеў, нібы праткнулі навылет яго сэрца. Ён упаў у пацёмку на труп і зарыдаў, рвучы на сабе валасы…
Упершыню за ўсё жыццё ён плакаў па сястры, адчуваючы, што страціў назаўсёды нешта дарагое i сваё…
…Андрэй адхінуўся ад сцяны, да якой быў аж прыкарэў, адплюшчыў поўныя жалю i пакуты вочы…
А словы Вайцеха сціналі сэрца, гучалі хутчэй мо прысудам…
— Я думаў, што табе ўрок гэта будзе… Можа, па-чалавечаму пачнеш жыць. А ты… Дарэмна я яшчэ тады дараваў табе…
— Слухай, Вайцех… Богам прашу… Не ўспамінай пра мінулае. Даруй. Пасцілку аддай. Ты мяне садзіш адзін. Адзін ты!.. Зразумей. Ну, што табе стане ад гэтага?.. — Андрэй растапырыў рукі і чакаў.
— Я цябе не саджу. Па мне, ты мог быць вольны, як цыганскае дзіця… — Вайцех павёў вачыма па сагнутай постаці Андрэя з галавы да ног, нібы такім ён бачыў яго першы раз.
— Аддай пасцілку… — зноў рот у Андрэя скрывіўся ў адчаі. — Ты думаеш, чаго я палез пад твой шрот? У маёй кішэні вош на рамені…
— Не прыбядняйся. Жывуць людзі… I жывуць як трэба ў вашым калгасе. А пасцілка… Яна мая… мая! Чуеш?! — Вайцех сеў на лаву на сваё ранейшае месца і стаў закурваць. Ён утаропіўся ў Андрэевы парваныя чаравікі і думаў: «Як гэта яго ногі тоўпяцца ў такім абутку…»
— А-а-а… Цяпер усё тваё! Смела гаворыш! А забыўся, як я табе і хатулямі і цэлымі мяхамі пасля вайны памагаў. Садзіў, як у прорву якую… Цябе б нагамі ўперад даўно б вынеслі, каб не я з маёй дабратой… — падаўся ён да Вайцеха, нервова адкінуўшы на бок палу свайго старога выпэцканага і зацыраванага плашча.
«Хто лепш за яго ведае, дзе мне баліць…» — падумаў Вайцех і абарваў Андрэя:
— Ты зноў пра сваё! Злодзея кавалак… Не быў бы я ў той час прыкуты ранамі да ложка… — ён не дагаварыў. — Чуў я i тады, чым ты прамышляеш, але веры не даваў. А ведаў бы я, што гэта крадзенае, што гэта слёзы пагарэльцаў, чые ямы ты ачысціў… лепш згадзіўся б падохнуць… — Вайцех кашлянуў і, адвярнуўшыся, пачаў глядзець у акно, за якім вераб’і не маглі падзяліць нейкі колас на зямлі. Гэты чалавек выклікаў у яго не жаль, а агіду.
— Усе мы аднолькава церпім беды на гэтым свеце. Ці варта з-за нейкага снапа рабіцца звярамі?..
— Што? Хочаш i з гары зваліцца i азадка не разбіць?..
— Ага! Цяпер ты азадкам да мяне! Вось чым плаціш… У турму загнаць збіраешся… Не загіну! Вярнуся адтуль i адпомшчу. Будзе час, швагерка… — у злосці ашчэрыўся Андрэй. Яго маршчыністы твар неяк перакасіўся, шырокі нос расцягнуўся і зрабіўся яшчэ шырэйшы. Рудаватыя вочы не бегалі, а хутчэй круціліся. Даўно няголеная верхняя губа дрыжала. — Садзі… Але і твая жызня падточана… Цьфу! Парадніўся яшчэ з кім… 3 чалавекам, які ўсе гады пільнаваў, каб мяне ўтапіць, са свету сцерці…
— Брэшаш!.. — ускіпеў Вайцех і выпрастаўся ля акна. — Ты ў мяне адняў не гэта, а яшчэ помсціць збіраешся… Але што гаварыць… Для мяне яна… — Вайцех асекся. — …для мяне яна была даражэй, чым для цябе… — ён адчуў, як ненавідзіць гэтага чалавека. Яго шэрыя вочы ўпіліся ў Андрэя, прымусіўшы таго адступіцца да парога. — Сабака!.. Зладзюга!.. Ратунку шукаеш… Не будзе на Сяліцкіх плямы з-за цябе, гультая кавалак… Мне з табой не па дарозе!.. Выбірайся!..
Ляпнулі дзверы. Вайцех зноў прыпаў да акна, абапёршы галаву на шырокія, нязграбныя рукі, і бачыў, як узняліся з зямлі сварлівыя вераб’і і разляцеліся ў розныя бакі ад стуку варот. Трохгадовы суседаў хлопчык у белай бесказырцы скрыпеў старым дзіцячым веласіпедам па пясчаным двары.
Вайцех згледзеў, як паспяшалася з гароду яго дачка з поўным кошыкам бацвіння.
На нейкую хвіліну яго позірк затрымаўся на доўгай галіне ружы, якая вылезла між паркання з цеснага гародчыка на двор і, згінаючыся пад ветрам, даставала зялёным яшчэ лісцем аж да жоўтага пяску пад прызбай.
На душы стала балюча, сумна. Ён бачыў яшчэ, як параўняўшыся з плотам, што быў ад вуліцы, дачка падняла галаву, i як Андрэй, плюнуўшы i нешта сказаўшы ёй, ткнуў пальцам у акно, затым махнуў рукою і падаўся ад яе прэч.
«Ці не з ёй паспеў пагаварыць, i яна будзе прасіць? Цяжка ёй будзе адказаць… Розуму ў яе не адняць, але розум яшчэ дзіцячы…» — падняўся Вайцех насустрач дачцы.
Вецер гнаў лісце са смеццем ззаду за Андрэем, а яму здавалася, што за ім нехта ідзе.
Параўняўшыся з платамі, што выводзілі вуліцу з вёскі, ён размінуўся з Раманам Сідаркам. Той у белай рубашцы мчаўся сцежачкай на веласіпедзе i нават не павярнуў да Андрэя галавы.
«Да Алі… да Вайцехавай папёрся… Заляцаецца, брыдота… I ён пасведчыць на мяне…»
…I мо толькі гэты раз Якубчык не мог ведаць, што ён мае рабіць…