Да сталіцы БАМа —
Прама!..
Час бяжыць, аж вохкае.
Весялее панарама
За маімі вокнамі.
Добра быць маладым,
Не лічыць гады, як скнара.
Часу хопіць, хопіць жару
На пламенне і на дым.
I, як рыбіну на лёд,
Лёс мяне не выкінуў,
I не блізка сумны год
Падвядзення вьгаікаў.
Я на свяце маладым
Сонца, ветру і аблокаў —
Ахвярую годам тым,
Недасяжліва далёкім...
Да сталіцы БАМа
Скоры
Шчэ не ходзіць.
Ехаць нам
З ветрам, тварам да прасторы,
На платформе ў два маторы,
З новай песняю пра БАМ.
Вечар.
Месяц зоркі лушчыць.
Кедрача густы настой.
Поўнач дыхае насустрач
Спакон вечнай мерзлатой.
Поўнач, Поўнач!.. Стынь ды сопкі.
Прорвы нетраў. Немасць зор.
Можа, рана век таропкі
Выскачыў з-за павароткі
На бязмежны твой прастор?
Можа быць, нашчадкаў слава
Ў трубы сцюж тваіх пяе...
Што ж,
падзелім з імі
справу —
Людзі ўсё-такі
Свае.
Ім кладзём масты настрэчу
Ў гэты край, дзе мёрз і мок
Век дзявочы, век хлапечы,
Браў любы цяжар на плечы —
Не развязваўся пупок.
I як помнік нам
Паўстане
Гул снарадны цягніка
Тут, дзе шпалы штабялямі,
Тут, дзе сёння штаб на БАМе
Камсамольскага ЦК.
...Я шыбую ў штаб пры Насці.
— Госць? — пытае Насця.
— Госць.
— За рублём?
— Ды не.
— Па шча-а-сце?
— А чаму з усмешкай, Насця,
Ці няма на свеце шчасця?
— Свет вялікі, — кажа Насця, —
Шчасце ёсць, ды рознай масці.
— Але ж ёсць наогул?
— Ёсць.
Насця ў штаб —
Дык дзверы насцеж.
Насця — сіла. Бог. Прараб.
— Добры дзень, таварыш Насця.
— Добры дзень, таварыш Штаб!
Насця грозна бровы хмурыць,
Рэжа —
Вокам не міргне:
— БАМ —
не абрзвіятура,
А дарога...
Так ці не?
— Так.
— З чаго ж рабіць дарогу? —
Павышае Насця тон.—
Слоў хапае, дзякуй богу.
Горш з бетонам.
Дзе бетон?
Тры гадзіны «загараем».
Загарэлі. План курыць.
Працаваць нам, Штаб, параіш
Ці купальнікі купіць?
...Працаваць, не ткаць размову,
Як узор на дыванах.
Хоць у Насці тон суровы
I начштаба хмурыць бровы —
Скачуць чорцікі ў вачах!
У начштаба
дух не слабы,
Не запудзіш пальчыкам.
Перажыў ужо начштаба
Чатырох начальнікаў.
На яго
і ніз,
I верх —
Не палічыш —
капалі.
Ды, як капяжы са стрэх,
Тыя «капы» плакалі.
Ён жа ўсё не спіць начэй,
Круціць кіламетры,
А пагляд яго вачэй
Да прадоння светлы.
Вольным вечарам гітару
Возьме ён за плечыкі,
I паўночныя Стажары
Узыходзяць, слепячы.
I збіраюцца сябры
У пакой начштаба...
Ты, гітара, гавары
З Насцечкай-прарабам.
Гавары-перабівай
Вецер шматгалосы,
Гавары-перабірай
Ільняныя косы.
Каб рука да рукі,
Як рака да ракі,
Каб шчака да шчакі,
Як сланечнікі...
Рупіць,
працы акрамя,
Годнасць,
сэрцы шчэмячы...
Будзе плошча імя
Валіка Сушчэвіча.
I ад плошчы пацячэ
Насціна дарога...
Будзе ўсё там, дзе яшчэ
Не відаць нічога.
Дзе ляціць на саначках
(Кажушок — як вытканы!)
Бамачка,
што шкляначка
З этыкеткай імпартнай.
Устойлівая непагадзь стаіць.
На шышаках АЯМа [1] выюць МАЗы.
Калі машына са скалы ляціць —
Не проста страх пад рэбрамі ўтаіць,
Не паказаць, што не лятаў ні разу.
А мой шафёр
Да рызыкі прывык
I пра мае прывычкі не пытае,
Таму найлепей
прыкусіць язык...
Імчыць машына — толькі свіст ды рык,
Ды надпіс на бартах:
«Эх, пакатаю!»
Віжуе ўсё шафёр мой, чортаў сын:
— Рамантыкі хацеў ты — еш ад пуза,
А няньчыцца з табой
Няма прычын.
Няхай ты чын —
Ды я таксама чын,
Мой чын:
шафёр Савецкага Саюза.
Падсек?
— Падсек.
— Талковы чалавек.
Люблю талковых.
Я, брат, сам талковы.
Спытайся тут:
«Хто Лёшка Жарнасек?..»
У-у, скажуць, зух!..
Фігура, адным словам.
Мне тэлеграмы адбіваюць як?
БАМ. Жарнасеку. Едзь да нас.
I кропка.
Ды не люблю я
Тых дарог, аднак,
Дзе кожны слуп — асцерагальны знак...
Японскі бог!
Глядзі...
Ды ўверх, на сопку!
Пра гэта і не ўспомніш два разы:
Насустрач нам, сарваўшы тармазы,
Ляцеў і выў нагружаны «Магірус» [2].
— Ну ўсё. Вынось, як кажуць, абразы.
Кагосць «Магірус» завязе ў магілу.
За намі — бачыў? — Чортаў паварот.
Не выкруціць па хуткасці.
Сарвецца.
Эх, два разы канаць не давядзецца!
Паспеем развярнуцца?..
Поўны ход!
Слабое сэрца — дык давай за дзверцы.
Ну што, даеш?!.
I даўшы поўны газ,
Да самых плешак топячы педалі,
Ён год, здалося, разварочваў МАЗ —
I вось ужо «Магірус» ззаду ў нас,
А мы ў яго паперадзе імчалі.
Сірэны — як у рог! Альбо ў дуду!
Для дэтэктываў
гэткія пагоні!..
Дагнаў «Магірус», буферам баднуў,
Счапіліся машыны, як вагоны,
I Лёшка плаўна тармазы крануў.
— Не пойдзем юзам —
Пажывём яшчэ,
Да павароткі неяк затармозім,
Калі ніхто не стане на дарозе...
Па спіне мурашы, як на марозе,
I ліпкі пот па сківіцах цячэ.
Затармазілі...
Коламі амаль
Над прорваю павіслі...
— Чорт не злапіў!
Не падвялі баранка і педаль,
Зноў Лёшка выйграў на сваім этапе...
У Залацінцы будзем — справім баль.
...«Магірус» стукнуў дзверцамі.
Салдат
Ускочыў цяжка МАЗу на падножку,
Пацёр павекі: «Вецер вось, а мошкі...»
Руку паціснуў Лёшку:
— Дзякуй, брат...
— Няма за што,—
яму ўсміхнуўся Лёшка.