Мне мроіцца часам
Відовішча страшных вякоў:
Нібыта ў пустэчы,
Якая Зямлёю завецца,
Адно —
сярод спаленых,
Попельна мёртвых пяскоў —
Ляжыць чалавечае сэрца
I грукатна б'ецца!
Яно, як гара.
Ледавік на вяршыні яго,
Адтуль
па адхонах
Сцякаюць крывавыя рэкі
I грозна зрываюцца
Лавы чырвоных снягоў! —
I ў чорную бездань
Канаюць
на вечныя векі.
Ударыць яно —
Уздымае да неба віхор
I пыл, і каменні,
Зямля з краю ў край скаланецца
Не бачна Сусвету,
Ні Сонца не бачна, ні зор!
I стогне жалобна —
Гара —
чалавечае сэрца!
Жалоба яго
Аб усім, што было на Зямлі:
Вясёлыя людзі
Смяяліся тут і спявалі,
Кавалі плугі
I аралі вясною палі,
Хадзілі на войны —
I зноў гарады будавалі.
I ў кожным з людзей тых,
То з болем, то з радасцю зноў,
Маленькія сзрцы
На міг не спыняліся біцца,
Маленькія —
толькі
Грымелі мацней ад грамоў,
Маленькія —
толькі
Свяцілі, нібы бліскавіцы!
Таму і змаўкалі,
Згаралі заўчасна яны,
I мудры вучоны
Сказаў:
— Я пазбаўлю вас смерці...
Вось помпа —
не трэба
Плаціць асаблівай цаны —
Надзейная помпа
Замест ненадзейнага сэрца.
Ура вам, вучоны!
Ваш геній дарма не прапаў,
Мільёны мільёнаў
Жылі з вашай помпай бязбедна,
Ніхто з іх ад гора
Сардэчнай хваробы не знаў,
Але і ад шчасця
Салодкага болю не ведаў.
Калі напрадвесні
Хацеў нехта з іх пакахаць
I з вуснаў жаночых
Гарачаю ноччу напіцца,—
Ў грудзях
не
шчымела! —
I нельга было пажадаць:
Няхай зашчыміць там!
Няхай разбаліцца!
Забыліся людзі
Пчаліныя песціць сады,
Аралі, ды болей
Не ведалі радасці ў працы.
Цяснела Зямля,
За гадамі міналі гады,
I час надышоў
Чалавеку з Зямлёй
Расставацца.
На сушы, на моры,
На скалах высока ў гарах,
На могілках продкаў
Жылі неўміручыя людзі...
I вось той вучоны,
Якому крычалі «ура»,
Устаў і сказаў ім,
Што з імі было і што будзе.
— Я самы стары з вас,
Але не адзіны пакуль,
Хто можа прыпомніць,
Як людзі смяяцца умелі,
Як з сэрцам жылі,
Не схаваным ад болю і куль,
Як мёртвых хавалі —
I як бессмяроцця хацелі.
Мы славілі розум
I верылі ў розум вышэй,
Чым продкі далёкія —
Ва ўсемагутнага бога,
Мы так працавалі,
Што дым вырываўся з вушэй,
I ўперад ішлі,
I шырэла прад намі дарога.
Але — толькі людзі —
Не ўсё мы маглі зразумець,
А што і маглі —
не хацелі,
Бо думалі: зможам
Звалодаць з усім,
I, нарэшце, адолеўшы смерць,
Мы
вырвалі
сэрцы! —
I кратамі стаў для нас
Розум.
За гэтыя краты
Мы кінулі нашу любоў,
Як вязні, за імі
Ўсе нашы пачуцці стагналі...
Вось тая цана,
Што заплачана намі, каб зноў
Высока і ясна
Штодня нашы сэрцы згаралі!
...I мроіцца мне:
Да пакінутай грознай гары,
Што стогне жалобна,
Чакаючы лепшае долі,
Ідзе чалавек —
I ў праменні чырвонай зары
Ён лёгка гару
Уздымае на полі далоняў.
Да іншых галактык
Панеслі зямлян караблі,
Адзін ён застаўся —
Як помнік, стаіць нерухома.
Нікога жывога
Няма больш на мёртвай зямлі,
Спрэс попел, ды пыл,
Ды астылы бетон касмадромаў.
Так сонца ўзышло.
I гара не адкінула цень,
I сонечны дождж
Скрозь яе на далоні праліўся,
I з нетраў гары
Раптам пырснуў зялёны прамень,
I парастак жыта,
Прабіўшыся, закаласіўся.
Расталі снягі,
I апоўз ледавік, як кара,
I вецер заняўся
Забытай сяўбою...
Любое
Зярнятка рунела,
I стала маленькай гара,
Падобнай на яблык
На дрэве спазнання любові.
I ўсё на зямлі забуяла,
Усё зацвіло,
Шумелі палеткі,
I з коласам колас шаптаўся;
I крыкнуў Сусвету
тады чалавек:
«Ажыло!» —
I зорам у вочы халодныя
Разрагатаўся...
Стаяў ён — шчаслівы,—
I рогату рэха гуло,
Шаптаў:
— Вось і зноў ты
Збалела і радасна б'ешся
Ў грудзях маіх...
Дзякуй
За тое, што ты зберагло
Жыццё на зямлі,
I за тое,
Што ты застаешся
Нязгасна і верна
Служыць у віхурах часоў
Дабру і любові,
Як ты ім служыла спрадвеку...
I ціхія слёзы
Скаціліся ў попел пяскоў
З вачэй
Чалавека...