Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Якая таямнічая карціна!
Я скасавурылася на рудую энтузіястку. Слоўца за слоўца, разгаварыліся... Родная душа! А як завуць?
— Антошка!
Убачыўшы маё здзіўленне, засмяялася і растлумачыла:
— Ну, на самай справе — Антаніна... Але ўсё-ткі Антошка!
І зноў звонкі смех, і рабацінкі, здаецца, таксама рассмяяліся, рассыпаліся звонкім золатам...
Лёс Антошкі быў падобны на мой. Гэтаксама спрабавала сёлета паступіць у інстытут, не паступіла — і цяпер працавала «на вытворчасці» ці то лабаранткай, ці то чарцёжніцай... Праца была не больш, чым «службай», а дом — не больш, чым месцам пражывання: бацькі прысвяцілі жыццё хворай старэйшай сястры Антошкі. Але задзірыстая, абаяльная энергія маёй новай знаёмай знаходзіла сабе выйсце ў наведванні не толькі мастацкага музея, але ўcіx імпрэз, што адбываліся ў горадзе, а таксама гурткоў макрамэ, фларыстыкі, вязання, курсаў ангельскай мовы і студыі бальных танцаў... І ўсё — з усмешкай і захопленасцю...
Дзе мы толькі не пабывалі з Антошкай! У цырку яна пацягнула мяне ў службовы ўваход і за пятнаццаць хвілін антракту пазнаёмілася з джыгітамі і іx коньмі, атрымала ад маленькага чарнявага наездніка яблык і скарміла беламу каню сваё марозіва... Праз знаёмых знаёмых даставала Антошка запрашэнні на прэзентацыі тэатральных спектакляў і выстаў, у мастакоўскія майстэрні і дыскусійныя клубы. Мы пачалі хадзіць у турпаходы і спазналі свет людзей, паглынутых стыхіяй Здаровага Ладу Жыцця — там богам быў Поль Брэг, а евангельскімі запаветамі — раздзельнае харчаванне і галаданне.
Званіў тэлефон, я падымала трубку і чула аптымістычны заклік:
— Сустракаемся каля «Пацалунка Юды»! У пяць гадзін!
Колькі ўсяго напісана і нагаворана пра жаночае сяброўства! Помніцца, у адным савецкім дэтэктыве на гэтую тэму выказваецца ўладальніца прыватнай крамы капелюшоў. Маўляў, дваццаць год прадае капялюшы дамам, і ніводная жанчына не выбірала капялюшык без сяброўкі, і ніводная сяброўка не дала правільнай парады. А сур’ёзна? Калі ў жанчыны з’яўляецца сям’я — муж, дзеці, усе яе знаёмствы аўтаматычна адыходзяць (павінны адыходзіць) на другі план. Пэўна, тут дзейнічае інстынкт, які і робіць жанчыну захавальніцай і выратавальніцай чалавецтва. А вось мужчыны так любяць і пасля жаніцьбы падтрымліваць «сапраўдную мужчынскую дружбу» і даказваць верным сябрукам, што жонка яго не «акруціла» і не «ўзяла пад абцас», і ўвогуле ён — гаспадар свайго жыцця... І няхай «яна» хоць лопне са злосці са сваімі сумнымі хатнімі справамі, а рушыць святое не дамо! (А святое, між тым, і рушыцца...)
Я паступіла ў той інстытут, які хацела, у чужым вялікім горадзе. Антошку ў яе запаветны тэатральна-мастацкі не прынялі, і бацькі «паступілі» яе ў малацікавую навучальную ўстанову вытворчага профілю. Усё радзей я чула ў свае таксама нячастыя наезды звонкагалосыя запрашэнні сустрэцца, і спатканні ля Ге амаль перарваліся... Нарэшце я патэлефанавала Антошцы, каб запрасіць яе на сваё вяселле...
— Ведаеш,— прамовіла Антошка такім разгубленым і вінаватым голасам,— а я замужам... Ужо тыдзень... Тут такія абставіны... Не ведаю, ці атрымаецца прыйсці... Прабач.
Недзе праз паўгода Антошка пазваніла і коратка паведаміла, што нарадзіла сына, якога назвалі Вітаўтам, што жывуць яны то ў яе бацькоў, то ў бацькоў мужа — былога аднакурсніка. А калі адбывалася чарговае непаразуменне між старэйшым і малодшым пакаленнямі, і рэчы маладых аказваліся выстаўленымі на лесвічную пляцоўку, Антошка казала: «Пэўна, так трэба...» — і перадыслацыроўвалася са сваёй сям’ёй да тых бацькоў, якія выганялі іx мінулы раз. Мусіць, на адносіны пакаленняў уплывала і тая акалічнасць, што Антошка з мужам ніяк не маглі ўладкавацца на працу. Але самае галоўнае — яны ўдваіх іграюць у народным тэатры, і ў іx маса творчых планаў, і ўвогуле — жыццё цудоўнае! Сустрэнемся каля Ге!
Прайшло гады два. Антошка зycім знікла з майго жыцця. Раптам я ўбачыла яе ў адной выпадковай для мяне кампаніі, як я іx называю, «будыстаў-ёгістаў». З Антошкай быў яе муж, Хведар, як высветлілася, дакладная яе копія, толькі на паўметра вышэйшы. Абое «рыжыкі» з захоплена-ўзнёслымі тварамі пагойдваліся ў рытме медытатыўнай музыкі і спявалі мантры. Антошка пазнала мяне і зараз жа, прысеўшы на бакавіну майго фатэля, абрынула сваю «інфармацыю». Яны з Хведарам толькі цяпер знайшлі сэнс жыцця, пазнаёміліся з касмічнымі пacpэднікaмі і кожны вечар праводзяць сеансы сувязі з вышэйшым настаўнікам (як я зразумела, чамусьці з дапамогай звычайнай спірытычнай дошкі). Прычым гэты настаўнік загадаў усёй іхняй кампаніі неадкладна адпраўляцца на натуральнае жыццё ў сакральнае месца, каб выканаць касмічную Міcію. Месца, адведзенае для выканання Mіcіі, было на Алтаі.
— Мы ад’язджаем праз два тыдні! Будзем там жыць у намётах, вырошчваць сабе ежу і здабываць агонь! — захлыналася Антошка.— Федзя пачне пісаць вершы, Аксана, галоўная наша сувязная, складзе кнігу прадказанняў. Мы бяром з сабою музычныя інструменты, будзем сачыняць музыку! Дзеці паедуць з намі! Вітаўт наш вырасце гарманічным чалавекам!
Антошка шчабятала, а я з жахам глядзела на яе круглы жывоцік: месяцаў шэсць будзе, пэўна... Перахапіўшы мой позірк, Антошка жыццярадасна паведаміла, што яе Хведар чытае спецыяльную літаратуру, каб прыняць роды ў намёце...
Пра Ге і «Пацалунак Юды» я нават не рэкнула.
Недзе праз год Антошка аб’явілася зноў.
— Ну, з кім цябе віншаваць — хлопчык? Дзяўчынка?
— А, ведаеш, нічога не атрымалася... Пэўна, так трэба...
Голас крыху здрыгануўся, і зноў — інфармацыя, інфармацыя... Уладкаваліся ў прыватны лялечны тэатр, ездзяць па школах, дзіцячых садках... Антошка атрымала ролі Бабы Ягі і Лісічкі, усё цудоўна, толькі з лялькамі цяжка ўпраўляцца... Далей высветлілася, што жывуць пакуль на дачы сяброў — свякруха са свёкрам выгналі «прыпыленую» нявестку, а Антошкіны бацькі з такой жа насалодай спусцілі з лесвіцы «вальтанутага» зяця.
— Збіраемся ехаць жыць у вёску,— «парадавала» мяне Антошка.— Праўда, мы ніколі раней не жылі ў вёсцы, але я адчуваю, наша карма — працаваць на зямлі...
Прайшоў яшчэ год. За гэты час прыватны лялечны тэатр, у якім працавалі «рыжыкі», прагарэў, і яны сапраўды паехалі на вёску і некалькі месяцаў спрабавалі нешта вырасціць на запушчаным агародзе пакінутай хаты і нават завялі курэй. Малы Вітаўт гадаваўся ў адной з бабуль. Пасля, як я даведвалася з рэдкіх званкоў Антошкі, спрабавалі яны жыць з мужам паасобку — кожны ў сваіх бацькоў. Але, пэўна, звёў іx лёс назаўжды — не змаглі... Спрабавалі працаваць па cвaіx інжынерскіх спецыяльнасцях — ды ўсё ненадоўга. Ездзілі ў Cібіp збіраць кедравыя арэшкі — на дарогу патрацілі болей, чым зарабілі... Закупілі «тавару» і павезлі за мяжу — у памежжы нарваліся на банду рэкеціраў, якія тавар «сканфіскавалі», заплаціўшы кухталямі ды мацюкамі. Спрабавалі нават праз ваенкамат завербавацца ў якуюсь «гарачую кропку»... Але ж і ў ваенкамаце ёсць недурныя людзі... Атабарыліся нарэшце ў бедным палескім калгace.
— Ты абавязкова павінна да нас прыехаць! — захоплена крычала Антошка на тым канцы тэлефоннага провада.— Якія тут мясціны! Адчуваеш прысутнасць Бога! У нас ёсць свой Дом! Хопіць месца ўсім!
І — як заўсёды: творчыя планы — збіраюцца ставіць спектакль, сачыняюць музыку, пішуць вершы...
Маладосць аблятае, як лісты з дрэва. Вось, здаецца, яно ўсё яшчэ зялёнае і трапяткое, а лісты зрабіліся жорсткімі і запыленымі, а вось першая жаўцізна кранула вершаліну... Зляцеў ліст, другі... Шамаціць восеньскае золата... Здаецца, нічога не мяняецца, а шаты з кожнай раніцай усё празрысцей, усё цішэй, і вось паказаўся голы пруток галінкі... Аднойчы зірнеш за акно — а там на месцы прыгажуні бярозкі толькі голы чорны каркас, такі безабаронны і непрывабны...
Неўзабаве пасля таго, як мы з мужам і дзецьмі пераехалі на новую кватэру, пазваніла Антошка.
— Ну, прывітанне! Ледзь знайшла твой новы тэлефон! А мы ўжо тут!
Як высветлілася, «рыжыкі» зноў туляліся па розных гарадскіх кутах. «Свой дом» давялося пакінуць. Старшыня беднага палескага калгаса нездарма прыняў на працу «жаўтадзюбікаў». Усё, што Антошцы з мужам удалося зарабіць на «цёплых» пасадах, давялося папрадаваць, каб пагасіць невядома скуль узніклую недастачу. А пасля іх яшчэ ледзь не «ўпяклі» ў турму за нечыя фінансавыя фокусы, што рабіліся за іх спінамі (можа, такія разявакі і заслугоўвалі). Хведар паспрабаваў з уласцівай яму грунтоўнасцю дабіцца «праўды»: збіраў нейкія паперкі, ездзіў па раённым і абласным начальстве, у рэдакцыі і г. д. Нарэшце сустрэўся ў цёмным месцы з купкай прафесійна «накачаных» хуліганаў і атрымаў сваю «праўду», ды так, што ледзь дадому дапоўз... Хуліганаў, вядома, не знайшлі. І ўвогуле, міліцыянт сказаў Антошцы: «А можа, гэта ты сама мужыка пабіла з рэўнасці...»