На ранішнім спектаклі, у нядзелю,
Было так малалюдна, што гадалі:
Спектакль паказваць ці прасіць вяртаць
Шаноўнейшую публіку білеты,
А ў сэнсе кампенсацыі маральнай
Прапанаваць ёй з'ездзіць у грыбы
З артыстамі, з Падзоркавым і Зорнай!
I вось прыйшлі з такою прапановай
Да публікі:
галоўны рэжысёр,
Адміністратар, білецёр і нават
Пажарнік, хоць апошняму было
I лепей тое, што так мала люду
Сягоння ў зале, толькі каб нікога
Там не было,—
Было б, вядома, лепш.
Прапанавалі... У адказ на гэта
Шаноўнейшая публіка сказала,
Што ёй не трэба ні грыбоў, ні ягад,
Бо па пытанню гэтаму якраз
На днях яна блукала ў нейкім лесе
I нешта там збірала, а на сёння
Запланавана загадзя ў яе
Мерапрыемства ў плане тэатральным,
I за яго ёй прыйдзецца трымаць
Адказ не белымі ці іншымі грыбамі,
А слушнай справаздачай у прафкоме.
Шаноўнейшаю публікай быў я...
Як узурпатар, я сядзеў пад люстрай
У восьмым радзе, на чацвёртым месцы,
І мог сядзець яшчэ на сарака
Зусім законна, бо ў маёй кішэні
Ляжалі сорак ранішніх білетаў,
Якія даў мне прафсаюзны дзеяч,
Сказаўшы: «Хоць памры, а забяспеч...»
Па сцэне бег узрушаны Палоній
I Гамлету крычаў:
- Ды зразумей ты!
Я не магу ў пустую залу кідаць
Шэкспіраўскія словы... Гэта смешна!
Ён там ад іх аглухне!
Ён адзін!..
Адказваў Гамлет:
— Іх, Палоній, сорак.
Глядзі на іх: усе яны сядзяць
Крывыя, змрочныя, як каралі без тронаў,
Двурушныя, як твой гофмайстар... Ім
Дарма не трэба нашае мастацтва,
Пляваць ім на яго! Ім толькі б жэрці,
Ды хапаць больш, ды піць, ды ціскаць баб!..
I гэты вось, у восьмым радзе... Ён
Сквалыга са сквалыг! Чаго прыплёўся,
Што тут згубіў,— спытай яго,— і будзе,
Нібы талмач будыйскі, нешта плесці
Пра прыгажосць... гармонію... Душу,
Якая жыць не можа без мастацтва,
Ды ўсё гэта —
Брахня!
А праўда ў тым,
Што мешчанін ён, і яму ў даўбешку
Курыную — такі ж, як ён, сквалыга
Увёў:
ах, жывапіс!
ах, музыка!
тэатр!
Як гэта тонка! — ляпнуць паміж іншым
Пра нейкі там экзістэнцыялізм,
Хоць што гэта такое,
ён, пачвара,
I знаць не знае...
Ён, як ты, Палоній,
Жыве за шырмай... Падслухоўваць, зыркаць,
Разносіць плёткі скрозь, усё пра ўсіх
Збіраць у папку, каб у нейкі час
Яе таму падсунуць, хто нічым
Не грэбуе, і ў барацьбе за месца,
За трон вышэйшы і шырэйшы стол —
За лёкая свайго яго прызначыць!..
Вось тут ён — зух.
Вось тут — мастацтвазнаўца.
О, каб жыццё было тэатрам! Ці
Каб ён іграў гофмайстара на сцэне!
З якой бы я вялікай асалодай
Не рэквізітнай шпагай, а сапраўднай
Яго праткнуў! I паглядзеў: якая
Мярзоціна у ім
замест крыві!..
Ён скончыў маналог. Палоній лыпаў
Жахлівымі вачыма... Рэжысёр,
Адміністратар, білецёр і нават
Пажарнік
так глядзелі на мяне,
Нібы я зараз вытрасу з кішэні
Не пачак ранішніх скамечаных білетаў,
А сорак бомбаў...
I тады!!!
А Гамлет
Сышоў са сцэны:
— Едзеш у грыбы?
— Пра што пытаць...
Вядома, еду,
Гамлет...