-->

Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега, Рублеўская Людміла-- . Жанр: Историческая проза / Исторические приключения. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега
Название: Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 189
Читать онлайн

Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега читать книгу онлайн

Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега - читать бесплатно онлайн , автор Рублеўская Людміла

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 29 30 31 32 33 34 35 36 37 ... 56 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

А дзесьці сярод ліцвінскага восенькага лесу, на глухой палянцы, зарослай верасам, вельмі смярдзючыя людзі ахвотна падстаўлялі сябе халоднаму дажджу, а невысокі тоўсценькі немец бяссіла трос кулакамі, нібыта пагражаў самому небу, і лаяўся так адмыслова і велягурыста, што волат з белымі валасамі і шмат разоў кепска склееным носам з павагай паківаў галавою, падыйшоў да аднаго з фурманаў, што вызвалялі ад бочак павозкі.

— Мартын, засталося што ад корму свінням? Давай сюды…

Дужы вусаты фурман паважна кіўнуў галавою, залез некуды пад калёсы, дастаў адтуль цяжкі скураны вацок, кінуў правадыру. Белагаловы ўзважыў вацок у руцэ:

— Дукатаў сто, сто дваццаць засталося. Здаецца, яшчэ колькі каменьчыкаў там павінна блытацца.

Перадаў немцу, чыя жонка ў перапэцканай сукенцы, з каптуром набакір тут жа кінулася прагна пералічваць манеты і разглядаць на святло дыяменты, якія сапраўды меліся ў мяшэчку.

— Гэта няшмат, — прамовіў белагаловы. — Але калі даедзеце да палацу князя Багінскага, будзьце пэўныя, вас узнагародзяць напоўніцу. Галоўнае, нідзе не называйцеся сапраўднымі імёнамі, прыдумайце сабе іншую гісторыю… Памятайце, што Пфальцманаў на свеце больш няма. А ўвогуле, радуйцеся, што выбраліся жывымі. Параіў бы вам замест зброі перайсці на музычныя машыны.

Да белагаловага падыйшоў высокі чарнавалосы чалавек з худым змрочным тварам, на фоне волата ён выглядаў нават вытанчана.

— Пан Ватман, Пфальцманы ад’язджаюць?

Найміт паціснуў плячыма.

— А нашто яны нам? Замінішча… Вунь фурманы адвязуць іх. А ў нас з вамі яшчэ шмат важлівага, доктар.

Блакітнавокі юнак з дзёрзкім тварам умяшаўся ў гаворку:

— Не забывайцеся, Ватман, што доктар — мой слуга! Без майго дазволу ён нічога рабіць не будзе!

— Ну што вы, як жа без вас… — белагаловы па-блазенску схіліўся. — Пакуль што выбірайце сабе па кані — не глядзіце, што яны ў мужыцкія вазы запрэжаныя, мы адбіралі самых хуткіх. І рушым…

— Куды? — пацікавіўся Лёднік.

— Пакуль што непадалёк. Менш пытаецеся — дольш жывяцё.

На паляне, зарослай верасам, валяліся там-сям гнілыя селядцы, нібыта іх прынёс дождж. Ватман, не звяртаючы ўвагі на фрау Эльзу, распрануўся да пояса, расцёр вадзяныя струмені па спаласаваным баявымі шнарамі целе, засмяяўся ад насалоды. Пранціш скептычна агледзеў свайго слугу, той, змрочны і напружаны, стаяў у сваім чорным камзоле, зашпіленым на ўсе гузікі да горла, тузануў яго за рукаў:

— Там ручаіна ёсць, за алешынамі, я пабываў. Вось кашуля і світка — фурман даў узамен маёй кашулькі, хоць салёнай, але з каруначкамі. Не строй з сябе стоіка Сянеку, ідзі, нармальна вымыйся і пераапраніся. Як ты сядзеў у расоле, са сваймі ранамі…

Лёднік дзіўна паглядзеў на Вырвіча, яго вусны здрыгануліся, узяў адзенне:

— Дзякую…

Нават не бурчэў. Пранціш паціснуў плячыма і падставіў твар дажджу: як жа добра жыць! Moliter vivit! Нават у раздрайную шалёную эпоху — а хто сказаў, што на гэтай зямлі здараюцца лягчэйшыя? Як добра быць ліцвінам і шляхціцам, і мець прыўкрасную даму, і шаблю, хоць і чужую, і герб Гіпацэнтаўр! І невыносна буркатлівага, неверагодна абазнанага і неверагодна мужнага Лёдніка побач…

Праз гадзіну тры вершнікі ўз’ехалі на невялікі ўзгорак, які, хутчэй за ўсё, меў гордае найменне Лысая гара — бо на беларускіх землях Лысых гор, падобна, не менш, чым лысых ліцвінаў. Тут была толькі закінутая паляўнічая хатка, больш падобная да будана. Затое з просекі відарысы адкрываліся на Случчыну выбітныя — дождж прыпыніўся, шэрае неба перастала нагадваць суцэльны сувой, цяпер у ім былі прасветы з пухнатых белых аблокаў, а кастрычнік шчодра раскідаў чырвань і золата па чорнай зямлі, хаця ведаў, што гэтую гожасць ніхто не ацэніць… Ватман пільна ўглядаўся некуды ў той бок, дзе бачыўся чырвоны дах кавалергардыі, у якой сабраліся аж тры магнаты дзяліць адну Сільфіду.

— Доктар, бліжэй да мяне! — скамандваў Ватман. Лёднік пад’ехаў, спыніў каня побач.

— Глядзі ў той бок! — Ватман паказаў пальцам у накірунку кавалергардыі. І нават памахаў камусьці рукою, хаця з такой адлегласці ніхто ўбачыць іх не мог.

— Што цяпер? — ветліва папытаўся Лёднік.

— Цяпер — мы адпачываем, чакаем і не задаем пытанняў.

Ватман лёгка саскочыў з каня і пазяхнуў.

— Туман падымаецца… Гэта добра. Ну што стаіш, шчаўлік, ідзі навяжы коней, а потым вогнішча развядзі, пакуль дажджу няма! Умееш?

Пранціш хацеў абурыцца, бо шчаўлікам абазвалі менавіта яго, але Ватман быў дваранінам і вайскоўцам, а вайсковая навука змушае нават самых радавітых займацца бруднай справай. Кожны вой павінен умець зацыраваць бот, натачыць лязо шаблі, перавязаць рану. Гэта магнатаў, кшталту Пане Каханку, вывозяць у юнацтве на вайну, як на парад, разам з кухарамі, лёкаямі і шаўковымі намётамі. А вось Андрэй Рымша, чые творы вывучалі ў калегіюме, так пісаў пра вяртанне гетмана Крыштофа Радзівіла па мянушцы Пярун у лагер падчас Лівонскай вайны, калі ваявалі з маскавітамі:

Пан прыехаў — трасецца, як пячкур у меху,
Што казацi — было тут пану не да смеху:
Затушыў дождж кастрышчы, дровы не прасохлi,
Ляжа ў адзеннi, да касцей прамоклы.

А калі пераходзілі ліцвіны Мядзвежае балота, дык

Не пазнаць было, хто там гетман, хто паняты:
У гразi ўсе таўклiся, быццам парасяты.

Усё гэта вельмі падыходзіла да іх сённяшняга становішча, таму Вырвічу, які марыў пра вайсковую славу, не пасавала скардзіцца. Ён сапраўды на вайсковы погляд быў «шчаўлікам», якога трэба вучыць. Урэшце, пасля сутарэнняў слуцкага замку нават будан на вяршыні Лысай гары падаваўся райскім палацам.

Пакуль відно, можна набраць грыбоў, пашукаць якіх арэхаў… Яны з Лёднікам, прынамсі, так і рабілі калісьці. Але Пранцысь пабачыў, як нязломны доктар літаральна ўпаў на наваленае ў будане адсырэлае сена, і зразумеў, што лепей яго не турбаваць. Але зрабіў яшчэ дурней, бо пачаў цікавіцца радаводам гера Ватмана. На гэтую тэму любілі разважаць усе, бо шляхціц з маленства вывучваў свой радавод да драбніцаў, і часцей за ўсё можна было ў такіх размовах упэўніцца ў сваяцтве з чарговым «панам-братам» праз якога-небудзь згубленага ў вяках князя ці караля. Сам Вырвіч збіраўся пахваліцца, што галінкі ягонага радаводу цягнуцца аж да князя Палямона. Бацька Вырвіч увесь час паўтараў, што калі ляхі не мелі гербаў сваіх, ліцвіны ўжо шляхтай былі — ад старых рымлянаў. Але Ватман толькі пасміхнуўся:

— Да Палямона, кажаш? А я — сын маркітанткі! Нарадзіўся на полі бою, хрышчаны пад кулямі. Дваранства заслужыў шабляй. Ёсць у мяне і баронства — ад караля Густава, і шчэ пару ардэнкоў, якія ўмацоўваюць маю шляхецкую годнасць як сталёвае лязо, і нават замак у Сілезіі, дзе мяне гадоў сем чакаюць вернападданыя нявесты на права першай ночы. Герб мне намалявалі з грыфонамі. Але мне на гэта на…ць.

Лёднік адабральна хмыкнуў, і Пранцысь пакрыўджана адыйшоўся ад гэтых хамаў, якія не разумеюць высакародных гутарак.

Знізу падымаўся сівы туман, нібыта збіраўся штурмаваць Лысую гару. Цяпер можна было не баяцца, што іх вогнішча заўважаць. Лёднік ляжаў ніцма, нерухома, і гэта было дрэнна. Добра хоць, не на зямлі — на дошках, прыкрытых сенам. Яшчэ ў будане знаходзіўся вузкі стол, упрыгожаны двума старымі глінянымі місамі з прэлым лісцем і здохлымі мухамі, і рэшткі ад лаўкі. Па другі бок стала на мокрым сене ляжаў, падклаўшы пад галаву руку, Ватман.

Пранціш прысеў побач з Лёднікам.

— Доктар, табе лепей бліжэй да вагню. Непадалёк расце дуб, можна кары надраць… Ад запалення скуры заварыць. І галінкі асіны можна ўзяць… З хінінам… Ад гарачкі…

— Вывучыў, шкаляр, залічана, — Лёднік з цяжкасцю прысеў. — Давай, нясі… Яшчэ знайдзі смалы-жывіцы. І во-ось тых чырвоных ягадаў нарві. Усім прыдасца ад магчымай застуды.

Ватман пагардліва выгукнуў:

1 ... 29 30 31 32 33 34 35 36 37 ... 56 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название