Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега
Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега читать книгу онлайн
У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ватман жа, пакульгваючы, падыйшоў да Лёднікаў і Вырвіча, дапіў віно, шпурнуў пусты кубак за спіну:
— Кепскім я быў шкаляром, не лепшым, чым ты, шчагол… Але запомніў, як нам расказвалі, што калі пераможнага вайскаводцу правозілі з трыумфам па вуліцах Рыму, за ягонай спінай стаяў чалавек, які шаптаў яму: «І гэта праходзіць» ды іншыя гадасці. Я заўсёды буду за тваёй спінай, доктар… А добра ўсё-ткі, што я не перарэзаў табе горла, га?
Саламея абдымала Лёдніка і плакала — ад жалю і палёгкі. Радзівілаўскі ад’ютант падбег, сунуў доктару дарчую на маёнтак і грамату на шляхецтва, ветліва развітаўся з панам-братам. Другі шляхціц, праходзячы, стукнуў доктара па плячы, ад чаго той ледзь не перагнуўся ад болю, і прапанаваў пану-брату Бутрыму Лёдніку пайсці ў дом ваяводы, добра выпіць з нагоды вікторыі. Трэці шляхцюк па ўсіх сармацкіх звычаях запрасіў на Масленіцу ягамосць пана Лёдніка пагасцяваць у свой маёнтак ля Дрыбіна… Той самы гонар аказвалі і ягамосці пану Пранцішу Вырвічу, які ганарыста паклаў руку на Гіпацэнтаўр, і паварочваўся так, каб усе бачылі каштоўны кінжал, хаця ў прыцемку наўрад хто звяртаў увагу на ягоную зброю. Саламея разгублена папыталася доктара:
— Чаму яны так з табой?
— Твой муж вялікага гетмана на полі бойкі выратаваў, і гетман яго паводле Статуту і сармацкіх звычаяў у рыцары пасвяціў, — з шырокай усмешкай патлумачыў Пранціш. — Так што ты — пані Лёднік гербу Кораб, уладальніца вёскі Караблі і тысячы дукатаў. Толькі вось што я параю, вашамосць пані… Давай адвядзем доктара ў дом, пакуль ён яшчэ на нагах трымаецца.
А ў Пранціша быў княскі кінжал з дыяментам і смарагдамі і яшчэ адзін пацалунак, на гэты раз у вусны, ад Паланэі Багінскай. Ягонай неверагоднай Чароўнай Дамы, якая здольная біцца на двубоі, прабірацца скрозь лабірынты і ўзрываць бочкі з порахам. Было і абяцанне пачакаць аддаваць каму сваё сэрца, пакуль малады Вырвіч не стане генералам. Вядома, калі гэтая падзея не зацягнецца ў часе.
Назаўтра на брукаванцы зноў свяціўся бялюткі снег, ажно шкада ступіць, парушыць ягоную чысціню, і нібыта не было ўчора крывавай бойкі… Целы, праўда, там-сям ляжалі. Ад целаў моцна патыхала гарэлкай і чуўся моцны храп. За вікторыю шляхціц п’е, пакуль з ног не зваліцца — калі смерці не ўдалося яго зваліць. У сутарэннях дзесьці пад святой Сафіяй ззяла нябачным святлом рамфея.
— Калі ж вы вернецеся ў Полацак, а, дзеткі? — тужліва пытаўся стары Лейба, углядаючыся ў абліччы Лёднікаў.—І ці вернецеся? Свет вялікі… І вы цяпер вялікія людзі.
— Вернемся, дзядзька Лейба, — запэўніла Саламея. — Бо мы занадта малыя ў параўнанні з Полацкам, каб забывацца на яго.
— Можа, дарэмна ты, Бутрым… прабач, вашамосць, пан Лёднік, не згадзіўся пайсці служыць у войска вялікага гетмана… Адразу ж чын немалы абяцалі,—сумніўна прамовіў аптэкар. — І пан Вырвіч кар’еру б неблагую зрабіў.
— Дзядзька Лейба, ты можаш уявіць мяне з раніцы да вечара за піравальным сталом, пад які я валюся, напіўшыся, а потым, ледзь прадраўшы вочы, лезу абараняць свой гонар ад пана-брата, і мы сячэм адзін аднаго шаблямі з-за крывога позірку альбо штуршка ў плячо? — мякка прагаварыў Лёднік, апрануты, згодна свайму новаму статусу, у шляхецкі строй, хаця й без дыяментавых «гузаў» ды кідкіх аздобаў. — А мой гонар, «свежага шляхціца», дакладна будуць выпрабоўваць, каму не лянота. А можаш уявіць, як я гарлаю на сойміку ў абарону не самага разумнага, але пакорлівага дэпутата, якога падтрымлівае мой патрон?
— Так, гэта цяжка ўявіць, — пасміхнуўся Лейба. — А высакародны пан Вырвіч?
— Пакуль што я — з імі, — коратка адказаў Пранціш.
— Яму давучыцца трэба, — прамовіў Лёднік. — Што толку, калі зараз ён прызвычаіцца да жыцця ў магнацкай рэзідэнцыі, і стане такім, як пан Міхал Валадковіч? Той жа таксама не без клёку быў, дужы, адважны… А як скончыў: расстралялі свае ж ліцвіны ў сутарэннях Менскай ратушы. І ніхто, акрым Пане Каханку і ягоных падхлебнікаў, добрым словам не спамяне.
— Шляхціц усё роўна вайны не ўнікне! — весела выкрыкнуў Пранціш. — Fac et spera, дзейнічай і спадзявайся! Мне генералам трэба стаць!
— Будуць, будуць яшчэ ў цябе подзьвігі… — буркатліва прамовіў Лёднік. — На ўсіх нас бітваў хопіць, часы ліцьвінаў чакаюць бурлівыя. І пакуль ёсць магчымасць — трэба заняцца нечым стваральным. А Віленская акадэмія — неблагое месца і для навуковай працы, і для атрымання адукацыі.
— Тым больш у пана Вырвіча там знаёмы прафесар цяпер маецца, — дадала з усмешкай Саламея.
— Што не дасць яму ніякіх патуранняў, — строга зірнуў на Пранціша Лёднік. Вырвіч фыркнуў, паправіўшы новую пухнатую шапку з аграфам: студэнты акадэміі яшчэ не ведаюць, які падаруначак атрымалі ў асобе прафесара Бутрыма Лёдніка. Ганяць будзе, як хорт зайцоў! Пранціша вунь як заганяў, рыхтуючы да залічэння ў студыёзусы.
А ў Акадэмію хацелася — Лёднік абяцаў, што там знойдуцца вучоныя механікі не горшыя ад Пфальцмана. Пранцішу карцела самому паспрабаваць зладзіць машыну, яшчэ лепшую за жалезную чарапаху, якая б ездзіла хутка і далёка. Філасофія таксама была не самай нецікавай навукай, як раней думаў Вырвіч. А астраномія! Паглядзець на зоркі ў тэлескоп, пабачыць рух каметаў! Так, цяперашні Вырвіч дужа адрозніваўся ад таго шкаляра, які паўгады таму зрабіў неверагодна выгадную пакупку за мядзяны шэлег.
Лейба выцер слёзы і адступіў да весніцаў. Полацак лена прачынаўся, дзівячыся цішыні раніцы, якую ніхто не паспеў зганьбіць крыкамі, стрэламі і лаянкай. Малады фурман, які чакаў ля новенькай брычкі сваіх гаспадароў, у чарговы раз абыйшоў экіпаж, паправіў наладаваныя куфры, шматзначна зірнуў на неба: развіднела зусім, ці не час у дарогу?
— Ну што, рушым? — Пранціш, які ўжо сядзеў конна, нецярпліва азіраўся, ледзь стрымліваючы свайго — уласнага! — каня, белаплямістага дрыгканта, што так і рваўся паляцець у далёкія далі, дзе чакаюць новыя авантуры і подзьвігі.
І яны рушылі па дарозе з Полацку на Вільню.
2011