Слодыч i атрута
Слодыч i атрута читать книгу онлайн
Раман “Слодыч і атрута” апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы; пра вялікае каханне і нянавісць, пранесеныя праз жыццевыя нягоды і варункі лёсу; пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніальныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— За такую дапамогу плату не бяру. Абедзвюм нам — грэх вялікі. Маліся, дзевачка, Бог літасцівы. Ён даруе. Трымай зелле, каб не пераблытала.
— Цётачка, каб не ты, я б, напэўна, памерла б.
— Ідзі з Богам. Ідзі.
Зося выйшла з хаты, паглядзела на сонца. Яно яшчэ было высока. Дзяўчына спачатку накіравалася да свайго хутара, а на паўдарозе завярнула да балота. Ішла і маліла Бога, каб нікога не сустрэць, ды каб удалося знайсці ёй зязюліна мыла, якое вымые з яе ўлоння Гардзеева насенне, адвядзе бяду і дазволіць жыць далей.
21
Гэліна вяселле гулялі пасля Пятровага посту. Гасцей было мала, хутаранец Карп запрасіў толькі самую блізкую радню, аднак пад вечар на музыку найшла моладзь з Крачкаў і Сцяблова. І як было не прыйсці? Сваю дзяўчыну аддавалі ў далёкую вёску, цяпер гады ў рады сустрэнешся. Зося памагала цётцы Агатэлі, цэлы дзень круцілася, бы вавёрка ў коле, падносіла свежыя стравы, прыбірала брудны посуд, мыла міскі. Не весела ў яе было на душы. Папіла зелле, якое нараіла Каваліха, дык два тыдні страшэнна балелі жывот і паясніца. Некалькі дзён Зося не ўставала з запечка, знясілела зусім ад страты крыві і болю, аднак не скардзілася ні сястры, ні бацьку. Чакала, што Бог дасць. Але варта ёй было ўявіць, што труну з яе целам апускаюць у зямлю, сэрца сціскалася ад жудасці. Паступова боль адступіўся, дзяўчына супакоілася, вярнулася да звычайнага жыцця, толькі не было ў сэрцы ранейшай радасці, яно, як прывялая кветка, абыякава і асуджана ўспрымала свет. Амаль два месяцы яна не бачыла Гардзея. Ні разу ён не наведаў іхні хутар. Зося зразумела, што ён проста карыстаецца ёю, як бяздумнаю дурніцаю, і весела жыве сабе далей. Няма яму ніякае справы да яе турбот і няшчасцяў. Адна ноч — разам, а потым зноў расстанне на доўгія месяцы. «Няхай жыве! Няхай жыве, як хоча! Больш я ніколі нават не зірну ў ягоны бок! — з крыўдаю думала Зося. — Праўду казала цётка Каваліха, ён мне толькі бяду прыносіць».
Кацю таксама турбавала тое, што Гардзей забыў дарогу на іхні хутар, яна нават іншы раз пыталася ў Зосі:
— Чаму гэта Рахуба да нас не заходзіць?
— Ён жа твой залётнік. Адкуль я магу ведаць, — з’едліва адказвала Зося.
Каця не пярэчыла. Ёй сапраўды здавалася, што Гардзей заляцаецца да яе.
А чаму б і не? Яна і з твару нябрыдкая, і шмат цікавых кніжак прачытала, з ёю ёсць пра што пагутарыць, і швачка добрая. Хоць вяскоўцы і мала шыюць з крамнай тканіны, але ж як з’яўляецца патрэба пакроіць ці пашыць нешта далікатнае, дык ідуць да Каці.
Без Гардзея дні цягнуліся бясколерна і сумна. Хоць працы было шмат на гаспадарцы, але рабілася яна без ахвоты і настрою. Нават тут, на вяселлі, Зося хоць і ўсміхалася гасцям, але гэта была сумная ўсмешка. Дзяўчына адчувала сябе непатрэбнаю, як на чужым свяце.
Цётка Агатэля толькі недзе пад вечар стомлена сказала Зосі:
— Ідзі да моладзі. Хопіць таўчыся са мною. Ужо ўсе напіліся і наеліся, той-сёй за сталом нават носам клюе.
— Мне тут лепш, — сумна ўсміхнулася Зося.
— Што з табою, дзіця?
— Нічога. Стамілася за дзень.
— Якая стома ў маладосці? Ідзі польку паскачы — уся стома атрасецца.
— Пайду, бадай.
Зося выйшла на двор. Каля хаты заліваўся гармонік, п’янаватыя дзядзькі і цёткі спрабавалі танчыць, але куды ім было да маладых, якія скакалі з такім імпэтам, што толькі пыл курыўся з-пад ног. Зося не паспела агледзецца, як нехта падхапіў яе пад руку. Яна зірнула і аслупянела. Гэта быў Гардзей.
— Чаго ты спалохалася? — засмяяўся ён.
— Нічога, — злосна падціснула вусны Зося.
— Пойдзем, паскачам.
— Не хачу.
— Ну, чаго ты? Мы так даўно не бачыліся, — Гардзей бліснуў роўнымі белымі зубамі, нахіліўся да яе вуха і прашаптаў. — Ты не ўяўляеш, як я па табе засумаваў!
Зося паспрабавала вырваць сваю руку з ягонай, але Гардзей трымаў моцна.
— Пусці, бо зараз бацьку паклічу, вунь ён стаіць, — злосна сказала Зося.
Гардзей расчаравана выпусціў яе руку, паціснуў плячыма, сказаў:
— Што на дзеўку найшло?
Зося стала ля плота. Гардзей тым часам запрасіў на вальс Кацю. Яны закружыліся ў павольным танцы. Каця была ў прыгожай паркалёвай сукенцы, на чырвоным полі красаваліся белыя рамонкі і сінія званочкі. Кветкі проста гарэлі ў вечаровых промнях.
«Няхай скачуць, а я сваё адскакала. Грэх на мне вялікі.» — падумала Зося і пайшла. На момант ёй здалося, што сілы зусім пакінулі яе. Як старая бабуля, прыгорбіла спіну, села на лаўцы каля сваёй хаты, ні пра што не думала, глядзела перад сабой і бачыла, як калышацца быльнёг пры дарозе. «Вось так і я жыву беспрытульна, хілюся туды, куды лёс паверне. І не ведаю, у які бок ісці, дзе мяне чакае бяда, а дзе заблудзілася маё шчасце».
Здалёку пачуліся ўзбуджаныя галасы. Зося вызвалілася ад здранцвення, паглядзела ў той бок і ўбачыла Гардзея і Кацю. Дзяўчына паднялася, пайшла ў двор, не ведаючы, куды ёй схавацца ад гэтага ненавіснага і невыноснага Гардзея. Яна адамкнула дзверы, убегла ў хату, пачала варочаць чыгуны, дастаючы іх з печы, прынесла карыта з сяней, стала рыхтаваць мяшанку. Усё чакала, што Гардзей і Каця вось-вось увойдуць у хату, а яны пастаялі каля весніц, і Зося нават не заўважыла, у які бок пайшлі. Яна выбегла ў двор, але блізарукія вочы нічога не маглі разгледзець у вечаровай смузе. Яна выцерла слёзы крыўды і адчаю, вярнулася ў хату, думаючы, што Кацю ён не абдурыць. Ды і сама сястра хіба адважыцца развязаць свой пасак, які ахоўвае яе падарваны жывот. «Не, не на тую нарваўся. Каця будзе стаяць, як сцяна. Ростам малая, затое дух мае нязломны. Хоць, хто яго ведае, як яна здолее супрацьстаяць каханню?»
Зосю зараз больш турбавала, як паставіцца Гардзей да Каці. Раптам ён захопіцца ёю? Яна ж знешне прывабная і разумная, каму хочаш галаву задурыць.
22
Сонца зайшло. Толькі на захадзе неба яшчэ свяцілася чырванню, як шчака маладзенькай дзяўчыны, якую ўпершыню пацалаваў закаханы хлопец. Зямля апускалася ў млявасць летняе ночы, кароткай і ціхай. Над поплавам рассцілаўся пульхны сувой туману. Гэта быў час спакою, калі птушкі аціхлі ў гнёздах, толькі назойлівы камар, шукаючы спажывы, часам з галодным зумканнем азываўся каля вуха. Гардзей ішоў па траве, акрытай вечаровай расой, Каця побач — па вузкай сцежцы. Ішлі няспешна, удумліва вялі гаворку, прыглядваючыся адно да аднаго. Вусны дзяўчыны час ад часу расквечваліся прыязнаю ўсмешкаю, гэта заспакойвала Гардзея. Ён разумеў, што падабаецца ёй. І гэтага было ўжо дастаткова. Сур’ёзная і абачлівая Каця, як здавалася яму, была процілегласцю вясёлай і няўрымслівай Зосі. Калі старэйшая сястра хацела прадбачыць усё наперад, малодшая жыла адным імгненнем, загаралася шчасцем, як запалка, і згасала пры няўдачах, але новая радасць здатная была адрадзіць яе душу зноў.
Гардзея не хвалявала, што адбываецца з Зосяй, чаму яна пазбягае яго. Ён жа ёй у каханні не кляўся. Яму не хацелася прывязвацца да некага душою. Наперадзе яго чакалі невядомыя, але, ён спадзяваўся, вельмі добрыя падзеі. У прадчуванні іх Гардзей ашчаджаў душу, бярог сілы, каб дзейнічаць у новых умовах.
— Кажуць, цябе вылучылі кандыдатам у дэпутаты гміны? — спытала Каця і з цікавасцю заглянула яму ў вочы.
— Так, — і на твары Гардзея адбілася ўпартасць і, як падалося Каці, ганарыстасць.
— Для цябе гэта важна?
Гардзей адказаў не адразу, памаўчаў, а потым загаварыў, узважваючы кожнае слова. Ён упарта вучыўся гаварыць нетаропка, нешматслоўна, каб слухач змог глыбока зразумець ягоную думку.
— Думаю, што гэта важна нам усім, вяскоўцам, малапісьменным ці непісьменным людзям. Мы ж не дурнейшыя за паноў і асаднікаў, якія засядаюць у гміне. Іх па пальцах можна пералічыць, а яны трымаюць у руках лейцы і кіруюць тысячамі бедных людзей, абіраючы іх да ніткі. Сялянскія дзеці не маюць магчымасці ні вучыцца, ні набываць прафесіі, бо гэта каштуе вялікіх грошай. Як людзі праваслаўныя мы не можам сякераю зганяць багацеяў з прыбытковых месцаў. Трэба спрабаваць законным шляхам браць тое, што належыць нам. З-за сваёй непісьменнасці і недасведчанасці мы ж нават не ведаем ні законаў, ні сваіх правоў. А калі паглядзець, скуль узяліся гэтыя паны ды падпанкі? Набрыдзь нейкая панаехала з Польшчы!