Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ну вось, можна ехаць...
Скурвендыспансер у горадзе адзіны. Вуліцы, на якой ён знаходзіцца, людзі цураюцца. Даехала я да яе без прыгод, а вось сам будынак давялося пашукаць — бо я не асмельвалася папытацца пра яго...
Нарэшце я стаю перад замазанымі фарбай шклянымі дзвярыма і не наважваюся ўзяцца за ручку. Толькі цяпер прыйшло ў галаву, што сёння можа быць непрыёмны дзень, што ў гэты час перадачы могуць не браць, што Ігар увогуле мог ужо выпісацца...
Але стаяць у такім месцы, калі здаецца, што на цябе скіраваны пагардлівыя позіркі, яшчэ горай... І я асцярожна, двума пальцамі ўзялася за ручку (страшна ўявіць, хто да яе дакранаўся!). Дзверы бязгучна адчыніліся.
У холе я адразу нагледзела шыльдачку, якая чырвоным па белым паведамляла, што прыём перадач для стацыянарных хворых штодзённа з 11.00 да 13.00 і з 17.00 да 19.00. Гадзіннік над шыльдай паказваў палову пятай... Давядзецца пачакаць.
Я, адчуваючы, што шчокі мае палаюць, пасунулася да драўляных адкідных, як у старых кінатэатрах, крэслаў...
— Оля?!
З другога канца калідора да мяне дыбаў Ігар. Нейкі разгублены, з няпэўнаю ўсмешкаю на вуснах, а ў руцэ — поўная авоська.
Слёзы непераадольнай крыўды падступілі да вачэй...
— Ты, аказваецца, ужо выпісаўся?
— Адкуль?
— Не прыкідвайся, я ўсё ведаю... Адсюль!
Мы глядзелі адно на аднаго, і недзе на ўзроўні падсвядомасці з’явілася шалёная радасць. Ігар працягнуў мне авоську і ўсхваляваным ад раптоўнай здагадкі голасам прагаварыў:
— Я табе перадачу прывёз. Як атрымаў ад Рыткі ліст, што ты тут лечышся, адразу ўсё кінуў, на самалёт — і сюды...
Я зазірнула ў яго авоську: залацістыя апельсіны, чырванашчокія яблыкі і — дзве знаёмыя місачкі, ад якіх пахне дранікамі... Ды яшчэ — мае любімыя цукеркі, цэлая шыкоўная каробка...
Я дрыжачымі рукамі дастала з сумачкі даведку, адабраную ў Рыткі, і працягнула Ігару. Ён працягнуў мне такую ж — толькі з маім прозвішчам.
Божа, будзь блаславёны Ты і той цудоўны свет, які Ты стварыў! Жалезную Кнопку падвяла, як заўсёды, залішняя стараннасць і адсутнасць фантазіі. Яна ўдала прыдумала напісаць Віктару і «выдурыць» ліст ад яго пад нейкую прыстойную прычыну — здаецца, папрасіла даслаць ёй замалёўку тамтэйшай архітэктурнай дэталі. Удала падрабіла і штамп скурвендыспансера. А далей вырашыла дзейнічаць адразу ў двух напрамках і адначасова: як толькі паслала «выкрывальны» ліст Ігару, аналагічным чынам паведаміла «ўсю праўду» мне. І ўжо, зразумела, не магло ёй прыйсці ў галаву, што мы адразу кінемся адно аднаму на дапамогу.
У холе скурвендыспансера пад падазроннымі позіркамі пахмурнай рэгістратаркі і знерваваных наведнікаў мы абдымаліся, як шалёныя, плакалі ад шчасця, нібыта ўратаваліся ад смяротнай небяспекі, нібыта ўбачыліся пасля доўгага-доўгага і безнадзейнага расстання...
Ніякай злосці на Жалезную Кнопку не было — гэта ж дзякуючы ёй мы перажылі такія цудоўныя хвіліны!
З бальніцы мы пайшлі ў інтэрнат і там шыкоўна павячэралі «перадачамі».
А назаўтра раніцай падалі дакументы ў загс.
Пасля летняй сесіі Рытку адлічылі з інстытута за непаспяховасць і прафесійную неадпаведнасць. Больш я ніколі нічога пра яе не чула.
Наша з Ігарам вяселле адбылося ў ваенным гарадку, дзе жыў ягоны бацька-палкоўнік і маці — настаўніца беларускай мовы. На вяселлі гулялі многія з нашых аднакурснікаў, а злашчасны Віктар быў Ігаравым шаферам. З тае пары мінула не так ужо мала гадоў, і дзеці нашы з захапленнем лазяць па вялікай бацькавай майстэрні, на светлай сцяне якой, пад самай столлю — непрадажная карціна: хлапец і дзяўчына, шчасліва-разгубленыя, ідуць адно да аднаго, трымаючы авоські з залацістымі апельсінамі, а на пярэднім плане чамусьці намаляваная нацэлена вастрыём у прастору звычайная чарцёжная кнопка...
Масоўка
Людзі масоўкі
Можна ставіцца да іх скептычна — яшчэ адно «калямастацкае кола».
Масоўка... Фон для дзеяння на кіназдымачнай пляцоўцы.
Некаторыя трапляюць сюды выпадкова, на дзень-два, каб пасля ўсё жыццё расказваць, як здымаліся ў кіно. Некаторыя, што маюць сталыя прафесіі ў «рэальным» жыцці, прыходзяць сюды зноў і зноў, далучацца да таямнічага кіношнага свету.
І, нарэшце, там ёсць людзі, для якіх масоўка — асноўная прафесія. Калі яны і падпрацоўваюць недзе яшчэ, дык менавіта «падпрацоўваюць». А сапраўднае і галоўнае для іх пачынаецца пры святле юпітараў. Гэтыя людзі ведаюць, што здымалася і што будзе здымацца. Ведаюць у твар і па імені ўсіх рэжысёраў, акцёраў, аператараў, асістэнтаў рэжысёра і адзін аднаго. Іх мара — атрымаць «эпізод», эпізадычную ролю. І часам яна збываецца.
Масоўка... Якая насалода, здаўшы пашпарт або паштоўку з акуратна перапісанымі пашпартнымі дадзенымі, адчуць сябе канчаткова і беззваротна завербаваным у армію мастацтва. Да канца здымачнага дня ты — бяспраўны пакорлівы раб кожнага штатнага кіношніка. У цябе адбіраюць адзенне і выдаюць узамен смярдзючы кажух, шэрую кашулю з саматканай тканіны і страшныя чаравікі з рудой, цвёрдай, як бляха, скуры — тыповы строй беларускага партызана. Можаш займець какетлівы берэцік і рыдыкюль у стылі 30-х або шыкоўнае футра рускай баярыні... А можаш ператварыцца ў жабрака ці гітлераўскага афіцэра. Рэчы будуць старыя і не па памеры, разлічаныя на «фон», але гэта будзе ўсё-ткі здымачны касцюм і звязаны з ім вобраз. Цябе прымусяць змыць лак з пазногцяў, абматаюць бінтамі і тут жа пэрапэцкаюць гразёй і чырвонай фарбай, а ў давяршэнне намалююць пад вокам сіняк... Ты сядзеш у дрыготкі, пыльны студыйны аўтобус і паедзеш невядома куды, у ноч, на «натуру». Ты будзеш цярпліва чакаць шэсць гадзін на начным працінаючым вятры ці пад сляпучым ліпеньскім сонцам, пакуль на дзесяць хвілін запусцяць кінакамеру, дачакаўшыся вядомага толькі галоўным кіношнікам асвятлення, прычым твой «тыпаж» так і не спатрэбіцца.
Не кожны можа прыжыцца ў гэтым свеце. Але той, хто зрабіўся масоўшчыкам-прафесіяналам, як правіла, асоба нешараговая. І самаахвярным імкненнем да мастацтва, і стоеным самалюбствам, і кляйном няўдачніка, што мімаволі нясе з сабою роля «фона».
Цыганка
Дзе яна працавала ў рэальным жыцці — ніхто не ведаў. Дзябёлая дзеўка з пукатымі светла-брунатнымі вачыма і пухльнымі яркімі вуснамі была такой жа звыклай прыналежнасцю здымачнай пляцоўкі, як і пражэктар. Запапрашалі яе на здымкі даволі часта, бо кіношнікам імпанавала яе каларытная знешнасць. Але Цыганка нярэдка прыходзіла і тады, калі не запрашалі, і з дурнаватай усмешкай на тлустых вуснах тыцкала свой пашпарт бабульцы-«божаму дзьмухаўцу», што загадвала масоўкай.
— Сёння здымаюць толькі мужчын,— сярдзіта гаварыла інтэлігентная бабулька, а Цыганка, скарыстоўваючы багатую фантазію, усё прапаноўвала, як можна ў сённяшнім эпізодзе выкарыстаць яе, Цыганку. Гладка зачасаныя валасы Цыганкі блішчэлі, нізкі голас гучаў так пераканаўча, што звычайна бабулька брала пашпарт і ўпісвала дадзеныя з яго ў адзін са сваіх шматлікіх табеляў.
Мела Цыганка вялікае добрае сэрца, заўсёды важдалася з децьмі-«масоўшчыкамі», частавала іх лядзенчыкамі і расказвала сваю цудоўную казку — як на здымках фільма пра дзекабрыстаў яе, Цыганку, упадабаў рэжысёр і паставіў на першым плане — у натоўпе, які сустракаў гусар. І вядомы артыст, малады і прыгожы, што ехаў у шыкоўнай гусарскай форме на белым кані, паглядзеў на Цыганку і ўсміхнуўся ёй, і пасля, на працягу здымак, шукаў вачыма і ўсміхаўся. І ўвогуле, кожныя кіназдымкі былі для Цыганкі тым, чым для састарэлай павятовай паненкі чарговы баль — Вялікай Надзеяй...
Аднойчы здымалі сцэну пахавання з фільма пра савецкую пасляваенную вёску. У павільёне выбудавалі тры фанерныя сцяны, размалявалі іх і прыкрасілі, як маглі, у стылі «а-ля пейзан». На стол паставілі сапраўдную труну — бо труна заўсёды сапраўдная, як і смерць.