Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Заставалася толькі знайсці жанчыну на ролю нябожчыцы. Памрэж доўга размаўляў з гуртам масоўшчыц у жалобных балахонах, абяцаючы добраахвотніцы аформіць ролю нябожчыцы як эпізадычную. За яе плацілі ўдвая болей, чым за ўдзел у масоўцы. Але жанчыны чамусьці адводзілі вочы ўбок, пасмейваліся і ўпарта адмаўляліся. Згадзілася Цыганка. Ёй далі надзець чорныя лакіраваныя туфлі з тупымі насамі і тоўстыя старэчыя панчохі, растлумачыўшы, што на экране будзе відаць толькі частка труны — там, дзе ногі. Але ўсё роўна трэба ляжаць, заплюшчыўшы вочы, і старацца не варушыцца.
Труна, абабітая чорным паркалем звонку і бурачковым — знутры, аказалася трохі цеснаватай для мажнога цела Цыганкі. Але ляжалася там нечакана ўтульна. У сашчэпленых на грудзях руках Цыганка трымала тонкую васковую свечку. Свечку запалілі, і Цыганка захвалявалася, што на пальцы пацячэ гарачы воск. Тут рэжысёр пракрычаў свае цудадзейныя каманды, і жанчыны-плакальшчыцы загаласілі над труной. Цыганка помніла, што яе здымаюць ніжэй пояса, і ад гэтага ўсведамлення і намагання не дапусціць найменшага руху адпаведная частка цела ў яе нібы знямела, аднялася. Паступова пачуццё цікавасці і нават радасці, што яна, Цыганка, у цэнтры ўвагі ўсіх гэтых людзей, змянілася нейкай няёмкасцю. Сцэна ўсё цягнулася і цягнулася, жанчыны галасілі, асабліва адна, артыстка. Нечакана Цыганка адчула невядомы раней яе жыццялюбнай натуры страх. Захацелася неадкладна паварушыцца, глыбока ўздыхнуць, прыадкрыць вочы... Нарэшце сцэну адзнялі, але рэжысёр тут жа сказаў, што патрэбны другі дубль. Цыганка хацела вылезці з труны, але ёй загадалі ляжаць, каб не папсаваць кадр. Яна глядзела на ўсіх сваімі пукатымі вачыма, тлустыя вусны спрабавалі ўсміхнуцца, але ўсмешка атрымалася нейкая жаласная. Жанчыны-плакальшчыцы перагаворваліся між сабою і пазіралі на «нябожчыцу» з насмешкай і лёгкай пагардай, а можа, зайздросцілі, што вось у гэтай каровы хапіла смеласці і цяпер яна атрымае ўдвая болей, чым яны...
Цыганцы далі другую свечку, і здымкі пачаліся зноў. Плакальшчыцы, адна перад адной, галасілі ўсё жалобней і адчайней. Цыганкай апанаваў сапраўдны жах. Раптам ёй здалося, што яна не зможа ўстаць. Прыадкрыла вочы — проста ў зрэнкі ўдарыў сляпучы нежыццёвы прамень юпітара. «Хутчэй бы, хутчэй...» — паўтарала сама сабе «нябожчыца».
Пасля другога дубля здымалі трэці. Цыганка аблівалася потам і часта глытала сліну. Устала з труны пастарэлая і паблажэлая, але ўсё роўна спрабавала ўсміхнуцца. Цяпер з’явілася ў яе іншае адчуванне — быццам бы пераадолела цяжкую хваробу. Быццам здзейсніла нешта вялікае і годнае шляхам самаахвяравання, і ўсе гэтыя людзі праз яе, Цыганкі, пакуту атрымалі нешта добрае і вечнае... Наўрад ці старая дзеўка з масоўкі магла выкрышталізаваць свае цьмяныя пачуцці так прыгожа і канкрэтна, але падобныя пачуцці, несумненна, прысутнічалі ў яе шырокай, рамантычнай душы...
Эпізод у фільм не ўвайшоў.
Студэнт
Ён прыйшоў на кіназдымачную пляцоўку яшчэ першакурснікам тэатральнага інстытута. Будучыня малявалася яму то ў тонкіх пастэльных колерах элітарнай творчасці, то з імпрэсіяністычнай яркасцю замежных кінафестываляў і карнавальнай багемы. У масоўку Студэнт трапіў па намове сябрука — падзарабіць і «вывучыць натуры» — спазнаць будучую прафесію з нізоў.
Для таго каб уступіць у брацтва масоўкі, не трэба валодаць асаблівымі талентамі ці адметнай знешнасцю. Чорны ход у мастацтва аднолькава даступны ўсім, але вядзе не далей кухні... Студэнт прафесійна не зажмураўся на святло юпітараў, стараўся пазнаёміцца з кіношнікамі, але пасябраваў толькі з бабулькай-загадчыцай масоўкі. Байкі пра вядомых артыстаў і рэжысёраў, жывых і памерлых, нейкім чынам прыўзнімалі слухача да ўзроўню сваіх герояў. Час ішоў. Студэнт пакінуў сваю «правінцыйную» навучальную ўстанову і паступіў у адпаведны маскоўскі інстытут. Але і там правучыўся толькі адзін курс. Напэўна, нечага не хапала гэтаму прыгорбленаму, з вечнай няпэўнай усмешкай на твары юнаку, каб у сваю чаргу «нечым» зрабіцца. Але «нешта» ў ім было — бо прымалі яго ў творчыя ўстановы яшчэ двойчы, і двойчы адлічвалі... Мастацтва ўцякала ад яго, збягала, як залаты пясок скрозь пальцы. Заставалася адно — масоўка. Здымачная пляцоўка, дзе на цябе, як і на галоўнага героя, свеціць пражэктар і табе таксама адрасаваны каманды рэжысёра... Студэнт ужо даўно нідзе не вучыўся, але па-ранейшаму пляткарыў пра былых дэканаў і марыў пра свае кінастужкі...
Адзін з першых фільмаў, у якім зняўся Студэнт, быў фільм пра героя Айчыннай вайны. Галоўнае месца ў сцэнарыі займаў аналіз вытокаў гераізму вышэйпамянёнага героя. Гледачоў павінен быў расчуліць падрабязны аповед пра даваеннае жыццё юнака-камсамольца, крышталёва чыстае, з першым каханнем і строгімі маральнымі нормамі. Каханая героя, згодна сцэнарыя, была скрыпачкай з інтэлігенцкай сям’і. Іграла гераіню нікому не вядомая маладзенькая актрыска. Калі Студэнт з масоўкі ўпершыню пабачыў яе ў студыйным павільёне, нечакана ўзрушыўся: круглатварая, з блакітнымі вачыма, акуратненькім кірпатым носікам з рабацінкамі і коратка падстрыжанымі мядовымі валасамі дзяўчына ўвасабляла сабою цноту і чысціню. Да таго ж яе здымачны касцюм ідэальна садзейнічаў такому ўражанню: блакітны берэцік, белая блузка-матроска, строгая сіняя спадніца, белыя шкарпэткі і парусінавыя туфлікі ў колер берэціка, нарэшце скрыпічны футарал. Уся гераіня была такая ладненькая, вясёленькая, крыху наіўная... Студэнту прыначылі разам з іншай масоўкай увасабляць удзячных слухачоў чароўнай скрыпачкі.
Граць на скрыпцы актрыска не ўмела. Кашэчыя гукі, якія яна здабывала з беднага інструмента, цяжка было назваць музыкай. Але Студэнт пляскаў у ладкі на поўным сур’ёзе. Спадабалася яму і тое, як незалежна кіўнула гераіня рэжысёру пасля заканчэння здымак і лёгкай хадою накіравалася ў пакойчык для артыстаў. Студэнт, як свой чалавек, пашыбаваў следам.
У пакойчыку, як заўсёды, было страшэнна накурана. Чалавек дзесяць, мужчыны і жанчыны, размаўлялі перабольшана гучнымі галасамі, залівіста смяяліся, прычым вочы іх заставаліся сур’ёзнымі і холадна назіралі рэакцыю субяседніка. Студэнт прысеў на падваконне, нехта адразу папрасіў у яго прыкурыць. Але ўвага студэнта была цалкам скіраваная на яго Даму. Бо яна была тут: напаўляжала ў крэсле, прыстроіўшы гладкія стройныя ножкі ў белых шкарпэтках на спінку другога крэсла. Прычым на гэтым другім крэсле сядзеў сярэдніх гадоў кіношнік у джынсавым строі і час ад часу пагладжваў ножкі артыстачкі, адпускаючы даволі салёныя кампліменты. Артыстачка рагатала, задзірліва адкідаючы галаву з блакітным берэцікам — трымаўся, як прыклеены, і паміж моцнымі зацяжкамі адказвала патокам найбруднейшай лаянкі. Словы, якіх Студэнт з прычыны недасканалага выхавання нават не ўсе ведаў, зляталі з ружовых вуснаў лёгка і нязмушана, быццам гімназістка пачатку стагоддзя цытавала Ігара Севяраніна. Чамусьці Студэнту захацелася заплакаць. Хаця якая на тое магла б быць прычына? Няўжо дзеці і пасербы сучаснага мастацтва здольныя расчароўвацца і плакаць?..
Перапынак скончыўся. Гераіня апусціла бліскучыя ножкі на зашмальцаваную падлогу, раздушыла недакурак у сіняй шкляной попельніцы, падобнай на расплясканую чарнільніцу, і пайшла мучыць скрыпку.
Студэнт ведаў на кінастудыі ўсе хады-выхады, і непрыкметна сышоў пад травеньскае сонца, не такое яркае, як пражэктары ў павільёне, затое яго ніхто не мог уключаць, выключаць, прыгашваць або захінаць фільтрамі, каб атрымаць «светлавыя эфекты»...
Праз месяц Студэнта ў першы раз адлічылі з інстытута. Фільм выйшаў на экраны, узяў належную колькасць прызоў на ўнутрысістэмных дзялёжках і сышоў у небыццё.
Іван Сяргеевіч
Запаў у памяць зусім нязначны эпізод. Здымалі фільм пра падзеі 20-х гадоў. Недзе ў Вілейскім раёне знайшлі чыгуначную станцыю са старым даваенным вакзальчыкам, прыгналі туды музейны паравоз, некалькі вагонаў і — дабіты студыйны аўтобус з масоўкай (кіношнікі ездзяць толькі на «рафіках»).