Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— А не страшна табе ехаць са мною, Дануся? — зусім недарэчна глухім голасам запытаў Габрусь нявесту. Але патанулі словы яго ў магутным крыку салісткі хору Апякунства аматараў цвярозасці.
— Габрусік! Спыніся тут, перад Зосьчыным домам! Зося! Зося!
Аўтамабіль спалохана прытармазіў. За плотам стаяла рудая Зося, былая аднакласніца Данусі, і паядала вачыма трыумф сяброўкі.
— Зося паедзе з намі! — загадала нявеста Габрусю.
Той трохі знервавана пачаў супраціўляцца нечаканай акалічнасці, зноў спасылаючыся на незямное каханне і іншую рамантычную блытаніну. Зося ўжо сядзела побач з Данусяю, прыгожа распраўляючы складкі сваёй неабдымнай параднай спадніцы з фальбонамі.
Аўто рушыла наперад. Пекныя паненкі сакаталі і ўвесьчасна прымушалі апатычнага Габруся націскаць на гумавую грушу гукавога сігналу. Але ўпарты Габрусь не паехаў па людных вуліцах, дзе жылі знаёмыя, а кіраваў у бок Кальварыйскіх могілак паўз хутар Нядзведжына, дзе сапраўды было глуха і цёмна, як у мядзведжай бярлозе.
У вечаровым паўзмроку паказалася белая брама могілак. Па версе брамы, над выявамі жудасных эмблем смерці, красаваўся ўрачысты надпіс па-польску з арфаграфічнай памылкай у слове «Spokoj». Нягледзячы на пратэсты паненак, Габрусь пакіраваў туды, на брукаваную дарожку між магіл. Дарога вяла да суровага псеўдагатычнага будынка касцёла. Змрочныя старыя ліпы сашчапілі над дарогай свае кашчавыя чорныя шаты, быццам мёртвыя пальцы. Злавесна хрыпелі крумкачы. Над уваходам у зачынены касцёл цьмяна свяцілася лампадка — далёкае-далёкае акенца ў той свет, куды нам, грэшным, ісці не дайсці...
Запыніў Габрусь аўтамабіль, павярнуўся да пекных паненак. Пагрозна бліснулі акуляры на выцягнутым белым-белым Габрусёвым твары.
— І чаго ты прыпёр нас сюды? — гучна абурылася Дануся.
— Знайшлі час, пан Габрусь! Касцёл жа зачынены! — падтрымлівала сяброўку рудая панна Зося, у якой ад злосці ледзь не абсыпаліся рабацінкі.
— Мы прыехалі на месца! — нязвыкла цвёрда і ўрачыста сказаў Габрусь і ўскінуў доўгія рукі ў знямелае неба, як ускідвае крылы чорны жораў, збіраючыся ўзляцець ад бязлітаснай паляўнічай стрэльбы.— Пазнай жа, нявеста мая, верная Данута, што...
— Ой, тут жа новую прыбіральню нядаўна зладзілі! — здагадалася панна Дануся.— Габрусік, бедны, у прыбіральню хоча, вось і заехаў сюды,— далікатным шэптам растлумачыла яна сяброўцы.— Ён такі інтэлігентны... Ён не ходзіць за рог, як звычайны мужык... Ідзі, Габрусік! Мы пачакаем...
— Не, у такім разе, давай адразу мы сходзім! Пане Габрусь будзе такім добранькім..— какетліва звярнулася панна Зося да ўладальніка аўтамабіля.
— Спыніцеся, няшчасныя! Вы не разумееце...— благаў Габрусь, смешна размахваючы худымі рукамі, але паненкі ўжо схаваліся ў маленькім зграбным будыначку ля могілкавай агароджы.
Нязграбная Габрусёва постаць сноўдалася ўзад-уперад ля «Лорэн-Дзітрыха» так роспачна, што выпадкова пралятаючы над могілкамі анёл выраніў на небараку сваю бясцэнную слязу і палунаў далей, за хмары, у высокае-высокае сіняе неба, запальваць першую свечку-зорку на славу Гасподнюю дзеля заблукалых сляпых нашых душ... Але не адчуў дабрадзейства чыстае анёльскае слязы бедны Габрусь, а мо падумаў, грэшнай справаю, на гракоў...
Над могілкамі разнеслася вельмі меладычная і павучальная песня з рэпертуару хору Апякунства аматараў цвярозасці горада М*.
Насустрач ідучым, узяўшыся пад рукі «жаўроначкам», кінуўся Габрусь у апошнім намаганні выказацца:
— Данута! Пахавальную песню заспявай! Бо цягнік, на якім ехаў я на інспекцыю чыгуначнай станцыі Н*, ляжыць пад адхонам, спушчаны туды падступнымі рукамі эсэраўскай арганізацыі. І сярод тых вартых жалю абломкаў пахаванае маё беднае цела... А тое, што цяпер перад вамі,— спакутаваны закаханы дух... О, Дануся мая...
Дзіўны маналог перарваўся вяселым пранізлівым гукам клаксафона, на які націснула жартаўлівая ручка панны Данусі. Абедзве дзяўчыны ўжо сядзелі на мяккім скураным сядзенні аўто, і першая зорка праглядала скрозь карункавы Данусін парасон...
Юзэфа Шыкулевіч, годная, але бедная ўдава, зарабляла на жыццё самай пабожнай справай — мыла падлогу ў касцёле. Аднойчы восеньскім вечарам скончыла пані Шыкулевіч сваю працу, задзьмула апошнія свечкі, старанна ачысціла ад воску падсвечнікі... А на могілках гарэзавала бязбожная моладзь. Чуўся бесклапотны смех (і гэта ў месцы, якое само нагадвала чалавеку пра яго смяротнасць!), пасля анархісткі спявалі песню, нарэшце вечны спакой могілак парушыў пранізлівы, сапраўды д’ябальскі гук. Пані Юзэфа, спадзеючыся на вышэйшую абарону, выскачыла з касцёла і ў няпэўным вечаровым святле ўбачыла гэта... Чортава павозка!
На жаль, Юзэфа Шыкулевіч не была прагрэсіўнай жанчынай. Яна з чыстым сумленнем падкідвала б галлё ў вогнішча, на якім цемрашалы спальвалі Яна Гуса. І з’яўленне перад святым храмам прывіду наступаючага аўтамабільнага веку ўспрыняла належным чынам, перажагнала яго і загадала:
— Vаde retro, satanas![1]
Дануся і Зося, пекныя прыстойныя паненкі і выпускніцы Марыінскай жаночай гімназіі, сядзелі самым ганебным чынам на голых мокрых камянях Кальварыйскіх могілак, прычым Дануся трымала над сабою карункавы парасон.
Паўз ашалелых дзяўчат прайшла маленькая сухенькая бабулька ў чорным і здзівіла іх пераможным здзеклівым рогатам. Габрусь — ды Бог з ім, Габрусём,— аўтамабіль маркі «Лорэн-Дзітрых», бліскучы, як калядная ёлка, і ўрачысты, як духавы аркестр,— абодва зніклі бясследна...
«Sіc transіt glorіa mundі[2] — так магла б сказаць панна Дануся, вяртаючыся дадому тым страшным восеньскім надвячоркам. Магла б, каб мела за гімназічны курс лаціны адзнаку «выдатна» альбо хаця б «добра»... Але насупраць графы «лаціна» у Данусіным атэстаце стаяла каліграфічнае «здавальняюча». І Дануся не сказала нічога... Асабліва татусю і мамусі, калі тыя вярнуліся з гасцей...
На другі дзень прыйшла вестка, што Габрусь-небарака сапраўды загінуў у чыгуначнай катастрофе ў выніку антыўрадавай дыверсіі.
Але Дануся мела формы рубенсаўскіх мадэляў, а Генусь з акцызнага банка, хаця і не меў аўтамабіля, цалкам давяраў густу вядомага мастака Рубенса.
Таму і няма ў нашым апавяданні нічога сапраўды жахлівага, акрамя таго, што ў горадзе М* цяпер вельмі многа аўтамабіляў і практычна няма настолькі адданых жаніхоў.
Жалезная Кнопка
У тыя часы я захаплялася постімпрэсіяністамі. Не тое каб я цалкам разумела іх мастацтва — хутчэй, падабаліся яны самі: маладыя, дзёрзкія, бедныя...
Я таксама была маладая, дзёрзкая і бедная. Як, прынамсі, палова маіх аднакурснікаў.
Што можа параўнацца па вастрыні перажыванняў з першымі днямі ў вялікім горадзе, калі ты, яшчэ ўчора выпускнік правінцыйнай школы, далучыўся да творчай эліты сталіцы?
Твой студэнцкі білет ззяе золатам ціснёных літар, і ты падаеш яго ў акенцы тэатральных адміністратараў з непараўнальна годнай сціпласцю... Табе чытаюць лекцыі знакамітыя прафесары, а кіраўнік твайго курса, барадаты неахайны мужчына ў зрэбным швэдары,— той самы мастак, на палотны якога ты глядзеў гадзінамі, спрабуючы разгадаць такі просты сакрэт іх прывабнасці...
І наперадзе — цудоўныя пяць гадоў у гэтым цудоўным горадзе!
Я доўга не магла знайсці добрую суседку па інтэрнацкім пакоі. Для кагосьці я была занадта негаспадарлівая, для кагосьці — занадта «правільная». Нарэшце пасялілася са мной адна дзіўная істота — Рытка Качар. Маленькая, як дзіцянё, худзюшчая, у акулярах, з хлапечай стрыжкаю і заўсёды ў доўгай шырокай спадніцы, на прыполе якой вечна заставаліся адбіткі нечых падэшваў, прынамсі, пасля кожнага занятку па малюнку, дзе ўсе сядзелі, збіўшыся ў невялікім кабінеце, і не кожны быў настолькі далікатны, каб пераступаць цераз край Рытчынай спадніцы.
У адным з дзіцячых фільмаў пра савецкую школу фігураваў персанаж — дзяўчынка па мянушцы Жалезная Кнопка. Калі б мне давялося прыдумляць мянушку для новай суседкі, лепшай не прыдумала б. Рытка была ў вялікай крыўдзе на жыццё. Асабліва напірала Рытка на той факт, што пасля школы мусіла з год працаваць прыбіральшчыцай.