Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Спадар міліцыянт! На маёй машыне толькі што хуліганы памянялі нумар! — а гэта ўжо голас збоку. Чырванатвары дзядзька ў кашулі-«каўбойцы», сапраўдны «шафяруга» з выгляду, ляціць да дарожных уладаў з-за кіёска з квасам... Старэйшы з даішнікаў інстынктыўна паварочваецца да службовай «тачкі»...
— Стась! Глянь на нумар нашай машыны! — міліцыянт чамусьці гаворыць шэптам, нібы баіцца наклікаць большыя няшчасці.
Праз паўгадзіны органы аховы правапарадку віруюць. Процьма затрыманых з-за падазрэння ва ўгоне, бясконцая колькасць заяў і тэлефонных званкоў пра хуліганскую змену нумароў... У атмасферы агульнай разгубленасці заўважаецца заканамернасць — цяперашнія лічбы нумароў на адзінку большыя за тыя, што былі на скрадзеных... Навіна збунтоўвае вуліцы. Аўтааматары кідаюцца да гаражоў. Вартаўнікі аўтастаянак зачыняюцца ў службовых памяшканнях пад аховай сабак. Шафёры адмаўляюцца выязджаць з падмененымі нумарамі. Адразу некалькі рэлігійных сектаў аб’яўляюць, што таямнічая з’ява — знак канца свету, а дзве секты абвяшчаюць аўтамабілі інструментамі д’ябла, што вядуць да пагібелі ўсё чалавецтва. Ва ўлётках, якія раздаюцца на аўтобусных прыпынках і ў падземных пераходах, прыводзяцца жахлівыя факты пра аварыі на дарогах і страхотлівыя лічбы загінуўшых людзей... Там-сям успыхваюць вогнішчы, чуваць выбухі... Гэта самадзейныя інквізітары паляць «спараджэнні д’ябла». Транспартная сувязь перарываецца. Бо нянавісць, народжаная страхам і невядомасцю, перакідваецца на ні ў чым не павінныя тралейбусы, аўтобусы і трамваі... Уваходы ў метро кропяць свянцонай вадой і загароджваюць збітымі з дошак крыжамі.
Людзі кідаюцца ў крамы, на апошняе скупляюць прадукты, запалкі, мыла... Пасля ніхто нічога не купляе — а проста бярэ, што зможа. Уздоўж вуліц зеўраюць пабітыя вітрыны, сцелецца смярдзючы дым, чуюцца выбухі... Пад нагамі самотных прахожых храбусціць пабітае шкло, рассыпаныя крупы, нечыя акуляры... Урэшце ўвасабленнем зла лічыцца і падлягае знішчэнню само кола, і ўвогуле любы механізм...
Тое ж адбываецца ў іншых краінах. Больш-менш пазбеглі ўсеагульнага вар’яцтва толькі блаславёныя месцы, дзе тубыльцы звыклі перасоўвацца з дапамогай аленяў, вярблюдаў ды тым жа спосабам, што і прабацька Адам...
Але той час, якога ніхто не павінен ведаць, як сказана ў Бібліі, яшчэ не настаў. Складаны механізм быў сапсаваны недарэчным скрананнем аднаго шрубчыка... Вялікі Механік і Канструктар Сусвету прыбраў драбніцу, і зноў закруціліся ўсе колцы і спіралі, і Час Даданай Адзінкі быў адрэзаны і выкінуты з жыцця Сусвету, як выразаюць з магнітафоннай стужкі змяты кавалак. Стужка склейваецца, касета ўкладваецца ў магнітафон, націскаецца адпаведная клавіша...
Зло вярнулася ў кропку сыходу, як джын у бутэльку, непамерна памножанае, сканцэнтраванае і смертаноснае...
У двары шэрага пяціпавярховіка стаяць некалькі аўтамабіляў. Дзеці бегаюць каля іх, зазіраюць у бакавыя люстэркі... Маленькая дзяўчынка ў паласатых шортах выносіць з пад’езда вялікае вядро смецця, трымаючы абедзвюма рукамі чорнае пластмасавае восілка, дыбае ў бок смеццевых кантэйнераў... Высокі хударлявы алкаголік у пінжаку на голае цела спыняецца перад старым, які сядзіць на лаўцы перад пад’ездам у вялікім капелюшы, у валёнках з галёшамі...
— Слухай, стары, ну будзь ты хоць раз чалавекам...— бубніць п’яніца.— Ну дай хоць на піва... Я табе заўтра вярну, чуеш ты, пень стары?
П’яніца пхае старога ў плячо. Стары, як лялька, бокам валіцца на лаўку, капялюш коціцца па зямлі, і зялёныя мухі абурана кружацца над ім.
— Ё-мае...— перапалохана мармыча п’яніца, адступае назад, спатыкаецца аб кульбачку, якая выпала з рук старога, і таксама падае, разумеючы адно — гэты ўжо яму не пазычыць...
Іслачскія імпрэсіі
1. На самай высокай галінцы сасны...
На самай высокай галінцы сасны сядзіць Лесавічок.
Ля вершаліны ігліца мяккая, маладзенькая, нібыта пакрытая воскам... І сама вершаліна, як загарэлая дзявочая шчака — бурштынавая, гладкая... Леcaвік пагойдваецца на сваёй галінцы ў свеце аблачынна-сонечным, хвойна-карункавым, і глядзіць на мяне пpaз квадратнае шкло стандартнага акна Дома творчасці пісьменнікаў. У «нумары» — задуха, а там, дзе сядзіць Лесавічок, ветрык...
Лясны дух выглядае незвычайна. На ім не жывапісныя лахманы, не простая кашуля — а зграбны фрак, і дзве чорныя фалды звісаюць з галінкі, як падвоены пірацкі сцяжок...
Што прымусіла Лесавіка так змяніць свой воблік? Xібa суседства з гэтым Домам творчасці? Чорныя фалды пагрозна тапырацца, як вусы чорных сярэднеазіяцкіх жукоў з калекцыі аднаго нашага знаёмага біёлага. Гаспадар калекцыі — бялявы анемічны інтэлігент, а яго ўлюбёнцы — сапраўдныя пачварыны з растапыранымі калючымі лапкамі. Экспанаты смярдзяць фармалінам, іx чорныя рыцарскія латы працяты бязлітаснымі дзідамі-шпількамі. Але гэта воі — нават мёртвыя, закліканыя ў вялікі крыжовы паход Маці-Прыроды супраць паганцаў-людзей і іх паганай цывілізацыі...
Мусібыць, чорны фрак Лесавіка на сасне — таксама аб’яўленне вайны нам, пыхлівым слепакам? Бо рэзкая змена знешняга вобліку, прадпісанага прыродай і «сацыяльным становішчам» — ці не ёсць гэта знак аб’яўлення вайны свету? Так падманутая жанчына бяжыць у цырульню з крыкам «Падстрыгчы, завіць, пафарбаваць»... Так мамчын сынок-вундэркінд, вырасшы з аксамітных касцюмчыкаў, улазіць у драны джынсовы строй, перастае стрыгчыся і запіхвае у самы далёкі кут антрэсоляў скрыпачку і ангельскі слоўнік... Дый кожны, перш чым несці ў «высокія» кабінеты прашэнне-хадайніцтва-заяву, апранае касцюмчык, гальштук, новыя шкарпэткі і, магчыма, нават ужывае новую парфуму...
Лесавічок у фраку! З кім ты збіpaешся ваяваць? Са мной? Xібa я парушыла твой спакой, ссекла сонечныя дрэвы, што раслі на месцы гэтай будыніны, прыдушыла духмяную траву плітамі бетонных дарожак і кожны вечар перашкаджаю зязюлям падкладаць яйкі ў чужыя гнёзды дыскатэчным «Прилетай скорей, пташечка моя...».
Лecaвічок пагойдваецца на самай высокай галінцы сасны. У промнях вечаровага сонца паблісквае яго белая манішка. Даражэнькі, я б таксама з большым задавальненнем пагойдвалася б з табой у сонечна-карункавай вышыні, чым сядзець у душным «нумары» (не пaкoі), за сталом, абшарпаным сотнямі локцяў, у шуфлядзе якога папярэднія жыхары забыліся выпацканую змятую цыгарэту... А можа, ты не Лесавічок, а Дамавік гэтага Дома творчасці? Што ж прымусіла цябе, небараку, пакінуць яго муры? Ці ты проста вырашыў падыхаць свежым лясным паветрам?
Галінка, як дырыжорская палачка, адмервае мудрагелісты такт Вечнай сімфоніі. Аблачынка зачапілася за юныя хваінкі, спрабуючы вырвацца на прастору, адчайна круціцца на месцы, звіваецца бязважкім ззяючым целам, расцягваецца ў небе... Ну, вось, адчапілася, паляцела з ветрыкам у абдоймах... А чорна-белы Лесавік хоць бы варухнуўся... Але — не — хістануліся фалды шыкоўнага фрака, узняліся шырокія рукавы...
Фр-р-р-р...
Сарока, сарока... Дзе была? Далёка...
Дарэчы, той аматар жукоў яшчэ і арнітолаг... А перад жаніцьбай на маёй сяброўцы пpaбіў сабе нагу, наступіўшы на ласіныя poгі, зваленыя у вітальні...
Сасна пагойдвае карункавай вершалінай, хапае дурненькія аблачынкі за доўгія залацістыя спадніцы.
Па бетонных дарожках прагульваюцца бізнесмены ў шортах. Яны ідуць з лазні, схадзіць у якую я не магу з прычыны «адсутнасці наяўнасці» грошай. І ўсё ў акаляючым свеце мае адпаведную шпільку з адпаведнай шыльдачкай: «Від такі-гэткі... Жыць мусіць тамака і тамака... І больш нідзе». Сарока лётае з дрэва на дрэва і нават плётак не носіць на cвaім дoўгім хвасце... І не патрэбная тут ні я, ні тое, што я пішу, ні тое, што буду пісаць...
І ўсё-ткі — я пакідаю за сабой «права на эмоцыю», як аднойчы сказала з трыбуны адна энергічная паэтка.
Я маю права на эмоцыю. І на гэты пісьмовы стол. І на гэты лес, і на гэтае неба. І на Лесавічка на самай высокай галінцы сасны.