Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега
Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега читать книгу онлайн
У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
І пачаў біць кулакамі ў сеннік так, што ўзняліся клубы пылу.
— Насамрэч ты любіш свайго бацьку, і ён вельмі шмат для цябе значыць, — ціха прамовіў Лёднік. — Ты сам не заўважаеш, як увесь час спасылаешся на ягонае меркаванне, спрабуеш паводзіцца, як ён. Ты наракаеш, што ён не даў табе багацця… Але ж ён не кінуў цябе, не пайшоў у кліенты да багатага пана, каб лізаць яму азадак і распраўляцца з ягонымі ворагамі. Сумленна апрацоўвае сваю зямлю, цяжка здабывае хлеб, і нічога ні ў кога не просіць. Ваяваў за айчыну. Веру дзядоўскую захаваў, не збаяўся застацца абмежаваным у правах дысідэнтам. Гэта заслугоўвае вялікай павагі. А ягоныя слабасці… Іх трэба дараваць. Бо і нам нашыя слабасці нехта павінен дараваць. Ты калі апошні раз паслаў бацьку ліст?
Вырвіч яшчэ раз стукнуў кулаком у сеннік.
— Навошта яму мае лісты? Яму пляваць!
— Упэўнены, ён думае пра цябе. Я таксама лічыў, што бацьку на мяне пляваць, і з Еўропы ні разу не паслаў яму звестак пра сябе. А калі вярнуўся, не было ўжо каму сустракаць мяне ў маім доме. А Саламея расказала, ён штодзень пытаўся ў Івана Рэніча, ці не чуваць пра Бутрыма, прыкідваўся, быццам проста паўз іх дом ішоў, а сам у любое надвор’е… З другога канца горада… Але мне цяпер няма ў каго прасіць прабачэння. — Лёднік нахіліўся да Пранціша і паляпаў яго па плячы. — Ну, вышэй нос, Гіпацэнтаўр! Я разумею, што табе хочацца зраўняцца з багацейшымі і знатнейшымі… Але ці не лепей — з самымі адважнымі і разумнымі? Ёсць такі малады французскі мысляр Жан— Жак Русо. Ён кажа, што ўсе людзі маюць прыродныя правы, адну кроў і аднаго Бога. Павінна існаваць грамадзянская дамова — паважаць адно аднаго, не сягаць на волю адно аднаго. Тады ўтворыцца ідэальнае грамадства, дзе не будзе магната і шарачка, пана і мужыка, раба і гаспадара, толькі асабістыя якасці дапамогуць узвысіцца. А якасці ў цябе маюцца добрыя, павер. Цябе ёсць за што паважаць, больш, чым якога разбэшчанага магнацкага сынка, які ледзь чытаць умее і якому цалуюць ручкі прыдворныя шляхцюкі. Мне сябар з Парыжу напісаў, як прынц Кантэ ў оперы ўгледзеў сімпатычную бедную правінцыялачку, пасадзіў на калені і даў, моцна трымаючы, сто аплявух, так, што ў дзяўчынкі пайшла кроў з носу і разбітых вуснаў. А прынц, рагочучы, біў на вачах усяго тэатру і прыгаворваў: «А я не ўмею даваць аплявухі!». І ніхто, ніводзін высакародны рыцар не рэкнуў.
— Я б заступіўся! — усклікнуў Пранціш.
— Я ведаю, — усміхнуўся Лёднік. — Таму й кажу, што ты варты павагі. Ну, а цяпер, хлопча, давай пачытаем вячэрні канон… Гэта — найлепшы спосаб атрымаць параду і супакой.
«Ведаю, Госпадзе, што няварты чалавекалюбства твайго, але варты ўсялякага асуджэння і пакуты. Але, Госпадзе, ці хачу, ці не хачу, уратуй мяне… Хай не адолее мая злосць Тваёй невымоўнай дабрадатнасці і міласэрнасці: і калі хочаш, учыні мне гэта»…
Словы малітвы сціхлі, але не расталі бясследна. Вырвіч глядзеў на беленыя сцены сухімі вачыма і думаў, што вось, хаця б Лёднік у яго ёсць. Суцешыць, патлумачыць, дапаможа. Да таго ж ён цалкам залежны ад Вырвіча, ад ягонай волі, ён нікуды не падзенецца… Ёсць нешта пэўнае ў гэтым свеце і для недавучанага шкаляра! Цёмная злосная моц, якая жыла ў душы і якой Вырвіч сам баяўся, патроху суцішвалася. Пранціш павярнуўся на бок і задрамаў…
Пабудзіў яго шэпт:
— Саламея, навошта ты так!
— Не будзь дурным. Я занадта доўга чакала. І чакала б яшчэ… Але цяпер у нас няма часу. Магчыма, заўтра… Пазаўтраму… Прыйдзе смерць. І ў чым тады сэнс майго чакання? Калі ты зараз мне адмовіш, не зробіш сваёй, гэта будзе бессардэчна…
— Не мучай мяне. Калі б у мяне не было сэрца, калі б я цябе не кахаў, я б згадзіўся. Але я не магу табе прапанаваць нічога, нават самога сябе. Я больш сабе не належу. Я…
— Ціха, каханы, я ведаю… Я прачытала тую паперу ў клунку. Але ж твой часовы гаспадар — добры хлопчык, адважны і сумленны…
— Ён — шляхціц, з усімі недахопамі сваёй касты, я — яго слуга. Дакладней, раб. Нават калі мы ўсе выжывем, я не змагу з табой ажаніцца. Пакуль не вярну сабе волі.
— Значыць, ты яе вернеш… Чалавек не павінен быць рабом іншага чалавека. Гэта супярэчыць прыродзе і Божай волі.
— Начыталася Вальтэра…
— Цябе палохае, што ты падзеліш каханне з вучонай жанчынай?
— Мяне палохае, што я яшчэ больш прычыню табе зла, звязаўшы цябе са сваёй фатальна нешчаслівай персонай.
— Ведаеш, у гэтую хвілю многія б сказалі, што табе пашанцавала.
— Мне і праўда неверагодна пашанцавала…
— Значыць, ты мяне не адпрэчваеш?
— Я не з лёду… Нягледзячы на прозвішча.
Шэпат змоўк, а тады пачуліся крокі: двое людзей асцярожна падымаліся па лесвіцы наверх, потым рыпнулі дзверы, павярнуўся ў замку ключ…
Пранціш лёг на спіну і ледзь не завыў ад злосці і крыўды. Значыць, ён Лёдніку замінае! Ён не хоча яму служыць! Гнаявіку! Правільна, нават маючы сто дукатаў, Пранціш не зможа пасяліць яго ў палацы і выкупіць лабараторыю для доследаў. Лёднік толькі прыкідваецца, быццам шчыра клапоціцца аб Пранцішы. Ён ненавідзіць яго, свайго гаспадара, хітры і подлы раб! І гэта пасля ўсяго, што яны разам перажылі!
Вырвіч, вядома, дазволіў бы, каб Лёднік ажаніўся з Саламеяй Рэніч, і хай бы яны абодва сталі ягонымі вернымі слугамі, і іхнія дзеці, а ён бы літасцівіў іх, і мілаваў, і абараняў… Ды што там — адпусціў бы Баўтрамея на волю, але каб пры гэтым абодва засталіся пры ім… З ім… Але цяпер ясна: подлы алхімік пры найменшай магчымасці ад Пранціша ўцячэ, здрадзіць яму, кіне яго! Ён таксама ім пагарджае! Ім, які вядзе свой род ад Палямона! Няхай бацька Пранціша п’янтос, але калі ў карчме адзін мужык па п’янай справе яго штурхануў, выхапіў шаблю і адсек хаму руку. І нічога не было — па законе ўчыніў. Правільна робіць Паланэя — трэба таптаць тых, хто ўнізе, толькі так застаешся на вышыні! А дазволь толькі прыўзняцца да цябе ніжэйшаму — абгадзяць, сподлічаюць, ухопяць, што можна, і кінуць! «Добры хлопчык», ха!
У душы зноў віравала цёмная злосць, якой Вырвіч ужо не стрымліваў. Ён сам не заўважыў, як праваліўся ў сон, чорны, як адчай, і неглыбокі, як брудная калюга. Скрозь драмоту адзначыў, што Лёднік вярнуўся ў свой ложак толькі на золку. Стары распуснік…
Усю раніцу Лёднік трывожна пазіраў на маладога гаспадара, надзьмутага і маўклівага, як арандатар, якога папярэдзілі аб сканчэнні арэнды, і таксама збольшага маўчаў, бо прапановы пазаймацца лацінай-нямецкім-фехтаваннем-хіміяй-душэўнымі размовамі сустракалі толькі ненавісныя пагляды і халодныя рэплікі кшталту: «Калі захачу, скажу». Сняданак, прынесены даверанай манашкай Дамінікай, быў праглынуты паасобку. Саламея, відаць, папярэджаная Лёднікам, узяла сваю талерку і схавалася наверсе. Лёднік, пэўна, ахвотна далучыўся б да яе, але не наважваўся. Палачане, відаць, пачувалі сябе няёмка, увязваючы перамены ў паводзінах юнага Вырвіча са сваім начным спатканнем, а Вырвіч ясна бачыў, што яны не могуць схаваць сваё п’янкое, таемнае шчасце, што паміж імі цягнуцца нябачныя ніткі, якіх перарваць не ўдасца ўжо нікому, і ад гэтага шалеў яшчэ больш. Выбух атрымаўся пасля сняданку, калі яны з Лёднікам засталіся сам-насам. Доктар падыйшоў да шкаляра і ўхапіў за плечы, змусіўшы паглядзець сабе ў вочы:
— Пранцысь, трэба пагаварыць. Так нельга… Твой душэўны стан…
— Пранцысь? — Вырвіч злосна скінуў з сябе рукі доктара. — Які я табе Пранцысь? Ты забыўся, як трэба звяртацца да шляхціца, мужыцкая морда? Як трэба звяртацца да свайго пана?
Вырвіч штурхануў доктара ў грудзі, і той адступіў на крок.
— Пранцысь… Пан Вырвіч, гневам трэба авалодваць. Ты сам пасля пашкадуеш. Канцэнтрацыя…
— Я табе пакажу канцэнтрацыю, хамуйла! — Вырвіч яшчэ раз штурхануў Лёдніка. — У Агалінскага табе, відаць, лепей было, больш пачціва паводзіўся? Той жа багацейшы, чым я, тытулаваны! Яму ў ручку, ножку цалаваў, а са мной — як з роўняй можна, як са шкаляром?
Лёднік апусціў вочы, яго твар абсунуўся, згас.
— Прашу прабачэння ў пана за дзёрзкасць.
Пранцысь ад гневу ўжо нічога не бачыў, кроў шумела ўвушшу. Ён пан, ён можа хлопа свайго «дзяржаць, ужываць, ва ўсім аддаваць, прыдаць, дараваць, замяніць, заставіць і паводле ўпадабання свайго шафаваць і куды хоча абярнуць». Шкаляр атрымліваў пакутлівае і вострае задавальненне ад таго, што доктар перад ім адступае, мізарнее. Нешта ён нядаўна чуў пра такое ненармальнае задавальненне…