Напярэймы жаданьням
Напярэймы жаданьням читать книгу онлайн
„Збор твораў” Уладзімера Дудзіцкага выходзіць у сьвет упяршыню. Падрыхтаваныя пры жыцьці аўтара два зборнікі „Песьні і думы” і „Напярэймы жаданьням” загінулі. Нават невядома, якія вершы ўключыў паэт у кожны з названых зборнікаў. Прапанаваная чытачу кніга аб’ядноўвае ўсе мастацкія друкаваныя і ненадрукаваныя творы Уладзімера Дудзіцкага, якія на сёньняшні дзень вядомыя рэдактару. Творы Ул. Дудзіцкага падаюцца храналягічна, датуюцца паводле аўтарскай вэрсіі. Час напісаньня некаторых вершаў удакладняўся з улікам публікацыяў і кантэксту. Недатаваныя творы акрэсьліваліся ў часе толькі ў адпаведнасьці з кантэкстам. Калі твор мае некалькі рукапісных варыянтаў, друкуецца той, у якім ёсьць зробленыя аўтарам зьмены і выпраўленьні, або, на думку рэдактара, больш дасканалыя. Калі твор мае рукапісны і друкаваны варыянт, перавага аддаецца публікацыі. (Ад рэдактара, фрагмант)
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Рана струны душы лашчыць музыкай часу,
песьняй дзікаю зброі сталёвай,
і пад радасьць чужую далонямі пляскаць,
калі б’ецца жывое праўдзівае слова.
Волю слову й душы даць павінны, няйначай,
песьню іншую прышласьці выкаваць трэба,
каб грымела яна па-над енкам і плачам
ад гразкіх каляін у блакітнае неба!
Стрэнуць людзі тады песьню тую, бы дзіва,
возьмуць прагна, зь вялікай уцехай,
каб у краі жылі і спакой, і праўдзівасьць,
каб жыцьцё ацьвярозіць сярэбраным сьмехам.
А пакуль —
хай снуюць сьмерці чорныя здані,
супыняцца прад імі ня трэба — ня варта;
трэба йсьці, як ішлі, напярэймы жаданьням
сьмела, мужна — хадою упартай!
1942
Балючым накіпам свае крыві
Адчуў на скрыўджаным парой пагосьце
балючым накіпам свае крыві,
што зноў зайшлася да мяне у госьці
рудая, чорная...
Прыйшла — жыві...
Мне ў хаце бацькаўскай ані ня цесна,
пакуль
падсуседкай пабудзь зіму.
Мой сум павесіцца на даўняй песьні —
рукамі моцнымі яго вазьму,
шпурну,
каб сэрца не тачыў начамі,
у глыб бяздонную сівых вазёр;
душа усьцешыцца: канцы адчаю...
Увесну восені спадзе рызьзё
на попел захаду, бы дзень аджыты,
скажу:
цяпло нас не зраклося, не!..
Я дні лічыў, схіліўшыся на пліты,
і пліты цалаваў,
і верыў: не кране
вясны
скупая, злая восень-госьця,
рудая, чорная...
Вясна, жыві!
Адчуў твой пульс на скрыўджаным пагосьце
балючым накіпам свае крыві.
Лагойск, студзень 1943
Не прадам я ніколі вясны
Неяк рана прыйшла вясна,
усьміхнулася мне у вочы,
хай нясмела, аднак — яна,
і зямлю ўжо расьліны точаць.
Сырадоем сівой начы
умываецца спуджаны ранак.
Кропляй першай расы лячыць
я прабую старыя раны...
Зіхацяць на далонях рук,
углядаюся: што за цуды!..
Хіба праўда, што я памру,
калі ўгледзеў крупінку бруду?
Бяру іншую — дзьве і тры...
І дзівоснае шкло вадзіцы
дыямэнтам ужо гарыць,
можа, гэта ўваччу дваіцца?
У вадну я згартаю ўсе,
можа блага, а можа й добра;
зноў праява: ў жывой расе
пазнаецца знаёмы вобраз...
Устрасаю далоні:
Згінь,
чараўніца мая ліхая!
Мусіць, маеш язык даўгі...
Як адвагі адно хапае?
Не памру я!
Сама згібей
каля праслаў збуцьвелых плоту.
Наканоўвае шлях табе
балацянай іржою лотаць.
Хай і раны шчымяць —
дарма:
маю лепшыя ў часе лекі...
Знаю:
сорам зямлі трымаць
на грудзёх сівых здань калекі.
Не такому цяпер — о, не! —
расчыняюцца дзьверы даляў.
Вясна пройдзе і не кране,
вецер струшчыць і разгайдае.
Слаўлю далі і думы!
Сны
чараўніцы
зьняверыць сонца.
Не прадам я ніколі вясны
ні за якія ў сьвеце чырвонцы.
Барысаў, красавік 1943
Не шкадую яго і ня плачу
1
Лета выскубла жмук асакі
і ў палёх на спачын прысела.
Усплывае, зыбаецца шэлест ракіт
над пакошай кужэльнай аселіц.
За гумном ня сьціхае, ідзе
неўлагоджаны скрып панараду.
Ў даль рудую праз восеньскі дзень
ідзе нехаця жніўная радасьць.
Здаганяю і клічу:
— Пажджы!
Безь цябе мне і восень ня міла...