-->

Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега, Рублеўская Людміла-- . Жанр: Историческая проза / Исторические приключения. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега
Название: Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 189
Читать онлайн

Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега читать книгу онлайн

Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега - читать бесплатно онлайн , автор Рублеўская Людміла

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 56 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— У мяне для вас падарунак!

Сільфіда ласкава ўсміхнулася — менавіта ад такой усмешкі Мінатаўры пачынаюць прысаромлена прыгладжваць космы на звярынай пысе і ўспамінаюць, калі апошні раз чысцілі іклы — і перадала ў рукі Пранцысю знаёмы клуначак. Шляхецкая шапка з аблезлым собалем і дыяментавым гузам, фамільны сыкгнет Вырвічаў, мяшэчак з дукатамі ад Паланэйкі, да якіх цяпер можна было далучыць ажно сто дукатаў ад ейнага брата… Эх, сюды б яшчэ і дзядоўскую шаблю! Далей у клунку былі доктарскі дыплом Баўтрамея Лёдніка з Пражскага ўніверсітэту, ягоны ж дыплом з Лейпцыгскага універсітэту, некалькі шкляначак-бутэлечак з зеллямі і доктарская трубка, перавязаны суровай ніткай стосік аркушыкаў, спісаных драбнюткім почыркам, малітоўнічак, ясна, таксама Лёднікавы, ягоны ж аловак, нататнік Вараняці, і — папера аб продажы даўжніка Баўтрамея Лёдніка, полацкага мяшчука, ва ўладанне шляхціцу Пранцысю Вырвічу.

— Гэта мне ягоная княская мосць Аляксандр Сапега перадаў — калі ўпэўніўся, што вы загінулі, на знак таго, што вы былі ягонымі пасланцамі, і я мушу яму давяраць, — патлумачыла Саламея.

— Ты бачыла нас, калі мы стаялі на Лысай гары, — спытаў-сцвердзіў Лёднік.

— Так. У падзорную трубу, — пацвердзіла палачанка. — Пан Багінскі перайграў усіх. Я паставіла ўмову — спушчуся за рамфеяй у сутарэнні толькі для таго, хто выратуе вас. Князь Багінскі ціхенька паабяцаў, што гэта зробіць, і калі пакажа мне вас жывымі і ў бяспецы — я мушу таемна сысці з ягонымі слугамі, каб Сапега не даведаўся. Калі людзі Багінскага мяне вывелі з кавалергардыі, вакно пакінулі адкрытым, а унізе там рэчка. Каб абвесціць, што я з гора, што мой жаніх… прабач, Бутрым, так цябе назвалі — загінуў, скінулася праз вакно. Так што для ўсіх, акрым некалькіх змоўшчыкаў, мы мёртвыя.

— Гэта не самае горшае становішча ў гэтым паганым свеце, — ціха прамовіў Бутрым. — Шкада толькі тых, хто ў Слуцку застаўся.

Пранцішу зрабілася трохі непамысна ад звесткі, што ён лічыцца нябожчыкам, аднак у галаве адразу пачалі ўзнікаць цікавыя планы, як можна падаваць сябе ў выглядзе прыхадня з таго свету, і што вясёлага і карыснага з гэтых з’яўленняў паймець.

Рэнічаўна падыйшла да Лёдніка і памацала яму лоб:

— Фаўст, у цябе гарачка!

— Глупства… — прабурчэў Лёднік, але Пранцысь, які ўчора меў сумніўнае задавальненне бачыць на целе слугі вынік працы старажынагрэцкага сціла, калі яны па чарзе мыліся ў падрыхтаванай манашкамі балеі з гарачай вадой, рашуча прамовіў:

— Бутрыма трэба было б змазаць якім бальзамам для зажыўлення ранаў. На Лысай гары ён прыкладваў адвар кары дуба і жывіцу, але…

— Што з табой зрабілі? — ускінулася Саламея да Лёдніка, а той толькі фыркаў і адварочваўся:

— Нічога страшнага і небяспечнага для жыцця.

— Я цябе ведаю, Бутрым, — ільдзяным голасам прамовіла Рэніч. — Можа, ты і здабыў філасофскі камень, але не здольны выцягнуць сябе нават з маленькай лужыны. А я, хоць і не атрымала дыплом лекара, магу пазнаць, калі чалавек сапраўды хворы, але ад дурнога гонару храбрыцца.

Пранцысь задаволена ўсміхаўся: знайшоўся хтось, хто мог лёгка ставіць Бутрыма на месца. Хутка Саламея раздабыла праз Паланэю бальзам, які рыхтавалі тутэйшыя манашкі.

— Распранайся!

Лёднік падазрона скасавурыўся на слоік з жоўтым смярдзючым рэчывам, схіліўся, прынюхаўся:

— Аснова з драўлянага алею… Восем гран жоўтага воску, пяць белага, дзесяць гран жывіцы, адзін гран ладану, адна частка сметанковага масла… Здаецца, не пераварылі залішне. Давай, я сам.

— Ты ўжо шмат чаго зрабіў з сабою сам, — цвёрда вымавіла Саламея. — І з гэтага выйшла мала добрага. Не забывайся — я шмат гадоў, як і ты, лекавала людзей. Ці ты хочаш, каб табе мазаў спіну сам пан Вырвіч?

Лёднік злосна скасіў вочы на Пранцыся, які прадаваў зубы, седзячы на сваім ложку, і пацягнуўся расшпільваць кашулю. Калі палачанка пабачыла яго без адзення, прамовіла толькі два словы, якія не вельмі падыходзілі да пекных вуснаў, але выразна абмалёўвалі становішча:

— Ёлуп хвашчоўскі!

Пасля буркатлівы доктар быў напоены адварамі… Твар ягоны трохі паружавеў, а панна Саламея рэшткі мазі панесла да сябе наверх. Пранціш здагадаўся, навошта. Ехалі яны сюды ўсю ноч і раніцу, а панна — вершнік не надта вопытны, трымалася пад канец дарогі ледзь-ледзь, на адной упартасці, якой ёй таксама не пазычаць… І цяпер ходзіць з цяжкасцю. Эх, Лёднік, зоркавед няшчасны… Пад носам нічога не заўважае.

На змену радасці ад выратавання, такога малаверагоднага, зноў прыходзіў цяжар чакання і невядомасці. Яны ў чарговы раз апынуліся вязнямі, на гэты раз у Багінскіх. Каб не жорсткі рытм заняткаў — ад матэматыкі да фехтавання — Пранцысь бы знудзіўся, як непрыгожая дзеўка, якую ніхто за ўвесь баль не запрасіў на танец. Ясна, што князь Міхал вырашыў перачакаць, пакуль пра страчаную полацкую таямніцу забудуцца Радзівілы і Сапегі. Але ж у Полацк ехаць змусіць. Панна Саламея па-ранейшаму захоўвала маўчанне наконт спадчыны бацькі, так што не было зразумелым, наколькі небяспечна і рэальна здабыць рэліквію, і як з ёй найлепей абысціся.

Палачане ўвесь час пад’южвалі адзін аднаго, размовы ў іх былі цікавыя і рэзкія, частку іх вучоных бяседаў Пранцысь увогуле не разумеў, але за словамі вымалёўвалася такая еднасць душаў, што завідкі бралі. Часам доктар і Сільфіда змаўкалі, і здавалася, што ў гэты час яны і вядуць самыя важныя размовы праз погляды, жэсты, стук сэрца і дыханне.

А вось амурныя справы самога Пранцыся патрабавалі рашучых дзеянняў. Асабліва крыўдна было ведаць, што ў гэтым жа будынку поўна прыгожых самотных дзяўчат, а яму ад гэтага ніякай карысці. Часам да шкаляра даляталі малітоўныя спевы, з вакна ён мог бачыць постаці ў шэрых базыльянскіх сукнях. Магчыма, сярод іх ёсць тая, якую аддалі жорсткія сваякі ў кляштар гвалтам, і яна марыць адсюль збегчы, альбо хаця б не супраць перакінуцца слаўцом з гожым юнаком. Але да мнішак не было дабрацца аніяк, у гэтую частку кляштара яны не заходзілі, а старая Дамініка, што прыносіла ежу, не лічылася.

Вядома, асноўнае месца ў мроях займала Паланэя Багінская, якая ў сваім паслушніцкім строі больш не здавалася такой недаступнай. Чаму б не выманіць паненку Паланэю для размовы ў які ціхі і бязлюдны куток кляштара, ну хоць на гарышча? Скарыстацца тым, што ваевадзянка, сасланая да цёткі дзеля адбыцця нейкай епітыміі, тут сумуе, і ў адсутнасці баляў і кавалераў можа задаволіцца і гаворкамі з блакітнавокім шкаляром. Цікава, што ж яна такога натварыла, што брат адправіў яе сюды? Хаця такая што заўгодна ўчыніць можа…

Яны з Багінскай сядзелі ля круглага вакенца і глядзелі на Менск, які патанаў у вечаровым змроку, як магутны карабель з белымі ветразямі храмаў і каржакаватай мачтай ратушы. Паланэйка прыладзілася проста ў ваконнай нішы, з-пад шэрага крыса манаскай сукенкі паказвалася яе ножка ў цалкам свецкім, вышытым зялёнымі каменьчыкамі чаравічку на высокім выгнутым абцасіку. Пранцысь прыстроіўся ніжэй, ля ног сваёй чароўнай дамы, і млеў ад шчасця і гонару: ён, сын шарачка Вырвіча з Падняводдзя, які пасвіў каровы ды ўласнаручна раскідваў на полі гной, сядзіць сам-насам з Паланэяй Багінскай, што гайдалася ў залатой калысцы і ела з дыяментавых талерак! Шкаляр толькі што закончыў квяцісты расповед пра свае подзвігі ў страшным Слуцкім замку, выратаванне Сільфіды, уцёкі ў жалезнай чарапасе, атрымаў сваю долю зацікаўленых усмешак і цяпер спадзяваўся на нешта большае, чым дукаты.

Дзесьці далёка, на Кальварыйскіх могілках загарэліся агеньчыкі на магілах, нагадваючы, што мінаюць Дзяды. У Траецкім мігцела свечка ў вакенцы нядаўна адчыненай аптэкі Шэйбы — вось Лёднік бы там параскашаваўся, сярод зелляў. Цьмяна свяціліся вокны храмаў. Нават Жоўтай царквы, якая пасля пажару зусім заняпала, у пачарнелых сценах засталося ўсяго некалькі мнішак. Але Пранцысю раптам захацелася апынуцца ў тым напаўзруйнаваным храме, ля кволага агеньчыка, запаленага ў імя Гасподне…

— А чаму ты не перайшоў ва ўніяцтва? — амаль абыякава папыталася Паланэя, у якой так міла з-пад шэрай хусткі паслушніцы выбіваліся неслухмяныя пасмачкі валасоў — як лёгкі дымок.

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 56 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название